Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
VII Звычайная нядзеля, Год С
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ
1 Сам 26, 2. 7–9. 12–13. 22–23

Пан аддаў цябе ў мае рукі, а я не захацеў падняць руку

Чытанне Перашай кнігі Самуэля.

У тыя дні:

Падняўся Саўл і з трыма тысячамі чалавек, выбраных сярод сыноў Ізраэля, рушыў у пустыню Зіф, каб шукаць у пустыні Зіф Давіда.

Тым часам уначы Давід і Абісай наблізіліся да войскаў ягоных і знайшлі Саўла, які ляжаў і спаў у лагеры сярод палатак. Яго дзіда была ўторкнутая ў зямлю каля галавы ягонай, а Абэнэр і людзі спалі вакол яго. І сказаў Абісай Давіду: Сёння Пан аддаў ворага ў твае рукі, таму дазволь мне  адным ўдарам прыбіць яго дзідай да зямлі, другога ўжо не спатрэбіцца. І сказаў Давід Абісаю: Не забівай яго, бо хто можа беспакарана падняць руку на памазаніка Пана?

Тады Давід ўзяў дзіду і збан з вадою, які стаяў каля галавы Саўла, і яны адышлі. Ніхто не убачыў, не заўважыў і не прачнуўся, але ўсе спалі, таму што Пан спаслаў на іх глыбокі сон. А Давід перайшоў на другі бок і стаў на версе гары, так што паміж ім была вялікая адлегласць.

І Давід закрычаў Саўлу: Вось каралеўская дзіда, няхай адзін са слугаў прыйдзе і возьме яе. А Пан адплаціць кожнаму паводле справядлівасці і вернасці ягонай. Бо сёння Пан аддаў цябе ў мае рукі, а я не захацеў падняць руку сваю на памазаніка Пана.

Гэта слова Божае.

аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ

           Пс 103 (102), 1–2. 3–4. 8 і 10. 12–13 (Р.: 8а)

Рэфрэн: Міласэрны ёсць Пан і ласкавы.

1. Благаславі, душа мая, Пана, *
і ўсё нутро маё, імя Яго святое.
2. Благаславі, душа мая, Пана *
і не забывай пра ўсе Яго дабрадзействы.

Рэфрэн:

3. Ён адпускае ўсе беззаконні твае *
і вылечвае ўсе твае хваробы.
4. Ён жыццё тваё ратуе ад загубы, *
літасцю і міласэрнасцю цябе карануе.

Рэфрэн:

8. Міласэрны ёсць Пан і ласкавы, *
доўгацярплівы і шматміласцівы.
10. Не паступае з намі паводле  грахоў нашых *
і не адплачвае паводле правінаў нашых.

Рэфрэн:

12. Як далёка ўсход ад захаду, *
так аддаліў ад нас Ён нашыя правіны.
13. Як літуецца бацька над сынамі, *
так змілуецца Пан над тымі, хто Яго баіцца.

Рэфрэн:
аДРУГОЕ ЧЫТАННЕ

1 Кар 15, 45–49

І як мы насілі вобраз зямнога, так будзем насіць вобраз нябеснага

Чытанне Першага паслання святога апостала Паўла да Карынцянаў.

Браты:

Першы чалавек Адам стаў жывой істотай, апошні Адам — жыватворным духам. Але не духоўнае першае, а цялеснае, потым духоўнае. Першы чалавек — з пылу, зямны; другі Чалавек — з неба. Які быў зямны, такія і зямныя; які нябесны, такія і нябесныя. І як мы насілі вобраз зямнога, так будзем насіць вобраз нябеснага.

Гэта слова Божае.
а СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ

Ян 13, 34
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Новую запаведзь даю вам, — кажа Пан, —
каб вы любілі адзін аднаго, як Я палюбіў вас.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
аЕВАНГЕЛЛЕ
Лк 6, 27–38

Будзьце міласэрнымі, як і Айцец ваш міласэрны

+ Чытанне святога Евангелля паводле Лукі.

У той час:

Езус сказаў сваім вучням: Кажу вам, хто слухае: любіце ворагаў вашых, дабро рабіце тым, хто вас ненавідзіць. Благаслаўляйце тых, хто вас праклінае, маліцеся за тых, хто вас крыўдзіць. Таму, хто ўдарыў цябе па шчацэ, падстаў і другую; і таму, хто адбірае ў цябе плашч, не забараняй узяць і кашулю. Кожнаму, хто просіць у цябе, давай, і ад таго, хто ўзяў тваё, не дамагайся звароту. Рабіце людзям так, як хочаце, каб яны вам рабілі.

Бо калі любіце тых, хто любіць вас, якая вам за гэта падзяка? Бо грэшнікі таксама любяць тых, хто іх любіць. І калі чыніце дабро тым, хто вам чыніць дабро, якая вам за тое падзяка? І грэшнікі робяць тое самае. І калі пазычаеце тым, ад каго спадзяецеся атрымаць назад, якая вам за тое падзяка? Бо і грэшнікі пазычаюць грэшнікам, каб атрымаць столькі ж.

Але вы любіце ворагаў вашых, і чыніце дабро, і пазычайце, не чакаючы нічога ўзамен, і будзе ўзнагарода вашая вялікая, і будзеце сынамі Найвышэйшага, бо Ён ласкавы да няўдзячных і да злых. Будзьце міласэрнымі, як і Айцец ваш міласэрны. Не судзіце, і не будуць судзіць вас; не асуджайце, і не будуць асуджаць вас; прабачайце, і прабачаць вам.

Давайце, і будзе дадзена вам: меру добрую, уціснутую, утрэсеную і з верхам адсыплюць вам у падол ваш. Бо якою мераю мераеце, такой і вам будзе адмерана.

Гэта слова Пана.



Пераклад здзейснены Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры ККББ

Адноўлена 20.05.2010 13:35
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.