Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
VII Звычайная нядзеля, Год А

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ
Лев 19, 1–2. 17–18

Любі бліжняга свайго, як самога сябе

Чытанне кнігі Левіта.

Пан прамовіў да Майсея, кажучы:

Звярніся да ўсяго сходу сыноў Ізраэля і скажы ім: будзьце святымі, як святы Я, Пан Бог ваш.

Не будзеш ненавідзець брата свайго ў сэрцы сваім. Настаўляй яго, каб не мець граху з-за яго. Не шукай помсты і не злуйся на сыноў народа свайго. Любі бліжняга свайго, як самога сябе. Я — Пан.

Гэта слова Божае.

аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ

           Пс 103 (102), 1–2. 3–4. 8 і 10. 12–13 (Р.: 8а)

Рэфрэн: Міласэрны ёсць Пан і ласкавы.

1. Благаславі, душа мая, Пана, *
і ўсё нутро маё, імя Яго святое.
2. Благаславі, душа мая, Пана *
і не забывай пра ўсе Яго дабрадзействы.

Рэфрэн:

3. Ён адпускае ўсе беззаконні твае *
і вылечвае ўсе твае хваробы.
4. Ён жыццё тваё ратуе ад загубы, *
літасцю і міласэрнасцю цябе карануе.

Рэфрэн:

8. Міласэрны ёсць Пан і ласкавы, *
доўгацярплівы і шматміласцівы.
10. Не паступае з намі паводле  грахоў нашых *
і не адплачвае паводле правінаў нашых.

Рэфрэн:

12. Як далёка ўсход ад захаду, *
так аддаліў ад нас Ён нашыя правіны.
13. Як літуецца бацька над сынамі, *
так змілуецца Пан над тымі, хто Яго баіцца.

Рэфрэн:
аДРУГОЕ ЧЫТАННЕ

1 Кар 3, 16–23

Усё вашае, вы ж — Хрыста, а Хрыстус — Бога

Чытанне Першага паслання святога апостала Паўла да Карынцянаў.

Браты:

Ці не ведаеце, што вы святыня Божая і што Божы Дух жыве ў вас?  Калі хто зруйнуе святыню Божую, таго зруйнуе Бог, таму што святыня Бога святая, а ёй з’яўляецеся вы.

Няхай ніхто не падманвае самога сябе. Калі хто з вас лічыць сябе мудрым ў гэтым свеце, няхай будзе неразумным, каб стаць мудрым. Бо мудрасць гэтага свету — глупства ў Бога. Таму што напісана: Ён ловіць мудрых на хітрасці іхняй. І яшчэ: Пан ведае думкі мудрых і тое, што яны марныя.

Таму няхай ніхто не хваліцца людзьмі, бо ўсё вашае: ці Павел, ці Аполас, ці Кіфа, ці свет, ці жыццё, ці смерць, ці цяперашняе, ці будучае — усё вашае, вы ж — Хрыста, а Хрыстус — Бога.

Гэта слова Божае.
а СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ

1 Ян 2, 5
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Хто захоўвае слова Хрыста,
у тым сапраўды любоў Божая дасканалая.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
аЕВАНГЕЛЛЕ
Мц 5, 38–48

Любіце ворагаў вашых

+ Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея.

У той час:

Езус сказаў сваім вучням: Вы чулі, што сказана: вока за вока і зуб за зуб. А Я вам кажу не працівіцца злому. Калі хто ўдарыць цябе па правай шчацэ тваёй, падстаў яму і другую. І калі хто захоча судзіцца з табою і ўзяць у цябе кашулю, аддай яму і плашч. І калі хто цябе змусіць ісці з ім адну мілю, ідзі з ім дзве. Таму, хто просіць у цябе, дай і не адварочвайся ад таго, хто хоча пазычыць у цябе.

Вы чулі, што сказана: Любі бліжняга свайго і ненавідзь ворага свайго. А Я кажу вам: любіце ворагаў вашых і маліцеся за тых, хто пераследуе вас, каб сталіся вы сынамі Айца вашага, які ў нябёсах. Бо Ён загадвае сонцу свайму ўзыходзіць над дрэннымі і добрымі і пасылае дождж на справядлівых і несправядлівых.

Бо, калі вы будзеце любіць тых, хто любіць вас, якую маеце ўзнагароду? Ці ж не тое самае робяць і мытнікі? І калі вітаеце толькі братоў вашых, што асаблівага робіце? Ці ж не тое самае робяць і язычнікі? Таму будзьце дасканалымі, як дасканалы Айцец ваш Нябесны.

Гэта слова Пана.



Пераклад здзейснены Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры ККББ

Адноўлена 20.05.2010 13:15
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.