Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
VIII Звычайная нядзеля, Год B
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ
Ос 2, 16b. 17b. 21–22

Заручуся з табою навекі

Чытанне кнігі прарока Осіі.

Так кажа Пан:

Прывяду яе ў пустыню і буду прамаўляць да яе сэрца. І там заспявае яна, як у дні маладосці сваёй і як у дні выйсця свайго з зямлі егіпецкай.

І заручуся з табою навекі; і заручуся з табою ў справядлівасці і правасуддзі, у міласці і міласэрнасці. І заручуся з табою ў вернасці, і ты пазнаеш Пана.

Гэта слова Божае.

аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ

         Пс 103 (102), 1–2. 3–4. 8 і 10. 12–13 (Р.: 8а)

Рэфрэн: Міласэрны ёсць Пан і ласкавы.

5. Благаславі, душа мая, Пана, *
і ўсё нутро маё, імя Яго святое.
6. Благаславі, душа мая, Пана *
і не забывай пра ўсе Яго дабрадзействы.

Рэфрэн:

7. Ён адпускае ўсе беззаконні твае *
і вылечвае ўсе твае хваробы.
8. Ён жыццё тваё ратуе ад загубы, *
літасцю і міласэрнасцю цябе карануе.

Рэфрэн:

8. Міласэрны ёсць Пан і ласкавы, *
доўгацярплівы і шматміласцівы.
10. Не паступае з намі паводле  грахоў нашых *
і не адплачвае паводле правінаў нашых.

Рэфран:

12. Як далёка ўсход ад захаду, *
так аддаліў ад нас Ён нашыя правіны.
13. Як літуецца бацька над сынамі, *
так змілуецца Пан над тымі, хто Яго баіцца.

Рэфрэн:
аДРУГОЕ ЧЫТАННЕ

2 Кар 3, 1b–6

Вы — ліст Хрыстовы, напісаны дзякуючы нашаму служэнню

Чытанне Другога паслання святога апостала Паўла да Карынцянаў.

Браты:

Няўжо нам, як некаторым, патрэбны даверныя лісты да вас ці ад вас. Вы — наш ліст, напісаны ў сэрцах нашых, які ведаюць і чытаюць усе людзі. Вы паказваеце, што вы — ліст Хрыстовы, напісаны дзякуючы нашаму служэнню, не чарніламі, але Духам Бога Жывога, не на каменных табліцах, але на цялесных табліцах сэрцаў. Такі давер мы маем праз Хрыста да Бога. Не таму, што мы здольныя думаць нешта ад сябе, але здольнасць нашая ад Бога, які даў нам магчымасць быць слугамі Новага Запавету: не літары, але духу, бо літара забівае, а дух ажыўляе.

Гэта слова Божае.
а СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ

Як 1, 18
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Пастанавіўшы, нарадзіў нас Айцец словам праўды,
каб мы былі пэўным пачаткам яго стварэнняў.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
аЕВАНГЕЛЛЕ
Мк 2, 18–22

Пакуль жаніх з імі, не могуць пасціць

+ Чытанне святога Евангелля паводле Марка.

У той час:

Вучні Янавы і фарысеі пасцілі. Яны прыйшлі да Езуса і сказалі Яму: Чаму вучні Янавы і фарысеі посцяць, а Твае вучні не посцяць?

І сказаў ім Езус: Ці могуць пасціць госці вяселля, калі з імі жаніх? Пакуль жаніх з імі, не могуць пасціць. Але прыйдуць дні, калі забяруць ад іх жаніха, і тады будуць пасціць у той дзень. Ніхто не прышывае латы з новай тканіны да старой адзежы, бо новая лата адарвецца ад старога, і дзіра будзе яшчэ горшай. І ніхто не налівае новага віна ў старыя мяхі, бо новае віно парве мяхі, і прападуць віно і мяхі; але новае віно трэба ўліваць у новыя мяхі.

Гэта слова Пана.



Пераклад здзейснены Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры ККББ

Адноўлена 20.05.2010 17:37
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.