Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
VIII Звычайная нядзеля, Год А

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ
Іс 49, 14–15

Я не забуду пра цябе

Чытанне кнігі прарока Ісаі.

І сказаў Сіён: Пан мяне пакінуў, Пан забыў пра мяне. Ці забудзе жанчына пра сваё немаўля, каб не пашкадаваць сына ўлоння свайго? Але калі б нават і забыла, Я не забуду пра цябе.

Гэта слова Божае.

аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ

          Пс 62 (61), 2–3. 6–7. 8–9аb  (Р.: 6а)

Рэфрэн: Толькі ў Богу шукай спакою, душа мая.

2. Толькі ў Богу знаходзіць спакой душа мая, *
ад Яго — маё збаўленне.
3. Толькі Ён — мая скала і маё збаўленне, *
мая цвярдыня, я больш не пахіснуся.

Рэфрэн:

6. Толькі ў Богу шукай спакою, душа мая, *
бо на Яго ўся мая надзея.
7. Толькі Ён — мая скала і маё збаўленне, *
Ён — мая цвярдыня, я не пахіснуся.

Рэфрэн:

8. У Богу маё збаўленне і мая слава, *
у Богу — скала маёй моцы і мой прытулак.
9. Народзе, на Яго спадзявайся *
ў кожную хвіліну.

Рэфрэн:
аДРУГОЕ ЧЫТАННЕ

1 Кар 4, 1–5

Пан выявіць намеры сэрцаў

Чытанне Першага паслання святога апостала Паўла да Карынцянаў.

Браты:

Няхай людзі лічаць нас слугамі Хрыста і распарадчыкамі таямніц Божых. А ў такім выпадку ад распарадчыкаў патрабуецца, каб кожны з іх аказаўся верным.

Мне ж неістотна, як асудзіце мяне вы ці людскі суд, я і сам сябе не суджу. Бо я ні ў чым сябе не дакараю, але гэта не апраўдвае мяне. Пан ёсць тым, хто судзіць мяне.

Таму не судзіце заўчасна, пакуль не прыйдзе Пан, які асветліць схаванае ў цемры і выявіць намеры сэрцаў. І тады кожны атрымае ўзнагароду ад Бога.

Гэта слова Божае.
а СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ

Гбр 4, 12
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Жывое слова Божае і дзейснае,
здольнае судзіць думкі і намеры сэрца.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
аЕВАНГЕЛЛЕ
Мц 6, 24–34

Не клапаціцеся аб заўтрашнім дні

+ Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея.

У той час:

Езус сказаў сваім вучням: Ніхто не можа служыць двум гаспадарам. Бо ці аднаго будзе ненавідзець, а другога любіць; ці аднаго будзе трымацца, а другім пагарджаць. Не можаце служыць Богу і мамоне.

Таму кажу вам: Не клапаціцеся аб жыцці вашым, што есці і што піць, ні аб целе вашым, у што апрануцца. Ці ж душа не большая за ежу, а цела — за вопратку? Паглядзіце на птушак нябесных: яны ні сеюць, ні жнуць, ні збіраюць у засекі, і Айцец ваш Нябесны корміць іх. Ці ж вы не нашмат лепшыя за іх? Ды і хто з вас, клапоцячыся, можа дадаць сабе росту хоць на адзін локаць? І пра вопратку навошта клапоціцеся? Паглядзіце на лілеі палявыя, як яны растуць: ні працуюць, ні прадуць. Але кажу вам, што і Саламон ва ўсёй славе сваёй не апранаўся так, як адна з іх. Калі ж палявую траву, якая сёння ёсць, а заўтра будзе кінута ў печ, Бог так апранае, наколькі ж больш вас, малаверныя! Таму не клапаціцеся і не кажыце: Што нам есці? — або: Што піць? — або: У што апрануцца? Бо ўсяго гэтага шукаюць язычнікі. Айцец жа ваш Нябесны ведае, што вы маеце патрэбу ва ўсім гэтым. Шукайце найперш Валадарства Божага і справядлівасці Ягонай, а гэта ўсё дадасца вам. Таму не клапаціцеся аб заўтрашнім дні, бо заўтра само за сябе паклапоціцца. Хопіць кожнаму дню свайго клопату.

Гэта слова Пана.



Пераклад здзейснены Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры ККББ

Адноўлена 20.05.2010 17:32
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.