Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Субота — дзявяты звычайны тыдзень
Год І

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ

Тоб 12, 1. 5–15. 20 (Vlg)

А цяпер благаслаўляйце Пана. Я ж узыходжу да Бога

Чытанне кнігі Тобія.

У той час:

Тобій паклікаў свайго сына Тобія і сказаў яму: Мы павінны ўшанаваць таго чалавека, які спадарожнічаў табе, і шчодра адплаціць яму. І, паклікаўшы яго, сказаў: Прымі ва ўзнагароду сабе палову таго, што ты прынёс з сабою, і ідзі ў добрым здароўі.

Тады Рафаэль патаемна паклікаў абодвух і сказаў ім:  Благаслаўляйце Бога і вызнавайце Яго перад усімі жывымі за тое дабро, што Ён зрабіў вам. Благаслаўляйце і праслаўляйце імя Ягонае, з пашанай абвяшчайце справы Божыя і нястомна вызнавайце Яго. Гэта добра — захоўваць таямніцу караля, але пахвальна таксама — адкрываць і вызнаваць Божыя справы. Рабіце дабро — і  вас не напаткае зло. Малітва з постам, і міласціна са справядлівасцю — гэта добра. Лепш мала, але са справядлівасцю, чым шмат з беззаконнем. Лепш даваць міласціну, чым збіраць залатыя скарбы. Міласціна вызваляе ад смерці і ачышчае ад усялякага граху. Тыя, хто дае міласціну, будуць насычаны жыццём, а хто грашыць і чыніць беззаконне, ворагі свайму жыццю.

Я пакажу вам ўсю праўду і не затаю ад вас ніводнага слова. Я ўжо абвясціў вам і сказаў: Гэта добра — захоўваць таямніцу караля, але пахвальна таксама – адкрываць і вызнаваць Божыя справы. Дык вось, гэта я нагадваў перад абліччам славы Пана пра вашыя малітвы, калі маліўся ты і Сара і калі ты, Тобій, хаваў мёртвых. Паколькі ты не марудзіў, але падняўся і, пакінуўшы сваю гасціну, пайшоў пахаваць мёртвага, я быў пасланы выпрабаваць цябе. Пасля Пан зноў паслаў мяне вылечыць цябе і тваю нявестку Сару.

Я — Рафаэль, адзін з сямі святых Анёлаў, якія ўваходзяць і служаць перад абліччам славы Пана.

А цяпер благаслаўляйце Пана на зямлі і вызнавайце Бога. Я ж узыходжу да таго, хто мяне паслаў. Запішыце ўсё гэта, што здарылася з вамі.

І ўзышоў.

Гэта слова Божае.

аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ

     Тоб 13, 2. 6а. 6b. 6c. 7–8 (Р.: 2а)

Рэфрэн: Благаслаўлёны Бог, які жыве, навекі.

2. Благаслаўлёны Бог, які жыве, навекі, †
і Ягонае валадарства, *
бо Ён карае і праяўляе міласэрнасць,
зводзіць ўніз аж да адхлані †
і ўзнімае веліччу сваёй са згубы, *
няма таго, хто пазбегне Ягонай рукі.

Рэфрэн:

6. Калі вы навернецеся да Яго †
ўсім сваім сэрцам і ўсёй сваёй душою, *
каб справядліва паступаць перад Ім,
тады Ён вернецца да вас *
і больш не будзе хаваць ад вас свайго аблічча.

Рэфрэн:

Цяпер паглядзіце на тое, што Ён вам зрабіў, *
і вызнавайце Яго ва ўвесь свой голас.
Благаслаўляйце Пана справядлівасці *
і ўзносьце Караля вякоў.

Рэфрэн:

На зямлі маёй няволі Яго вызнаю *
і паказваю Ягоную моц і веліч грэшнаму народу.
Навярніцеся, грэшнікі, і паступайце справядліва перад Ім. *
Хто ведае, можа будзе ласкавы і праявіць да вас міласэрнасць?

Рэфрэн:

7. Я і мая душа радасна славім Караля нябёсаў, *
мая душа будзе радавацца ва ўсе дні майго жыцця.
8. Благаслаўляйце Пана, усе выбраныя †
і ўсе хваліце Ягоную веліч. *
Праводзьце ў радасці дні і вызнавайце Яго.

Рэфрэн:
а

Год ІІ

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ

2 Цім 4, 1–8

Здзейсні справу прапаведніка Добрай Навіны

Чытанне Другога паслання святога апостала Паўла да Цімафея.

Умілаваны:

Перад абліччам Бога і Хрыста Езуса, які будзе судзіць жывых і мёртвых, Яго аб’яўленнем і валадарствам я заклінаю цябе: прапаведуй слова, будзь настойлівы ў спрыяльны і неспрыяльны час, аспрэчвай, папраўляй, заахвочвай з усёй цярплівасцю ў навучанні. Бо настане пара, калі не будуць зносіць здаровага вучэння, але паводле ўласнай пажадлівасці пачнуць памнажаць сабе настаўнікаў, каб церабілі ім вушы. І адвернуць слых ад праўды, і звернуцца да баек. Але ты будзь цвярозы ва ўсім, вытрымлівай зло, здзейсні справу прапаведніка Добрай Навіны, споўні сваё служэнне.

Бо я ўжо праліваюся, як ахвяра, і настаў час майго адыходу. У добрай барацьбе я змагаўся, бег скончыў, веру захаваў. Нарэшце рыхтуецца мне вянок справядлівасці, які дасць мне Пан, справядлівы Суддзя, у дзень той. І не толькі мне, але ўсім, хто палюбіў Яго аб’яўленне.

Гэта слова Божае.

аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ

Пс 71 (70), 8–9. 14–15аb. 16–17. 22  (Р.: пар. 15)

Рэфрэн: Вусны мае будуць абвяшчаць Тваё збаўленне.

8. Вусны мае напоўнены Тваёй хвалой, *
Тваёй веліччу — кожны дзень.
9. Не адкідай мяне ў старасці, *
не пакідай мяне, калі мае сілы аслабнуць.

Рэфрэн:

14. Заўсёды буду спадзявацца *
і памнажаць яшчэ больш Тваю славу.
15. Вусны мае будуць абвяшчаць Тваю справядлівасць,
кожны дзень — Тваё збаўленне, *

Рэфрэн:

16. Раскажу пра моц Бога, *
узгадаю Тваю справядлівасць, толькі Тваю.
17. Божа, Ты вучыў мяне з маладосці маёй, *
і дагэтуль я цуды Твае абвяшчаю.

Рэфрэн:

22. Я буду славіць Цябе на арфе,
Тваю праўду, мой Божа;
буду апяваць Цябе на гуслях,
Святы Ізраэля.

Рэфрэн:

а

СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ

Мц 5, 3
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Шчаслівыя ўбогія духам,
бо іх ёсць Валадарства Нябеснае.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
аЕВАНГЕЛЛЕ
Мк 12, 38–44

Гэтая бедная ўдава ўкінула больш за ўсіх

+ Чытанне святога Евангелля паводле Марка.

У той час:

Езус сказаў народу, навучаючы: Асцерагайцеся кніжнікаў, якія любяць хадзіць у доўгіх шатах, і прывітанні на рынках, і першыя лаўкі ў сінагогах, і першыя месцы на гасцінах. Тыя, хто аб’ядае дамы ўдоў і напаказ доўга моліцца, атрымаюць найцяжэйшы прысуд.

І, сеўшы насупраць скарбонкі, Ён назіраў, як людзі кідалі грошы ў скарбонку. Многія багатыя кідалі памногу. І прыйшла адна бедная ўдава, і ўкінула дзве лепты, што складае чвэрць аса.

Паклікаўшы вучняў сваіх, Езус сказаў ім: Сапраўды кажу вам, што гэтая бедная ўдава ўкінула больш за ўсіх, хто кідаў у скарбонку. Бо ўсе кідалі, маючы лішак, а яна, будучы ў нястачы сваёй, укінула ўсё, што мела, увесь пажытак свой.

Гэта слова Пана.



Пераклад здзейснены Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры ККББ

Адноўлена 14.05.2012 16:23
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.