Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Чацвер — дзявяты звычайны тыдзень
Год І

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ

Тоб 6, 10–11; 7, 1. 9–17; 8, 4–9а (Vlg)

Праяві да нас ласкава сваю міласэрнасць, каб мы дажылі да старасці разам у добрым здароўі

Чытанне кнігі Тобія.

У тыя дні:

Анёл Рафаэль і Тобій увайшлі ў Мідыю і ўжо набліжаліся да Экбатана. Тады анёл Рафаэль сказаў хлопцу: Браце Тобій! Той адказаў: Вось я. Рафаэль сказаў яму: Сёння мы павінны пераначаваць ў доме Рагуэля. Гэты чалавек — твой сваяк, і ў яго ёсць дачка па імені Сара.

Калі Тобій прыйшоў у Экбатан, ён сказаў: Брат Азарый, завядзі мяне адразу да Рагуэля, нашага брата. І ён завёў яго да дому Рагуэля, якога засталі, калі той сядзеў каля варотаў свайго падворку. Яны прывіталі яго першымі. Той адказаў ім: Браты, шчыра вітаю вас і сардэчна запрашаю. І правёў іх у свой дом.

Пасля Рагуэль зарэзаў барана са статку і прыняў іх гасцінна. Калі яны абмыліся і ачысціліся, селі за стол, тады Тобій сказаў Рафаэлю: Брат Азарый, папрасі Рагуэля, каб ён аддаў за мяне маю сястру Сару. І пачуў Рагуэль гэтыя словы, і сказаў хлопцу: Еш і пі, і няхай добра будзе табе ў сённяшнюю ноч. Бо акрамя цябе, браце, няма чалавека, якому б належала ажаніцца з Сараю, дачкою маёй. Я таксама не магу аддаваць яе за іншага мужчыну, акрамя цябе, бо ты найбліжэйшы сваяк мой. Аднак, сыне, я павінен сказаць табе праўду. Я аддаваў яе замуж за семярых братоў нашых, і ўсе паміралі ў тую ноч, калі ўваходзілі да яе. Цяпер жа, сыне, еш і пі, а Пан будзе дзейнічаць ў вас.

У адказ Тобій сказаў: Я не буду ні есці, ні піць, пакуль ты не вырашыш маёй справы. І Рагуэль сказаў яму: Добра. Яна дадзена табе паводле закону кнігі Майсея, і нябёсамі пастаноўлена выдаць яе за цябе замуж. Вазьмі сястру сваю, адгэтуль ты брат яе, а яна сястра твая. Ад сённяшняга дня яна аддадзена табе навекі. І ў сённяшнюю ноч Пан неба паспрыяе вам, дзеці, і адорыць вас міласэрнасцю і спакоем. Тады Рагуэль паклікаў Сару, дачку сваю, і падышоў да яе. І, узяўшы яе за руку, аддаў яе Тобію і сказаў: Вазьмі яе сабе ў жонкі паводле наказу закону, запісанага ў кнізе Майсея. Вазьмі яе і завядзі бяспечна да свайго бацькі. І няхай Бог неба дасць вам добры шлях у спакоі.

Пасля паклікаў маці яе і загадаў прынесці скрутак, каб пісьмова пацвердзіць сужэнства і тое, што аддае дачку замуж за Тобія згодна з наказам закону Майсея. Прынесла маці скрутак, а ён запісаў і паставіў пячатку. І ад гэтай гадзіны яны пачалі есці і піць.

Тады Рагуэль паклікаў сваю жонку Эдну, і сказаў ёй: Сястра, падрыхтуй іншую спальню і завядзі туды дзяўчыну. Яна пайшла, і паслала, як ёй загадалі, і прывяла туды дзяўчыну, і заплакала з-за яе, і, абцёршы слёзы, сказала ёй: Мацуйся, дачка. Пан неба дасць табе радасць замест смутку твайго. Будзь адважнай. І выйшла.

Калі ўсе іншыя выйшлі і зачынілі дзверы спальні, Тобій падняўся з ложа, і сказаў Сары: Уставай, сястра! Будзем маліцца і прасіць нашага Пана, каб Ён быў міласэрны да нас і ўратаваў нас. Сара паднялася, і яны пачалі маліць і прасіць Пана ўратаваць іх. І пачалі казаць: Благаслаўлёны Ты, Божа нашых айцоў, і благаслаўлёнае імя Тваё на ўсе вякі вечныя! Няхай благаслаўляюць Цябе нябёсы і ўсялякае стварэнне

Тваё на ўсёй зямлі! Ты стварыў Адама і даў яму Еву як моцную дапамогу, і ад іх абодвух пайшоў чалавечы род. Ты сказаў, што нядобра быць чалавеку аднаму: Учынім яму дапамогу, падобную да яго. І цяпер я прымаю гэту сястру сваю не дзеля пажадлівасці, але дзеля праўды. Праяві да нас ласкава сваю міласэрнасць, каб мы дажылі да старасці разам у добрым здароўі. Пасля сказалі: Амэн, амэн! І абодва спалі ўсю ноч.

Гэта слова Божае.

аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ

Пс 128 (127), 1–2. 3. 4–5  (Р.: пар. 1а)

Рэфрэн: Шчаслівы чалавек, які баіцца Пана.

1. Шчаслівы кожны, хто баіцца Пана, *
хто ходзіць Ягонымі шляхамі.
2. Плён працы рук сваіх будзеш спажываць, *
будзеш шчаслівы і добра табе будзе.

Рэфрэн:

3. Жонка твая, як урадлівая вінаградная лаза *
ў сценах дому твайго.
Сыны твае, як аліўкавыя парасткі, *
вакол стала твайго.

Рэфрэн:

4. Вось так будзе благаслаўлёны чалавек, *
які баіцца Пана.
5. Няхай благаславіць цябе Пан з Сіёну, †
і ты ўбачыш дабрабыт Ерузалема *
ва ўсе дні жыцця свайго.

Рэфрэн:
а

Год ІІ

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ

2 Цім 2, 8–15

Божага слова не зняволіш. Калі мы разам з Ім памерлі, то з Ім і ажывём

Чытанне Другога паслання святога апостала Паўла да Цімафея.

Умілаваны:

Памятай  пра Езуса Хрыста з пакалення Давіда, які ўваскрос з мёртвых паводле Евангелля майго, за якое я цярплю нядолю аж да кайданаў, нібы злачынца. Але Божага слова не зняволіш.

Таму я ўсё вытрымліваю дзеля выбраных, каб і яны атрымалі збаўленне ў Езусе Хрысце з вечнаю славаю. Праўдзівае слова: калі мы разам з Ім памерлі, то з Ім і ажывём; калі церпім, то разам з Ім валадарыць будзем; калі адрачэмся, і Ён адрачэцца ад нас; калі мы не верым, Ён застаецца верным, бо самога сябе адрачыся не можа.

Нагадвай пра гэта, даючы сведчанне перад Панам не спрачацца з-за словаў, што не прыносіць ніякай карысці, а толькі шкодзіць слухачам. Старанна імкніся, каб Бог лічыў цябе годным працаўніком, які не прыносіць сораму і правільна выкладае слова праўды.

Гэта слова Божае.

аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ

Пс 25 (24), 4–5ab. 8–9. 10 і 14  (Р.: 4a)

Рэфрэн: Дай спазнаць Твае дарогі, Пане.

4. Дай спазнаць Твае дарогі, Пане, *
і навучы мяне сцежкам Тваім.
5. Вядзі мяне ў праўдзе Тваёй і навучы, *
бо Ты Бог збаўлення майго.

Рэфрэн:

8. Пан добры і справядлівы, *
таму паказвае грэшнікам шлях.
9. Ён кіруе прыніжанымі ў справядлівасці *
і навучае пакорных шляхам cваім.

Рэфрэн:

10. Усе сцежкі Пана — гэта міласэрнасць і  вернасць *
для тых, хто захоўвае запавет і наказы Яго.
14. Пан добразычлівы да тых, хто Яго баіцца, *
і запавет свой Ён адкрывае ім.

Рэфрэн:

а

СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ

пар. 2 Цім 1, 10
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Збаўца наш Езус Хрыстус знішчыў смерць
і асвятліў Евангеллем жыццё.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
аЕВАНГЕЛЛЕ
Мк 12, 28b–34

Няма іншай запаведзі, большай за гэтыя

+ Чытанне святога Евангелля паводле Марка.

У той час:

Адзін кніжнік, падышоў да Езуса і спытаўся ў Яго: Якая запаведзь першая з усіх? Езус адказаў: Першая такая: слухай, Ізраэль, Пан Бог наш — Пан адзіны; любі Пана Бога твайго ўсім сэрцам тваім, і ўсёю душою тваёю, і ўсім розумам тваім, і ўсёй моцаю тваёй. Другая: Любі бліжняга твайго, як самога сябе. Няма іншай запаведзі, большай за гэтыя.

І сказаў Яму кніжнік: Добра, Настаўнік, Ты праўду сказаў, што ёсць адзін і няма іншага, апроч Яго. Любіць Яго ўсім сэрцам, і ўсім розумам, і ўсёю душою, і ўсёю моцаю; і любіць бліжняга, як самога сябе — гэта больш за ўсе ахвяры і ўсеспаленні. Езус, убачыўшы, што той разумна адказвае, сказаў яму: Недалёка ты ад Валадарства Божага. І ніхто ўжо больш не адважваўся пытацца ў Яго.

Гэта слова Пана.


Пераклад здзейснены Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры ККББ

Адноўлена 14.05.2012 16:25
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.