Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Аўторак — дванаццаты звычайны тыдзень
Год І

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ

Быц 13, 2. 5–18

Няхай не будзе спрэчак паміж табою і мною, бо мы з табою браты

Чытанне кнігі Быцця.

Абрам быў вельмі багаты на статкі, срэбра і золата. І ў Лота, які ішоў з Абрамам, былі таксама авечкі, валы і шатры. Зямля не магла ўтрымліваць іх абодвух, бо яны мелі вялікую маёмасць і не маглі жыць супольна.

Таму ўзнікла спрэчка паміж пастухамі статкаў Абрама і пастухамі статкаў Лота. А жылі тады на той зямлі хананэйцы і фэрэзейцы. І сказаў Абрам Лоту: Няхай не будзе спрэчак паміж табою і мною, паміж пастухамі тваімі і пастухамі маімі, бо мы з табою браты. Ці не ўся зямля перад табою. Прашу, аддзяліся ад мяне. Калі пойдзеш улева, я пайду ўправа, а калі пойдзеш управа,  я пайду ўлева.

Лот жа ўзняў вочы свае і ўбачыў усю ваколіцу Ярдана, якая, пакуль Пан не знішчыў Садом і Гамору, была аж да Саару арошаная, нібы сад Пана і нібы зямля егіпецкая. Лот выбраў сабе тады ўсю ваколіцу Ярдана. І Лот вырушыў на ўсход. Так яны аддзяліліся адзін ад аднаго. Абрам пасяліўся ў зямлі ханаанскай, Лот жа пасяліўся ў мястэчках той ваколіцы і расцягнуў свае шатры аж да Садома. Жыхары Садома былі нягоднымі і вельмі грэшнымі перад Панам.

Пасля адыходу Лота Пан сказаў Абраму: Узнімі вочы свае і з таго месца, дзе стаіш, паглядзі на поўнач і на поўдзень, на ўсход і на захад. Усю гэтую зямлю, якую ты бачыш, дам табе і твайму патомству назаўсёды. Тваё ж патомства ўчыню, як пыл зямлі. Калі хто зможа палічыць пыл зямлі, то і патомства тваё будзе палічана. Устань, прайдзіся па зямлі ўздоўж і ўпоперак яе, бо табе аддам яе.

Абрам перасунуў шатры і прышоў пад Хеўрон, дзе былі дубы Мамрэ. І, асеўшы там, збудаваў ахвярнік Пану.

Гэта слова Божае.

аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ

Пс 15 (14), 2–3ab. 3c–4ab. 5  (Р.: 1b)

Рэфрэн: Пане, хто можа жыць у Тваім шатры.

2. Той, хто паступае беззаганна і здзяйсняе справядлівасць, *
і гаворыць праўду ў сэрцы сваім.
3. Хто языком сваім не абмаўляе, *
не чыніць бліжняму свайму зла.

Рэфрэн:

Хто не ўзводзіць паклёп *
на свайго суседа,
4. хто з пагардаю глядзіць на злога, *
але хваліць тых, хто баіцца Пана.

Рэфрэн:

5. Хто срэбра сваё не дае на ліхвярства *
і не прымае подкупу супраць нявіннага.
Хто так чыніць, не пахіснецца ніколі.

Рэфрэн:
а

Год ІІ

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ

2 Вал 19, 9b–11. 14–21. 31–35a. 36

Буду ахоўваць горад гэты, каб уратаваць яго дзеля сябе і Давіда

Чытанне Другой кнігі Валадарстваў.

У тыя дні:

Асірыйскі кароль Сэнахерыб паслаў да Эзэхіі паслоў, кажучы: Так скажаце Эзэхію, каралю юдэйскаму: няхай не ашуквае цябе Бог твой, на якога ты спадзяешся, думаючы: Ерузалем не будзе аддадзены у рукі караля асірыйскага. Бо ты сам чуў, што зрабілі каралі асірыйскія з усімі землямі, як спустошылі іх. Ці ж ты адзін ацалееш?

Калі Эзэхія ўзяў ліст з рукі паслоў і прачытаў яго, пайшоў у дом Пана і разгарнуў яго перад Яго абліччам. І маліўся Эзэхія перад Панам, кажучы: Пане, Божа Ізраэля, які сядзіш на херувімах! Ты адзіны Бог усіх валадарстваў зямлі, Ты стварыў нябёсы і зямлю. Схілі вуха сваё і пачуй. Адкрый, Пане, вочы свае і паглядзі, і пачуй словы Сэнахерыба, які паслаў абражаць Бога жывога. Сапраўды, Пане, каралі асірыйскія спустошылі народы і землі іхнія, і кінулі багоў іхніх у агонь, бо гэта не богі, а толькі творы рук чалавечых, з дрэва і каменя, таму і знішчылі іх. Цяпер, Пане Божа наш, уратуй нас ад рукі ягонай, каб ведалі ўсе валадарствы зямлі, што Ты, Пане, адзіны Бог.

І паслаў Ісая, сын Амосаў, да Эзэхіі, кажучы: Так кажа Пан, Бог Ізраэля: тое, аб чым молішся да Мяне супраць Сэнахерыба, караля асірыйскага, Я пачуў. Вось слова, якое сказаў Пан пра яго: пагардзіць табою, пасмяецца з цябе дзева, дачка Сіёна, услед табе паківае галавою дачка Ерузалема.

Бо з Ерузалема выйдзе рэшта, і ацалелае з гары сіёнскай. Руплівасць Пана Магуццяў зробіць гэта.
Таму так кажа Пан пра караля асірыйскага: Не ўвойдзе ён у горад гэты, і не пашле туды стрэлы, і не падступіцца да яго са шчытом, і не насыпле вала яго. Той самай дарогай, якой прыйшоў, вернецца, і ў горад гэты не ўвойдзе, — кажа Пан. Я буду ахоўваць горад гэты і ўратую яго дзеля сябе і дзеля Давіда, слугі Майго.

І ў тую ноч пайшоў анёл Пана і забіў у лагеры асірыйцаў сто восемдзесят пяць тысяч. І, адступіўшы, пайшоў і вярнуўся Сэнахерыб, кароль асірыйскі, і застаўся ў Нініве.

Гэта слова Божае.

аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ

Пс 48 (47), 2–3а. 3b–4. 10–11  (Р.: пар. 9d)

Рэфрэн: Пан умацуе горад свой навекі.

2. Вялікі Пан і годны вялікай хвалы *
у горадзе нашага Бога.
3. Яго святая гара — цудоўнае ўзвышша, *
радасць усёй зямлі.

Рэфрэн:

Гара Сіён, мяжа поўначы, — *
горад вялікага Караля.
4. Бог у ягоных палацах *
стаў вядомы як абаронца.

Рэфрэн:

10. Разважаем, Божа, пра Тваю міласэрнасць, *
пасярод святыні Тваёй.
11. Як імя Тваё, Божа, так і хвала Твая
аж да межаў зямлі. *
Правіца Твая напоўнена справядлівасцю.

Рэфрэн:

а

СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ

Ян 8, 12
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Я — святло свету, — кажа Пан, —
хто пойдзе за Мною, будзе мець святло жыцця.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
аЕВАНГЕЛЛЕ
Мц 7, 6. 12–14

Што хачаце, каб вам рабілі людзі, і вы ім рабіце

+ Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея.

У той час:

Езус сказаў сваім вучням: Не давайце сабакам таго, што святое, і не кідайце перлаў вашых перад свіннямі, каб яны не патапталі іх сваімі нагамі ды, вярнуўшыся, не разарвалі вас.

Усё, што хачаце, каб вам рабілі людзі, і вы ім рабіце. Бо ў гэтым Закон і Прарокі.

Уваходзьце праз вузкую браму, бо шырокая брама і прасторны шлях вядзе да згубы, і шмат тых, хто ўваходзіць праз яе. А вузкая брама і вузкі шлях вядуць у жыццё, але няшмат тых, хто знаходзіць яе.

Гэта слова Пана.


Пераклад здзейснены Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры ККББ

Адноўлена 15.06.2010 13:04
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.