Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Панядзелак — пятнаццаты звычайны тыдзень
Год І

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ

Зых 1, 8–14. 22

Паступім з ім мудра, каб ён не памнажаўся

Чытанне кнігі Зыходу.

У тыя дні:

Над Егіптам паўстаў новы кароль, які не ведаў Юзафа. І сказаў ён народу свайму: Вось народ сыноў Ізраэля шматлікі і больш магутны за нас. Хадземце, паступім з ім мудра, каб ён не памнажаўся. Бо, калі будзе вайна, ён далучыцца да нашых ворагаў, і будзе ваяваць супраць нас, і выйдзе з зямлі нашай.

І паставілі над ім кіраўнікоў павіннасцяў, каб тыя прыгняталі яго цяжкімі працамі. І ён будаваў для фараона гарады для сховішчаў: Пітом і Рамзэс. Але чым больш яго прыгняталі, тым больш ён памнажаўся і рос. Таму баяліся сыноў Ізраэля, і таму егіпцяне жорстка прымушалі сыноў Ізраэля працаваць. Рабілі іх жыццё невыносным ад цяжкой працы з глінай і з цэглай, і ад усялякай працы на полі, і ад усялякай працы, якую жорстка прымушалі іх рабіць.

І загадаў фараон усяму свайму народу, кажучы: Кожнага сына, які народзіцца ў габрэяў, кідайце ў Ніл, а ўсіх дзяўчат пакідайце жывымі.

Гэта слова Божае.

аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ

Пс 124 (123), 1–3. 4–6. 7–8 (Р.: 8а)

Рэфрэн: Дапамога наша — у імені Пана.

1. Калі б Пан не быў з намі, — скажы Ізраэль, —
2. калі б Пан не быў з намі *
і людзі супраць нас паўсталі,
3. то яны праглынулі б нас жывымі, *
калі б распаліўся іх гнеў супраць нас.

Рэфрэн:

4. Тады б залілі нас воды, *
паток прайшоў бы над намі,
5. тады прайшлі б над намі бурлівыя воды. *
6. Благаслаўлёны Пан, які не аддаў нас як здабычу для зубоў іхніх.

Рэфрэн:

7. Душа наша, як птушка, вызвалілася з сіла лоўчых; *
сіло парвана, і мы ўратаваліся.
8. Дапамога наша — у імені Пана, *
які стварыў неба і зямлю.

Рэфрэн:
а

Год ІІ

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ

Іс  1, 10–17

Абмыйцеся, будзьце чыстымі, аддаліце ад вачэй маіх дрэнныя ўчынкі вашыя

Чытанне кнігі прарока Ісаі.

Слухайце слова Пана, правадыры садомскія, пачуй Закон Бога нашага, народ Гаморы.

Навошта Мне шматлікія ахвяры вашы? — кажа Пан. Я сыты ўсеспаленнямі бараноў і тукам адкормленых жывёл. Я не хачу крыві цялят, ягнят і казлоў. Калі з’яўляецеся перад Маім абліччам, хто просіць гэтага ад вас, каб вы тапталі Мае панадворкі? Не прыносьце больш марных ахвяраў, каджэнне выклікае ў Мяне агіду. Святаў маладзіка, шабату і скліканне сходаў Я не магу знесці: беззаконня і святкавання. Мая душа ўзненавідзела вашыя святы маладзіка і ўрачыстасці вашы. Яны сталі для Мяне цяжарам і Мне іх цяжка зносіць. Калі ўзносіце рукі свае, Я закрываю ад вас свае вочы. І калі вы будзеце множыць малітвы свае, Я слухаць не буду, бо вашы рукі поўныя крыві.

Абмыйцеся, будзьце чыстымі, аддаліце ад вачэй маіх дрэнныя ўчынкі вашыя. Перастаньце чыніць зло, навучыцеся рабіць дабро. Шукайце правасуддзя, дапамагайце прыгнечанаму, абараняйце сірату, заступайцеся за ўдаву.

Гэта слова Божае.

аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ

Пс 50 (49), 8–9. 16bc–17. 21 і 23  (Р.: 23b)

Рэфрэн: Беззаганнаму ў паводзінах пакажу збаўленне.

8. Не буду дакараць цябе за твае ахвяры; *
твае ўсеспаленні заўжды перада Мною.
9. Не прыму вала з твайго дому, *
ні казлоў з тваіх загонаў.

Рэфрэн:

16. Нашто пералічваеш Мае наказы *
і ў вуснах носіш Мой запавет,
17. а сам ненавідзіш настаўленне *
і словы Мае кідаеш за сабою?

Рэфрэн:

21. Ты гэта рабіў, а Я маўчаў. *
Ты думаў, што Я падобны да цябе?
23. Хто прыносіць ахвяру падзякі, той Мяне шануе, *
і таму, хто беззаганны ў паводзінах, Я пакажу Божае збаўленне.

Рэфрэн:

а

СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ

Мц 5, 10
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Шчаслівыя, каго пераследуюць за справядлівасць,
бо іх ёсць Валадарства Нябеснае.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
аЕВАНГЕЛЛЕ
Мц 10, 34 — 11, 1

Не мір прыйшоў Я прынесці, але меч

+ Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея.

У той час:

Езус сказаў сваім вучням: Не думайце, што Я прыйшоў прынесці мір на зямлю. Не мір прыйшоў Я прынесці, але меч. Бо Я прыйшоў паставіць чалавека супраць бацькі ягонага, і дачку — супраць маці яе, і нявестку супраць свекрыві яе; і будуць ворагі чалавеку хатнія ягоныя.

Хто любіць бацьку ці маці больш, чым Мяне, не варты Мяне. І хто любіць сына ці дачку больш, чым Мяне, не варты Мяне. I хто не бярэ крыжа свайго і не ідзе за Мною, той не варты Мяне.

Хто знайшоў жыццё сваё, страціць яго. А хто стаціў жыццё сваё дзеля Мяне, знойдзе яго. Хто прымае вас, Мяне прымае. А хто прымае Мяне, прымае таго, хто паслаў Мяне. Хто прымае прарока ў імя прарока, узнагароду прарока атрымае. І хто прымае справядлівага ў імя справядлівага, узнагароду справядлівага атрымае. I хто напоіць аднаго з малых гэтых толькі кубкам халоднай вады ў імя вучня, сапраўды кажу вам, не страціць узнагароды сваёй.

Калі закончыў Езус настаўляць дванаццаць вучняў сваіх, перайшоў адтуль вучыць і прапаведаваць у іхніх гарадах.

Гэта слова Пана.



Пераклад здзейснены Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры ККББ

Адноўлена 05.07.2010 16:57
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.