Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
XVI Звычайная нядзеля, Год С
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ
Быц 18, 1–10а

Пане, не абмінай свайго слугі

Чытанне кнігі Быцця.

У тыя дні:

Аб’явіўся Пан Абрагаму каля дубоў Мамрэ, калі той сядзеў пры ўваходзе ў шацёр у час дзённай спякоты. Абрагам узняў вочы свае – вось тры мужы стаялі насупраць яго. Убачыўшы іх, ён пабег ад ўваходу ў шацёр насустрач ім і, пакланіўшыся да зямлі, сказаў: Пане, калі я знайшоў ласку ў вачах тваіх, не абмінай свайго слугі. Прынясу крыху вады, і вы абмыйце свае ногі, і адпачніце пад гэтым дрэвам. Я ж прынясу трохі хлеба, і вы падмацуеце сэрцы вашыя, а потым пойдзеце, бо дзеля гэтага праходзіце каля слугі вашага. А яны сказалі: Зрабі так, як сказаў.

Абрагам паспяшыў у шацёр да Сары і сказаў: Хутчэй замясі тры саты лепшай мукі і зрабі ляпёшкі. Потым Абрагам пабег да статка і, выбраўшы тоўстае і прыгожае цяля, даў слузе, каб той хутка яго прыгатаваў. Затым узяў масла і малако, і прыгатаванае цяля і паставіў перад імі. Сам жа стаяў каля іх пад дрэвам. А яны елі.

І спыталі яго: Дзе твая жонка Сарра?

Ён адказаў ім: Вось у шатры.

Сказаў яму адзін з іх: Праз год у той самы час я вярнуся да цябе. А ў Сарры, жонкі тваёй, будзе сын.

Гэта слова Божае.

аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ

Пс 15 (14), 2–3a. 3bс–4ab. 5 (Р.: 1а)

Рэфрэн: Пане, хто можа жыць у Тваім шатры?

2. Той, хто паступае беззаганна*
і здзяйсняе справядлівасць,
і гаворыць праўду ў сэрцы сваім.*
3. Хто языком сваім не абмаўляе.

Рэфрэн:

Хто не чыніць бліжняму свайму зла,*
не ўзводзіць паклёп на свайго суседа,
4. хто з пагардаю глядзіць на злога, *
але хваліць тых, хто баіцца Пана.

Рэфрэн:

5. Хто срэбра сваё не дае на ліхвярства *
і не прымае подкупу супраць нявіннага.
Хто так чыніць,*
не пахіснецца ніколі.

Рэфрэн:
аДРУГОЕ ЧЫТАННЕ

Клс 1, 24–28

Таямніца, схаваная ад вякоў, цяпер аб’явілася Ягоным святым

Чытанне Паслання святога апостала Паўла да Каласянаў.

Браты:

Цяпер я радуюся за вас ў цярпеннях і дапаўняю недахоп у маім целе пакутаў Хрыста за Ягонае Цела, якім ёсць Касцёл, слугою якога я стаў паводле дадзенага мне дзеля вас Божага распараджэння, каб выканаць слова Божае, таямніцу, схаваную ад вякоў і ад пакаленняў, якая цяпер аб’явілася Ягоным святым. Ім захацеў Бог адкрыць сярод язычнікаў багацце славы таямніцы гэтай, якою ёсць Хрыстус сярод вас – надзея славы. Яго мы прапаведуем, настаўляючы кожнага чалавека і навучаючы кожнага чалавека ўсялякай мудрасці, каб учыніць кожнага чалавека дасканалым у Хрысце.

Гэта слова Божае.
а СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ

пар. Лк 8, 15
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Шчаслівыя, хто ў добрым і чыстым сэрцы
захоўвае Божае слова і прыносіць плён у цярплівасці.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
аЕВАНГЕЛЛЕ
Лк 10, 38–42

Марта прыняла Яго. Марыя ж выбрала найлепшую частку

+ Чытанне святога Евангелля паводле Лукі.

У той час:

Прыйшоў Езус у адну вёску. І жанчына, якую звалі Марта, прыняла Яго. У яе была сястра па імені Марыя, якая села каля ног Езуса і слухала Ягоныя словы. Марта ж была занятая многімі паслугамі. Яна, падышоўшы, сказала: Пане, ці Табе ўсё адно, што сястра мая пакінула мяне адну прыслугоўваць? Таму скажы ёй, каб дапамагла мне.  

Пан жа сказаў ёй у адказ: Марта, Марта, ты турбуешся і клапоцішся пра многае, а патрэбна толькі адно. Марыя ж выбрала найлепшую частку, якая не адымецца ў яе.

Гэта слова Пана.



Пераклад здзейснены Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры ККББ

Адноўлена 06.07.2010 11:28
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.