Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
XVI Звычайная нядзеля, Год B
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ
Ер 23, 1–6

Збяру ацалелых авечак Маіх і пастаўлю над імі пастыраў

Чытанне кнігі прарока Ераміі.

Гора пастырам, якія губяць і рассейваюць авечак пашы Маёй! — кажа Пан.

Таму так кажа Пан, Бог Ізраэля, пра пастыраў, якія пасвяць народ Мой: Вы рассеялі авечак Маіх і разагналі іх, і не клапаціліся пра іх. Вось Я пакараю вас за зло ўчынкаў вашых, — кажа Пан.

Я збяру ацалелых авечак Маіх з усіх земляў, у якія прагнаў іх, і вярну іх ў аўчарню іхнюю, і будуць пладзіцца і памнажацца. І пастаўлю над імі пастыраў, якія будуць пасвіць іх. І больш не будуць палохацца і баяцца, і ніхто не згубіцца, — кажа Пан.

Вось настануць дні, — кажа Пан, — і абуджу для Давіда Парастак справядлівы, і запануе Кароль, і будзе Ён мудрым, і будзе чыніць правасуддзе і справядлівасць на зямлі. У дні Ягоныя збаўлены будзе Юда, а Ізраэль будзе жыць у бяспецы. І вось імя Ягонае, якім будуць называць Яго: Пан – наша справядлівасць.

Гэта слова Божае.

аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ

Пс 23 (22), 1–3а. 3b–4. 5. 6 (Р.: 1)

Рэфрэн: Пан — пастыр мой, не буду мець нястачы.

3. Пан — пастыр мой, ні ў чым не буду мець нястачы, *
4. Ён дазваляе спачываць мне на зялёных пашах.
Да водаў спакойных вядзе мяне, *
3. Ён душу маю пажыўляе.

Рэфрэн:

Накіроўвае мяне на сцежкі справядлівасці *
дзеля Імя свайго.
4. Калі нават пайду далінай смяротнага ценю, †
не буду баяцца зла, бо Ты са мною. *
Твой жэзл і Твой посах мяне суцяшаюць.

Рэфрэн:

5. Ты стол для мяне накрываеш *
на вачах маіх ворагаў;
намашчваеш галаву маю алеем, *
келіх мой перапоўнены.

Рэфрэн:

7. Сапраўды, дабрыня і міласэрнасць Твая будуць са мною *
ва ўсе дні жыцця майго,
і пасялюся я ў доме Пана *
на доўгія дні.

Рэфрэн:
аДРУГОЕ ЧЫТАННЕ

Эф 2, 13–18

Ён – мір наш, які ўчыніў адно і другое адзіным

Чытанне Паслання святога апостала Паўла да Эфесцаў.

Браты:

Цяпер у Хрысце Езусе вы, якія калісьці былі далёка, сталіся блізкімі дзякуючы крыві Хрыста. Бо Ён — мір наш, які ўчыніў адно і другое адзіным і мур варожасці, што падзяляў, зруйнаваў у Целе сваім. А закон запаведзяў знішчыў навучаннем, каб з двух стварыць у сабе аднаго новага чалавека, усталёўваючы мір, і ў адным целе зноў прымірыць адных і другіх з Богам праз крыж, забіўшы на ім варожасць. І, прыйшоўшы, Ён абвясціў мір вам, якія далёка, і мір тым, якія блізка. Бо праз Яго мы, адны і другія, маем доступ у адным Духу да Айца.

Гэта слова Божае.
а СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ


Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
Ян 10, 27
Авечкі Мае слухаюць голас Мой, — кажа Пан, —
і Я ведаю іх, і яны ідуць за Мною.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
аЕВАНГЕЛЛЕ
Мк 6, 30–34

Яны былі як авечкі без пастыра

+ Чытанне святога Евангелля паводле Марка.

У той час:

Сабраліся Апосталы каля Езуса і расказалі Яму ўсё, што зрабілі і чаму навучылі. І Ён сказаў ім: Пайдзіце адны ў пустыннае месца і крыху адпачніце. Бо так шмат людзей прыходзіла і адыходзіла, што нават не было ім калі паесці. І адплылі яны ў пустыннае месца на чаўне адны.

І ўбачылі, што яны адплылі. І шмат хто, даведаўшыся, пешкі збегліся туды з усіх гарадоў і апярэдзілі іх. Выйшаўшы, Езус убачыў мноства людзей і злітаваўся над імі, бо яны былі як авечкі без пастыра. І пачаў іх вучыць многаму.

Гэта слова Пана.



Пераклад здзейснены Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры ККББ

Адноўлена 06.07.2010 11:15
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.