Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Чацвер — сямнаццаты звычайны тыдзень
Год І

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ

Зых 40, 16–21. 34–38

Воблака пакрыла шацёр спаткання і слава Пана напоўніла скінію

Чытанне кнігі Зыходу.

У тыя дні:

Майсей зрабіў усё так, як наказаў яму Пан. У першы месяц другога года, у першы дзень месяца была пастаўлена скінія. Майсей узнёс скінію, заклаў яе падмуркі, паставіў бярвёны, паклаў жэрдкі і ўстанавіў слупы. І расцягнуў над скініяй шацёр, і размясціў покрыва шатра над яе верхам, як загадаў Пан. Пасля ўзяў Сведчанне, паклаў яго ў каўчэг і ўставіў шасты ў кольцы каўчэга, а зверху над ім змясціў века. І ўнёс каўчэг у скінію, і павесіў перад ім заслону, і закрыў каўчэг сведчання, як Пан загадаў Майсею.

Тады воблака пакрыла шацёр спаткання і слава Пана напоўніла скінію. А Майсей не мог увайсці ў шацёр спаткання, бо воблака спачывала над ім і слава Пана напаўняла скінію. А калі воблака падымалася ад скініі, сыны Ізраэля рушылі ў далейшае падарожжа. Калі ж воблака не падымалася, то не выходзілі аж да дня, калі яно падымалася. Бо воблака Пана было над скініяй днём, а ноччу быў над ёй агонь на вачах усяго дому Ізраэля на працягу ўсяго іх падарожжа.

Гэта слова Божае.

аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ

Пс 84 (83), 3. 4. 5–6а і 8а. 11 (Р.: 2)

Рэфрэн: Мілыя шатры Твае, Пане Магуццяў.

3. Знемагае і імкнецца душа мая *
ў двары Пана.
Сэрца маё і цела радасна клічуць *
да Бога жывога.

Рэфрэн:

4. Нават верабей знаходзіць сабе дом, а ластаўка – гняздо, *
дзе кладзе сваіх птушанят,
каля алтароў Тваіх, Пане Магуццяў, *
Кароль мой і мой Божа.

Рэфрэн:

5. Шчаслівыя, хто жыве ў доме Тваім, *
яны вечна спяваюць Табе.
6. Шчаслівы чалавек, сіла якога ў Табе. *
8. Моц іхняя будзе ўзрастаць.

Рэфрэн:

11. Бо адзін дзень на Тваіх дзядзінцах *
лепшы за тысячу іншых;
лепш буду стаяць на парозе дому майго Бога, *
чым жыць у шатрах грэшнікаў.

Рэфрэн:
а

Год ІІ

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ

Ер 18, 1–6

Як гліна ў руцэ ганчара, так вы ў Маёй руцэ

Чытанне кнігі прарока Ераміі.

Слова, якое Пан скіраваў да Ераміі: Устань і пайдзі ў дом ганчара, і там пачуеш словы Мае.

І я пайшоў у дом ганчара, калі той якраз працаваў пры коле. Калі начынне, што ён рабіў з гліны сваімі рукамі, развальвалася, ён зноў рабіў з яго іншае начынне, якое падабалася яму зрабіць.

Тады Пан скіраваў да мяне слова, кажучы: Ці не магу Я зрабіць з вамі, дом Ізраэля, як той ганчар? Вось, як гліна ў руцэ ганчара, так вы, дом Ізраэля, у Маёй руцэ.

Гэта слова Божае.

аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ

Пс 146 (145), 2. 3–4. 5-6  (Р.: 5а)

Рэфрэн: Шчаслівы, каму дапамагае Бог Якуба.
Або: Аллелюя.

2. Буду славіць Пана *
ў сваім жыцці;
буду спяваць майму Богу, *
пакуль існую.

Рэфрэн:

3. Не спадзявайцеся на вяльможаў, *
ні на чалавека, які не можа ўратаваць.
4. Калі дух яго пакіне, вяртаецца ў сваю зямлю, *
і ў той дзень знікаюць ягоныя задумы.

Рэфрэн:

5. Шчаслівы, каму дапамагае Бог Якуба, *
хто спадзяецца на Пана, Бога свайго.
6. Ён стварыў неба і зямлю, мора і ўсё, што ў іх. *
Бог навекі захоўвае вернасць. *

Рэфрэн:

а

СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ

пар. Дз 16, 14b
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Раскрый, Пане, сэрца наша,
каб мы зважалі на словы Твайго Сына.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
аЕВАНГЕЛЛЕ
Мц 13, 47–53

Добрае сабралі ў посуд, а благое выкінулі вон

+ Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея.

У той час:

Езус сказаў народу: Валадарства Нябеснае падобнае таксама да нерата, закінутага ў мора, што збірае рыбу ўсялякага кшталту. Калі ён напоўніўся, яго выцягнулі на бераг і, сеўшы, добрае сабралі ў посуд, а благое выкінулі вон.

Так будзе пры сканчэнні свету: выйдуць Анёлы, і аддзеляць ад праведнікаў благіх, і кінуць іх у вогненную печ. Там будзе плач і скрыгатанне зубоў.

Езус спытаўся ў іх: Ці зразумелі вы ўсё гэта? Яны адказалі Яму: Так. Ён жа сказаў ім: Вось чаму ўсялякі кніжнік, навучаны пра Валадарства Нябеснае, падобны да гаспадара, які выносіць са скарбніцы сваёй новае і старое.

Закончыўшы гэтыя прыпавесці, Езус пайшоў адтуль.

Гэта слова Пана.


Пераклад здзейснены Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры ККББ

Адноўлена 06.07.2010 14:59
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.