Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Аўторак — васемнаццаты звычайны тыдзень
Год І

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ

Ліч 12, 1–13

Не гэтак з Майсеем,слугой Маім, то чаму ж вы не баіцеся наракаць на яго

Чытанне кнігі Лічбаў.

У тыя дні:

Мірыям і Аарон наракалі на Майсея з-за жанчыны-эфіопкі, бо ён ажаніўся з эфіопкай. І казалі: Ці толькі з Майсеем гаварыў Пан, ці Ён гаварыў таксама з намі? І пачуў Пан гэта. Майсей жа быў вельмі сціплым чалавекам, больш за ўсіх людзей на паверхні зямлі. І нечакана Пан сказаў Майсею, Аарону і Мірыям: Прыйдзіце ўтраіх у шацёр спаткання. І пайшлі яны ўтраіх.

А Пан сышоў у воблачным слупе і стаў пры ўваходзе ў шацёр, і паклікаў Аарона і Мірыям, і яны абодва выйшлі наперад. Пасля сказаў: Цяпер слухайце Мае словы: калі будзе ў вас прарок, то Я, Пан, з’яўлюся яму ў бачанні. Я буду гаварыць з ім у сне. Але не гэтак з Майсеем, слугой Маім, верным ва ўсім Маім доме. Я гавару з ім твар у твар і ясна, а не загадкамі, і ён бачыць вобраз Пана. То чаму ж вы не баіцеся наракаць на Майсея, слугу Майго? І распаліўся гнеў Пана супраць іх, і Ён адышоў, і воблака адступіла з-над шатра. І вось Мірыям стала белай, як снег, ад праказы.

Аарон павярнуўся да яе і ўбачыў, што яна стала пракажонай. Тады Аарон сказаў Майсею: Прашу цябе, гаспадар мой, не ўскладай на нас грэх, якім мы неразумна зграшылі. Няхай не будзе яна як мёртвае дзіця, што выходзціь з улоння маці сваёй напалову гнілое. Тады Майсей усклікнуў да Пана, кажучы: Божа, прашу Цябе, аздараві яе!

Гэта слова Божае.

аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ

Пс 51 (50), 3–4. 5–6аb. 6cd–7. 12–13 (Р.: пар. 3а)

Рэфрэн: Змілуйся над намі, Пане, бо мы зграшылі.

3. Змілуйся нада мною, Божа, у вялікай міласці Тваёй *
і ў паўнаце міласэрнасці Тваёй знішчы беззаконні мае.
4. Абмый цалкам мяне ад правінаў маіх *
і ачысці мяне ад граху майго.

Рэфрэн:

5. Бо я ведаю беззаконні мае, *
і грэх мой заўжды перада мною.
6. Табе, Табе аднаму я зграшыў *
і зло ўчыніў перад Тваімі вачыма.

Рэфрэн:

Таму Ты будзеш справядлівы ў сваім прысудзе *
і беззаганны ў судзе сваім.
7. Вось я ў беззаконні зачаты, *
і ў граху мяне нарадзіла маці.

Рэфрэн:

12. Чыстае сэрца ствары ўва мне, Божа, *
і аднаві ўва мне трывалы дух.
13. Не адкінь мяне ад свайго аблічча *
і не пазбаў мяне Духа Твайго Святога.

Рэфрэн:
а

Год ІІ

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ

Ер 30, 1–2. 12–15. 18–22

З-за мноства беззаконняў тваіх Я ўчыніў табе гэта

Чытанне кнігі прарока Ераміі.

Слова, якое Пан скіраваў да Ераміі: Так кажа Пан, Бог Ізраэля: Запішы ў кнізе ўсе словы, што Я сказаў табе. Бо так кажа Пан:

Безнадзейнае падзенне тваё, невылечная рана твая. Няма каму рассудзіць тваю справу, для загойвання раны тваёй няма лекаў. Забылі пра цябе ўсе, хто цябе любіў, і больш цябе не шукаюць, бо Я ўдарыў цябе варожым ударам і жорсткім пакараннем, з-за мноства беззаконняў тваіх памножыліся твае грахі. Чаму крычыш ты пра сваё падзенне, пра свой боль несуцешны? З-за мноства беззаконняў тваіх Я ўчыніў табе гэта, бо грахі твае памножыліся.

Так кажа Пан:

Вось Я вярну з палону шатры Якуба і пашкадую ягонае жыллё. І на тваіх руінах будзе пабудаваны горад і заснавана крэпасць на адпаведным месцы. І ўзнясуцца з іх падзяка і голас тых, хто весяліцца. І Я памножу іх, і іхні лік не будзе памяншацца. Я праслаўлю іх, і не будуць іх прыніжаць. І стануць яго сыны як ад пачатку, і сход яго будзе трываць перада Мною. Я пакараю ўсіх прыгнятальнікаў яго. Правадыр ягоны будзе з яго самога, і валадар ягоны выйдзе з яго асяроддзя. І Я набліжу яго, і ён падыдзе да Мяне, бо хто яшчэ аддасць сваё сэрца, каб падысці да Мяне? — кажа Пан.

І вы будзеце Маім народам, а Я буду вашым Богам.

Гэта слова Божае.

аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ

Пс 102 (101), 16–18. 19–21. 29 і 22–23 (Р.: 17)

Рэфрэн: Пан адбудуе Сіён і з’явіцца ў сваёй славе.

16. Народы будуць баяцца Твайго імя, Пане, *
і ўсе зямныя каралі — Тваёй славы,
17. таму што Пан адбудуе Сіён і з’явіцца ў сваёй славе. *
18. Звернецца да малітвы бездапаможных і не пагардзіць іхняй просьбай.

Рэфрэн:

19. Будзе запісана гэта для наступнага пакалення, *
і народ, які створыцца, праславіць Пана.
20. Таму што Пан глядзіць з вышыні сваёй святыні, †
з нябёсаў глядзіць на зямлю, *
21. каб пачуць стагнанні вязняў і вызваліць сыноў смерці.

Рэфрэн:

29. Сыны слугаў Тваіх будуць жыць бяспечна, *
а іхняе патомства будзе непахісна трываць перад Тваім абліччам,
22. каб на Сіёне абвяшчаць імя Пана і хвалу Яго – у Ерузалеме, *
23. калі народы і валадарствы збяруцца разам, каб служыць Пану.

Рэфрэн:

а

СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ


Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
Ян 1, 49b
Раббі, Ты Сын Божы,
Ты Валадар Ізраэля!

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
аЕВАНГЕЛЛЕ
Мц 14, 22–36

Загадай мне ісці да Цябе па вадзе

+ Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея.

Калі натоўп быў накормлены, Езус адразу ж загадаў вучням сваім сесці ў човен і пераплысці на другі бок перад Ім, пакуль Ён адпусціць народ. Адпусціўшы народ, Ён падняўся на гару памаліцца ў самоце. Калі настаў вечар, заставаўся там адзін.

Тым часам човен ужо адплыў шмат стадыяў ад берага. І кідалі яго хвалі, бо вецер быў супраціўны. У чацвёртую ж варту ночы Езус пайшоў да іх, ідучы па моры. А вучні, убачыўшы, як Ён ідзе па моры, спалохаліся і казалі: Гэта прывід. I ад страху закрычалі. Але Езус адразу загаварыў з імі і сказаў: Будзьце адважнымі, гэта Я, не бойцеся.

Пётр сказаў Яму ў адказ: Пане, калі гэта Ты, загадай мне ісці да Цябе па вадзе. Ён жа сказаў: Ідзі. Выйшаўшы з чоўна, Пётр пачаў ісці па вадзе і падышоў да Езуса. Але, убачыўшы моцны вецер, спалохаўся і, пачаўшы тануць, закрычаў: Пане, ратуй мяне! Езус адразу ж працягнуў руку, схапіў яго і сказаў яму: Малаверны, чаму засумняваўся ты? Калі ўвайшлі яны ў човен, вецер сціх. А тыя, хто быў у чоўне, пакланіліся Яму і сказалі: Ты сапраўды Сын Божы!

Пераправіўшыся, яны прыбылі ў зямлю Генэзарэт. Калі ж людзі з гэтай ваколіцы пазналі Езуса, яны разнеслі вестку па ўсёй гэтай ваколіцы. І прыносілі да Яго ўсіх хворых, і прасілі Яго, каб хоць дакрануцца да краю вопраткі Ягонай. І ўсе, хто дакранаўся, былі аздароўлены.

Гэта слова Пана.


Пераклад здзейснены Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры ККББ

Адноўлена 29.07.2010 17:00
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.