Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Чацвер — дзевятнаццаты звычайны тыдзень
Год І

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ

Нав 3, 7–10а. 11. 13–17

Каўчэг запавету Пана пройдзе перад вамі праз Ярдан

Чытанне кнігі Езуса Навіна.

У тыя дні:

Пан сказаў Езусу Навіну: Сёння Я пачну ўзвышаць цябе перад усім Ізраэлем, каб даведаліся, што як Я быў з Майсеем, так буду і з табою. А ты загадай святарам, якія носяць каўчэг запавету, і скажы ім: Калі падыдзеце да берагу водаў Ярдана, станьце ў Ярдане.

І сказаў Езус Навін сынам Ізраэля: Падыдзіце сюды і паслухайце словы Пана Бога вашага. І гаварыў далей: Па гэтым даведаецеся, што Бог Жывы ёсць сярод вас і што Ён напэўна прагоніць ханаанейцаў перад абліччам вашым. Вось каўчэг запавету Пана ўсёй зямлі пройдзе перад вамі праз Ярдан. І як толькі святары, якія нясуць каўчэг запавету Пана ўсёй зямлі, паставяць свае ногі ў воды Ярдана, раздзеляцца воды і тыя, што цякуць зверху, стануць быццам вал.

Калі народ вырушыў са сваіх палатак, каб пераправіцца праз Ярдан, перад ім пайшлі святары, якія неслі каўчэг запавету. І як толькі яны падышлі да Ярдана і ногі святароў апусціліся ў прыбярэжную ваду, а Ярдан выходзіць з берагоў сваіх на працягу ўсяго жніва, тады спыніліся воды, што цякуць зверху, і сталі быццам вал на вялікай адлегласці ад горада Адам, што збоку Сартана. А ніжэйшыя воды, якія плылі да Арабскага мора, ці да Салёнага мора, цалкам аддзяліліся ад іх. І народ пераходзіў насупраць Ерыхона, а святары, якія неслі каўчэг запавету Пана, цвёрда стаялі на сушы пасярод Ярдана, пакуль увесь народ не закончыў пераход праз Ярдан.

Гэта слова Божае.

аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ

Пс 114 (113А), 1–2. 3–4. 5–6

Рэфрэн: Аллелюя.

1. Калі Ізраэль выходзіў з Егіпта, *
дом Якуба ад народа чужога,
2. Юда стаў для яго святыняй, *
Ізраэль — яго валадарствам.

Рэфрэн:

3. Убачыла мора і ўцякло, *
Ярдан павярнуўся назад.
4. Горы скакалі, як авечкі, *
пагоркі — нібы ягняты.

Рэфрэн:

5. Што з табой, мора, што ты ўцякаеш? *
Чаму, Ярдан, ты павярнуўся назад?
6. Горы, што вы скачаце, як авечкі, *
і нібы ягняты, пагоркі?

Рэфрэн:
а

Год ІІ

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ

Эзх 12, 1–12

Пойдзе ў выгнанне днём і на вачах іхніх

Чытанне кнігі прарока Эзэхіэля.

Пан скіраваў да мяне слова, кажучы:

Сыне чалавечы, ты жывеш сярод збунтаванага дому. Яны маюць вочы, каб бачыць, але не бачаць; маюць вушы, каб чуць, але не чуюць, бо гэта збунтаваны дом. Таму ты, сыне чалавечы, падрыхтуй сабе рэчы для выгнання і днём адпраўляйся ў выгнанне на вачах іхніх. Калі ты пойдзеш у выгнанне са свайго дому ў іншае месца на вачах іхніх, тады, можа, убачаць, што яны збунтаваны дом.

І днём на вачах іхніх вынесі рэчы свае, нібы рэчы выгнанніка, а сам увечары выйдзі перад імі, як выходзяць выгнаннікі. На вачах іхніх праламай сабе дзірку ў сцяне і выйдзі праз яе. У іх на вачах вазьмі рэчы на плечы і поцемкам вынесі іх. Заслані твар свой, каб не бачыць зямлі, бо Я ўчыніў цябе знакам для дому Ізраэля.  

Тады я зрабіў, як было загадана: удзень вынес рэчы свае, быццам рэчы выгнанніка, а ўвечары праламаў сабе рукою дзірку ў сцяне і поцемкам вынес у іх на вачах рэчы свае, паклаўшы на плечы.

Раніцаю Пан скіраваў да мяне слова, кажучы: Сыне чалавечы, ці не пытаўся ў цябе дом Ізраэля, збунтаваны дом: Што ты робіш? Адкажы ім: Так кажа Пан Бог: гэтае прадказанне датычыць кіраўніка ў Ерузалеме і ўсяго дому Ізраэля, які знаходзіцца там. Скажы: Я — знак для вас. Як рабіў я, так будзе і з імі: яны пойдуць ў выгнанне і палон. А кіраўнік, які сярод іх, поцемкам панясе на плячах рэчы і выйдзе; яму праламаюць дзірку ў сцяне, каб можна было яму прайсці праз яе; ён заслоніць твар свой, каб не бачыць вачыма зямлі.

Гэта слова Божае.

аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ

Пс 78 (77), 56–57. 58–59. 61–62  (Р.: пар. 7с)

Рэфрэн: Не забывайце пра справы Пана.

56. Яны выпрабоўвалі і паўставалі супраць Найвышэйшага Бога, *
і не захоўвалі Ягоных сведчанняў.
57. Адступаліся і здраджвалі, як іхнія бацькі, *
падводзілі, як ненадзейны лук.

Рэфрэн:

58. Засмучалі Яго сваімі ўзвышшамі, *
ідаламі сваімі абуджалі Яго зайздрасць.
59. Бог пачуў і запалаў гневам, *
і цалкам адкінуў Ізраэль.

Рэфрэн:

61. Аддаў сваю моц у няволю, *
і веліч сваю — у рукі ворага.
62. Аддаў пад меч свой народ, *
і разгневаўся на спадчыну сваю.

Рэфрэн:

а

СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ

Пс 119 (118), 135
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Пакажы слузе Твайму святло свайго аблічча
і навучы мяне Тваім пастановам.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
аЕВАНГЕЛЛЕ
Мц 18, 21 — 19, 1

Не кажу табе, што аж сем разоў, але ажно семдзесят сем разоў

+ Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея.

У той час:

Пётр падышоў да Езуса і сказаў Яму: Пане, калі мой брат будзе грашыць супраць мяне, колькі разоў я павінен прабачаць яму? Ці аж сем разоў? Езус адказвае яму: Не кажу табе, што аж сем разоў, але ажно семдзесят сем разоў.

Таму Валадарства Нябеснае падобнае да караля, які захацеў разлічыцца са сваімі слугамі. Калі ён пачаў разлічвацца, прывялі да яго аднаго, які вінен быў яму дзесяць тысячаў талантаў. Паколькі той не меў чым заплаціць, то гаспадар загадаў прадаць яго і жонку, і дзяцей, і ўсё, што ён меў, і заплаціць. Тады, упаўшы, слуга кланяўся перад ім і казаў: Будзь велікадушны да мяне, і ўсё табе аддам. Гаспадар, злітаваўшыся над гэтым слугою, адпусціў яго і дараваў яму доўг. А калі гэты слуга выйшаў, знайшоў аднаго з сабратоў сваіх, які вінен быў яму сто дынараў, і, схапіўшы яго, душыў, кажучы: Аддай мне, што вінен. Тады сабрат яго ўпаў да ног ягоных і маліў яго, кажучы: Будзь велікадушны да мяне, і аддам табе. Але той не захацеў, а пайшоў і пасадзіў яго ў вязніцу, пакуль не аддасць доўгу.

Сабраты яго, убачыўшы, што здарылася, засмуціліся і, прыйшоўшы, расказалі гаспадару свайму ўсё, што cталася. Тады гаспадар ягоны паклікаў яго і сказаў: Нягодны слуга! Увесь твой доўг я дараваў табе, таму што ты папрасіў мяне; ці ж не належала і табе змілавацца над сабратам тваім, як і я змілаваўся над табою? I, разгневаўшыся, гаспадар ягоны аддаў яго мучыцелям, пакуль не верне яму ўсяго доўгу. Так і Айцец Мой Нябесны зробіць вам, калі кожны з вас ад сэрца вашага не даруе брату свайму.

Сказаўшы гэтыя словы, Езус пакінуў Галілею і прыбыў у межы Юдэі, на другі бок Ярдану.

Гэта слова Пана.


Пераклад здзейснены Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры ККББ

Адноўлена 04.08.2010 16:09
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.