Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Пятніца — дваццаць пяты звычайны тыдзень
Год І

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ

Аг 1, 15b — 2, 9

Яшчэ трохі — і напоўню дом гэты славаю

Чытанне кнігі прарока Агея.

У другі год панавання караля Дарыя, у дваццаць першы дзень сёмага месяца, слова Пана было скіравана да прарока Агея: Скажы Зарабабэлю, сыну Салятыэля, кіраўніку Юдэі, і Езусу, сыну Егацадака, вялікаму святару, а таксама рэшце народа:

Ці застаўся сярод вас нехта, хто бачыў гэты дом у яго ранейшай славе? І якім вы бачыце яго сёння? Ці не здаецца у вачах вашых, што ў параўнанні з тым гэта нішто? Але цяпер бадзёрся, Зарабабэль, — кажа Пан, — бадзёрся Езусе, сыне Егацадака, вялікі святар, бадзёрся ўвесь народ зямлі, — кажа Пан, — працуй, бо Я з табою, — кажа Пан Магуццяў. Паводле абяцання, якое даў вам у час выйсця з Егіпта, Дух Мой жыве сярод вас: не бойцеся!

Бо так кажа Пан Магуццяў: Яшчэ трохі — і неўзабаве ўзрушу нябёсы і зямлю, мора і сушу. Я ўзрушу ўсе народы, і прынясуць скарбы ўсіх народаў, і напоўню дом гэты славаю, — кажа Пан Магуццяў. Мне належыць срэбра і Мне належыць золата, — кажа Пан Магуццяў. І слава гэтага апошняга дому будзе большай, чым папярэдняга, — кажа Пан Магуццяў. На гэтым месцы Я дам спакой, — кажа Пан.

Гэта слова Божае.

аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ

Пс 43 (42) 1. 2. 3. 4 (Р.: пар. 5bc)

Рэфрэн: Спадзявайся на Бога, праслаўляй Яго.

1. Судзі мяне, Божа, *
рассудзі маю справу з народам неміласэрным.
Ад ілжывага і несправялівага чалавека *
ўратуй мяне.

Рэфрэн:

2. Бо Ты — Бог цвярдыні маёй. *
Чаму Ты адкінуў Мяне?
Чаму хаджу я ў смутку, *
прыгнечаны ворагам?

Рэфрэн:

3. Спашлі сваё святло і сваю праўду. *
Няхай яны кіруюць мной
і прывядуць мяне *
на гару Тваю святую і ў Твае шатры.

Рэфрэн:

4. І я падыду да алтара Бога, *
да Бога радасці і вяселля Майго.
Заспяваю на арфе *
Табе, Божа, мой Божа.

Рэфрэн:
а

Год ІІ

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ

Экл 3, 1–11

Свой час мае кожная справа пад небам

Чытанне кнігі Эклезіяста.

Усё мае свой адпаведны час,
свой час мае кожная справа пад небам:
час нараджацца і час паміраць;
час саджаць і час збіраць, што пасадзілі;
час забіваць і час лячыць;
час руйнаваць і час будаваць;
час плакаць і час смяяцца;
час смуткаваць і час плясаць;
час раскідваць камяні і час іх збіраць;
час абдымацца і час ухіляцца ад абдымкаў;
час шукаць і час губляць;
час зберагаць і час выкідаць;
час разрываць адзенне і час зашываць;
час маўчаць і час гаварыць;
час любіць і час ненавідзець;
час ваяваць і час мірыцца.
Якая карысць работніку з таго, над чым працуе?
Я ўбачыў заняткі, над якімі Бог даў клапаціцца людзям.
Ён усё зрабіў добрым у свой час;
таксама вечнасць Ён паклаў у іхнія сэрцы,
але чалавек не можа зразумець справаў,
якія ўчыніў Бог ад пачатку і аж да канца.

Гэта слова Божае.

аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ

Пс 144 (143), 1а і 2abc. 3-4 (Р.: 1а)

Рэфрэн: Благаслаўлёны Пан, мая цвярдыня!

1. Благаслаўлёны Пан, мая цвярдыня! *
2. Ён — міласэрнасць мая і абарона,
прыбежышча маё і мой Збаўца. *
Ён шчыт мой,  я на Яго спадзяюся.

Рэфрэн:

3. Пане, чым ёсць чалавек, што Ты клапоцішся аб ім? *
Чым сын чалавечы, што Ты думаеш пра яго?
4. Чалавек падобны да подыху, *
ягоныя дні — як цень, што мінае.

Рэфрэн:

а

СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ

Мк 10, 45
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Сын Чалавечы прыйшоў, каб служыць
і аддаць жыццё сваё для адкуплення многіх.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
аЕВАНГЕЛЛЕ
Лк 9, 18–22

Ты — Месія Божы. Сын Чалавечы павінен выцерпець шмат

+ Чытанне святога Евангелля паводле Лукі.

Калі Езус маліўся ў самоце, вучні далучыліся да Яго. І спытаўся ў іх: Кім лічыць Мяне народ? Яны сказалі ў адказ: Янам Хрысціцелем, іншыя — Іллёю, некаторыя ж кажуць, што адзін з даўніх прарокаў уваскрос. Ён спытаўся ў іх:  А вы кім лічыце Мяне? І адказаў Пётр: Месіяй Божым. Але Ён строга загадаў ім нікому не казаць пра гэта, кажучы, што Сын Чалавечы павінен выцерпець шмат, што адкінуць Яго старэйшыны, першасвятары і кніжнікі, што Ён будзе забіты і на трэці дзень уваскрэсне.

Гэта слова Пана.


Пераклад здзейснены Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры ККББ

Адноўлена 07.09.2010 17:49
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.