Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Субота — дваццаць шосты звычайны тыдзень
Год І

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ

Бар 4, 5–12. 27–29

Той, хто спаслаў на вас гэтае зло, спашле вам радасць

Чытанне кнігі прарока Баруха.

Май адвагу, народзе мой, памяць Ізраэля! Вы былі прададзены язычнікам, але не для згубы; вы былі аддадзены ворагам за тое, што выклікалі гнеў Бога. Бо разгнявілі Стварыцеля вашага, прыносячы ахвяры дэманам, а не Богу. Вы забыліся пра вечнага Бога, які вас корміць, а таксама засмуцілі Ерузалем, які вырасціў вас.

Таму што Ён бачыў, як сыходзіць на вас гнеў Божы, і казаў: Слухайце, суседзі Сіёна, Бог спаслаў на мяне вялікі смутак, бо я бачыў няволю сыноў маіх і дачок, якую спаслаў на іх Вечны. Я насычаў іх радасцю, а адпусціў з плачам і смуткам. Няхай ніхто не пацяшаецца з мяне, аўдавелага і пакінутага многімі; я апусцеў за грахі дзяцей маіх, бо яны ўхіліліся ад Закону Божага.

Майце адвагу, дзеці, і клічце Бога, таму што той, хто спаслаў на вас гэта, будзе памятаць пра вас. Бо, як блукаючы, вы мелі намер аддаліцца ад Бога, так цяпер у дзесяць разоў больш прагніце навярнуцца і шукаць Яго.  Бо той, хто спаслаў на вас гэтае зло, спашле вам вечную радасць разам са збаўленнем вашым.

Гэта слова Божае.

аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ

Пс 69(68), 33–35. 36–37 (Р.: 34а)

Рэфрэн: Пан слухае малітву бедных.

33. Убачаць убогія і ўсцешацца, *
і ажыве сэрца тых, хто шукае Бога.
34. Бо Пан слухае бедных і не пагарджае вязнямі сваімі. *
35. Няхай славяць Яго зямля і нябёсы, мора і ўсё, што рухаецца ў іх.

Рэфрэн:

36. Паколькі Бог збавіць Сіён і адбудуе гарады Юды, *
і будуць жыць там, і атрымаюць у спадчыну яго.
37. Гэта будзе спадчынай патомства слуг Ягоных, *
і тыя, хто любіць імя Бога, паселяцца там.

Рэфрэн:
а

Год ІІ

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ

Ёв 42, 1–3. 5–6. 12–17

Цяпер жа мае вочы бачаць Цябе

Чытанне кнігі Ёва.

Ёў сказаў Пану ў адказ:

Я ведаю, што Ты ўсё можаш і што ніводнай задумы Тваёй не стрымаць. Хто той, хто хавае параду, нічога не ведаючы? Таму без разумення я кажу пра цуды, якія пераўзыходзяць маё пазнанне. Я чуў пра Цябе са слыху вушэй; цяпер жа мае вочы бачаць Цябе. Таму я адракаюся ад тых слоў і каюся ў пыле і попеле.

І благаславіў Пан апошнія дні Ёва больш, чым папярэднія. І з’явілася ў яго чатырнаццаць тысяч авечак, шэсць тысяч вярблюдаў, тысяча пар валоў і тысяча асліц. І было ў яго сем сыноў і тры дачкі. Першую ён назваў Галубкай, другую — Кассіяй, а трэцюю — Рог сурмы. І не было на ўсёй зямлі жанчын такіх прыгожых, як дочкі Ёва. І даў ім бацька іхні спадчыну паміж іх братамі. Пасля гэтага жыў Ёў сто сорак гадоў, і бачыў сыноў сваіх і іхніх сыноў да чацвёртага пакалення. І памёр Ёў у старасці, насыціўшыся днямі.

Гэта слова Божае.

аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ

Пс 119 (118), 66 і 71. 75 і 91. 125 і 130 (Р.: 135а)

Рэфрэн: Пакажы, Пане, святло Твайго аблічча.

66. Добраму разуменню і пазнанню мяне навучы, *
бо я веру запаведзям Тваім.
71. Добра для мне, што я быў прыніжаны, *
каб навучыцца Тваім пастановам.

Рэфрэн:

75. Ведаю, Пане, што справядлівыя суды Твае, *
і паводле праўды Ты мяне пакараў.
91. Паводле прысудаў Тваіх усё дагэтуль трывае, *
бо ўсё служыць Табе.

Рэфрэн:

125. Я слуга Твой, навучы мяне, *
і я пазнаю сведчанні Твае.
130. Адкрыццё словаў Тваіх асвятляе *
і дае разуменне простым.

Рэфрэн:

а

СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ

Пар. Мц 11, 25
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Праслаўляю Цябе, Ойча, Пане неба і зямлі,
бо таямніцы Валадарства Ты аб’явіў дзецям.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
аЕВАНГЕЛЛЕ
Лк 10, 17–24

Радуйцеся таму, што імёны вашыя запісаны ў нябёсах

+ Чытанне святога Евангелля паводле Лукі.

У той час:

Семдзесят два вучні вярнуліся з радасцю і казалі: Пане, нават злыя духі слухаюцца нас у імя Тваё. А Ён казаў ім: Я бачыў сатану, які падаў з неба, як маланка. Вось даю вам уладу наступаць на змеяў і скарпіёнаў, і на ўсю сілу варожую, і нішто не пашкодзіць вам. Аднак не радуйцеся таму, што духі слухаюцца вас, а радуйцеся таму, што імёны вашыя запісаны ў нябёсах.

У той час узрадаваўся ў духу Езус і сказаў: Праслаўляю Цябе, Ойча, Пане неба і зямлі, што Ты ўтоіў гэта ад мудрых і разумных і адкрыў дзецям. Так, Ойча, бо так Табе спадабалася. Усё перададзена мне Айцом Маім. І ніхто не ведае кім ёсць Сын, апроч Айца, і кім ёсць Айцец, апроч Сына і таго, каму Сын захоча адкрыць.

І, звярнуўшыся асобна да вучняў, сказаў: Благаслаўлёныя вочы, якія бачаць тое, што вы бачыце. Бо кажу вам, што многія прарокі і каралі хацелі бачыць, што вы бачылі, і не ўбачылі, і чуць, што вы чуеце, і не пачулі.

Гэта слова Пана.



Пераклад здзейснены Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры ККББ

Адноўлена 14.09.2010 15:07
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.