Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Пятніца — дваццаць шосты звычайны тыдзень
Год І

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ

Бар 1, 15–22

Мы зграшылі перад Панам і не паслухаліся

Чытанне кнігі прарока Баруха.

У Пана, Бога нашага, справядлівасць, у нас жа – сорам на тварах, як сёння ва ўсякага юдэя і ў жыхароў Ерузалема, і ў каралёў нашых, і ў кіраўнікоў нашых, і ў святароў нашых, і ў прарокаў  нашых, і ў айцоў нашых, бо мы зграшылі перад Панам і не паслухаліся Яго, і не пачулі голасу Пана, Бога нашага, каб паступаць паводле наказаў Пана, якія Ён даў нам.

З таго дня, калі Пан вывеў айцоў нашых з зямлі Егіпецкай, і да гэтага дня мы былі непаслухмяныя Пану, Богу нашаму, і не хвалявала нас, што мы не слухалі Ягоны голас. Таму і спасціглі нас няшчасці і праклён, якімі пагражаў Пан праз слугу свайго Майсея ў той дзень, калі вывеў айцоў нашых з зямлі Егіпецкай, каб даць нам зямлю, дзе плывуць малако і мёд, як сёння. І не слухалі мы голасу Пана Бога нашага ва ўсіх словах прарокаў, якіх пасылаў да нас, і кожны паступаў паводле злых намераў сэрца свайго, служачы чужым багам і чынячы зло перад вачыма Пана, Бога нашага.

Гэта слова Божае.

аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ

Пс 79 (78), 1–2. 3–5 і 8. 9  (Р.: 9b)

Рэфрэн: Вызвалі нас, Пане, дзеля імя Твайго.

1. Божа, язычнікі ўвайшлі ў спадчыну Тваю; †
апаганілі святую Тваю святыню, *
Ерузалем ператварылі ў руіны.
2. Трупы слугаў Тваіх аддалі на з’ядзенне птушкам нябесным, *
целы святых Тваіх — звярам зямным.

Рэфрэн:

3. Пралілі іх кроў, як ваду, вакол Ерузалема, †
і не было каму іх пахаваць. *
4. Мы сталі ганьбаю для нашых суседзяў,
пагардай і пасмешышчам для тых, хто вакол нас.
5. Дакуль, Пане, гневацца будзеш няспынна, *
а Твая лютасць будзе палаць, як агонь?

Рэфрэн:

8. Не памятай правінаў *
нашых продкаў,
няхай хутчэй нас спаткае Твая міласэрнасць, *
бо мы зусім аслаблі.

Рэфрэн:

9. Памажы нам, Божа, наш Збаўца, *
дзеля славы імя Твайго;
вызвалі нас і даруй нам грахі нашыя *
дзеля Твайго імя.

Рэфрэн:
а

Год ІІ

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ

Ёв 38, 1. 12–21; 40, 3–5

Ці ты загадваў раніцы, ці сыходзіў ты да марскіх крыніцаў

Чытанне кнігі Ёва.

Пан адказаў Ёву з віхуры, кажучы:

Ці калі-небудзь у сваім жыцці ты загадваў раніцы, паказваў зараніцы месца яе, каб яна ахапіла межы зямлі і скінула з яе бязбожнікаў? Зямля змяняецца, як гліна пад пячаткай, і расфарбавана яна, як адзенне. Аднята ў бязбожнікаў святло іхняе, і высока ўзнятая рука іх зламана?

Ці сыходзіў ты да марскіх крыніцаў і ці даследаваў дно бездані? Ці адчыняліся табе брамы смерці, ці бачыў ты брамы смяротнага ценю? Ці аглядаў ты прастору зямлі? Раскажы, калі ведаеш пра ўсё гэта.

На якім шляху жыве святло, і дзе тое месца цемры, каб дайшоў ты да іхніх межаў і ведаў сцежкі да іх дому? Ты пазнаў гэта, бо ўжо тады быў народжаны, і лічба дзён тваіх вялікая?

І адказаў Ёў Пану: Вось я малы, што Табе адкажу? Руку сваю кладу на вусны свае. Я раз прамовіў, і ўжо не адкажу; нават двойчы, але нічога не дадам.

Гэта слова Божае.

аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ

Пс 139 (138), 1–3. 7–8. 9–10. 13–14аb (Р.: 24b)

Рэфрэн: Скіруй мяне, Пане, на Твой шлях адвечны.

5. Пане, Ты выпрабаваў мяне і пазнаў, *
6. Ты ведаеш, калі я сядаю і ўстаю.
Здалёк разумееш мае думкі, †
3. Ці іду, ці адпачываю — Ты са мною, *
і ўсе мае шляхі вядомыя Табе.

Рэфрэн:

7. Куды пайду ад Духа Твайго, *
і ад аблічча Твайго куды ўцяку?
9. Калі ўзыду на неба, Ты там; *
калі спачну ў адхлані, Ты побач.

Рэфрэн:

10. Калі вазьму крылы зараніцы *
і перасялюся на ўскраіну мора,
11. нават там рука Твая мяне павядзе, *
і Твая правіца будзе трымаць мяне.

Рэфрэн:

13. Бо Ты стварыў маё нутро *
і выткаў мяне ва ўлонні маёй маці.
14. Слаўлю Цябе, бо я цудоўна створаны, *
дзівосныя справы Твае.

Рэфрэн:

а

СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ

пар. Пс 95 (94), 8аb
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Не рабіце сёння жорсткімі вашыя сэрцы,
але слухайце голас Пана.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
аЕВАНГЕЛЛЕ
Лк 10, 13–16

Хто адкідае Мяне, адкідае таго, хто паслаў Мяне

+ Чытанне святога Евангелля паводле Лукі.

У той час Езус сказаў:

Гора табе, Харазін! Гора табе, Бэтсаіда! Бо, калі б у Тыры і Сідоне былі цуды, што сталіся сярод вас, то яны даўно б, седзячы ў мешкавіне і ў попеле, пакаяліся. Але Тыру і Сідону лепш будзе на судзе, чым вам. І ты, Кафарнаум, што аж да неба будзеш узвышаны, аж да адхлані сыдзеш.

Хто слухае вас, Мяне слухае, і хто вас адкідае, Мяне адкідае. А хто адкідае Мяне, адкідае таго, хто паслаў Мяне.

Гэта слова Пана.


Пераклад здзейснены Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры ККББ

Адноўлена 08.09.2010 15:36
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.