Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Аўторак — дваццаць шосты звычайны тыдзень
Год І

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ

Зах 8, 20–23

Прыйдуць многія народы, каб шукаць Пана ў Ерузалеме

Чытанне кнігі прарока Захарыі.

Так кажа Пан Магуццяў:

Яшчэ прыйдуць сюды народы і жыхары шматлікіх гарадоў. І жыхары аднаго горада пойдуць да другога, кажучы: Хадземце маліцца перад абліччам Пана і шукаць Пана Магуццяў; пайду і я. І пойдуць многія народы і шматлікія плямёны, каб шукаць Пана Магуццяў у Ерузалеме і маліцца перад абліччам Пана.

Так кажа Пан Магуццяў: У тыя дні возьмуцца дзесяць чалавек з плямёнаў усіх і моваў, возьмуцца за крысо юдэя і будуць казаць: Мы пойдзем з вамі, бо чулі, што з вамі Бог.

Гэта слова Божае.

аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ

Пс 87 (86), 1–3. 4–5. 6–7   (Р.: Зах 8, 23)

Рэфрэн: Мы пойдзем з вамі, бо з вамі Бог.

1. Умацаванне Яго на святых гарах, *
2. любіць Пан брамы Сіёна
больш за ўсе шатры Якуба. *
3. Абвяшчаецца твая хвала, горад Божы.

Рэфрэн:

4. Узгадаю Егіпет і Вавілон сярод тых, хто ведае мяне, *
вось філістымляне і Тыр з Эфіопіяй скажуць: Той там нарадзіўся.
5. А пра Сіён будуць казаць: Кожны чалавек на ім нарадзіўся, *
і Усемагутны яго ўмацаваў.

Рэфрэн:

6. Пан напіша ў перапісе народаў: *
Гэты там нарадзіўся.
7. І ў танцы будуць спяваць: *
У табе ўсе крыніцы мае.

Рэфрэн:
а

Год ІІ

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ

Ёв 3, 1–3. 11–17. 20–23

Навошта дадзена няшчаснаму святло

Чытанне кнігі Ёва.

Ёў адкрыў свае вусны і пракляў дзень свой, і так пачаў гаварыць:

Няхай згіне дзень, у які я нарадзіўся, і ноч, у якую сказана: Зачаты чалавек. Чаму не памёр я, выходзячы з улоння, і не сканаў, калі выйшаў з нутра. Навошта прынялі мяне калені, а грудзі кармілі мяне? Цяпер бы ціха ляжаў і спачываў у сне сваім разам з каралямі і ўладарамі зямлі, якія ўзносілі сабе грабніцы, або з князямі, якія мелі  золата і напаўнялі дамы свае срэбрам. Ці, як выкідыш схаваны, я не існаваў бы; як зачатыя, што не бачылі святла. Там бязбожнікі ўжо не мітусяцца, знясіленыя там адпачываюць.

Навошта дадзена няшчаснаму святло, а жыццё тым, хто ў горычы душэўнай; хто чакае смерці, а яна не прыходзіць; хто шукаў бы яе ахвотней, чым скарб; хто ўзрадаваўся б і вельмі ўсцешыўся б, што знайшоў магілу? Навошта дадзена святло чалавеку, якому шлях закрыты і якога Бог ахінуў змрокам?

Гэта слова Божае.

аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ

Пс 88 (87),  2–3. 4–5. 6. 7–8 (Р.: 3а)

Рэфрэн: Няхай мая малітва дойдзе да Твайго аблічча.

2. Пане, Божа збаўлення майго, *
удзень і ўначы клікаў я перад Табою.
3. Няхай мая малітва дойдзе да Твайго аблічча, *
схілі вуха  сваё да крыку майго.

Рэфрэн:

5. Бо душа мая насыцілася няшчасцямі, *
і жыццё маё наблізілася да адхлані.
6. Мяне залічваюць да тых, хто сыходзіць у магілу, *
я стаў быццам чалавек, пазбаўлены сілы.

Рэфрэн:

7. Паміж мёртвымі я пакінуты, *
як забітыя, што спяць у магіле,
пра якіх Ты больш не ўспамінаеш, *
яны адкінутыя ад Тваёй рукі.

Рэфрэн:

8. Ты паклаў мяне ў глыбокім доле, *
у змроку і ў бездані.
9. Спачыла на мне Твая лютасць, *
і ўсе хвалі Твае Ты спаслаў на мяне.

Рэфрэн:

а

СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ


Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
Мк 10, 45
Сын Чалавечы прыйшоў, каб служыць
і аддаць жыццё сваё для адкуплення многіх.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
аЕВАНГЕЛЛЕ
Лк 9, 51–56

Ён цвёрда вырашыў ісці ў Ерузалем

+ Чытанне святога Евангелля паводле Лукі.

Калі набліжаліся дні ўзнясення Езуса, Ён цвёрда вырашыў ісці ў Ерузалем і выслаў пасланцоў перад сабою. Пайшоўшы, яны ўвайшлі ў самаранскую вёску, каб падрыхтаваць Яму побыт. Але там не прынялі Яго, бо Ён накіроўваўся ў Ерузалем.  

Калі вучні Якуб і Ян убачылі гэта, сказалі: Пане, хочаш, мы скажам, каб агонь сышоў з неба і знішчыў іх? Але Ён, павярнуўшыся да іх, забараніў ім. І пайшлі ў іншую вёску.

Гэта слова Пана.


Пераклад здзейснены Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры ККББ

Адноўлена 28.09.2011 13:20
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.