Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Субота — дваццаць восьмы звычайны тыдзень
Год І

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ

Рым 4, 13. 16–18

Насуперак надзеі, паверыў з надзеяй

Чытанне Паслання святога апостала Паўла да Рымлянаў.

Браты:

Абяцанне Абрагаму і патомству ягонаму, што ён будзе спадкаемцам свету, было дадзена не Законам, але праз справядлівасць веры. А праз веру, каб яно было дарам ласкі, каб яно было пэўным для ўсяго патомства. Не толькі для тых, хто абапіраецца на Закон, але і для тых, хто трымаецца веры Абрагама, які ёсць айцом усіх нас — як напісана: Я паставіў цябе айцом многіх народаў — перад абліччам Бога, якому ён паверыў як таму, хто ажыўляе мёртвых і кліча да існавання тое, чаго не існуе. Абрагам, насуперак надзеі, паверыў з надзеяй, што стане айцом многіх народаў, паводле сказанага: Такое вялікае будзе патомства Тваё.

Гэта слова Божае.

аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ

Пс 105 (104), 6–7. 8–9. 42–43 (Р.: 8а)

Рэфрэн: Пан вечна памятае пра свой запавет.
Або: Аллелюя.

6. Вы, патомства Абрагама, Яго слугі, *
сыны Якуба, вы Яго выбраныя.
7. Ён Пан Бог наш, *
па ўсёй зямлі Яго правасуддзе.

Рэфрэн:

8. Вечна Ён памятае пра свой запавет, *
пра слова, якое даў тысячам пакаленняў,
9. пра запавет, які заключыў з Абрагамам, *
і пра сваю прысягу, дадзеную Ісааку.

Рэфрэн:

42. Бо памятаў Ён святое слова Сваё, *
дадзенае Абрагаму, слузе свайму.
43. І вывеў народ свой у радасці, *
у весялосці выбраных сваіх.

Рэфрэн:
а

Год ІІ

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ

Эф 1, 15–23

Паставіў Хрыста галавою Касцёла, які ёсць целам Ягоным

Чытанне Паслання святога апостала Паўла да Эфесцаў.

Браты:

Пачуўшы пра вашую веру ў Езуса Хрыста і пра любоў да ўсіх святых, не перастаю дзякаваць за вас Богу, успамінаючы вас у малітвах сваіх, каб Бог Пана нашага Езуса Хрыста, Айцец славы, даў вам Духа мудрасці і адкрыцця ў пазнанні Яго і прасвятліў вочы сэрца вашага, каб вы ведалі, у чым надзея паклікання Ягонага, якое багацце слаўнай спадчыны Ягонай для святых і якая нязмерная веліч моцы Ягонай у нас, веруючых праз дзеянне магутнай сілы Ягонай, якую Ён выявіў у Хрысце, калі ўваскрасіў Яго з мёртвых і пасадзіў праваруч сябе на нябёсах, вышэй за ўсялякае княжанне, і ўладу, і сілу, і панаванне, і за ўсялякае імя, якое называюць не толькі ў гэтым веку, але і ў будучым.

І ўсё пакарыў пад ногі Ягоныя, і паставіў Яго па-над усім галавою Касцёла, які ёсць целам Ягоным, паўнатою таго, хто напаўняе ўсё ва ўсім.

Гэта слова Божае.

аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ

Пс 8, 2–3а. 4–5. 6–7а (Р.: 7)

Рэфрэн: Даў Свайму Сыну ўладу над стварэннем.

2. О, Пане, Божа наш, *
якое велічнае імя Тваё па ўсёй зямлі.
Веліч Твая ўзносіцца па-над нябёсамі. *
3. З вуснаў дзяцей і немаўлят Ты ўчыніў хвалу.

Рэфрэн:

4. Калі я бачу Твае нябёсы, справу пальцаў Тваіх, *
месяц і зоркі, якія Ты ўмацаваў:
5. то чым ёсць чалавек, што Ты пра яго памятаеш, *
і сын чалавечы, што Ты ўзгадваеш пра яго?

Рэфрэн:

6. Ты ўчыніў яго мала меншым ад анёлаў, *
славаю і веліччу ўвянчаў яго.
7. Паставіў яго валадаром *
над справай рук Тваіх.

Рэфрэн:

а

СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ

Ян 15, 26b. 27а
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Дух праўды будзе сведчыць пра Мяне, — кажа Пан, —
і вы таксама будзеце сведчыць.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
аЕВАНГЕЛЛЕ
Лк 12, 8–12

Дух Святы навучыць вас у тую гадзіну, што трэба казаць

+ Чытанне святога Евангелля паводле Лукі.

У той час:

Езус сказаў сваім вучням: Кожны, хто вызнае Мяне перад людзьмі, таго прызнае і Сын Чалавечы перад анёламі Божымі. А хто адрачэцца ад Мяне перад людзьмі, ад таго адракуся і Я перад анёламі Божымі. Кожнаму, хто скажа слова на Сына Чалавечага, будзе адпушчана, а таму, хто блюзнерыць супраць Духа Святога, не будзе адпушчана. Калі вас прывядуць у сінагогі, і да кіраўнікоў, і да ўлады, не турбуйцеся, як або што адказваць, ці што гаварыць, бо Дух Святы навучыць вас у тую гадзіну, што трэба казаць.

Гэта слова Пана.



Пераклад здзейснены Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры ККББ

Адноўлена 23.09.2010 14:54
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.