Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Пятніца — дваццаць восьмы звычайны тыдзень
Год І

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ

Рым 4, 1–8

Паверыў Абрагам Богу, і гэта залічылася яму як справядлівасць

Чытанне Паслання святога апостала Паўла да Рымлянаў.

Браты:

Што, скажам, знайшоў Абрагам, праайцец наш паводле цела? Калі Абрагам апраўдаўся ўчынкамі, то мае пахвалу, але не перад Богам. Бо што кажа Пісанне? Паверыў Абрагам Богу, і гэта залічылася яму як справядлівасць. Плата працаўніку залічваецца не з ласкі, але з абавязку. А таму, хто не працуе, але верыць у таго, хто апраўдвае бязбожнага, вера ягоная залічваецца як справядлівасць.

Так і Давід называе шчаслівым чалавека, якому Бог залічвае справядлівасць незалежна ад учынкаў: Шчаслівыя, каму беззаконне дараванае і чые грахі закрытыя; благаслаўлёны чалавек, якому Пан не залічыць граху.

Гэта слова Божае.

аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ

Пс 32 (31), 1–2. 5. 11 (Р.: пар. 7)

Рэфрэн: Ты атуляеш мяне радасцю збаўлення.

1. Шчаслівы той, каму адпушчана беззаконне, *
і чый грэх забыты.
2. Шчаслівы чалавек, якому Пан не залічыў віны, *
і ў душы якога няма подступу.

Рэфрэн:

5. Я вызнаў Табе грэх мой *
і не хаваў сваёй віны.
Я сказаў: Вызнаю Пану мае беззаконні, — *
і Ты зняў з мяне віну граху майго.

Рэфрэн:

11. Весяліцеся ў Пану *
і радуйцеся, справядлівыя;
усклікайце радасна, *
усе праведныя сэрцам.

Рэфрэн:
а

Год ІІ

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ

Эф 1, 11–14

Мы раней спадзяваліся на Хрыста, і былі пазначаныя пячаткаю Духа Святога

Чытанне Паслання святога апостала Паўла да Эфесцаў.

Браты:

У Хрысце мы былі выбраны і прадвызначаны згодна з намерам таго, хто ўсё здзяйсняе паводле пастанаўлення волі сваёй, каб мы, якія раней спадзяваліся на Хрыста, былі для хвалы Ягонай славы.

У Ім і вы, калі пачулі слова праўды, добрую навіну пра збаўленне вашае, і паверылі ў Яго, былі пазначаныя пачаткаю абяцанага Духа Святога, які ёсць задаткам нашай спадчыны дзеля адкуплення Ягонага набытку, для хвалы Ягонай славы.

Гэта слова Божае.

аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ

Пс 33 (32), 1–2. 4–5. 12–13  (Р.: 12b)

Рэфрэн: Шчаслівы народ, які Пан сабе выбраў.

3. Радуйцеся ў Пану, справядлівыя, *
праведным належыць хваліць Яго.
4. Слаўце Пана на гуслях, *
грайце Яму на дзесяціструннай арфе.

Рэфрэн:

4. Праўдзівае слова Пана, *
і ўсе ўчынкі Ягоныя верныя.
5. Ён любіць справядлівасць і правасуддзе, *
міласцю Пана поўніцца зямля.

Рэфрэн:

12. Шчаслівы народ, Богам якога ёсць Пан, *
народ, які Ён выбраў сабе ў спадчыну.
13. Пан паглядае з нябёсаў, *
бачыць усіх сыноў чалавечых.

Рэфрэн:

а

СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ

Пс 33 (32), 22
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Міласэрнасць Твая, Пане, няхай будзе над намі, *
бо мы на Цябе спадзяёмся!

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
аЕВАНГЕЛЛЕ
Лк 12, 1–7

У вас і валасы ўсе на галаве палічаны

+ Чытанне святога Евангелля паводле Лукі.

У той час:

Калі сабраліся тысячы людзей, так што цяснілі адзін  аднаго, Езус пачаў гаварыць спачатку вучням сваім: Сцеражыцеся закваскі крывадушнасці фарысейскай. Няма нічога схаванага, што б не выявілася, і патаемнага, пра што б не даведаліся. Таму ўсё, што вы сказалі ў цемры, будзе пачута пры святле, і што сказалі на вуха ў пакоях, будзе абвешчана з дахаў.

Кажу ж вам, маім сябрам: не бойцеся тых, хто забівае цела, а потым не можа нічога больш зрабіць. Я пакажу вам, каго трэба баяцца: бойцеся таго, хто пасля забойства мае ўладу ўкінуць у геену; сапраўды кажу вам, яго бойцеся.

Ці ж не пяць вераб’ёў прадаецца за два асы? І ніводзін з іх не забыты перад Богам. А ў вас і валасы ўсе на галаве палічаны. Не бойцеся: вы даражэйшыя за многіх вераб’ёў.

Гэта слова Пана.


Пераклад здзейснены Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры ККББ

Адноўлена 23.09.2010 14:42
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.