Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
XXVIII Звычайная нядзеля, Год С
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ
2 Вал 5, 14–17

Вярнуўся Нааман да чалавека Божага і вызнаў Пана

Чытанне Другой кнігі Валадарстваў.

У тыя дні:

Пайшоў Нааман сірыец і акунуўся ў Ярдане сем разоў паводле слова Елісея, чалавека Божага, і абнавілася цела ягонае, як цела малога дзіцяці, і ачысцілася. Тады вярнуўся да чалавека Божага ён і ўсе, хто суправаджаў яго. Прыйшоў і стаў перад ім, і сказаў: Сапраўды я ведаю, што няма Бога на ўсёй зямлі, а толькі ў Ізраэлі. Таму прымі дар ад слугі твайго.

І адказаў Елісей: Як жывы Пан, перад абліччам якога я стаю, не прыму. А той прымушаў яго ўзяць, але ён адмовіўся.

І сказаў Нааман: Калі не, то, прашу, няхай слузе твайму дадуць столькі зямлі, колькі панясуць два мулы, бо не будзе больш слуга твой прыносіць усеспаленні і ахвяры іншым багам, апроч Пана.

Гэта слова Божае.

аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ

Пс 98 (97), 1. 2–3аb. 3сd–4 (Р.: пар. 2b)

Рэфрэн: Пан аб’явіў народам збаўленне сваё.

1. Спявайце Пану новую песню, *
бо Ён учыніў цуды.
Яму дапамагла Яго правіца *
і Яго святое плячо.

Рэфрэн:

2. Паказаў Пан сваё збаўленне, *
перад вачыма народаў аб’явіў сваю справядлівасць.
3. Успомніў пра сваю вернасць і міласэрнасць*
да дому Ізраэля.

Рэфрэн:

Убачылі ўсе межы зямлі *
збаўленне Бога нашага.
4. Усклікай Пану, уся зямля, *
радуйцеся, спявайце і грайце.

Рэфрэн:
аДРУГОЕ ЧЫТАННЕ

2 Цім 2, 8–13

Калі церпім, то разам з Хрыстом валадарыць будзем

Чытанне Другога паслання святога апостала Паўла да Цімафея.

Уміліваны:

Памятай  пра Езуса Хрыста з пакалення Давіда, які ўваскрос з мёртвых паводле Евангелля майго, за якое я цярплю нядолю аж да кайданаў, нібы злачынца. Але Божага слова не зняволіш.

Таму я ўсё вытрымліваю дзеля выбраных, каб і яны атрымалі збаўленне ў Езусе Хрысце з вечнаю славаю. Праўдзівае слова: калі мы разам з Ім памерлі, то з Ім і ажывём; калі церпім, то разам з Ім валадарыць будзем; калі адрачэмся, і Ён адрачэцца ад нас; калі мы не верым, Ён застаецца верным, бо самога сябе адрачыся не можа.

Гэта слова Божае.
а СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ

1 Тэс 5, 18
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

За ўсё дзякуйце,
бо такая адносна вас Божая воля ў Езусе Хрысце.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
аЕВАНГЕЛЛЕ
Лк 17, 11–19

Не знайшлося нікога, хто б вярнуўся аддаць славу Пану, акрамя гэтага чужынца

+ Чытанне святога Евангелля паводле Лукі.

Езус, калі ішоў у Ерузалем, праходзіў праз Самарыю і Галілею. І калі Ён  уваходзіў у адну вёску, сустрэлі Яго дзесяць пракажоных, якія сталі здалёк і моцным голасам казалі: Езус, Настаўнік, змілуйся над намі. Убачыўшы іх, Ён сказаў ім: Ідзіце, пакажыцеся святарам. А калі адышлі, яны ачысціліся.

І адзін з іх, убачыўшы, што стаў аздароўлены, вярнуўся, моцным голасам праслаўляючы Бога, і, упаўшы ніцма да ног Ягоных, дзякаваў Яму. А быў гэта самаранін. Тады Езус сказаў: Ці не дзесяць было ачышчаных, дзе ж дзевяць? Не знайшлося нікога, хто б вярнуўся аддаць славу Пану, акрамя гэтага чужынца? І сказаў яму: Устань, ідзі; вера твая збавіла цябе.

Гэта слова Пана.


Пераклад здзейснены Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры ККББ

Адноўлена 23.09.2010 14:12
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.