Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Чацвер — дваццаць дзявяты звычайны тыдзень
Год І

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ

Рым 6, 19–23

Цяпер, вызваліўшыся ад граху, вы сталі слугамі Бога

Чытанне Паслання святога апостала Паўла да Рымлянаў.

Браты:

Кажу паводле чалавечага разумення з-за слабасці цела вашага. Бо як аддавалі вы члены вашыя на служэнне нячыстасці і беззаконню і для беззаконня, так цяпер аддайце члены вашыя на служэнне справядлівасці для святасці. Бо калі вы былі нявольнікамі граху, вы былі свабоднымі ад справядлівасці. Які ж плод мелі вы тады, што цяпер саромеецеся яго? Бо заканчэнне ягонае — смерць.

Але цяпер, вызваліўшыся ад граху і стаўшы слугамі Бога, маеце плод ваш для святасці, а ў канцы — жыццё вечнае. Бо расплата за грэх — смерць, а дар Божы — жыццё вечнае ў Хрысце Езусе, Пану нашым.

Гэта слова Божае.

аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ

Пс 1, 1–2. 3. 4 і 6 (Р.: Пс 40 (39), 5а)

Рэфрэн: Шчаслівы чалавек, які спадзяецца на Пана.

1. Шчаслівы чалавек, які не ходзіць за радай бязбожных, †
і не ўзыходзіць на шлях грэшных *
і між насмешнікаў не засядае;
8. але ў Законе Пана яго асалода, *
над ім разважае ўдзень і ўначы.

Рэфрэн:

9. Ён будзе як дрэва пасаджанае каля воднага патоку, *
якое плод прыносіць у свой час,
і лісце яго не вяне, *
а ўсё, што ён чыніць, яму ўдаецца.

Рэфрэн:

10. Не такі лёс бязбожных: *
яны, як мякіна, што вецер разносіць.
6. Бо ведае Пан шлях справядлівых, *
а дарога бязбожных загіне.

Рэфрэн:
а

Год ІІ

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ

Эф 3, 14–21

Каб вы, укараніўшыся і ўмацаваўшыся ў любові, напоўніліся ўсёй паўнатою Божай

Чытанне  Паслання святога апостала Паўла да Эфесцаў.

Браты:

Я схіляю калені мае перад Айцом Пана нашага Езуса Хрыста, ад якога бярэ сваю назву кожны народ на нябёсах і на зямлі, каб Ён даў вам, паводле багацця славы сваёй, умацаваць сілы Духам Ягоным дзеля духоўнага чалавека, каб праз веру Хрыстус пасяліўся ў сэрцах вашых, каб вы, укараніўшыся і ўмацаваўшыся ў любові, змаглі зразумець з усімі святымі, чым ёсць шырыня і даўжыня, і вышыня, і глыбіня, і спазнаць любоў Хрыста, якая перавышае ўсялякае разуменне, каб вы напоўніліся ўсёй паўнатою Божай.

А таму, хто сілаю, якая дзейнічае ў нас, можа зрабіць непараўнальна больш за ўсё, чаго мы просім, або пра што думаем, Яму слава ў Касцёле і ў Хрысце Езусе ва ўсе пакаленні ад веку да веку. Амэн.

Гэта слова Божае.

аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ

Пс 33 (32), 1–2. 4–5. 11–12. 18–19  (Р.: 5b)

Рэфрэн: Міласцю Пана поўніцца зямля.

4. Радуйцеся ў Пану, справядлівыя, *
праведным належыць хваліць Яго.
5. Слаўце Пана на гуслях, *
грайце Яму на дзесяціструннай арфе.

Рэфрэн:

4. Праўдзівае слова Пана, *
і ўсе ўчынкі Ягоныя верныя.
5. Ён любіць справядлівасць і правасуддзе, *
міласцю Пана поўніцца зямля.

Рэфрэн:

11. Намеры Пана трываюць навекі, *
задумы сэрца Ягонага з пакалення ў пакаленне.
12. Шчаслівы народ, Богам якога ёсць Пан, *
народ, які Ён выбраў сабе ў спадчыну.

Рэфрэн:

18. Вось вока Пана над тымі, хто Яго баіцца, *
над тымі, хто спадзяецца на Яго міласэрнасць,
19. каб Ён душу іх уратаваў ад смерці *
і накарміў іх у час голаду.

Рэфрэн:

а

СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ

Флп 3, 8–9
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Я ўсё прызнаю стратай і лічу смеццем,
каб набыць Хрыста і знайсці сябе ў Ім.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
аЕВАНГЕЛЛЕ
Лк 12, 49–53

Прыйшоў даць не спакой, але раздзяленне

+ Чытанне святога Евангелля паводле Лукі.

У той час:

Езус сказаў сваім вучням: Агонь прыйшоў Я кінуць на зямлю і як жа хачу, каб ён ўжо разгарэўся. Хростам павінен Я ахрысціцца і як жа пакутую, пакуль гэта не споўніцца. Думаеце, што Я прыйшоў даць зямлі спакой? Не, кажу вам, не спакой, але раздзяленне. Бо з гэтага часу пяцёра ў адным доме будуць падзеленыя, трое супраць дваіх і двое супраць траіх.
        Бацька будзе супраць сына,
        і сын супраць бацькі,
        маці супраць дачкі,
        і дачка супраць маці,
        свякроў супраць нявесткі сваёй,
        і нявестка супраць свякрові сваёй.

Гэта слова Пана.


Пераклад здзейснены Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры ККББ

Адноўлена 14.05.2012 16:23
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.