Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
ХХIX Звычайная нядзеля, Год B
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ
Іс 53, 10–11

Калі ж прынясе жыццё сваё ў ахвяру за грахі, убачыць вечнае патомства

Чытанне кнігі прарока Ісаі.

Пан пажадаў раздавіць яго цярпеннем. Калі ж прынясе жыццё сваё ў ахвяру за грахі, убачыць вечнае патомства, і волю Пана здзейсніць ягоная рука. За цярпенні сваёй душы ён убачыць святло і ім насыціцца. Мой справядлівы слуга апраўдае многіх і сам панясе іхнія правіны.

Гэта слова Божае.

аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ

Пс 33 (32), 4–5. 18–19. 20 і 22 (Р.: 22)

Рэфрэн: Міласэрнасць Твая, няхай будзе над намі.

4. Праўдзівае слова Пана, *
і ўсе ўчынкі Ягоныя верныя.
5. Ён любіць справядлівасць і правасуддзе, *
міласцю Пана поўніцца зямля.

Рэфрэн:

18. Вось вока Пана над тымі, хто Яго баіцца, *
над тымі, хто спадзяецца на Яго міласэрнасць,
19. каб Ён душу іх уратаваў ад смерці *
і накарміў іх у час голаду.

Рэфрэн:

20. Душа наша чакае Пана, *
Ён — наша дапамога і абарона.
22. Міласэрнасць Твая, Пане, няхай будзе над намі, *
бо мы на Цябе спадзяёмся!

Рэфрэн:
аДРУГОЕ ЧЫТАННЕ

Гбр 4, 14–16

Наблізімся з даверам да трону ласкі

Чытанне Паслання да Габрэяў.

Браты:

Маючы першасвятара вялікага, які прайшоў нябёсы, Езуса, Сына Божага, будзем цвёрда трымацца вызнання нашага. Бо мы маем не такога першасвятара, які не мог бы спачуваць слабасцям нашым, але такога, які, паводле падабенства, зведаў усе выпрабаванні, акрамя грэху. Таму наблізімся з даверам да трону ласкі, каб атрымаць міласэрнасць і знайсці ласку для своечасовай дапамогі.

Гэта слова Божае.
а СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ


Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
Мк 10, 45
Сын Чалавечы прыйшоў, каб служыць
і аддаць жыццё сваё для адкуплення многіх.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
аЕВАНГЕЛЛЕ
Мк 10, 42–45

Сын Чалавечы прыйшоў, каб аддаць жыццё сваё для адкуплення многіх

+ Чытанне святога Евангелля паводле Марка.

У той час:

Езус паклікаў Дванаццаць і сказаў ім: Вы ведаеце, што тыя, хто лічацца князямі народаў, пануюць над імі і вяльможы іх уладараць над імі. Але не так няхай будзе між вамі: хто хоча быць найбольшым сярод вас, няхай будзе вам слугою; і хто хоча сярод вас быць першым, няхай будзе нявольнікам усіх.

Бо і Сын Чалавечы не на тое прыйшоў, каб Яму служылі, але каб служыць і аддаць жыццё сваё для адкуплення многіх.

Гэта слова Пана.


Пераклад здзейснены Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры ККББ

Адноўлена 23.09.2010 16:09
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.