Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Чацвер — трыццаць першы звычайны тыдзень
Год І

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ

Рым 14, 7–12

Ці жывём, ці паміраем, мы належым Пану

Чытанне Паслання святога апостала Паўла да Рымлянаў.

Браты:

Ніхто з нас не жыве для сябе і ніхто не памірае для сябе; бо калі мы жывём, то жывём для Пана, калі ж паміраем — для Пана паміраем. Таму ці жывём, ці паміраем, мы належым Пану. Бо дзеля гэтага Хрыстус і памёр, і ажыў, каб панаваць і над мёртвымі, і над жывымі.

А ты чаму асуджаеш брата свайго? Або і ты чаго пагарджаеш братам сваім? Усе мы станем перад судовым пасадам Бога. Бо напісана: Паколькі Я жыву, — кажа Пан, — перада Мною схіліцца кожнае калена, і кожны язык будзе вызнаваць Бога.

Так кожны з нас адкажа за сябе перад Богам.

Гэта слова Божае.

аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ

Пс 27 (26), 1. 4. 13–14 (Р.: 13)

Рэфрэн: Убачу дабрыню Пана ў краіне жывых.

1. Пан — маё святло і маё збаўленне: *
каго ж мне баяцца?
Пан — ахова жыцця майго: *
каго ж мне палохацца?

Рэфрэн:

4. Аднаго я прашу ў Пана і толькі гэтага жадаю, *
каб жыць мне ў доме Пана ва ўсе дні жыцця майго.
Каб сузіраць хараство Пана *
і наведваць Яго святыню.

Рэфрэн:

13. Веру, што ўбачу дабрыню Пана *
ў краіне жывых.
14. Спадзявайся на Пана, будзь мужным, *
няхай умацуецца сэрца тваё, спадзявайся на Пана.

Рэфрэн:
а

Год ІІ

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ

Флп 3, 3–8а

Што было для мяне набыткам, тое дзеля Хрыста я палічыў стратай

Чытанне Паслання святога апостала Паўла да Філіпянаў.

Браты:

Мы прымаем абразанне, калі служым у Божым Духу і ганарымся ў Хрысце Езусе, а не спадзяёмся на цела, хоць я магу спадзявацца і на цела. Калі хто іншы спадзяецца на цела, то тым больш я, абрэзаны на восьмы дзень, з роду Ізраэля, з пакалення Бэньяміна, габрэй ад габрэяў, паводле Закону — фарысей, паводле руплівасці — ганіцель Касцёла, паводле справядлівасці Закону — беззаганны.

Але што было для мяне набыткам, тое дзеля Хрыста я палічыў стратай. Ды і ўсё лічу стратаю дзеля перавагі пазнання Хрыста Езуса, Пана майго.

Гэта слова Божае.

аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ

Пс 105 (104), 2–3. 4–5. 6–7  (Р.: 3b)

Рэфрэн: Няхай радуюцца тыя, хто шукае Пана.
Або: Аллелюя.

2. Спявайце і грайце Яму псальмы, *
распавядайце пра ўсе Ягоныя цуды.
3. Ганарыцеся імем Яго святым, *
няхай радуюцца сэрцы тых, хто шукае Пана.

Рэфрэн:

4. Шукайце Пана і Яго моцы, *
шукайце заўсёды Яго аблічча.
5. Памятайце пра цуды Ягоныя, якія ўчыніў, *
пра знакі Яго і суды вуснаў Ягоных.

Рэфрэн:

6. Вы, патомства Абрагама, Яго слугі, *
сыны Якуба, вы Яго выбраныя.
7. Ён Пан Бог наш, *
па ўсёй зямлі Яго правасуддзе.

Рэфрэн:

а

СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ

Мц 11, 28
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Прыйдзіце да Мяне, усе спрацаваныя і абцяжараныя,
і Я супакою вас, — кажа Пан.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
аЕВАНГЕЛЛЕ
Лк 15, 1–10

На нябёсах больш радасці будзе з аднаго грэшніка, які пакаяўся

+ Чытанне святога Евангелля паводле Лукі.

У той час:

Набліжаліся да Яго ўсе мытнікі і грэшнікі, каб паслухаць Яго. А фарысеі і кніжнікі наракалі, кажучы: Ён прымае грэшнікаў і есць з імі.

Але Езус расказаў фарысеям і кніжнікам наступную прыпавесць, кажучы: Хто з вас, маючы сто авечак і згубіўшы адну з іх, не пакіне дзевяноста дзевяці ў пустыні і не пойдзе па згубленую, пакуль не знойдзе яе? А знайшоўшы, возьме яе на плечы свае з радасцю і прыйдзе дадому, пакліча сяброў і суседзяў, кажучы ім: Радуйцеся са мною, бо я знайшоў маю згубленую авечку.

Кажу вам, што таксама на нябёсах больш радасці будзе з аднаго грэшніка, які пакаяўся, чым з дзевяноста дзевяці праведнікаў, якія не патрабуюць пакаяння.

Ці якая жанчына, маючы дзесяць драхмаў і згубіўшы адну драхму, не запаліць свечкі і не пачне вымятаць дом і пільна шукаць, пакуль не знойдзе? А знайшоўшы, пакліча сябровак і суседак ды скажа: цешцеся са мною, таму што я знайшла згубленую драхму.

Так, кажу вам, бывае радасць у анёлаў Божых і за аднаго грэшніка, які каецца.

Гэта слова Пана.


Пераклад здзейснены Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры ККББ

Адноўлена 19.10.2010 14:32
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.