Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Панядзелак — трыццаць першы звычайны тыдзень
Год І

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ

Рым 11, 29–36

Бог замкнуў ўсіх у непаслухмянасць, каб усіх памілаваць

Чытанне Паслання святога апостала Паўла да Рымлянаў.

Браты:

Дары і пакліканне Божае нязменныя. Як і вы некалі былі непаслухмяныя Богу, а цяпер памілаваны праз непаслухмянасць іхнюю, гэтак і яны цяпер непаслухмяныя, каб праз змілаванне над вамі і самі яны памілаваныя былі. Таму што Бог замкнуў ўсіх у непаслухмянасць, каб усіх памілаваць.

О, глыбіня багацця і мудрасці, і пазнання Бога! Якія неспасцігальныя прысуды Яго і нязведаныя шляхі Ягоныя! Бо хто спазнаў розум Пана? Або хто быў дарадцам Ягоным? Або хто даў Яму раней, каб атрымаць адплату? Бо з Яго і праз Яго, і для Яго ўсё. Яму хвала навекі. Амэн.

Гэта слова Божае.

аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ

Пс 69 (68), 30–31. 33–34. 36–37 (Р.: 14c)

Рэфрэн: Пачуй мяне, Пане, у сваёй міласэрнасці.

30. Я ж бедны і пакутую; *
дапамога Твая, Божа, няхай падтрымае мяне.
31. Я буду славіць імя Божае, *
удзячным спевам буду ўзвялічваць Яго.

Рэфрэн:

33. Убачаць убогія і ўсцешацца, *
і ажыве сэрца тых, хто шукае Бога.
34. Бо Пан слухае бедных *
і не пагарджае вязнямі сваімі.

Рэфрэн:

36. Паколькі Бог збавіць Сіён і адбудуе гарады Юды, *
і будуць жыць там, і атрымаюць у спадчыну яго.
37. Гэта будзе спадчынай патомства слуг Ягоных, *
і тыя, хто любіць імя Бога, паселяцца там.

Рэфрэн:
а

Год ІІ

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ

Флп 2, 1–4

Дапоўніце радасць маю, каб вы думалі тое самае

Чытанне Паслання святога апостала Паўла да Філіпянаў.

Браты:

Калі ёсць які заклік ў Хрысце, калі ёсць якое падбадзёрванне любові, калі ёсць якая лучнасць духа, калі ёсць якое сардэчнае спачуванне, то дапоўніце радасць маю, каб вы думалі тое самае, мелі тую самую любоў, былі аднадушнымі і аднадумцамі. Нічога не рабіце дзеля разладу ці дзеля пустой пахвальбы, але ў пакоры лічыце адзін аднаго вышэйшым за сябе. Не клапаціцеся кожны толькі пра сваё, але і пра іншых.

Гэта слова Божае.

аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ

Пс 131 (130), 1. 2. 3

Рэфрэн: Сцеражы душу маю ў Тваім спакоі, Пане.

1. Пане, маё сэрца не ганарыцца *
i не ўзнімаюцца мае вочы,
я не ганяўся за вялiкiм *
і тым, што недасяжна для мяне.

Рэфрэн:

2. Але суцяшаў і супакойваў маю душу; †
як немаўля, аднятае ад грудзей сваёй мацi,*
душа мая ўва мне, як аднятае немаўля.
3. Няхай Iзраэль спадзяецца на Пана *
адгэтуль i навекi.

Рэфрэн:

а

СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ

Ян 8, 31b–32
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Калі будзеце трываць у слове Маім, вы сапраўды вучні Мае,
і пазнаеце праўду, — кажа Пан.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
аЕВАНГЕЛЛЕ
Лк 14, 12–14

Не кліч сяброў тваіх, але кліч убогіх, калекаў

+ Чытанне святога Евангелля паводле Лукі.

У той час:

Езус сказаў кіраўніку фарысеяў, які запрасіў Яго: Калі наладжваеш абед ці вячэру, не кліч сяброў тваіх, ні братоў тваіх, ні родных тваіх, ні суседзяў багатых, каб і яны цябе ў адказ не паклікалі, і ты атрымаў бы адплату.

Але, калі наладжваеш гасціну, кліч убогіх, калекаў, кульгавых, невідушчых, і шчаслівы будзеш, што яны не маюць як адплаціць табе, бо адплаціцца табе ў дзень уваскрасення справядлівых.

Гэта слова Пана.


Пераклад здзейснены Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры ККББ

Адноўлена 19.10.2010 14:03
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.