Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Пятніца — трыццаць трэці звычайны тыдзень
Год І

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ

1 Мак 4, 36–37. 52–59

Адбылося пасвячэнне алтара і з радасцю прыносілі ўсеспаленні

Чытанне Першай кнігі Макабэяў.

У тыя дні:

Юда і ягоныя браты сказалі: Вось разбіты ворагі нашы, пойдзем ачысціць і пасвяціць святыню. І сабралася цэлае войска, і пайшлі на гару Сіён.

Усталі на самым світанні ў дваццаць пяты дзень дзевятага месяца, гэта значыць, месяца кіслеў, сто сорак восьмага года і прынеслі, паводле Закону, ахвяру на новым алтары ўсеспаленняў, які збудавалі. Пасвячэнне ж алтара пры спевах і гранні цытраў, арфаў і цымбалаў адбылося ў той самы дзень, калі язычнікі зняславілі яго.

Увесь народ упаў на твар і пакланіўся, благаслаўляючы да неба таго, хто паспрыяў ім. Восем дзён святкавалі пасвячэнне алтара і з радасцю прыносілі ўсеспаленні, ахвяры збаўлення і падзякі. Фасад святыні ўпрыгожылі залатымі вянкамі і малымі шчытамі, аднавілі брамы і пакоі для святароў, і паўстаўлялі ў іх дзверы. І сталася вельмі вялікая радасць у народзе, што прыбраная агіда язычнікаў. Тады Юда і браты ягоныя, і ўвесь сход Ізраэля пастанавілі, што дні пасвячэння алтара будуць з радасцю і весялосцю святкавацца ў гэты час штогод, на працягу васьмі дзён,  пачынаючы з дваццаць пятага дня месяца кіслеў.

Гэта слова Божае.

аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ

1 Кр 29, 10–11аbc. 11d–12а. 12bcd (Р.: пар. 13b)

Рэфрэн: Хвалім Пане, Тваё слаўнае Імя.

10. Будзь праслаўлены, Пане, †
Божа нашага айца, Ізраэля, *
на вякі вечныя.
11. Твая, Пане, узнёсласць і магутнасць, †
слава, прыгажосць і веліч, *
бо ўсё, што ў небе і на зямлі, Тваё.

Рэфрэн:

Тваё, Пане, валадарства, *
і Ты, як Галава, уздымаешся па-над усім.
12. Ад Цябе паходзяць *
багацце і слава.

Рэфрэн:

Ты над усім пануеш. *
У Тваёй руцэ і сіла, і моц.
Твая рука ўзвялічвае *
і ўсё ўмацоўвае.

Рэфрэн:
а

Год ІІ

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ

Ап 10, 8–11

Вазьмі і праглыні кнігу

Чытанне кнігі Апакаліпсіса святога апостала Яна.

Я, Ян, чуў голас з неба, які зноў гаварыў са мною і казаў: Ідзі, вазьмі разгорнутую кнігу з рукі Анёла, які стаіць на моры і на зямлі.

І я пайшоў да Анёла, і сказаў яму: Дай мне кніжку. Ён адказаў мне: Вазьмі і праглыні яе. Яна будзе горкая для жывата твайго, але ў вуснах тваіх будзе салодкая, як мёд. І ўзяў я кніжку з рукі Анёла, і праглынуў яе. У вуснах маіх яна была салодкая, як мёд. А калі з’еў яе, то горка зрабілася ў жываце маім.

І сказалі мне: Ты зноў павінен прарочыць пра плямёны, і народы, і мовы, і пра многіх каралёў.

Гэта слова Божае.

аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ

Пс 119 (118), 14 і 24. 72 і 103. 111 і 131 (Р.: 103а)

Рэфрэн: Якія салодкія словы Твае, Пане.

14. Шляху сведчанняў Тваіх я радуюся *
больш за ўсе багацці.
24. Тваё ж сведчанне — гэта маё суцяшэнне, *
парада для мяне.

Рэфрэн:

72. Закон вуснаў Тваіх для мяне лепшы, *
чым мноства золата і срэбра.
103. Якія салодкія словы Твае для майго паднябення, *
саладзейшыя за мёд для маіх вуснаў.

Рэфрэн:

111. Твае сведчанні — мая спадчына навекі, *
бо яны радасць майго сэрца.
131. Адкрываю вусны мае і ўздыхаю, *
бо прагну запаведзяў Тваіх.

Рэфрэн:

а

СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ

Ян 10, 27
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Авечкі Мае слухаюць голас Мой, — кажа Пан, —
і Я ведаю іх, і яны ідуць за Мною.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
аЕВАНГЕЛЛЕ
Лк 19, 45–48

Вы зрабілі з Божага дома логава злодзеяў

+ Чытанне святога Евангелля паводлеЛукі.

У той час:

Езус увайшоў у святыню і пачаў выганяць гандляроў, кажучы ім: Напісана: дом Мой ёсць домам малітвы, а вы зрабілі з яго логава злодзеяў.

І штодня вучыў у святыні. Але першасвятары, і кніжнікі і старэйшыя народу шукалі, як забіць Яго. І не знаходзілі, што ўчыніць Яму, бо ўвесь народ, затаіўшы дыханне, слухаў Яго.

Гэта слова Пана.


Пераклад здзейснены Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры ККББ

Адноўлена 04.11.2010 14:37
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.