1 чыт. Мдр 9, 13-18b; Пс 90 (89), 3-4. 5-6. 12-13. 14 і 17. 2 чыт. Флм 9b-10. 12-17. Ев. Лк 14, 25-33. Які выбар правільны?
Духоўнае перажыванне заўсёды нараджаецца з таго, што чалавек «выходзіць» з самога сябе і палюбіць Бога, якога разумее як вышэйшы, благаслаўляючы сэнс свайго быцця. Такое выйсце і любоў даюць чалавеку магчымасць дасягнуць аўтэнтычнасці, значыць рэалізаваць сябе як «эксцэнтрычную» істоту, створаную для таго, каб свой цэнтр перанесці ў Іншага. Высакароднасць чалавека ніколі не азначае таго, што ён чыста, спакойна і неабвержна валодае чымсьці, што ў яго ёсць. Ёй заўсёды штосьці пагражае і трэба яе непарыўна ствараць аднаўляемым выйсцем за праўдай і дабром, пастаянным працэсам аднаўлення любові да Бога і ўсяго, што з Ім звязана. Бог — гэта трансцэндэнтная звышнатуральная Таямніца, гэта не рэч, не істота з гэтага свету, Ён — Незнаёмы. Але Ён не зусім Незнаёмы, таму што чалавек усё-такі заўсёды зможа — хаця і са складанасцямі і напружаннем — расшыфраваць патрабаванні Абсалюту, даведацца пра Яго волю, якая павінна прывесці нас да аўтэнтычнасці, да таго, каб мы сталі сапраўднымі людзьмі. Шукаць Бога — гэта менавіта той шлях пастаяннага, усё больш глыбокага і яснага адкрыцця Бога і Яго волі і нашага намагання праводзіць яе ў нашым жыцці. Думкі Бога і Яго шляхі верагодна вельмі адрозніваюцца ад чалавечых думак і шляхоў. Працэс пошукаў у чалавека суправаджаюць многія пасткі, такія як лянота, стомленасць, рассеянасць, эгаізм, павярхоўнасць, грэх. У Езусе і праз Яго пасрэдніцтва мы бачым аблічча Бога чалавечым спосабам. Езус нам паказвае, якім чынам трэба выконваць Божую волю, як стаць сапраўднымі людзьмі. Бо Езус заўсёды прымаў правільныя рашэнні.
Чаго хоча Пан?
Біблейскі ўрывак з першага чытання — гэта ўрывак з цудоўнай малітвы Саламона. Гэта малітва, скіраваная на пытанні: Які чалавек можа пазнаць Божую волю? Хто можа зразумець, чаго хоча Пан? Хто можа даследаваць, што на нябёсах? Хто ведае Божыя намеры?
Гэта не рытарычныя пытанні, а выраз знуджанага і бяссоннага пошуку. Пазнаць Бога, Яго намеры, Яго жаданні і волю — гэта для чалавека штосьці, што выводзіць з цярпення і здаецца нам немагчымым. А ўсё ж такі ўдумлівы чалавек разумее, што ён не можа адмовіцца ад таямнічай часткі свайго быцця, не можа зрабіць з сябе абсалют, але і не памяншаць увесь рэальны свет.
Саламон разумее, што чалавек можа пазнаць Божую волю і ажыццяўляць яе толькі тады, калі Бог дасць яму мудрасць. Чалавек крохкі, і яго «тленнае цела» прыгнятае яго душу, абцяжарвае думку многімі клопатамі. Толькі Бог можа даць сваю мудрасць, якая цалкам раўнацэнная з Яго Святым Духам
Божая мудрасць або Святы Божы Дух з'яўляюцца тым, што мы называем Божай ласкай — унутраным прынцыпам, здольным аднавіць чалавека, адкрыць яго Богу, даць яму пазнаць і ажыццяўляць Божую волю. Мудрасць робіць магчымым пазнаць Бога пасродкам любові, значыць дорыць вышэйшае пазнанне Бога. Мудрасць, якую дае Бог, — гэта сапраўдная любоў, і праз яе мы бачым праўду. Мудрасць — гэта сіла, дзякуючы якой мы прымаем правільныя рашэнні; гэта энергія, якая дае магчымасць правільна сябе паводзіць. «І так выпрасталіся сцежкі зямных жыхароў і людзі навучыліся таму, што прыемна Табе». Мудрасць – гэта аснова чыстага маральнага дзеяння, яна з'яўляецца крыніцай сапраўднага пазнання Божай волі («людзі навучыліся таму, што прыемна Табе»), яна з'яўляецца прычынай збаўлення. Толькі праз пасрэдніцтва Божай мудрасці мы можам стаць сумленнымі, засвоіць сапраўднае пазнанне, прыняць збаўленне.
Рашыся стаць братам!
Выпадак, з якім нас знаёміць «запіска» апостала Паўла да Філімона, нам можа паслужыць канкрэтнай ілюстрацыяй таго, якім бывае выбар, якога жадае Пан. У Філімона быў слуга Анісім, які збег ад яго і знайшоў жыллё ў Паўла. Апостал пасылае яго назад да гаспадара з сакрэтным суправаджальным пасланнем, у якім заклікае Філімона больш не абыходзіцца з Анісімам як са слугой, а як з «братам ўмілаваным». Паколькі Філімон хрысціянін і Павел ахрысціў Анісіма, калі быў у турме («якога нарадзіў я ў кайданах», як кажа сам Апостал), іх думкі і дзеянні павінны быць вольнымі ад эгаістычнага крытэрыя інтарэсу, улады, панавання аднаго над іншым, бог эта не воля Бога. Бо Езус прыйшоў для таго, каб служыць і стаць нашым братам. Таму хрысціянін не можа рабіць інакш, чым рабіў Езус, гэта значыць што не можа эксплуатаваць іншых.
Павел падбадзёрвае Філімона, каб той лічыў Анісіма «сваім братам у Пану». Ён хоча гэтым сказаць, што вера ў Пана змяняе крытэрыі ацэнкі, садзейнічае павароту ў мысленні і паводзінах, дае магчымасць паступаць так, як паступаў Езус. Апостал не лічыць сябе пасрэднікам, таму што кажа пра Анісіма: ён — «маё сэрца», «мой сын».
Павел пабуджае Філімона, каб ён прыняў правільнае рашэнне не па прымусе, а добраахвотна, па ўнутраным перакананні і па добрай волі. Бо выбар ажыццяўляць Божую волю правільны і вядзе да аўтэнтычнасці, становіцца сапраўдным толькі тады, калі мы сыходзім з адноўленай душы.
Адвага абраць сябе
Словы Езуса ў Евангеллі паводле Лукі звяртаюцца да ўсіх хрысціян, якія прадстаўляюць «шмат людзей», што ішлі за Ім. Тыя, хто ішоў, былі ўжо вучнямі. Гаворка ідзе таму пра патрабаванні, якія былі выказаны ў адрас людзей, што ўжо былі хрысціянамі, а не ў адрас тых, якія маглі імі стаць.
У гэтым урыўку евангеліст Лука дае сваю характарыстыку, якую можна вызначыць як «хрысціянскі радыкалізм». Радыкалізм выцякае з параўнання з евангелістам Мацвеем (Мц 10, 37-38). Лука прымяняе слова «ненавідзець», якое датычыцца бацькі і маці, Мацвей замест гэтага кажа: «хто больш любіць…». Лука дадае да таго, каго трэба «ненавідзець», таксама «жонку» і нават «жыццё сваё». Такім чынам мы маглі б працягваць параўноўваць паміж Лукой і Мацвеем.
Гэтыя словы азначаюць: быць вучнем Езуса — значыць быць гатовым да мучаніцтва. «Несці свой крыж», «ісці за Езусам» і «стаць хрысціянінам» - гэтыя выразы азначаюць тое ж самае.
У далейшай частцы Евангелля ёсць дзве прыпавесці, якія заслугоўваюць нашай асаблівай увагі. Калі іх аднесці да самога сябе, а таксама калі яны ўзяты разам, то з'яўляюцца заклікам, каб мы добра падумалі, перш чым распачнем якую-небудзь справу. Хто загадзя не абдумае справу, загадзя не зробіць разліку, не праверыць, ці здолее ён прывесці справу да паспяховага канца, той падвяргае сябе здзеку іншых або ідзе абавязкова насустрач няўдачы. Абедзве прыпавесці падкрэсліваюць, каб мы загадзя старанна абдумалі нашы намеры. Яны з'яўляюцца хутчэй перасцярогай перад неабдуманасцю, чым заклікам быць велікадушнымі.
Выраз «гэтак» у чытанні паказвае заключэнне, якое евангеліст Лука выводзіць у нашым кантэксце. Праз прыпавесці ён хоча растлумачыць паводзіны, якія трэба ажыццяўляць не да пачатку будаўніцтва дома або да пачатку змагання ў вайне, а пасля таго, як мы ўжо пачалі дзейнічаць. У прыпавесці падаецца прыклад думкі або справы, якія, калі мы ўжо пачалі іх здзяйсняць, было б горш не скончыць, чым зусім не пачынаць іх рабіць. Будаўнік вежы і кароль з прыпавесцяў павінны старанна абмеркаваць свае справы.
Лука звяртаецца да хрысціянаў, якія ўжо прынялі на сябе абавязкі. Ён заклікае іх не да таго, каб яны загадзя абдумалі свае справы, а хоча іх падбадзёрыць, каб яны не адступалі ні перад якой ахвярай і добра скончылі справу, якую ўжо пачалі. Усё гэта трэба зрабіць загадзя, каб мы не апынуліся ў стане чалавека, які не здолеў пабудаваць вежу, або караля, якога вораг перамог хутчэй, чым ён уступіў у барацьбу. Чаго б гэта ні каштавала, справу трэба прывесці да канца. Гаворка ідзе пра ўстойлівасць у ажыццяўленні Божай волі.
Давайце прачытаем зараз словы, якія з'яўляюцца ключом да ўсяго: «Гэтак ніхто з вас, калі не пакіне ўсяго, што мае, не можа быць Маім вучнем». Як мы ўжо сказалі, папярэджанне датычыцца тых, хто ўжо хрысціяне. Гэта не значыць, што для таго, каб мы сталі хрысціянамі, мы павінны адмовіцца ад усяго, чым валодаем, а хутчэй тое, што мы павінны чыніць так, каб застацца вернымі таму, што ўжо вырашылі зрабіць або ўжо прадпрынялі.
ANTONIO BONORA, Seguire Gesù, Meditazioni sui testi biblici del lezionario festivo (anno C), Elle Di Ci 1988.
|