1 чыт. Зых 32, 7-11. 13-14; Пс 51 (50), 3-4. 12-13. 17 і 19. 2 чыт. 1 Цім 1, 12-17. Ев. Лк 15, 1-32 альбо (карац.) Лк 15, 1-10. Бог – добры Айцец
Усе рэлігіі прыпісваюць Богу моц, уладу, а таксама ўсемагутнасць. Але не ўсе яны ведаюць, што Божая моц або ўсемагутнасць – гэта любоў. Напрыклад, грэкі не лічылі добрым, калі бог быў не здольны перамагчы іх ворагаў або выгнаць іх. У адпаведнасці з іх меркаваннем, бог паказвае сваю моц тым, што знішчае тых, хто аказвае яму супраціўленне. Але Бог Бібліі праяўляе сваю моц у міласэрнасці і прабачэнні грахоў. Пан — гэта любячая міласэрная ўсемагутнасць, або — іншымі словамі — Ён усемагутная Любоў і Міласэрнасць. Такі сапраўдны твар Бога! Бог хоча не знішчаць, а прабачаць, Ён не хоча перамагаць тым, што будзе выганяць ворагаў, а тым, што пакіне іх жыць — бо Божая моц не служыць сваёй выгадзе ці эгаістычным мэтам. Божая моц адрозніваецца ад таго, чым мы можам валодаць і што можам рабіць. Яна нават прымае меры для прабачэння, для самай пяшчотнай і самай спачувальнай міласэрнасці, для пошуку таго чалавека, які абразіў Бога.
Бог не раззлуецца
Урывак з кнігі Зыходу, які сёння чытаем, вельмі цікавы. Ізраэльскі народ сапсаваўся, з металу зрабіў сабе цяльца і казаў: «Вось бог твой, Ізраэль». Потым Бог сказаў Майсею: «Цяпер пакінь Мяне, каб запалаў гнеў Мой на іх». Гэтае жаданне Бога, каб Майсей пакінуў Яго ў адзіноце (у Яго болю?), каб Ён падумаў пра пакаранне, вельмі дзіўнае. Яно азначае, што ў Богу ёсць нейкая нерашучасць, ваганне, ці павінен Ён караць. Божы гнеў абумоўлены тым, што Майсей не перашкаджае Яму свабодна дзейнічаць. Але Майсей не прымае гэтага патрабавання Бога, моліць Яго і пералічвае прычыны, з-за якіх Бог павінен адступіць ад свайго гневу. Нарэшце яму ўдаецца Яго пераканаць, каб Ён адышоў ад свайго намеру пашкодзіць свайму народу. Бог прыняў тры прычыны, пра якія казаў Майсей: па-першае тое, што народ быў вызвалены толькі нядаўна, і які сэнс мела б цяпер змяняць сваё рашэнне і пакінуць яго загінуць? Па-другое, тое, што скажуць егіпцяне пра такога Бога, які вызваліў свой народ і цяпер яго карае? Па-трэцяе, няхай Бог памятае свае абяцанні, якія даў прабацькам.
Цікава, што Бог усур’ёз думае пра аргументы Майсея і дазваляе чалавеку пераканаць Яго. Біблейскі тэкст прадстаўляе нам уразлівага Бога, які адступае перад чалавекам. Гэта, напэўна, чалавечы спосаб аповеду пра Бога і чалавечыя ўяўленні пра Яго, але гэта эфектыўна і дапамагае нам лепш зразумець, што Бог не істота, якую немагчыма зварухнуць, як, напрыклад, скалу, праз якую нельга пераступіць. Ён – жывы, міласэрны, спачуваючы, Ён гатовы прабачаць. Бог хоча размаўляць з чалавекам, Ён дапускае, каб Яго пераканаў чалавек, у якога Ён сам усяляе правільныя парады і прапановы. Бог хоча дзейнічаць разам з чалавекам, а не без яго.
Ад пераследніка да апостала
У другім чытанні мы зноў разважаем пра «навяртанне» Паўла: «Ён палічыў мяне вартым даверу, паставіўшы на службу, хоць я раней быў блюзнерцам, пераследнікам і крыўдзіцелем. Але я быў памілаваны, таму што рабіў гэта ў няведанні і бязвер’і»; «ласка нашага Пана шчодра перапоўніла мяне... Езус Хрыстус прыйшоў у свет, каб збавіць грэшнікаў, сярод якіх я першы».
Гэты ўрывак лічыць жыццё Паўла жывым сведчаннем збаўчай міласэрнасці Бога, які зрабіў з апостала сваю «прыладу», каб аб’явіцца перад усімі. Той, хто стане абвяшчаць бескарысную Божую ласку, праз пасрэдніцтва якой Бог прыносіць нам збаўленне, перажыў першым у сваім жыцці пераўтвараючую моц Божага прабачэння. Божая міласэрнасць шукала не кагосьці, хто быў ужо «святым» - яна хацела праявіцца на чалавеку, які зневажаў Бога, пераследаваў і быў насільнікам, першым з грэшнікаў.
«Але я памілаваны для таго, каб ува мне першым Езус Хрыстус паказаў усю велікадушнасць як прыклад тым, хто будзе верыць ў Яго дзеля жыцця вечнага». Божая міласэрнасць засяроджваецца і ажжыццяўляецца ў доўгацярплівасці Езуса Хрыста, які з’яўляецца жывым увасабленнем Божага прабачэння і Яго пераўтвараючай моцы. Да таго часу, пакуль мы будзем жыць, мы ніколі не зможам сказаць: «Нам няма чаго больш зрабіць». У гэтым жыцці ў нас заўсёды адчынены дзверы, існуе магчымасць новай будучыні, надзея на аднаўленне, бо невычэрпная Божая міласэрнасць, якая аб’явілася ў Езусе, увесь час прапануецца нам як магчымасць новага жыцця. Напэўна, Бог – гэта наша будучыня.
Прыпавесці Езуса
Езус расказваў тры прыпавесці (пра заблукаўшую авечку, пра згубленую драхму і пра добрага бацьку і марнатраўнага сына) тым слухачам, якія Яго папракалі, што Ён прымае грэшнікаў і есць з імі за адным сталом. Ён хоча прывесці сваіх слухачоў да таго, каб яны зразумелі і адобрылі паводзіны пастуха, жанчыны і бацькі, значыць каб яны зразумелі спосаб міласэрных паводзінаў Бога ў адносінах да людзей. Ён хоча іх таксама прывесці да таго, каб яны разумелі Яго паводзіны, чаму Ён шукае грэшнікаў і прабачае іх. Гэтымі прыпавесцямі Езус хоча сказаць, што па сутнасці Ён робіць тое, што і Яго нябесны Айцец, які радуецца навяртанню грэшнікаў. Учынкі Езуса таму атаясамліваюцца з пачуццямі Бога Айца. Ва ўчынках і служэнні Езуса праяўляецца сам Бог, які спрабуе апошнюю карту, каб прывесці да сябе загубленых і заблукаўшых.
Прыпавесці таму з’яўляюцца сродкам, з дапамогай якога Езус імкнецца ўступіць у дыялог са сваімі слухачамі, каб яны зразумелі і прынялі Яго пункт гледжання. Езус не ўказвае на іх памылку, але замест гэтага распавядае пра выпадак, на якім яны могуць дамовіцца пра ўзаемную павагу меркаванняў і прыйсці да разумення. Евангеліст потым «прыстасаваў» прыпавесць так, каб прымяніць яе таксама на свой час. Але зараз давайце спынімся і зноў падумаем пра яе.
У прыпавесці выступаюць тры асобы: бацька і двое яго сыноў. Увесь аповед развіваецца такк, што ў цэнтры ўвагі стаіць бацька. Гаворка ідзе пра адносіны паміж малодшым сынам і бацькам, бацькам і старэйшым сынам. Таксама дыялогі ўвесь час накіраваны на асобу бацькі, і ўчынкі сыноў абмяркоўваюцца ў адносінах да бацькі. Двое сыноў утвараюць пару, якую можна было б назваць «антаганістычнымі блізнятамі». Яны стаяць адзін супраць аднаго з-за рознага падыходу ў адносінах да бацькі.
Усе паводзіны бацькі, апісаныя ў прыпавесці, надзвычайныя, яны разыходзяцца з нармальнымі, звычайнымі схемамі паводзін бацькаў. Ён нічога не пярэчыць супраць жадання малодшага сына і, не мігнуўшы вокам, падзяляе маёмасць паміж двума братамі. Калі сын змарнуе ўсю сваю маёмасць і вяртаецца, бацька яго ні пра што не пытае, але зараз жа загадвае наладзіць гасціну. Ён перапоўнены радасцю. Здаецца, бацьку не цікавяць паводзіны сына, для яго важна толькі тое, што ён вярнуўся. Мінулае для яго не настолькі важнае. Бацька не скажа заблукаўшаму сыну ні слова, а бяжыць яму насустрач, абдымае і цалуе яго.
Першароднаму сыну бацька адказвае поўным любові голасам. Папрокі старэйшага сына не раняць сэрца бацькі, ён ставіцца да яго вельмі пяшчотна і з любоўю. Са звычайнай практыкі мы не ведаем прыкладаў такіх добрых бацькаў, напоўненых глыбокім разуменнем у дачыненні да заблукаўшых, няўдзячных або бунтарскіх сыноў. Бацька з прыпавесці на самой справе выключны, ён па-за звычайнымі рамкамі. Але Езус мае свой вопыт айцоўскай дабрыні Бога і таму можа адстойваць апісанне такога вось бацькі. Гэта значыць, што ў бацьку з прыпавесці мы павінны бачыць вобраз Бога Айца. Айцоўства Бога на самой справе выключнае, яно адрозніваецца ад звычайнага айцоўства ў чалавечым вопыце. Паводзіны Бога Айца ў адносінах да людзей, як гэта паказаў нам Езус, могуць нават здавацца нядобрымі і несправядлівымі. Езус хоча нас навучыць, што паводзіны нябеснага Айца кіруюцца не выключна крытэрыем «справядлівасці», але выцякаюць з неагляднай бездані міласэрнай любові. Таксама паводзіны Езуса паказваюць гэтую цудоўную і выключную міласэрную любоў Бога Айца.
Пачуўшы гукі музыкі і святкавання, старэйшы сын звяртаецца не да бацькі, а да слугі. Калі ён даведаўся прычыну святкавання ў доме, яго раззлавала дабрыня бацькі ў дачыненні да брата. Ён ні з кім не гаворыць і нават не павітаўся са сваім малодшым братам. Ён папракае бацьку ў несправядлівасці, таму што той ніколі не зрабіў гасціны для яго, хоць старэйшы сын заўсёды яго слухаўся. Ён разважае згодна з наступнай логікай: хто робіць памылкі, той павінен расплаціцца. Ён не разумее логікі любові, якая прабачае, не разуме, што сэрца бацькі пяшчотна адкрыта для прыняцця сына, які пасля блукання вяртаецца дадому. Першародны сын думае, што ён, дзякуючы таму, што заўсёды слухаўся загадаў свайго бацькі, ужо атрымаў права ў адносінах да яго. Такі спосаб мыслення дакладна паказвае, якое ў яго ўяўленне пра бацьку. Для яго бацька – хтосьці падобны да бухгалтара, які на аснове добрых або дрэнных паводзінаў сыноў разлічвае згодна з прынцыпам «даў» — «павінен даць». Бацька – рахункавод ў дачыненні да сваіх сыноў: бясспрэчна, што Бог не можа быць такім!
За асобай першароднага чына хаваюцца тыя, хто думае як фарысеі, якія клапоцяцца, каб выканаць усе загады, але не разумеюць ні міласэрнай Божай любові, ні братоў-грэшнікаў. Яны думаюць вось якім чынам: калі Бог добры да кожнага, якая потым карысць ад таго, калі чалавек будзе справядлівым? Яны пачынаюць злавацца і абураюцца Божай справядлівасцю. Таму яны абураюцца паводзінамі Езуса, які прымае грэшнікаў і есць з імі. Сваім служэннем нам Езус паказвае надзвычай міласэрнага Айца, які гатовы заўсёды прыняць грэшніка з адкрытымі абдымкамі.
Гэтай прыпавесцю Езус адкрывае сэрца нябеснага Айца і паказвае глыбокі сэнс Яго паводзінаў. Першародны сын па сутнасці не думае ні як сын, ні як брат. Бо ён не скажа пра малодшага брата «мой брат», нават да бацькі не звяртаецца словамі «мой бацька». Але гэтыя два падыходы ўзаемазвязаны. Толькі з правільнага стаўлення да бацькі выцякае правільнае стаўленне да братоў і наадварот.
Бацька прымае малодшага сына з такой радасцю не таму, што ён шчыра пашкадаваў, але прымае яго моцай сваёй бацькоўскай любові. Бацьку кранула не «навяртанне» сына, да яго прыняцця яго прывяла велізарная пяшчота сэрца. Малодшы сын на самой справе не праявіў шчырага раскаяння, яго вяртанне дадому карыслівае, бо да вяртання яго прывёў страшны голад. Намерам прыпавесці не было паказаць навяртанне сына, але хутчэй любоў Айца, які прымае заблукаўшага сына.
ANTONIO BONORA, Seguire Gesù, Meditazioni sui testi biblici del lezionario festivo (anno C), Elle Di Ci 1988.
|