Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Нядзельнае казанне: 20 кастрычніка — ХXІХ Звычайная нядзеля, Год С
Нядзельнае казанне
16.10.2013 13:32

1 чыт. Зых 17, 8-13; Пс 121 (120), 1-2. 3-4. 5-6. 7-8.
2 чыт. 2 Цім 3, 14 – 4, 2.
Ев. Лк 18, 1-8.

Неабходнасць малітвы

Сёння малітва становіцца праблемай не толькі па прычынах, якія прыносіць з сабой кожная эра, але і па прычынах, што выцякаюць з нашай сучаснай культуры. Дзве з’явы пагражаюць сэнсу малітвы і яе ажыццяўленню: секулярызм і псіхааналіз. Секулярызм, які разумеецца як выключэнне святасці і веры, бачным чынам адмаўляе малітву. Секулярызм, які разумеецца як пераацэнка правільнасці аўтаноміі свету і чалавека, таксама крытыкуе малітву як магчымасць сыходу са свету, як праяву вызвалення ад адказнасці за тое, што адбываецца ў свеце, і адмаўлення выконваць свой абавязак у гісторыі. З іншага боку, з пункту гледжання псіхааналізу малітва з’яўляецца канкрэтызаваннем нашых уласных патрабаванняў і жаданняў у Богу.

У сучаснасці мы не можам абысці ні пратэсты супраць малітвы з боку пэўнага хрысціянскага актывізму, які імкнецца вырашаць праблему малітвы актыўнасцю, здзяйсненнем добрых учынкаў. Таму мы павінны зноў і зноў звяртацца з просьбай да нашага Пана: «Пане, навучы нас маліцца!»

Малітва Майсея

Першае чытанне — гэта аповед пра вайну. Амалек ваюе супраць Ізраэля. Паміж Ізраэлем і амалекіцянамі заўсёды былі варожыя адносіны; выпадак, які мы чытаем, — гэта адзін з эпізодаў у доўгай гісторыі ўзаемаадносінаў. У гэты выпадак уключана тэалагічнае разважанне аўтара. Не апісваецца бой, не цікава ні колькасць салдат, ні стратэгія, ні зброя, бо ў канцы ўрыўку гаворыцца пра барацьбу Пана супраць Амалека. Гэта значыць, што ў думцы апавядальніка воіны Амалека сталі сімвалам агрэсіўнага і знішчаючага насілля, якое накіравана супраць Божага народу, якому дапамагае Пан. Амалекіцяне ўвасабляюць усе гвалтоўныя і несправядлівыя сістэмы сацыяльнага і палітычнага прыгнёту. Гэта значыць таксама, што вайна не вырашае ніякай праблемы: толькі Пан, у канцы, ажыццявіць «вайну», але зусім іншага характару, каб устанавіць справядлівасць і мір.

Майсей не моліцца, ён трымае ў руцэ Божае жазло або ў яго ўзняты рукі. Жэст Майсея часта тлумачыўся ў хрысціянскай традыцыі як жэст малітвы.

Мы бачым толькі, што Майсея падтрымлівае актыўная салідарнасць прадстаўнікоў ізраэльскай супольнасці — Аарона і Хура. Такая салідарнасць дае Ізраэлю магчымасць перамагчы. Бо гэтай салідарнасцю пацвердзілася, што рукі Майсея засталіся моцнымі, яны не абяссілелі і былі «паднятыя аж да захаду сонца». Аарон і Хур дапамагаюць Майсею рабіць жэст даверу, моцнай і адданай веры: яны дапамагаюць правадыру народа не стаць слабым, каб ён пастаянна давяраў Богу. Душой малітвы Божага народа з'яўляецца пастаянны і моцны давер Богу, у якім усе ўзаемна падтрымліваюць адзін аднаго.

Божае слова


Урывак з Другога паслання святога апостала Паўла да Цімафея мы можам чытаць у кантэксце малітвы. Святое Пісанне вучыць нас аб збаўленні, якое мы атрымліваем праз пасрэдніцтва веры ў Езуса Хрыста. Бо Божым словам фарміруецца хрысціянін, Божы чалавек, і ён гатовы да любога добрага ўчынку, таму што вера нараджаецца з унутранага і асабістага слухання Божага слова, пра якое дае сведчанне Святое Пісанне праз пасрэдніцтва Божага натхнення.

Божае слова натхнёнае Богам, а менавіта таму яно максімальна дзейнічае: паляпшае, выхоўвае да справядлівасці, навучае, аздараўляе, умацоўвае. Праз пасрэдніцтва Святога Пісання гаворыць ласкава сам Бог са сваімі сынамі і ўсталёўвае з імі дыялог.

Малітва — гэта істотны элемент жыцця Божага чалавека, якога фарміруе і сілкуе Божае слова. Малітва — гэта значыць найперш прыслухоўвацца да голасу Бога: калі я малюся, я не стараюся казаць перш за ўсё пра сябе, але стараюся слухаць Бога. Малітва — гэта ўвага, якая ўдзяляецца таму, што Бог хоча сказаць і што для мяне робіць. Бог праз пасрэдніцтва свайго слова прысутнічае для мяне, і малітва азначае прабываць у Божай прысутнасці.

Маліцца — значыць глядзець на свет Божымі вачыма і асвойваць Божыя жаданні. Слуханне Божага слова сапраўды ўводзіць нас у Божыя думкі, фарміруе ў нас Божы спосаб мыслення і адчування. Калі мы молімся, карыстаючыся Святым Пісаннем, мы не думаем пра нашы жаданні і мары перад Богам, мы становімся «рэалістамі», бачым рэчы так, якія яны ёсць у сапраўднасці і як іх бачыць Пан.

Прыпавесць пра настойлівасць

Прыпавесць у Евангеллі паводле Лукі пра несправядлівага суддзю і безабаронную ўдаву дапамагае нам працягваць разважанні пра малітву. Бедная ўдава, якая хоча дамагчыся справядлівасці, настойліва просіць няверуючага суддзю; ён нарэшце выслухае яе толькі таму, што яна настойліва патрабуе гэтага ад яго. Сам Езус тлумачыць сэнс прыпавесці: «Дык ці ж Бог не абароніць выбраных сваіх, якія просяць Яго дзень і ноч, хоць і марудзіць абараніць іх? Кажу вам, што неўзабаве абароніць іх».

Прыпавесць прызначана для грамадства, якое прыгнятаюць і пераследуюць і ў якога адзіны сродак — малітва, якая дапамагае дамагчыся справядлівасці. Ніхто ў ім не можа ўстанавіць справядлівасці, толькі яго Пан. Калі ж прыйдзе дзень і Бог пакажа, што права за Яго супольнасцю, і калі ўсталюе ў ёй справядлівасць? Прыпавесць хоча паказаць вернікам, што Бог не дасць іх малітве ўпасці ў бездань. Але ў іх павінна быць адвага веры. Калі той несумленны чалавек пачуў удаву, тым больш Бог пачуе тых, хто Яго просіць. Але калі прыйдзе Бог — у час ці позна? Адказ: Ён прыйдзе хутка. Бог не вагаецца, не спазняецца, але кіруецца іншым календаром, чым мы.

Затым гаворыцца: «Аднак Сын Чалавечы, прыйшоўшы, ці знойдзе веру на зямлі?»  Праблема не ў тым, пачуе Бог нашы малітвы ў час ці позна, а ў тым, ці падрыхтаваны мы да Яго прыйсця. У гэтым сэнсе прыпавесць становіцца перасцярогай і заклікам да пільнасці: малітва — гэта акт чування, падрыхтоўкі да прыйсця Езуса, барацьба са стомленасцю і непастаяннасцю.

Удава сімвалізуе чалавечае бяссілле, бескарыснасць імкнення чалавека паступаць справядліва. Тут ідзе гаворка пра веруючую ўдаву: яна адважна спадзяецца на тое, што малітва будзе пачута. Настойлівасць з'яўляецца знакам адносінаў удавы да Бога, а гэта і характарыстыка сапраўднай малітвы. Бо мы не павінны маліцца з неразважлівасцю і нецярплівасцю таго, хто хоча хутка ўбачыць вынік сваёй малітвы, а з настойлівасцю і цярплівасцю таго, хто давярае, спадзяецца і ўмее чакаць. Толькі цярплівая і настойлівая малітва з'яўляецца знакам і выразам даверу і адданасці Богу. Такая малітва — гэта сапраўды барацьба супраць ілюзій, фальшывых мараў, пераблытаных жаданняў нашага нецярплівага сэрца і прывядзенне нашага сэрца ў адпаведнасць з жаданнямі і думкамі Божага сэрца.

ANTONIO BONORA, Seguire Gesù, Meditazioni sui testi biblici del lezionario festivo (anno C), Elle Di Ci 1988.


Адноўлена 24.10.2013 12:22
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.