Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія на V Нядзелю Вялікага посту, Год А (2 красавіка)
Нядзельнае казанне
30.03.2017 15:25

Чытанні>>>

«І даведаецеся, што Я — Пан ваш, калі адкрыю магілы вашыя і выведу вас, народзе Мой, з магілаў вашых. І ўдыхну ў вас дух Мой, і ўчыню, што будзеце жыць».

Дарагія браты і сёстры!

Як жа часта ў нашым штодзённым жыцці мы імкнёмся да таго, каб нешта мець. Можа, таму нашае шчасце часта прапарцыянальнае нашаму набытку. Чым больш дабротаў мы маем, тым у большай ступені мы становімся шчаслівымі. Гэта датычыць не толькі матэрыяльных дабротаў. Нашае жаданне мець ахоплівае значна большую сферу дабротаў: мець добрых бацькоў, сяброў, настаўнікаў, добрую жонку, мужа, паслухмяных дзяцей…

Аднак свет, які для нас адкрывае Езус, мае крыху іншыя прынцыпы. Я жыву, каб не толькі, набываючы, мець шчасце для сябе, але жыву яшчэ і для таго, каб іншых рабіць шчаслівымі. Я існую для кагосьці. І зрабіць кагосьці шчаслівым я магу па меры свайго сэрца. Чым больш любові ў маім сэрцы, тым больш я магу жыць для іншых. Вось гэтаму прынцыпу нас вучыць Езус.

Мае дарагія, жыццё сапраўднага хрысціяніна грунтуецца на тым, каб сваечасова пераключыцца ад уласнага імкнення «набываць і мець» на імкненне «любіць і быць» для іншых. А гэты жыццёвы прынцып вельмі цесна звязаны з цярпеннем і ахвярнасцю. Быць для кагосьці азначае заўсёды ахвяраваць свой час.

Перажываючы страту бацькі, маё сэрца крывавіць, калі памірае маё дзіця, я страшна пакутую, бо з ім памірае частка мяне. Страта таго, што ёсць маім, заўсёды нясе з сабою цярпенне і пакуты, а чым большая вартасць гэтай страты, тым больш пакутуе маё сэрца.

У найбольш балючых падзеях нашага жыцця мы асабліва адчуваем страту, якая моцна нас кранае. Часта сэрца бунтуецца, становіцца бяссільным, здаецца, што цяжкія падзеі выбіваюць з-пад ног зямлю, жыццё ўжо не мае былой вартасці. І тады мы адчуваем, што шчасце нас пакінула. Здараецца так, што падобную страту мы ўспрымаем як пакаранне Бога. Толькі гэта не зусім так. Калі мы здолеем паглядзець на боль і цярпенні вачыма веры, то ў самым драматычным моманце нашага жыцця мы заўважым не столькі страту, колькі перамяненне.

І менавіта пра такое перамяненне распавядае сённяшняе Евангелле. Сёстры памерлага Лазара адчуваюць вялікі боль. Марта, выйшаўшы насустрач Езусу, з горыччу звяртаецца да Яго: «Пане, калі б Ты быў тут, не памёр бы брат мой». Чуем вельмі эмацыйныя словы, але яны не выражаюць роспачы ці безнадзейнасці. Наадварот, Марта верыць, што Езус здольны перамяніць іх жыццёвую сітуацыю. Можа, не ведае яшчэ, як Ён гэта зробіць, але верыць, што Езус з’яўляецца тым, хто не толькі жадае дабра, але таксама тым, хто можа даць гэтае дабро: «Ведаю, — кажа Марта, — што аб чым бы Ты ні папрасіў Бога, Бог дасць Табе». А каб развеяць усялякі сумніў, які перашкаджае сапраўднай надзеі, Езус кажа: «Я — уваскрасенне і жыццё. Хто верыць у Мяне, калі нават і памрэ, будзе жыць». І гэтыя словы Езуса ўсяляюць у збалелыя сэрцы сясцёр надзею і ўмацоўваюць іх веру.

Такім чынам цуд уваскрашэння Лазара становіцца знакам асаблівай Божай прысутнасці і дзейнасці Бога, дзеля таго, каб людзі паверылі ў Езуса, якога паслаў Айцец: «Ойча, дзякую Табе, што Ты пачуў Мяне. Я ведаў, што Ты заўсёды чуеш Мяне. Але сказаў дзеля натоўпу, які стаіць вакол, каб паверылі, што Ты паслаў Мяне».

Дарагія браты і сёстры! Набліжаючыся да таямніцы Хрыстовага Крыжа, асабліва ў перыяд Вялікага посту, варта адкрыць наймудрэйшы спосаб перамены зямнога жыцця ў вечнае. Сутнасць гэтай перамены ў тым, каб мы змаглі ўбачыць, што ў нашым жыцці насамрэч істотнае, а што не. Калі мы выразна пабудуем для сябе іерархію каштоўнасцяў, то запаведзь любові Бога і бліжняга будзе для нас не толькі тэорыяй, а практыкай усяго нашага жыцця.

Бо і ў нашым жыцці настане гадзіна ахвяры, цярпення ці хваробы нашага блізкага чалавека, а можа, нават нас саміх, калі мы зведаем сваё ўласнае цярпенне. Настане такая гадзіна, калі нашае шчасце і радасць пачнуць нас пакідаць. Варта тады прыгадаць словы Езуса, які заахвочвае да веры. Веры, якая дае магчымасць убачыць хвалу Божую, нават перад абліччам цярпенняў і выпрабаванняў.

Умілаваныя! Вялікі пост — гэта час, калі мы асаблівым чынам можам задумацца над таямніцай цярпення і смерці. Езус не раскрывае нам да канца гэтую таямніцу, але, увайшоўшы у яе сам, запэўнівае нас, што цярпенні — і нават смерць! — маюць свой сэнс. Таму кожнае нашае цярпенне, злучанае ў веры з цярпеннем Божага Сына, заўсёды прыносіць плён.

Калі Богачалавек цярпеў і памёр, то Ён не рабіў гэта бессэнсоўна. Тыя шматлікія пакуты і крыж, які Ён вырашыў узяць за нас, не былі дарэмнымі. Пасля крыжовай смерці Езус заззяў хвалою Уваскрослага. А зараз заахвочвае кожнага, з адвагаю перамагаючы боязь, у пакоры сэрца прымаць увесь цяжар клопатаў і жыццёвага досведу.

Калі ж такая гадзіна ў нашым жыцці яшчэ не надышла, то будзем адважнымі, каб стаць побач з тым, хто сёння перажывае балючую гадзіну ў сваім жыцці. У такія хвіліны менавіта наша прысутнасць прыносіць палёгку чалавеку, які пакутуе, і перамяняе не толькі яго сэрца, але і нашае. Пры гэтым нашыя зямныя памкненні змяняюцца на вечныя і непрамінальныя.

На заканчэнне сённяшняй гаміліі хачу паўтарыць думку святога Айца Францішка: «Калі мы навучымся бачыць усё ў святле Духа Святога, то зразумеем, што ўсё з’яўляецца ласкай». Амэн.

А. Андрэй Авен OCD

Адноўлена 30.03.2017 19:22
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.