Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Рыма-каталіцкі Касцёл у Беларусі
Душпастырскі цэнтр пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі

Дырэктар: кс. Раман Факсінскі

Адрас:

вул. Кальцова, 153- а/с 508
220131 г. Мінск

Тэл.:

  • +375 17 266-40-76
  • +375(29) 651-85-12
  • +375(29) 786-05-40
Email: Гэты e-mail адрас абаронены ад спаму-ботаў, для яго прагляду ў Вас павінен быць уключаны Javascript

 

 
Біскуп Казiмiр Велікаселец

Дапаможны бiскуп Пінскай дыяцэзіі

Біскуп Казімір Велікаселец нарадзіўся 5 мая 1945 г. у в. Стараволя Пружанскага раёна. Бліжэйшы касцёл, які дзейнічаў, быў у Кобрыне. І, напэўна, яшчэ тады, калі бацька вазіў яго на ровары за дзесяткі кіламетраў у гэты касцёл, нарадзілася яго глыбокая вера.

Нягледзячы на атэістычнае процістаянне, гэтая вера развівалася, дапамагала выстаяць падчас службы ў войску, дапамагла і падчас цяжкай працы на будоўлі ў Вільні. У Вільні ён і пазнаёміўся з айцамі-дамініканамі, з якімі пазней звязаў свой святарскі лёс.

Але, відаць, аднаго паклікання было недастаткова. Бог выпрабоўваў яго намер яшчэ некалькі гадоў. Тры гады ўлады не давалі дазволу на паступленне ў Рыжскую семінарыю, але будучы біскуп не марнаваў часу: разам з цяперашнім біскупам Антоніем Дзям'янкам нелегальна вучыўся ў доктара тэалогіі ксяндза В. Пянткоўскага (парафія Мядзведзічы).

У 1981 г. Казімір Велікаселец быў прыняты ў Рыжскую семінарыю. Падчас вучобы ў семінарыі  склаў першыя законныя шлюбы ў манаскі ордэн айцоў-дамініканаў. Пасля заканчэння Рыжскай семінарыі (1984 г.) ва ўрачыстасць Святой Тройцы атрымаў сакрамэнт святарства з рук кардынала Ю. Вайвадса і прызначэнне ў сваю першую парафію Святой Тройцы ў Ішкалдзі. Пад духоўнай апекай а. Казіміра былі таксама Юшкавічы, Гарадзішча, Сталавічы, Паланечка, Новы Свержань, Гарадзея, Карэлічы, Мір, Ганцавічы, бо ў той час святароў катастрафічна не хапала і кожны з іх абслугоўваў многія адлеглыя парафіі. Акрамя душпастырскага служэння а. Казімір займаўся адбудоваю і рамонтам святыняў.

У 1992 г. ён быў прызначаны Генеральным вікарыем для Пінскай дыяцэзіі, адначасова выконваў абавязкі дэкана Баранавіцкага дэканата і пробашча касцёла Узвышэння Святога Крыжа ў Баранавічах.

24 чэрвеня 1999 г. у пінскай катэдры адбылася ўрачыстая кансэкрацыя Яго Эксцэленцыі біскупа Казіміра Велікасельца, здзейсніў якую кардынал Казімір Свёнтэк.

 
Кардынал Казімір Свёнтэк

Арцыбіскуп Мінска-Магілёўскі на пенсіі

Кардынал Казімір Свёнтэк нарадзіўся 21 кастрычніка 1914 г. у Эстоніі ў Вальку, ахрышчаны быў у Рызе. Калі яму было 3 гады, яго сям’ю саслалі ў Сібір. Пасля заканчэння Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Пінску 8 красавіка 1939 г. у тамтэйшай катэдры ён быў высвечаны на святара і скіраваны на працу ў Пружаны. У выніку пераследавання рэлігіі ён быў арыштаваны і асуджаны на смерць. Два месяцы знаходзіўся ў камеры смерці. Вайна, якая распачалася ў 1941 г., перашкодзіла выканаць прысуд. Аднак у 1944 г. малады святар зноў быў арыштаваны і асуджаны на 10 гадоў лагераў, дзе цяжка працаваў спачатку ў Сібіры, а потым за Палярным кругам у Інце каля Варкуты.

Выйшаўшы на волю ў 1954 г., ён апынуўся ў Пінску. Нарэшце настала доўгачаканая хвіліна, калі можна было адправіць святую Імшу ў касцёле.

Дзякуючы самаадданай і ахвярнай працы ксяндза Казіміра Свёнтка адбудавана пінская катэдра — напэўна, гэта была адна з першых адбудаваных святыняў на Беларусі. Адбудоўваючы пінскую катэдру, ксёндз Казімір перадусім думаў і рабіў усё магчымае, каб будаваць жывы Касцёл — Народ Божы, жывымі камянямі якога з’яўляюцца вернікі.

Канец 80-х і пачатак 90-х гадоў прынеслі доўгачаканую свабоду рэлігіі.

Пастырская актыўнасць кс. прэлата Казіміра Свёнтка, яго адданасць справе Касцёла, незвычайныя арганізатарскія здольнасці, аўтарытэт і пашана сярод святароў не засталіся не заўважанымі Апостальскаю Сталіцаю. Святы Айцец Ян Павел ІІ у 1991 г. прызначыў яго першым Мітрапалітам новастворанай Мінска-Магілёўскай Мітраполіі і Апостальскім Адміністратарам Пінскай дыяцэзіі.

Ва ўзросце 77 гадоў новы Мітрапаліт распачаў сваё біскупскае служэнне. Ён візітуе парафіі, устанаўлівае дэканаты, стварае патрэбныя для Касцёла структуры, бароніць правы вернікаў, актыўна ўдзельнічае ў Сінодзе Біскупаў у 1991 г., у пасяджэннях Рады Канферэнцыі Біскупаў Еўропы і іншых касцёльных арганізацыях, у міжнародных форумах, канферэнцыях і г. д. Ён з’яўляецца сведкам пераследвання каталіцкай веры і яе адраджэння на Беларусі.

У 1994 г. Святы Айцец Ян Павел ІІ надае яму тытул кардынала — найвышэйшая адзнака, якая можа быць у Касцёле. Гэта прызнанне заслугаў не толькі таленавітага святара і біскупа, але і мужнага сведкі веры. Гэта таксама прызнанне пазіцыі Касцёла на Беларусі і ягонай ролі ў сусветным Касцёле.

Кардынал Свёнтэк яшчэ з большай энергіяй і адвагай складае праграму адраджэння духоўнасці і падрыхтоўкі Каталіцкага Касцёла ў Беларусі да Вялікага Юбілею 2000 года. У гэтай праграме асаблівае месца прысвечана розным пастырскім праграмам, адбудове святыняў і найперш мінскай архікатэдры, а таксама працы Сіноду Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Пінскай і Віцебскай (якая далучылася да Сіноду пасля яе ўтварэння) дыяцэзій, які кардынал распачаў у 1996 г. Знамянальны дэвіз Сіноду: «Усё аднавіць у Хрысце».

11 лютага 1999 г. кардынал Казімір Свёнтэк быў абраны першым Старшынёй Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі — гэта падкрэслівае яго вядучую ролю ў Касцёле і ў краіне.

27 верасня 2004 г. Святы Айцец Ян Павел ІІ уручыў кардынару Казіміру Свёнтку, арцыбіскупу Мітрапаліту Мінска-Магілёўскаму, спецыяльную ўзнагароду «Fidei testis» (Сведка веры), прысуджаную Інстытутам Паўла VI.

14 чэрвеня 2006 г. Святы Айцец Бэнэдыкт XVI прыняў прашэнне аб вызваленні ад пастырскага кіраўніцтва Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіяй, прадстаўленае Яго Эмінэнцыяй кардыналам Казімірам Свёнткам у адпаведнасці з Кодэксам Кананічнага Права, кан. 401, § 1.

Адышоў у вечнасць 21 ліпеня 2011 года.

 
Біскуп Антонi Дзям’янка

Біскуп Пінскай дыяцэзіі

Антоні Дзям’янка нарадзіўся 1 студзеня 1960 г. у в. Заброддзе ў парафіі Дзераўная Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.

Пасля заканчэння сярэдняй школы не атрымаў дазволу ад дзяржаўных уладаў на паступленне ў Рыжскую духоўную семінарыю. Святарскую фармацыю праходзіў пад кіраўніцтвам доктара тэалагічных навук, кс. прэлата Вацлава Пянткоўскага, тагачаснага Генеральнага вікарыя Пінскай дыяцэзіі.

28 кастрычніка 1980 г. атрымаў сакрамэнт святарства.

Да 26 красавіка 1985 г. не меў афіцыйнага дазволу ад дзяржаўных уладаў на святарскае служэнне і працаваў закрыстыянінам і арганістам.

У 1982–1984 г. быў прызваны на вайсковую службу, якую праходзіў у Запаляр’і Мурманскай вобласці.

З 1984 г. па 1998 г. — пробашч парафіі ў Навагрудку.

З 1992 г. вучыўся ў Інстытуце сям’і Каталіцкай тэалагічнай акадэміі ў Варшаве, якую закончыў у 1996 г., атрымаўшы тытул магістра тэалогіі.

4 ліпеня 1998 г. дэкрэтам Святога Айца Яна Паўла ІІ быў прызначаны дапаможным біскупам Гродзенскай дыяцэзіі.

Кансэкрацыя адбылася 29 верасня 1998 г., якую здзейсніў кардынал Казімір Свёнтэк.

З 1998 г. па 2004 г. з’яўляўся Генеральным вікарыем Гродзенскай дыяцэзіі, пробашчам катэдральнай парафіі і рэктарам Духоўнай семінарыіі ў Гродне.

Выбраны Генеральным сакратаром Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі, Старшынёй Рад па справах Літургіі, Сям’і і Дабрачыннай дзейнасці.

14 снежня 2004 г. папам Янам Паўлам II прызначаны дапаможным біскупам Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі і вызвалены ад выканання абавязкаў дапаможнага біскупа Гродзенскай дыяцэзіі.

14 чэрвеня 2006 г. Святы Айцец Бэнэдыкт XVI прызначыў Яго Эксцэленцыю Антонія Дзям’янку Апостальскім Адміністратарам sede vacante i ad nutum Sanctae Sedis Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.

21 верасня 2007 г. — вызвалены ад выканання абавязкаў Апостальскага Адміністратара sede vacante i ad nutum Sanctae Sedis Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Прызначаны дапаможным біскупам Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. З’яўляецца Генеральным вікарыем Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.

3 мая 2012 г. у Пінску было абвешчана рашэнне Святога Айца Бэнэдыкта XVI аб прызначэнні біскупам Пінскай дыяцэзіі і вызваленні ад выканання абавязкаў дапаможнага біскупа Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.

16 чэрвеня прызначаны ардынарыем Пінскай дыяцэзіі.

 
Біскуп Уладзіслаў Блін

Біскуп Віцебскі на пенсіі

Біскуп Уладзіслаў Блін нарадзіўся 31 мая 1954 г. у Свідвіне Кашалінскага ваяводства ў Польшчы (бацькі яго родам з Беларусі).

Скончыў Вышэйшую духоўную семінарыю ў Влацлаўку і 25 мая 1980 г. атрымаў святарскае пасвячэнне.

Вучыўся ў Люблінскім каталіцкім універсітэце і Акадэміі каталіцкай тэалогіі ў Варшаве.

У 1989 г. вярнуўся ў Беларусь, на гістарычную радзіму сваіх бацькоў, пачаў працаваць пробашчам катэдральнага касцёла Унебаўзяцця НПМ у Магілёве, дзе ў 1992 г. заснаваў Міжнародны экуменічны фестываль «Магутны Божа».

У 1998 г. атрымаў ступень доктара тэалагічных навук.

13 кастрычніка 1999 г. дэкрэтам папы Яна Паўла ІІ прызначаны біскупам Віцебскай дыяцэзіі.

Біскупскую сакру атрымаў 20 лістапада 1999 г. з рук кардынала Казіміра Свёнтка.

14 чэрвеня 2006 г. абраны намеснікам старшыні Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі. З’яўляўся старшынёй Экуменічнай камісіі, а таксама Камісіі агульнага душпастырства епіскапату Беларусі.

25 лютага 2013 года папа Бэнэдыкт XVI прыняў прашэнне біскупа Уладзіслава Бліна аб адстаўцы з выканання паслугі пастырскага кіравання Віцебскай дыяцэзіяй у Беларусі, згодна з кан. 401 § 2 Кодэкса Кананічнага Права.

 

 
Біскуп Аляксандр Кашкевіч

Біскуп Гродзенскі
Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі

Біскуп Аляксандр Кашкевіч нарадзіўся 23 верасня 1949 г. у в. Падгайдзі, у парафіі Эйшышкі Віленскай архідыяцэзіі.

Скончыў Вышэйшую духоўную семінарыю ў Каўнасе.

30 мая 1976 г. атрымаў сакрамэнт святарства.

У 1976–1981 гг. ксёндз Кашкевіч працаваў у Панявежысе вікарыем.

З 1981 г. пробашч парафіі Святога Духа ў Вільні.

13 красавіка 1991 г. Святы Айцец прызначыў яго біскупам новаўтворанай Гродзенскай дыяцэзіі.

Кансэкрацыя адбылася 23 мая 1991 г.

З 14.06.2006 па 03.06.2015 з'яўляўся Старшынёй Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі. Узначальвае Раду па справах моладзі і Раду па справах каталіцкага выхавання.

Спампаваць у высокай якасці

 
Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч

Арцыбіскуп Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч нарадзіўся 3 студзеня 1946 г. у вёсцы Адэльск непадалёк ад Гродна ў сям’і Ігнацыя і Ганны Кандрусевічаў.

Пасля заканчэння сярэдняй школы ў 1962 г. Тадэвуш Кандрусевіч паступіў на фізіка-матэматычны факультэт Гродзенскага педагагічнага інстытута, адкуль праз год павінен быў сысці ў сувязі з абвінавачваннямі ў тым, што ён рэгулярна наведвае касцёл і ўдзельнічае ў набажэнствах. Адпрацаваўшы год у праектна-будаўнічай арганізацыі ў Гродне, у 1964 г. паступіў на энергамашынабудаўнічы факультэт Ленінградскага політэхнічнага інстытута, які ў 1970 г. скончыў на «выдатна» і атрымаў дыплом інжынера-механіка па спецыяльнасці «гідраўлічныя машыны і сродкі аўтаматыкі». Працаваў інжынерам на Віленскім заводзе шліфавальных станкоў: напачатку ў зборачным цэху, потым — у канструктарскім бюро. У складзе групы інжынераў атрымаў аўтарскае пасведчанне на вынаходку «Прамысловы ўзор спецыяльнага высакахуткаснага шліфавальнага станка для Волжскага аўтамабільнага завода».

У 1976 г. Тадэвуш Кандрусевіч адчуў пакліканне да выключнага служэння Богу і паступіў у Духоўную семінарыю ў Коўне (Каўнас, Літва), якую скончыў у 1981 г. і 31 мая таго ж года прыняў святарскае пасвячэнне з рук біскупа Людаса Павілоніса.

У 1981–1986 гг. быў вікарыем у віленскім касцёле св. Тэрэзы пры Вострай Браме, у 1986–1987 гг. — вікарыем парафіі Маці Божай Шкаплернай у Друскеніках (Друскінінкай, Літва), у 1987–1988 гг. — вікарыем у віленскім касцёле Святога Духа. 13 лютага 1988 г. быў прызначаны пробашчам гродзенскіх парафій Маці Божай Анёльскай (былы францішканскі касцёл) і св. Францішка Ксавэрыя (катэдра). У 1985 г. на тэалагічным факультэце ў Коўне атрымаў ступень ліцэнцыята тэалогіі, абараніўшы працу на тэму «Вучэнне Дагматычнай канстытуцыі ІІ Ватыканскага Сабору Lumen Gentium пра Касцёл». У 1988 г. тамсама абараніў дысертацыю на тэму «Паглыбленне вучэння пра Касцёл у працах ІІ Ватыканскага Сабору і ў яго дакументах» і атрымаў навуковую ступень доктара тэалогіі.

25 ліпеня 1989 г. Святы Айцец Ян Павел ІІ прызначыў кс. Тадэвуша Кандрусевіча тытулярным біскупам Гіпона-Дзарыцкім і Апостальскім Адміністратарам Мінскай дыяцэзіі для католікаў у Беларусі. Біскупскую сакру, якая адбылася 20 кастрычніка 1989 г. у базыліцы св. Пятра ў Рыме, узначаліў Папа Ян Павел ІІ. Біскупскі дэвіз Тадэвуша Кандрусевіча Quis ut Deus — «Хто ж як Бог». Падчас свайго біскупскага служэння ў Беларусі біскуп Тадэвуш Кандрусевіч заснаваў Гродзенскую вышэйшую духоўную семінарыю, спрыяў вяртанню і адкрыццю каля 100 раней зачыненых касцёлаў, а таксама прычыніўся да выдання «Парадку Імшы» і «Катэхізісу» на беларускай мове, распачаўшы такім чынам справу адраджэння Касцёла ў Беларусі, з поспехам працягнутую яго наступнікам кардыналам Казімірам Свёнткам.

13 красавіка 1991 г. Тадэвуш Кандрусевіч быў менаваны арцыбіскупам і прызначаны Апостальскім Адміністратарам для католікаў лацінскага абраду еўрапейскай часткі Расіі. За час яго біскупскага служэння ў Расіі ў Міністэрстве юстыцыі РФ была афіцыйна зарэгістравана Апостальская Адміністратура для католікаў лацінскага абраду, што дало ёй правы юрыдычнай асобы; была праведзена юрыдычная рэгістрацыя вялікай колькасці адноўленых парафій і іншых касцёльных структураў. Пасля падзелу Адміністратуры 23 лістапада 1999 г. прызначаны Апостальскім Адміністратарам для католікаў лацінскага абраду Поўначы еўрапейскай часткі Расіі.

Калі 11 лютага 2002 г. Ян Павел ІІ надаў Апостальскім Адміністратурам для католікаў лацінскага абраду ў Расіі годнасць дыяцэзій, арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч быў прызначаны Мітрапалітам кафедры Маці Божай у Маскве. Дзякуючы яго намаганням у Расіі распачала працу дабрачынная арганізацыя «Caritas», былі створаны інфармацыйна-выдавецкі цэнтр «Истина и жизнь», салезіянскі і францішканскі выдавецкія цэнтры, а таксама Духоўная бібліятэка (выдадзена больш за 600 найменняў тэалагічнай, рэлігійнай, філасофскай і літургічнай літаратуры). Пры ўдзеле арцыбіскупа Кандрусевіча заснаваны штотыднёвая каталіцкая газета «Свет Евангелия», Літургічная камісія, якая рыхтуе пераклады літургічных тэкстаў на рускую мову, Катэхетычная камісія і камісія па справах сям’і.

У 1991 г. у Маскве быў заснаваны Каледж каталіцкай тэалогіі імя св. Тамаша Аквінскага, тры філіялы якога дзейнічаюць у іншых гарадах (выдаецца часопіс «Puncta...», раней — «Theologia»); у Санкт-Пецярбургу заснавана «Радыё Марыя»; у 1993 г. адкрыта Вышэйшая духоўная семінарыя «Марыя — Каралева Апосталаў», якая дзейнічае ў Санкт-Пецярбургу.

У лютым 1999 г. арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч быў выбраны Старшынёю новастворанай Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Расійскай Федэрацыі.

З 1999 г. — сапраўдны член (акадэмік) Міжнароднай акадэміі навук Еўразіі.

21 верасня 2007 г. Святы Айцец Бэнэдыкт XVI менаваў Тадэвуша Кандрусевіча арцыбіскупам Мітрапалітам Мінска-Магілёўскім, перавёўшы яго з архідыяцэзіі Маці Божай у Маскве.

30 чэрвеня 2011 г. Яго Святасць Бэнэдыкт XVI прызначыў арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча, Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага, Апостальскім Адміністратарам ad nutum Sanctae Sedis Пінскай дыяцэзіі.

3 чэрвеня 2015 г. Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў Беларусі абрала арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча сваім Старшынёй.

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч уваходзіць у спецыяльны савет па Еўропе пры Генеральным сакратарыяце Сінода Біскупаў, у Кангрэгацыю па справах духавенства, а таксама ў Папскую раду справядлівасці і спакою. З’яўляецца віцэ-прэзідэнтам Еўразійскага аддзялення Міжнароднай асацыяцыі рэлігійнай свабоды (МАРС).

Валодае беларускай, рускай, польскай, літоўскай, ангельскай і італьянскай мовамі.

 

 
 
 
Агульная інфармацыя
Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі была створана ў 1999 г. Устаноўчы сход адбыўся 11 лютага 1999 г. Першым Старшынёй Канферэнцыі быў абраны кардынал Казімір Свёнтэк. З 14 чэрвеня 2006 г. Канферэнцыю ўзначальвае біскуп Аляксандр Кашкевіч, біскуп Гродзенскі. Намеснік Старшыні — біскуп Віцебскі Уладзіслаў Блін, генеральны сакратар — дапаможны бiскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Антонi Дзям’янка.
 
Склад Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі

Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі была створана ў 1999 г. Устаноўчы сход адбыўся 11 лютага 1999 г. Першым Старшынёй Канферэнцыі быў абраны святой памяці кардынал Казімір Свёнтэк.

Склад канферэнцыі:

Старшыня
Арцыбіскуп Тадэвуш КАНДРУСЕВІЧ, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі

Віцэ-старшыня
Біскуп Алег БУТКЕВІЧ, біскуп Віцебскі

Генеральны сакратар
Біскуп Юзаф СТАНЕЎСКІ, дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі

Іншыя ўдзельнікі:

Біскуп Аляксандр КАШКЕВІЧ, біскуп Гродзенскі

Біскуп Антонi ДЗЯМ’ЯНКА, біскуп Пінскай дыяцэзіі

Біскуп Казiмiр ВЕЛІКАСЕЛЕЦ, дапаможны бiскуп Пінскай дыяцэзіі

Біскуп Юрый КАСАБУЦКІ, дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі

Біскуп Аляксандр ЯШЭЎСКІ S.D.B., дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі


Біскупы-эмерыты

Біскуп Уладзіслаў БЛІН, біскуп Віцебскі на пенсіі

Адышлі ў вечнасць

Кардынал Казімір СВЁНТЭК

 
Структура Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі

Да Канферэнцыі адносяцца наступныя ўстановы: Пленарны сход, Пастаянная рада, генеральны сакратарыят, Біскупскія камісіі, Рады, Камітэты і Афіцыі, утвораныя паводле нормы Кодэкса Кананічнага Права.

 
<< Першая < Папярэдняя 1 2 3 Наступная > Апошняя >>

Старонка 3 з 3
Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.