Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Рыма-каталіцкі Касцёл у Беларусі
Слова Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча з нагоды 15-годдзя адраджэння пінскай семінарыі
03.10.2016 11:56

Мінулыя 15 гадоў дзейнасці семінарыі — пінскай «кузні» духоўных кадраў — сталі часам яе станаўлення і пошуку свайго шляху. Яе выпускнікі паспяхова служаць Касцёлу на розных пасадах.

 
Ліст з віншаваннямі, дасланы папу Бэнэдыкту XVI ад імя моладзі
13.12.2011 13:39

Мінск, 12 снежня 2011 г.
Яго Святасці
Папу Бэнэдыкту XVI
Ватыкан

 
Каментарый арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча да паслання папы Бэнэдыкта XVI на Сусветны дзень міру 2011
29.12.2010 17:05
Рэлігійная свабода — шлях да міру

1. Як штогод, у першы дзень Новага года, ва ўрачыстасць Святой Багародзіцы Марыі, Каталіцкі Касцёл адзначае Сусветны дзень міру і Папа звяртаецца да вернікаў са сваім пасланнем. Тэма сёлетняга паслання — «Рэлігійная свабода — шлях да міру».

На пачатку паслання з нагоды Новага года Папа выказвае ўсім пажаданні, асабліва супакою, і адначасова нагадвае, што мінулы год прынёс шмат цяжкасцяў хрысціянам у свеце, асабліва ў Іраку, дзе многія заплацілі крывёю за вернасць Хрысту.

У сваім пасланні Бэнэдыкт XVI падкрэслівае, што ў свабодзе веравызнання выяўляецца спецыфіка чалавечай асобы. Дзякуючы ёй чалавек можа скіроўваць сваё прыватнае і грамадскае жыццё да Бога, у святле якога становяцца зразумелымі адметнасць, сэнс і мэта яго існавання.

2. У прысвечанай святому праву на жыццё частцы паслання Папа падкрэслівае, што права на рэлігійную свабоду ўкаранёна ў годнасці чалавечай асобы, бо Бог стварыў чалавека па свайму вобразу і падабенству. Таму кожная асоба мае права на поўнае жыццё, якое ўключае і духоўнае. Інакш чалавек не зможа адказаць на пытанні пра сэнс жыцця, не зможа мець трывалых каштоўнасцяў і этычных прынцыпаў, не зможа атрымаць сапраўдную свабоду і будаваць справядлівае грамадства.

Таму шанаванне права на жыццё і рэлігійнай свабоды з’яўляецца ўмовай маральнай легітымацыі ўсялякай грамадскай і прававой нормы.

3. Далей, нагадваючы пра рэлігійную свабоду і ўзаемную павагу, Бэнэдыкт XVI адзначае, што рэлігійная свабода з’яўляецца крыніцай маральнай свабоды. Адкрытасць на дабро, праўду і Бога, якія ўкаранёны ў чалавечай прыродзе, даюць чалавеку поўную годнасць і гарантуюць узаемную пашану. Таму рэлігійную свабоду трэба разумець не толькі як адсутнасць прымусу, але  перадусім як здольнасць падпарадкаваць свой выбар праўдзе.

Свабода дзейнічаць супраць Бога або індыферэнтнасць у адносінах да Яго супярэчыць самой ідэі свабоды і не гарантуе поўнай павагі да другога чалавека. Таму меркаванне, што маральны рэлятывізм з’яўляецца шансам на сусветны мір, на самой справе ілюзія і нават крыніца падзелаў і адмаўлення годнасці іншых людзей. Паколькі ў кожным чалавеку ёсць два вымярэнні — рэлігійнае і грамадскае — то веруючы не можа выракацца сваёй веры, каб быць актыўным грамадзянінам.

4. Далей Папа разважае аб сям’і як школе свабоды і міру. Святы Айцец падкрэслівае, што калі рэлігійная свабода з’яўляецца шляхам да міру, то рэлігійнае выхаванне — гэта дзейсны спосаб фармацыі новых пакаленняў прызнаваць у іншым чалавеку брата або сястру. У гэтым выхаванні сям’я з’яўляецца першай школай, у якой дзеці рыхтуюцца да грамадскага, культурнага, маральнага і духоўнага жыцця.

5. У наступнай частцы паслання Пантыфік разважае на тэму супольнай спадчыны і нагадвае пра тое, што сярод асноўных, укаранёных у годнасці чалавечай асобы правоў і свабод рэлігійная свабода мае асаблівы характар. Калі шануецца рэлігійная свабода, то шануецца і годнасць чалавечай асобы і ўзмацняюцца дух і інстытуцыі народаў. Наадварот, калі гэтая свабода не шануецца, зневажаецца годнасць чалавека і наносіцца шкода справядлівасці і міру, якія абапіраюцца на правільны, збудаваны ў святле Найвышэйшай Праўды і Найвышэйшага Дабра грамадскі парадак.

У гэтым сэнсе рэлігійная свабода з’яўляецца дасягненнем палітычнай і прававой культуры, бо кожны чалавек павінен мець права на вызнаванне сваёй рэлігіі як прыватна, так і публічна. Таму рэлігійная свабода не з’яўляецца выключна спадчынай веруючых, але ўсёй чалавечай сям’і, таму павінна быць сінтэзам і вяршыняй дзяржаўнага права. Менавіта яна паказвае, наколькі шануюцца ўсе іншыя правы чалавека, і спрыяе яго інтэгральнаму развіццю.

6. Далей Бэнэдыкт XVI узнімае тэму публічнага вымярэння рэлігіі. Рэлігійная свабода рэалізуецца як у прыватнай сферы, так і ў адносінах з іншымі. Таму рэлігія носіць публічны характар. Дзякуючы гэтаму кожная асоба, застаючыся адзінай і непаўторнай, у той жа час дасягае паўнаты самавыяўлення.  

Уклад рэлігійных супольнасцяў у жыццё грамадства бясспрэчны. Многія дабрачынныя і культурныя арганізацыі сведчаць аб канструктыўнай ролі веруючых у грамадскім жыцці. Яшчэ большае значэнне мае этычны ўклад рэлігіі ў палітычную сферу, што трэба разумець як абвяшчэнне неабходнасці супольнага дабра.

7. Пасля гэтых разважанняў, якія адносяцца як да прыватнага, так і да публічнага значэння рэлігіі, Папа пераходзіць да значэння рэлігійнай свабоды як моцы свабоды і цывілізацыі, а таксама да пагрозаў, якія вынікаюць з інструменталізацыі свабоды рэлігіі.

Не можа быць апраўдана інструментальнае выкарыстанне рэлігійнай свабоды для маскіравання схаваных інтарэсаў. Нельга забывацца пра тое, што рэлігійная свабода з’яўляецца ўмовай пошуку праўды, а праўда навязваецца не сілай, а «моцай самой праўды». Таму рэлігія з’яўляецца пазітыўнай і мабілізуючай сілай для будавання чалавечнага грамадства.

Сусветныя рэлігіі праз унясенне духоўных каштоўнасцяў у жыццё асобаў і цэлых народаў зрабілі ўклад у развіццё цывілізацый. У наш час глабалізацыі хрысціяне павінны таксама рабіць уклад у справу ўсталявання справядлівасці, інтэгральнага развіцця чалавека і належнага ўпарадкавання чалавечых спраў.
 
8. Наступнай справай, якую закранае Папа, з’яўляецца праблема справядлівасці і цывілізацыі, а таксама пагроза фундаменталізму і варожасці да веруючых дзеля захавання свецкасці дзяржаў. Нароўні з асуджэннем рэлігійнага фундаменталізму трэба супрацьстаяць і ўсім іншым формам варожасці да рэлігіі. Грамадства, якое навязвае тую ці іншую рэлігію або не прымае яе, з’яўляецца несправядлівым як у адносінах чалавека і Бога, так і да самога сябе, бо не дазваляе свабодна адказаць на заклік Божай любові да чалавека. Рэлігія, не будучы творам дзяржавы, не можа быць праз яе маніпулявана, а, наадварот, павінна быць прызнана і паважана, бо без рэлігійнай свабоды годнасць чалавека будзе скалечанай і зняважанай і ён вельмі лёгка можа апынуцца ва ўладзе бажкоў і рэлятыўных, ператвораных у абсалютныя, каштоўнасцяў.

9. Наступным пунктам разважанняў Папы з’яўляецца дыялог паміж свецкімі і рэлігійнымі інстытуцыямі. Спадчына норм і каштоўнасцяў, якія выражаюцца праз рэлігійнасць, з’яўляецца багаццем розных народаў. Яны прамаўляюць да сумлення і розуму чалавека, нагадваюць аб неабходнасці навяртання, заклікаюць да цнатлівага жыцця і збліжэння ў духу любові. У гэтым працэсе важнае значэнне мае здаровы дыялог паміж дзяржаўнымі і рэлігійнымі інстытутамі, які служыць інтэгральнаму развіццю чалавека і гарманічнаму развіццю грамадства.

10. Далей Папа звяртае ўвагу на неабходнасць жыць у любові і праўдзе. У глабалізаваным, поліэтнічным і поліканфесійным свеце вялікія рэлігіі, пры ўмове рэлігійнай свабоды, могуць спрыяць адзінству і супакою. Аб гэтым трэба памятаць асабліва хрысціянам, вера якіх наказвае ім жыць як браты паміж сабой і з іншымі людзьмі.

11. Дыялог як супольны пошук — наступны пункт разважанняў Папы. Дыялог з вызнаўцамі іншых рэлігій Касцёл лічыць важным інструментам супрацоўніцтва дзеля дасягнення супольнага дабра. Гэта не шлях рэлятывізму і сінкрэтызму, бо Касцёл закліканы абвяшчаць Хрыста, які ёсць Дарога, Праўда і Жыццё. Аднак гэта ўсё не выключае дыялога і супольнага пошуку праўды ў розных сферах жыцця.

У наступным годзе будзе адзначацца 25-я гадавіна Сусветнага дня малітваў аб міры, які адбыўся ў Асізі ў 1986 г. Лідэры сусветных рэлігій тады далі сведчанне, што рэлігія з’яўляецца элементам еднасці і міру. Калі Бог дазволіць, то ў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі таксама пройдзе спецыяльная канферэнцыя, прысвечаная гэтаму юбілею.

12. Наступным пунктам папскіх разважанняў з’яўляецца захаванне маральнай праўды ў палітыцы і дыпламатыі. Палітыка і дыпламатыя павінны ўлічваць маральную і духоўную спадчыну вялікіх рэлігій, каб прызнаваць і пацвярджаць праўду, а таксама ўніверсальныя прынцыпы і каштоўнасці, якіх нельга не прызнаваць, як, напрыклад, права на жыццё, бо гэта было б адмаўленнем чалавечай годнасці. Усё гэта азначае, што трэба дзейнічаць у адпаведнасці з Картай Арганізацыі Аб’яднаных Нацый ад 1945 г., якая прадстаўляе ўніверсальныя каштоўнасці і маральныя нормы, што павінны быць зыходным пунктам для нормаў, інстытуцый і сістэм як на нацыянальным, так і на міжнародным узроўні.  

13. Чарговае пытанне — гэта неабходнасць вызваліцца ад нянавісці і прадузятасці. Нягледзячы на вялікія намаганні грамадстваў, дзяржаў і розных супольнасцяў, на жаль, у свеце ёсць прыклады дыскрымінацыі, насілля і неталерантнасці на падмурку рэлігіі. У некаторых краінах, асабліва на Захадзе, ёсць прыклады выключэння і нават забароны ў публічным жыцці рэлігійных сімвалаў. Таму трэба дзейнічаць у напрамку заахвочвання і абароны рэлігійнай свабоды, асабліва рэлігійных меншасцяў, каб паглыбіць добразычлівасць, адкрытасць і ўзаемную павагу.

14. Рэлігійная свабода ў свеце — так гучыць наступны пункт разважанняў Бэнэдыкта XVI. У ім Папа звяртаецца да хрысціянскіх супольнасцяў, якія церпяць пераслед, асабліва ў Азіі, Афрыцы, на Блізкім Усходзе і ў Святой Зямлі, молячыся ў іх інтэнцыях і выказваючы ім сваю падтрымку, каб яны не страцілі мужнасць у цяжкасцях, бо хрысціянскае сведчанне заўсёды з’яўляецца знакам супраціўлення. Насілле нельга перамагчы насіллем, таму па прыкладу малітвы «Ойча наш» мы павінны дараваць правіны іншым. За крыкам болю няхай заўсёды ідзе вера, надзея і сведчанне Божай любові. Еўропа таксама павінна змяніць сваё хворае стаўленне да хрысціянскіх каштоўнасцяў, не адкідаць іх, а бараніць, каб жыць у справядлівасці, згодзе і міры, вядучы шчыры дыялог з усімі народамі.

15. Рэлігійная свабода — шлях да міру — апагей разважанняў Папы. Для будавання справядлівага і мірнага грамадскага парадку свет патрабуе ўніверсальных і ўсімі прызнаных этычных і духоўных каштоўнасцяў. Іх даць можа толькі рэлігія. Мір — гэта дар Божы і адначасова праект, які ніколі ўпоўні не быў рэалізаваны. Паяднанае з Богам грамадства набліжаецца да міру, якім не з’яўляецца толькі адсутнасць вайны, дамінацыі зброі, эканомікі ці маніпуляцыі. Сапраўдны мір — гэта вынік ачышчэння, а таксама культурнага, маральнага і духоўнага ўдасканалення чалавека і народа, калі ва ўсёй паўнаце шануецца годнасць чалавека.

Папа заклікае ўсіх людзей, асабліва моладзь, мець у Богу зыходны пункт на шляху да сапраўднай свабоды і моцы, каб не паўтараць памылак мінулага. На шляху да міру чалавеку патрэбна маральная зброя. Таму рэлігійная свабода з’яўляецца аўтэнтычнай зброяй міру, а яе місія — гістарычнай і прафетычнай, дазваляючай змяніць свет на лепшы і мець надзею на справядлівую і мірную будучыню, нават перад абліччам несправядлівасці і матэрыяльнай і маральный беднасці.

16. З удзячнасцю і пашанай прымем, дарагія браты і сёстры, гэтае пасланне папы Бэнэдыкта XVI як заклік да дасягнення сапраўднага міру. У гэты Сусветны дзень міру заклікаю ўсіх вернікаў і ўсё наша грамадства будаваць свае адносіны на навучанні Пантыфіка, каб, абапіраючыся на свабоду веравызнання і маральныя каштоўнасці, распачаты Новы 2011 год сапраўды стаў часам згоды і супольнага пошуку міру. Няхай усім нам у гэтым, праз заступніцтва Марыі — Маці міру, благаславіць Бог.

_________________________

P.S.    Паважаныя святары няхай прачытаюць гэты Каментарый вернікам 1 студзеня 2011 г.

 
Акт прысвячэння і аддання Беззаганнаму Сэрцу Найсвяцейшай Панны Марыі
01.07.2010 18:27

Беззаганная Маці, у гэтым месцы ласкі, дзе сабрала нас любоў Твайго Сына Езуса, Найвышэйшага і Вечнага Святара, мы, сыны ў Сыне і Яго святары, прысвячаем сябе Твайму мацярынскаму сэрцу дзеля вернага выканання волі Айца. Ведаем, што без Езуса мы не можам зрабіць нічога добрага (пар. Ян 15, 5), і толькі праз Яго, з Ім і ў Ім мы будзем для свету прыладамі збаўлення.

 
"FIDES ET RATIO" - Яна Паўла II
10.09.2009 22:40
УВОДЗІНЫ
«ПАЗНАЙ САМОГА СЯБЕ» [1-6]

 

І РАЗДЗЕЛ
АБ'ЯЎЛЕННЕ БОЖАЙ МУДРАСЦІ

Езус аб'яўляе Айца [7-12]
Розум перад абліччам таямніцы [13-15]

 

ІІ РАЗДЗЕЛ
CREDO UT INTELLEGAM

«Мудрасць усё ведае і ўсё разумее» (Мдр 9, 11) [16-20]
«Набывай мудрасць, набывай разважнасць» (Прып 4, 5) [21-23]

 

ІІІ РАЗДЗЕЛ
INTELLEGO UT CREDAM

На шляху пошукаў праўды [24-27]
Розныя абліччы людской праўды [28-35]

 

IV РАЗДЗЕЛ
СУАДНОСІНЫ ПАМІЖ ВЕРАЮ І РОЗУМАМ

Найважнейшыя этапы спаткання веры і розуму [36-42]
Непрамінальная навізна думкі св. Тамаша Аквінскага [43-44]
Драма расколу паміж вераю і розумам [45-48]

 

V РАЗДЗЕЛ
ВЫКАЗВАННІ НАСТАЎНІЦТВА КАСЦЁЛА Ў ГАЛІНЕ ФІЛАСОФІІ

Разважнасць Настаўніцтва як служэнне праўдзе [49-56]
Зацікаўленасць Касцёла філасофіяй [57-63]

 

VI РАЗДЗЕЛ
УЗАЕМАДЗЕЯННЕ ТЭАЛОГІІ І ФІЛАСОФІІ

Веравучэнне Касцёла і патрабаванні філасофскага розуму [64-74]
Розныя тыпы філасофскага роздуму [75-79]

 

VII РАЗДЗЕЛ
ПАТРЭБЫ І ЗАДАЧЫ СЁННЯШНЯГА ЧАСУ

Неад'емныя патрабаванні Божага слова [80-91]
Актуальныя задачы тэалогіі [92-99]

 

ЗАКАНЧЭННЕ [100-108]

УСТУП
«ПАЗНАЙ САМОГА СЯБЕ»

Шаноўныя браты ў біскупстве, шлю Вам сваё прывітанне і Апостальскае Благаславенне!

Вера і розум (Fides et ratio) - як два крылы, на якіх дух чалавечы ўзносіцца да сузірання праўды. Сам Бог прывіў у людскім сэрцы прагу пазнання праўды. Канчатковаю мэтаю гэтага пазнання ёсць пазнанне Яго самога, каб чалавек, пазнаючы Яго і любячы, мог дайсці таксама да поўнай праўды пра сябе (пар. Вых 33, 18; Пс 27 [26], 8-9; 63 [62], 2-3; Ян 14, 8; 1 Ян 3, 2).

1. Як у гісторыі Усходу, так і ў гісторыі Захаду можна заўважыць, што чалавек на працягу стагоддзяў прайшоў пэўны шлях, які паступова вёў яго да сустрэчы з праўдаю і да сутыкнення з ёю. Працэс гэты завяршыўся (бо не магло быць іначай) у сферы асабістага самапазнання: чым больш чалавек пазнае рэчаіснасць і свет, тым лепш ведае сябе як адзіную ў сваім родзе істоту, і разам з тым усё больш неадкладным становіцца для яго пытанне пра сэнс рэчаў і яго ўласнага існавання. Усё, што з'яўляецца прадметам нашага пазнання, становіцца тым самым часткаю нашага жыцця. Заклік «пазнай самога сябе», высечаны на архітраве святыні ў Дэльфах, з'яўляецца сведчаннем фундаментальнай праўды, якую кожны чалавек павінен прызнаваць найвышэйшым прынцыпам, вызначаючыся сярод усяго стварэння менавіта як чалавек, г.зн. той, хто «ведае самога сябе».

Зрэшты, дастаткова хоць бы бегла прыгледзецца да старажытнай гісторыі, каб яўна заўважыць, як у розных частках свету, дзе развіваліся розныя культуры, людзі адначасова пачыналі задаваць сабе галоўныя пытанні, што спадарожнічаюць усяму чалавечаму быццю: «Хто я? Адкуль прыходжу і куды іду? Чаму існуе зло? Што чакае мяне пасля завяршэння гэтага жыцця?». Пытанні гэтыя прысутнічаюць у святых пісаннях Ізраэля, мы знаходзім іх у Ведах, гэтаксама як і ў Авестах; сустракаем іх у працах Канфуцыя альбо Ляо-Цзэ, у прадказанні Тыртханкхары і Буды; яны ёсць у паэмах Гамера і ў трагедыях Эўрыпіда ды Сафокла, гэтаксама як у філасофскіх працах Платона і Арыстоцеля. Агульнаю крыніцаю гэтых пытанняў ёсць патрэба сэнсу, якую чалавек з самага пачатку вельмі моцна адчувае ў сваім сэрцы: бо ад адказу на іх залежыць, які кірунак ён павінен надаць уласнаму жыццю.

2. Гэты працэс пошукаў не чужы (і не можа быць) чужым Касцёлу. З тае хвіліны, калі ў Пасхальнай Таямніцы Касцёл атрымаў, як дар, канчатковую праўду аб жыцці чалавека, ён пілігрымуе дарогамі свету, каб абвяшчаць, што Езус Хрыстус ёсць «дарогаю, праўдаю і жыццём» (Ян 14, 6).

Сярод розных паслугаў, якія ён павінен выконваць дзеля дабра чалавецтва, адна накладвае на яго асаблівую адказнасць - гэта дыяконія праўды1. Гэта місія, з аднаго боку, уключае супольнасць вернікаў у агульнае намаганне, якое робіць чалавецтва, каб дайсці да праўды2, з другога боку, абавязвае яе, каб абвяшчала іншым набытыя веды, захоўваючы аднак усведамленне, што кожная адкрытая праўда ёсць заўсёды толькі этапам да гэтае поўнае праўды, якая будзе ўказана ў канчатковым Божым аб'яўленні: «Цяпер мы бачым як бы праз мутнае шкло, няясна; тады ж [убачым] тварам у твар; цяпер я пазнаю часткова, а тады пазнаю гэтаксама, як сам я пазнаны» (1Кар 13, 12).

3. Шмат ёсць шляхоў, якімі чалавек можа імкнуцца да лепшага пазнання праўды, а праз гэта рабіць сваё жыццё ўсё больш людскім. Сярод іх вылучаецца філасофія, якая бярэ непасрэдны ўдзел у фармаванні пытання пра сэнс жыцця і ў пошуках адказу на яго: таму яна падаецца як адно з найбольш узнёслых заданняў чалавецтва. Тэрмін філасофія, паводле грэцкай этымалогіі, азначае «любоў да мудрасці». Сапраўды, філасофія нарадзілася і развілася ў эпоху, калі чалавек пачаў сабе задаваць пытанні аб прычынах і мэтах рэчаў. Рознымі спосабамі і ў шматлікіх формах яна паказвае, што прага праўды з'яўляецца неад'емным элементам людской натуры. Прыроджанаю рысаю чалавечага розуму ёсць схільнасць да развагі над прычынамі з'яваў, хоць адказы, якія чалавек паступова знаходзіў, угрунтаваныя ў кантэксце, што выразна ўказвае на ўзаемаўплыў розных культураў, у якіх чалавек жыве.

Філасофія аказала моцны ўплыў на ўфармаванне і развіццё культуры на Захадзе, аднак мы не павінны забываць таксама пра яе ўплыў на спосабы разумення быцця, распаўсюджаныя на Усходзе. Бо кожны народ мае сваю першапачатковую арыгінальную мудрасць, якая ўяўляе сабою сапраўдны скарб культуры, што імкнецца да самавыяўлення сталым спосабам таксама ў строга філасофскіх формах. Слушнасць гэтага сцвярджэння вынікае з факту, што пэўную асноўную форму філасофскай навукі, якая існуе таксама ў нашу эпоху, мы сустракаем нават у пастулатах, якімі натхняецца заканадаўства розных краінаў, а таксама міжнароднае права, што вызначае законы грамадскага жыцця.

4. Аднак трэба заўважыць, што за адным словам тут хаваюцца розныя значэнні. Таму ва ўступе неабходна канкрэтней акрэсліць яго сэнс. Чалавек, гнаны прагаю адкрыцця канчатковай праўды свайго існавання, імкнецца здабыць пэўныя элементы універсальных ведаў, якія дазваляюць яму лепш разумець самога сябе і ўсё больш поўна сябе рэалізоўваць. Гэтыя асноўныя веды бяруць пачатак са здзіўлення, якое абуджае ў ім сузіранне таго, што створана: чалавек са здзіўленнем адкрывае, што жыве ў свеце і звязаны з іншымі істотамі, падобнымі да сябе, з якімі яго яднае агульнае прызначэнне. Менавіта ў гэты момант ён ступае на шлях, па якім будзе потым ісці да адкрыцця ўсё новых гарызонтаў ведаў. Без здольнасці здзіўляцца чалавек трапіў бы ў руціну, перастаў бы развівацца і паступова стаў бы няздольны да жыцця сапраўды асабістага.

Здольнасць да абстракцыйнай рэфлексіі, уласцівая чалавечаму розуму, дазваляе, каб ён надаў - праз філасофскую актыўнасць - канкрэтную форму свайму мысленню і такім чынам выпрацаваў сістэматычныя веды, якія вызначаюцца лагічным адзінствам сцвярджэнняў і гармоніяй зместу. Дзякуючы гэтаму працэсу ў асяроддзях розных культураў і ў розныя эпохі дасягнуты вынікі, якія прывялі да стварэння сапраўдных мысліцельных сістэмаў. На практыцы гэта часта нараджала спакусу атаясамлівання аднае толькі выбранай плыні з усёю філасофіяй. Аднак відавочна, што ў такіх выпадках голас забірае своеасаблівая «філасофская пыха», якая хацела б праз выбар акрэсленай перспектывы ўзвесці ўласнае недасканалае і звужанае бачанне ў ранг універсальнай інтэрпрэтацыі. На справе кожная філасофская сістэма, хоць і заслугоўвае павагі як пэўнае зладжанае цэлае, што не дапускае ніякай інструменталізацыі, павінна прызнаваць першынство філасофскага мыслення, з якога яна бярэ пачатак і якому павінна паслядоўна служыць.

У гэтай перспектыве можна вылучыць пэўны збор філасофскіх праўдаў, які, нягледзячы на бег часу і дасягненні навукі, трывала замацаваўся. Дастаткова прывесці тут у якасці прыкладу прынцыпы несупярэчнасці, мэтазгоднасці, прычыннасці альбо канцэпцыю асобы як свабоднага і разумнага суб'екта, здольнага да пазнання Бога, праўды і дабра; гэта таксама датычыць пэўных важных маральных прынцыпаў, якія паўсюдна прызнаюцца. Гэтыя і іншыя элементы паказваюць, што, нягледзячы на разнароднасць мысліцельных плыняў, існуе пэўны запас ведаў, які можна прызнаць свайго роду духоваю спадчынаю чалавецтва. Мы маем тут дачыненне як бы з неўдакладненаю філасофіяй, дзякуючы якой кожны чалавек адчувае, што ведае гэтыя прынцыпы, хоць бы толькі ў агульнай, неўсвядомленай форме. Гэтыя прынцыпы, менавіта таму, што ў пэўнай ступені прызнаюць іх усе, павінны быць як бы кропкай адліку для розных філасофскіх школаў. Калі розум здолее інтуітыўна схапіць і сфармуляваць першыя і універсальныя прынцыпы існавання і зрабіць з іх правільныя высновы лагічнага і дэнталагічнага характару, то заслугоўвае назвы праведнага розуму, ці, як казалі старажытныя: orthos logos, recta ratio.

5. Касцёл са свайго боку высока цэніць імкненне розуму да дасягнення мэты, якая робіць асабістае існаванне ўсё больш годным гэтага звання, бо бачыць у філасофіі шлях, што вядзе да пазнання галоўных праўдаў пра жыццё чалавека. Разам з тым ён прызнае філасофію неад'емнаю прыладаю, якая дапамагае глыбей разумець веру і перадаваць праўду Евангелля тым, хто яшчэ яе не ведае.

Таму, звяртаючыся да падобных пачынанняў маіх папярэднікаў, я таксама хачу прыгледзецца да гэтай асаблівай формы актыўнасці розуму. Мяне схіляе да гэтага перакананне, што асабліва ў наш час пошукі канчатковай праўды часта не маюць выразна акрэсленага накірунку. Несумненна, вялікая заслуга сучаснай філасофіі ў засяроджанасці ўвагі на чалавеку. Сыходзячы з гэтага і становячыся перад абліччам шматлікіх пытанняў, розум яшчэ мацней адчуў прагу больш шырокіх і глыбокіх ведаў. У выніку ўзніклі складаныя мысліцельныя сістэмы, якія прынеслі плён развіцця розных галінаў навукі, спрыяючы дасягненням культуры і гісторыі. Антрапалогія, логіка, прыродазнаўчыя навукі, гісторыя, мова - пэўным чынам увесь абсяг ведаў быў ахоплены гэтым працэсам. Аднак пазітыўныя дасягненні не павінны засланяць факту, што той жа розум, аднабакова сканцэнтраваны на пошуках ведаў пра чалавека як суб'екта, можа забыць, што пакліканнем чалавека з'яўляецца імкненне да праўды, якая перарастае яго самога. Без суаднясення з ёю кожны аддадзены на волю людскіх меркаванняў, а яго існаванне як асобы ацэньваецца выключна паводле прагматычных крытэрыяў, угрунтаваных у асноўным на эксперыментальных ведах, пад уплывам памылковай думкі, што ўсё павінна быць падпарадкавана тэхніцы. Адсюль вынікае, што замест таго, каб як найлепш выяўляць імкненне да праўды, розум схіляецца да самога сябе перад цяжарам такіх шырокіх ведаў, і праз гэта з дня ў дзень становіцца ўсё больш няздольны скіроўваць увагу да вышэйшай рэальнасці і не асмельваецца сягаць да праўды быцця. Сучасная філасофія забыла, што гэта быццё павінна з'яўляцца прадметам яе даследванняў, і засяродзілася на чалавечым пазнанні. Замест таго, каб выкарыстоўваць здольнасць чалавека да пазнання праўды, яна падкрэслівае яго абмежаванасць і абумоўленасці, якім чалавек падвержаны.

Гэта прывяло да ўзнікнення розных формаў агнастыцызму і рэлятывізму, якія спрычыніліся да таго, што філасофскія пошукі загразлі ў зыбучых пясках агульнага скептыцызму. У апошні час заявілі пра сябе розныя дактрыны, што спрабуюць пахіснуць каштоўнасць тых праўдаў, у несумненнасці якіх чалавек быў перакананы. Паўнамоцная разнастайнасць пазіцый саступіла месца некрытычнаму плюралізму, заснаванаму на прынцыпе, што ўсе меркаванні маюць роўную вартасць: гэта адна з найбольш распаўсюджаных праяваў недахопу веры ў існаванне праўды, што назіраецца ў сучасным свеце. Такой пазіцыі не пазбеглі таксама пэўныя канцэпцыі жыцця, якія паходзяць з Усходу. Яны пазбаўляюць праўду абсалютнага характару, сыходзячы з перадумовы, што яна аб'яўляецца ў аднолькавай ступені ў розных дактрынах, нават ва ўзаемна супярэчлівых. У такой перспектыве ўсё зводзіцца да ўзроўню меркавання. Мы тут маем дачыненне як бы з рухам, пазбаўленым пастаяннага напрамку: з аднаго боку, філасофская рэфлексія здолела ўзысці на шлях, які ўсё больш набліжае яе да людскога быцця і да формаў, у якіх яна выяўляецца, з другога ж боку, яна аддае перавагу хутчэй экзістэнцыяльным, герменеўтычным альбо моўным пытанням, якія абыходзяць прынцыповую праблему праўды аб асабістым жыцці, аб быцці і Богу. У выніку гэтага сфармавалася ў сучасных людзях, а не толькі ў некаторых філосафаў, пазіцыя агульнага недаверу да вялікіх пазнавальных здольнасцяў чалавека. Пад уплывам фальшывай сціпласці чалавек задавальняецца частковымі і часовымі праўдамі і не спрабуе ўжо ставіць прынцыповых пытанняў пра сэнс і глыбокі фундамент асабістага і грамадскага жыцця. Можна сказаць, што чалавек страціў надзею атрымаць ад філасофіі канчатковы адказ на гэтыя пытанні.

6. Касцёл сілаю аўтарытэту, якім валодае як захавальнік дэпазіту Аб'яўлення Езуса Хрыста, прагне пацвердзіць неабходнасць рэфлексіі на тэму праўды. Таму я пастанавіў звярнуцца да вас, шаноўныя браты ў біскупстве, з якімі звязвае мяне місія адкрытага «выяўлення праўды» (пар. 2 Кар 4, 2), а таксама да тэолагаў і філосафаў, на якіх ляжыць абавязак даследвання розных аспектаў праўды, а таксама да тых, хто знаходзіцца ў пошуку, і падзяліцца пэўнымі рэфлексіямі на тэму імкнення да сапраўднай мудрасці, каб кожны, у чыім сэрцы жыве любоў да яе, мог ступіць на правільны шлях, які дазволіць яму яе асягнуць, знайсці ў ёй заспакаенне сваіх хваляванняў і духовую радасць.

Схіляе мяне да гэтага перадусім усведамленне, якое выказана ў словах Другога Ватыканскага Сабору. Словы гэтыя сцвярджаюць, што біскупы - «сведкі Божай і каталіцкай праўды»3. Таму сведчанне аб праўдзе - заданне, даверанае нам, біскупам; мы не можам ад яго ўхіляцца, бо было б гэта здрадаю ў адносінах да нашага служэння. Пацвярджаючы праўду веры, мы можам вярнуць сучаснаму чалавеку шчырую веру ва ўласныя пазнавальныя здольнасці і разам з тым кінуць выклік філасофіі, каб яна магла вярнуць і ўмацаваць сваю поўную годнасць.

Яшчэ адзін асаблівы матыў схіляе мяне прадставіць гэтыя рэфлексіі. У энцыкліцы Veritatis splendor я звярнуў увагу на «некаторыя фундаментальныя праўды Каталіцкай дактрыны ў кантэксце сучасных спробаў іх падрыву альбо скажэння»4. У дадзенай энцыкліцы я хачу прадоўжыць гэту думку, засяроджваючыся на праблеме самой праўды і на яе фундаменце ў адносінах да веры. Бо не выклікае пярэчанняў, што перадусім маладое пакаленне, якому належыць і ад якога залежыць будучыня, у цяперашні перыяд хуткіх і складаных пераменаў можа пачувацца пазбаўленым сапраўдных кропак адліку. Патрэба адшукаць падмурак, на якім можна збудаваць асабістае і грамадскае жыццё, асабліва моцна адчуваецца тады, калі чалавек пераконваецца, наколькі недасканалыя тыя прапановы, якія часовую рэальнасць узводзяць у ранг каштоўнасці, абуджаючы фальшывыя надзеі на адкрыццё сапраўднага сэнсу існавання. Пад іх уплывам шмат людзей даводзіць сваё жыццё да краю бездані, не ўсведамляючы, што іх чакае. Прычына гэтага таксама ў тым, што неаднаразова тыя, хто быў пакліканы, каб у розных формах культуры паказваць плён сваіх роздумаў, адвярнуў свой позірк ад праўды, аддаючы перавагу часоваму поспеху, а не цярплівым пошукам таго, што сапраўды варта зрабіць зместам жыцця. Філасофія, якая з увагі на сваю вялікую адказнасць за фармаванне думкі і культуры абавязана нястомна заклікаць да пошукаў праўды, павінна цвёрда вярнуцца да свайго першапачатковага паклікання. Менавіта таму я адчуваю не толькі патрэбу, але таксама абавязак выказацца на гэту тэму, каб на парозе трэцяга тысячагоддзя хрысціянскай эры чалавецтва больш ясна ўсвядоміла сабе, якімі вялікімі здольнасцямі было абдаравана, і наноў адважна ўзялося за рэалізацыю плана збаўлення, у які ўпісана яго гісторыя.

І РАЗДЗЕЛ
АБ'ЯЎЛЕННЕ БОЖАЙ МУДРАСЦІ

Езус аб'яўляе Айца

7. У аснове кожнай рэфлексіі, якую распачынае Касцёл, ляжыць перакананасць, што яму было даверана пасланне, якое бярэ пачатак з самога Бога (пар.2 Кар 4, 1-2). Веды, якія Касцёл прагне перадаць чалавеку, ён атрымаў не шляхам самастойных вынаходніцтваў, хоць бы й самых узнёслых, але дзякуючы таму, што прымаў з вераю Слова Божае (пар. 1 Фес 2, 13). Каля вытокаў нашай веры знаходзіцца адзінае ў сваім родзе спатканне, якое азначала адкрыццё схаванай праз вякі таямніцы (пар. 1 Кар 2, 7; Рым 16, 25-26), якая цяпер, аднак, аб'яўлена: «Спадабалася Богу ў сваёй дабрыні і мудрасці аб'явіць сябе самога, даўшы нам пазнаць таямніцу волі сваёй (пар. Эф 1, 9), дзякуючы якой праз Хрыста, Уцелаўлёнае Слова, людзі маюць доступ да Айца ў Духу Святым і становяцца ўдзельнікамі Боскай натуры»5. Бог выступіў з гэтаю, цалкам бескарыснаю, ініцыятываю, каб дайсці да чалавецтва і збавіць яго. Бог - крыніца любові, і таму Ён прагне быць пазнаным, а пазнанне Бога чалавекам надае поўную форму ўсялякаму іншаму сапраўднаму пазнанню сэнсу ўласнага існавання, якое здольны асягнуць чалавечы розум.

8. Прымаючы амаль даслоўна вучэнне Канстытуцыі Dei Filius І Ватыканскага Сабору і беручы пад увагу прынцыпы, сфармуляваныя Трыдэнцкім Саборам, Канстытуцыя Dei Verbum ІІ Ватыканскага Сабору зрабіла чарговы крок наперад у адвечным імкненні зразумець веру праз рэфлексію над Аб'яўленнем у святле біблійнага вучэння і ўсяе патрыстычнай традыцыі. У часе І Ватыканскага Сабору Айцы падкрэслілі звышнатуральны характар Божага Аб'яўлення. Рацыяналістычная крытыка, якая ў той перыяд паўставала супраць веры, абапіраючыся на памылковыя, але шырока распаўсюджаныя тэзы, прагнула пахіснуць каштоўнасць усялякага пазнання, якое не з'яўляецца плёнам прыроджаных здольнасцяў розуму. Гэты факт наказваў Сабору рашуча пацвердзіць праўду, што поруч з пазнаннем, уласцівым чалавечаму розуму, які па сваёй прыродзе здольны дайсці нават да самога Створцы, існуе пазнанне, уласцівае веры. Гэта пазнанне праўды, угрунтаванай на рэальнасці самога Бога, які аб'яўляецца, а значыць, праўды беспамылковай, паколькі Бог не памыляецца і не мае намеру падманваць чалавека6.

9. Таму І Ватыканскі Сабор вучыць, што праўда, пазнаная шляхам філасофскай рэфлексіі, і праўда Аб'яўлення не з'яўляюцца ані тоеснымі, ані таксама ўзаемавыключнымі: «Існуе падвойны парадак пазнання, які розніцца не толькі крыніцаю, але і прадметам. Розніцца крыніцаю, бо ў першым выпадку мы пазнаем пры дапамозе прыроджанага розуму, а ў другім - пры дапамозе веры. Розніцца прадметам, бо, апроч праўды, да якой можа дайсці прыроджаны розум, нам дадзены таксама для веравання таямніцы, закрытыя ў Богу: нельга іх пазнаць без Божага Аб'яўлення»7. Вера, якая абапіраецца на сведчанні Бога і карыстаецца звышнатуральнаю дапамогаю ласкі, сапраўды належыць да іншага парадку, чым філасофскае пазнанне. Бо гэта апошняе абапіраецца на разумовае ўспрыманне і на вопыт, а адзіным святлом для яго ёсць розум. Філасофія і розныя навуковыя дысцыпліны знаходзяцца на ўзроўні прыроджанага розуму, у той час як вера, асвечаная і ведзеная Духам, бачыць у пасланні збаўлення тую «поўню ласкі і праўды» (пар. Ян 1, 14), якую Бог захацеў аб'явіць у гісторыі, а канчатковым чынам праз свайго Сына Езуса Хрыста (пар. 1 Ян 5, 9; Ян 5, 31-32).

10. Айцы ІІ Ватыканскага Сабору, кіруючы позіркі да Езуса, які аб'яўляе, указалі на збаўчы характар Божага аб'яўлення ў гісторыі і апісалі яго прыроду наступнымі словамі: «Такім чынам праз гэта аб'яўленне нябачны Бог (пар. Кал 1, 15; 1 Тым 1, 17) у празмернасці свае любові звяртаецца да людзей як да прыяцеляў (пар. Вых 33, 11; Ян 15, 14-15) і яднаецца з імі (пар. Бар 3, 38), каб іх запрасіць да супольнасці з сабою і прыняць іх у яе. Гэты план аб'яўлення ажыццяўляецца праз учынкі і словы, унутрана звязаныя паміж сабою такім чынам, што ўчынкі, здзейсненыя Богам у гісторыі збавення, ілюструюць і ўмацоўваюць навуку, а таксама справы, выказаныя словамі; словы ж абвяшчаюць учынкі і адкрываюць заключаную ў іх таямніцу. Самая ж глыбокая праўда пра Бога і пра збаўленне чалавека яснее нам праз гэта аб'яўленне ў асобе Хрыста, які ёсць разам з тым пасярэднікам і поўняю ўсяго аб'яўлення»8.

11. Такім чынам, Божае Аб'яўленне ўпісваецца ў час і ў гісторыю. Уцелаўленне Езуса Хрыста наступае проста ў «поўню часу» (пар. Гал 4, 4). Праз дзве тысячы гадоў з тае падзеі я адчуваю абавязак рашуча пацвердзіць, што «ў хрысціянстве час мае галоўнае значэнне»9. Бо ў ім указваецца ў поўным святле ўся справа стварэння і збаўлення, перадусім жа аб'яўляецца факт, што, дзякуючы ўцелаўленню Сына Божага, ужо з гэтай хвіліны дадзена нам перажываць і прадчуваць тое, што здзейсніцца ў поўні часу (пар. Гбр 1, 2).

Праўда, якую Бог даверыў чалавеку, аб'яўляючы яму самога сябе і сваё жыццё, упісана такім чынам у час і ў гісторыю. Была яна, зразумела, абвешчана раз і назаўсёды ў таямніцы Езуса з Назарэта. Гэта вельмі яскрава сцвярджае Канстытуцыя Dei Verbum: «А паколькі ўжо шматразова і шматлікімі спосабамі Бог гаварыў праз Прарокаў, «нарэшце ў гэты час прамовіў да нас праз Сына» (пар. Гбр 1, 1-2). Бо спаслаў Сына свайго, гэта значыць, адвечнае Слова, што асвячае ўсіх людзей, каб пасяліўся сярод людзей і распавёў ім Божыя таямніцы (пар. Ян 1, 1-18). Значыць, Езус Хрыстус, Уцелаўлёнае Слова, «Чалавек, да людзей пасланы", «абвяшчае Божае слова» (пар. Ян 3, 34) і здзяйсняе справу збаўлення, якую Айцец яму даверыў выканаць (пар. Ян 5, 36; 17, 4). Таму, калі хтосьці бачыць Езуса, бачыць таксама і Айца (пар. Ян 14, 9), а Ён праз усю сваю прысутнасць і аб'яўленне сябе праз словы і ўчынкі, праз знакі і цуды, асабліва ж праз сваю смерць і поўнае хвалы змёртвыхпаўстанне, і ўрэшце - праз спасланне Духа праўды аб'яўленне давёў да канца і да дасканаласці»10.

Таму гісторыя для люду Божага - гэта дарога, якую ён цалкам павінен прайсці, каб, дзякуючы пастаяннаму дзеянню Духа Святога, ва ўсёй паўнаце ўказаўся змест аб'яўленай праўды (пар. Ян 16, 13). Таксама гэтаму навучае нас Канстытуцыя Dei Verbum, калі сцвярджае, што «Касцёл з цягам вякоў пастаянна імкнецца да поўні Божай праўды, аж пакуль не споўняцца ў ім словы Божыя»11.

12. Такім чынам, гісторыя становіцца галіною, у якой мы можам убачыць дзеянне Бога дзеля дабра чалавецтва. Ён прамаўляе да нас праз тое, што нам найлепш вядома і найбольш лёгка заўважаецца, паколькі складае рэчаіснасць нашага штодзённага жыцця, без якой мы не ўмелі б паразумецца. Уцелаўленне Сына Божага дазваляе нам убачыць рэчаіснасць гэтага канчатковага сінтэзу, якой чалавечы розум уласнымі сіламі не мог бы сабе нават уявіць: Вечнасць уваходзіць у час, усё хаваецца ў малой частачцы, Бог прымае постаць чалавека. Таму праўда, заключаная ў аб'яўленні Хрыста, ужо не замкнута ў цесных тэрытарыяльных і культурных межах, але адкрываецца для кожнага чалавека, які прагне яе прыняць як канчатковае і беспамылковае слова, каб надаць сэнс свайму існаванню. З гэтай хвіліны ўсе маюць у Хрысце доступ да Айца, бо Хрыстус праз сваю смерць і змёртвыхпаўстанне падараваў нам жыццё Божае, якое першы Адам адкінуў (пар. Рым 5, 12-15). У гэтым аб'яўленні чалавеку ахвяравана канчатковая праўда пра яго жыццё і пра мэту гісторыі: «Таямніца чалавека праясняецца сапраўды толькі ў таямніцы Уцелаўлёнага Слова», - сцвярджае Канстытуцыя Gaudium et spes12. Па-за гэтаю перспектываю таямніца ўласнага існавання застаецца невырашальнаю загадкаю. Дзе ж яшчэ чалавек мог бы шукаць адказу на драматычныя пытанні, якія ставіць сабе перад абліччам болю, цярпення невінаватых і смерці, калі не ў святле, што праменіць з таямніцы мукі, смерці і змёртвыхпаўстання Хрыста?

Розум перад абліччам таямніцы

13. Аднак не трэба забываць, што Аб'яўленне застаецца поўным таямніцаў. Гэта праўда, што Езус усім сваім жыццём аб'яўляе аблічча Айца, бо прыйшоў жа дзеля таго, каб распавесці Божыя таямніцы13; аднак, нягледзячы на тое, наша пазнанне гэтага аблічча застаецца і надалей толькі частковым і не можа выйсці па-за межы нашага разумення. Толькі вера дазваляе пранікнуць унутр таямніцы і дапамагае правільна яе зразумець.

Сабор вучыць, што да Бога, які аб'яўляе, трэба праявіць «паслухмянасць веры»14. У гэтым сціслым, але багатым зместам сцвярджэнні выказана адна з галоўных праўдаў хрысціянства. Перадусім у ім падкрэслена, што вера ёсць адказам, у якім выяўляецца паслухмянасць Богу. З гэтым звязваецца прызнанне Яго Боскасці, трансцэндэнцыі і дасканалай свабоды. Бог, які дазваляе пазнаць сябе, аўтарытэтам сваёй абсалютнай трансцэндэнцыі сведчыць пра верагоднасць аб'яўленых Ім праўдаў. Праз веру чалавек выяўляе ўхваленне гэтага Божага сведчання. Гэта азначае, што ён цалкам і поўнасцю прызнае за праўду ўсё, што яму было аб'яўлена, паколькі сам Бог ёсць яе зарукаю. Гэта праўда, якую ён атрымлівае як дар і якой сам не можа вымагаць, заключана ў кантэксце міжасабовых сувязяў і схіляе розум да таго, каб адкрыўся на яе ўспрыманне і прызнаў яе глыбокі сэнс. Менавіта таму акт аддання Богу заўсёды разумеўся Касцёлам як момант вельмі адказнага выбару, які ахоплівае ўсю асобу. Розум і воля выяўляюць тут у найвышэйшай ступені сваю духовую прыроду, каб дазволіць чалавеку здзейсніць акт, у якім цалкам рэалізуецца яго асабістая свабода15. Таму свабода не толькі спадарожнічае веры, яна - яе непазбежная ўмова. Больш за тое: гэта менавіта вера дазваляе кожнаму як найлепш выявіць сваю свабоду. Іншымі словамі, свабода не выяўляецца ў здзяйсненні выбару супраць Бога. Бо ці ж можна прызнаць, што сапраўднаю праяваю свабоды ёсць адмова прыняць тое, што дазваляе рэалізаваць самога сябе? Акт веры - гэта найбольш важны выбар у жыцці чалавека, бо гэта ў ім свабода даходзіць да пэўнасці праўды і вырашае ў ёй жыць.

На дапамогу розуму, які імкнецца зразумець таямніцу, прыходзяць таксама знакі, заключаныя ў Аб'яўленні. Яны дапамагаюць пранікнуць глыбей у пошуках праўды і таксама дазваляюць розуму весці незалежныя даследванні ў сферы таямніцы. Аднак гэтыя знакі, хоць з аднаго боку павялічваюць сілы розуму, бо дзякуючы ім ён можа спасцігаць абшар таямніцы ўласнымі сродкамі, да якіх слушна прывязаны, разам з тым змушаюць яго, каб сягнуў па-за рэчаіснасць саміх знакаў і ўбачыў глыбейшы сэнс, які ў іх заключаны. Бо ў гэтых знаках прысутнічае схаваная праўда, да якой павінен звярнуцца розум і якой ён не можа ігнараваць, не знішчаючы самога знаку, які быў яму ўказаны.

Мы аказваемся тут пэўным чынам адасланымі да сакрамэнтальнага гарызонту Аб'яўлення, а асаблівым чынам - да эўхарыстычнага знаку, у якім непарыўная еднасць паміж рэчаіснасцю і яе значэннем дазваляе ўсвядоміць глыбіню таямніцы. Хрыстус у Эўхарыстыі сапраўды жывы і прысутны, дзейнічае моцаю свайго Духа, аднак мае рацыю св. Тамаш, калі гаворыць: «Куды розум марна пнецца, жывая вера ў сэрцах б'ецца, логіцы насуперак! Пад адрозных шат фігурай, у знаках розны, не натурай, таямніц схаваны цуд!»16.

Паскаль згаджаецца з ім як філосаф: «Як Хрыстус застаўся нязнаны паміж людзьмі, так Яго праўда паміж усеагульнымі меркаваннямі, без бачнай розніцы; так Эўхарыстыя паміж простым хлебам»17.

Такім чынам, пазнанне веры не выключае таямніцы, а толькі больш яе падкрэслівае і ўказвае як факт істотнага значэння для жыцця чалавека. Хрыстус «ужо ў самім аб'яўленні таямніцы Айца і Яго любові аб'яўляе ва ўсёй паўнаце чалавека самому чалавеку і паказвае яму найвышэйшае яго пакліканне»18, гэта значыць, пакліканне да ўдзелу ў таямніцы трынітарнага Божага жыцця.19

14. Вучэнне двух Ватыканскіх Сабораў адкрывае таксама абсалютна новы далягляд перад філасофскаю навукаю. Аб'яўленне ўводзіць у гісторыю пэўную кропку адліку, якой чалавек не можа ігнараваць, калі хоча зразумець таямніцу свайго існавання; аднак, з другога боку, гэта пазнанне пастаянна адсылае да таямніцы Бога, якой розум не ў стане вычарпаць і можа толькі прыняць праз веру. Гэтыя два моманты вызначаюць абшар дзейнасці, уласцівай розуму, на якім ён можа праводзіць свае даследванні і шукаць разумення, не натыкаючыся ні на якія абмежаванні, апроч свае ўласнай канцовасці перад абліччам бясконцай таямніцы Бога.

Таму Аб'яўленне ўводзіць у нашу гісторыю універсальную і канчатковую праўду, якая падштурхоўвае чалавечы розум ніколі не спыняцца; проста змушае яго пастаянна пашыраць абсяг сваіх ведаў, пакуль не пераканаецца ў дасягненні ўсяго, што было ў яго сілах, нічога не занядбаўшы. У гэтых развагах нас можа падтрымаць адзін з найбольш плодных і найбольш значных інтэлектаў у гісторыі чалавецтва, на якога слушна спасылаецца як філасофія, так і тэалогія - святы Анзэльм. У сваім Proslogionie арцыбіскуп Кантэрбуры піша: «Я часта стараўся засяродзіцца на гэтай праблеме, і часам мне здавалася, што ўжо магу схапіць тое, чаго шукаў, іншы раз зноў, што ўцякае тое цалкам з маіх думак; страціўшы ўрэшце надзею, што магу гэта знайсці, пастанавіў пакінуць пошукі таго, чаго знайсці немагчыма. Аднак, калі спрабаваў адагнаць ад сябе гэту думку, каб не адцягвала майго розуму ад іншых развагаў, з якіх мог бы вынесці нейкую карысць, яна пачынала назаляць мне ўсё больш настойліва (...) За што ж я, аднак, узяўся, няшчасны, бедны сын Евы, далёкі ад Бога, і чаго здолеў дасягнуць? Да чаго імкнуўся і куды дайшоў? Чаго прагнуў і па чым сумую? (...) О, Пане, Ты не толькі ёсць Тым, чаго не здолее пераўзысці нішто, што мы можам падумаць (non solum es quo maius cogitari nequit), але ёсць большы, чым усё, што можна падумаць (quiddam maius quam cogitari possit) (...). Калі б Ты не быў такі, можна было б падумаць аб чымсьці большым за Цябе, ды гэта, аднак, немагчыма»20.

15. Праўда хрысціянскага Аб'яўлення, якую знаходзім у Езусе з Назарэта, дазваляе кожнаму прыняць «таямніцу» ўласнага жыцця. Як найвышэйшая праўда яна, ні ў чым не парушаючы аўтаноміі створанай істоты і яе волі, абавязвае гэту істоту адкрыцца на трансцэндэнцыю. Сувязь паміж свабодаю і праўдаю дасягае тут свае вяршыні, дзякуючы чаму мы можам цалкам зразумець словы Хрыста: «спазнаеце праўду, а праўда вас вызваліць» (Ян 8, 32).

Хрысціянскае Аб'яўленне - гэта сапраўдны арыенцір для чалавека, які падвержаны як абумоўленасцям ментальнасці, што канцэнтруе ўвагу на суб'ектыўных выпрабаваннях, так і абмежаванням тэхнакратычнай логікі; гэта апошні, дадзены Богам шанец вярнуцца да паўнаты першаснага замыслу любові, пачаткам якога было стварэнне. Чалавек, які прагне пазнаць праўду, калі здолее яшчэ сягнуць позіркам па-за самога сябе і па-за ўласныя намеры, мае магчымасць адшукаць адпаведную пазіцыю ў адносінах да ўласнага жыцця, калі толькі ідзе дарогаю праўды. Да яго стану можна цалкам аднесці словы з Кнігі Другазаконня: «Бо наказ, які я табе сёння даю, не пераўзыходзіць тваіх магчымасцяў. Ён не знаходзіцца ў небе, каб можна было сказаць: «Хто ж для нас узыдзе на неба і прынясе яго нам, а мы будзем слухаць і выканаем яго». І не знаходзіцца ён за морам, каб можна было сказаць: «Хто ж дзеля нас выправіцца за мора і прынясе яго нам, а мы будзем слухаць і выканаем яго». Бо слова гэта ёсць вельмі блізка ад цябе: у тваіх вуснах і ў тваім сэрцы, каб мог ты яго выканаць» (30, 11-14). Рэхам гэтых словаў гучыць слынная думка святога філосафа і тэолага Аўгустына: «Noli foras ire, in te ipsum redi. In interiore homine habitat veritas»21.

З гэтых развагаў вынікае першая выснова: праўда, якую дазваляе нам спазнаць Аб'яўленне, не ёсць ані даспелым плодам, ані найвышэйшым дасягненнем думкі, выпрацаванай розумам. Яна з'яўляецца, хутчэй, як бескарысны дар, падштурхоўвае да развагі і вымагае, каб мы прынялі яе як праяву любові. Гэта аб'яўленая праўда ўпісана ў нашу гісторыю запаведдзю канчатковай і дасканалай візіі, якую Бог намерваецца ўдзяліць тым, хто ў Яго верыць альбо шукае Яго шчырым сэрцам. Таму канчатковая мэта персанальнага існавання - гэта прадмет даследвання ў роўнай ступені як філасофіі, так і тэалогіі. Адна і другая (нягледзячы на адрознасць метадаў і зместу) прыводзяць на гэту «сцежку жыцця» (Пс 16 [15], 11), крэсам якой, як вучыць нас вера, ёсць поўная і непрамінальная радасць сузірання Бога ў Тройцы Адзінага.

ІІ РАЗДЗЕЛ
CREDO UT INTELLEGAM

«Мудрасць усё ведае і ўсё разумее» (Мдр 9, 11)

16. Ужо ў Святым Пісанні знаходзім надзіва дакладныя прадбачанні, якія сведчаць пра глыбокую сувязь паміж пазнаннем веры і пазнаннем розуму. Гэта пацвярджаюць перадусім Кнігі Мудрасці. Вольнае ад прадузятасці чытанне гэтых старонак Пісання вельмі выразна тлумачыць нам, што ў тэкстах адлюстравана не толькі вера Ізраэля, але таксама цывілізацыйны даробак неіснуючых ужо культураў. Здаецца, што ў сілу якогась асаблівага замыслу мы зноў чуем тут галасы Егіпту і Месапатаміі, а таксама, што пэўныя агульныя элементы культураў старажытнага Усходу вяртаюцца да жыцця на гэтых старонках, багатых надзвычай глыбокімі інтуіцыямі.

Невыпадкова святы аўтар, што прагне паказаць вобраз мудраца, апісвае яго як чалавека, які любіць праўду і шукае яе: «Шчаслівы муж, які практыкуецца ў мудрасці і які раіцца са сваім розумам, што разважае над яе ўтоенымі справамі. Выйдзі за ёю як пераследнік і на дарогах яе падрыхтуй засаду! Хто заглядваць будзе ў яе вокны, хто падслухоўвае пад яе дзвярыма, хто паселіцца каля яе дому і ўваб'е калок у яе сцены, хто раскіне свой шацёр у яе пры боку - той зойме месца ў шчаслівым жытле, паставіць дзяцей сваіх пад яе дахам і пад яе галінамі прабываць будзе. Яна заслоніць яго ад спёкі і адпачываць ён будзе ў яе хвале» (Сыр 14, 20-27).

Як бачым, паводле натхнёнага аўтара, прага пазнання - гэта агульная рыса ўсіх людзей. Дзякуючы розуму яна дадзена ўсім - як веруючым, так і няверуючым - магчымасць «чэрпаць з глыбокай крыніцы» пазнання (пар. Прып 20, 5). Зразумела, у старажытным Ізраэлі пазнанне свету і яго з'яваў не адбывалася праз абстракцыю, у якой рабілі поспехі іанічныя філосафы альбо егіпецкія мудрацы. Тым больш і верны ізраэліт не разумеў пазнання ў катэгорыях, уласцівых сучаснай эпосе, якая рашуча імкнецца да падзелу пазнання на дысцыпліны. Нягледзячы на гэта, біблійны свет унёс у вялікую скарбніцу тэорыі пазнання свой арыгінальны ўклад.

У чым ён заключаецца? Рыса, якая вылучае біблійны тэкст, - гэта перакананасць, што існуе глыбокая і непарыўная еднасць паміж пазнаннем розуму і пазнаннем веры. Свет і тое, што ў ім адбываецца, а таксама гісторыя і розныя выпрабаванні ў жыцці народу - гэта рэаліі, якія трэба заўважаць, аналізаваць і ацэньваць пры дапамозе сродкаў, уласцівых розуму, аднак такім чынам, каб вера не была выключана з гэтага працэсу. Вера ўваходзіць не дзеля таго, каб пазбавіць розум аўтаноміі альбо абмежаваць прастору яго дзеяння, але дзеля таго, каб пераканаць чалавека, што ў гэтых падзеях аб'яўляецца і дзейнічае Бог Ізраэля. Таму глыбіннае пазнанне свету і гістарычных падзеяў немагчыма, калі чалавек не вызнае разам з тым веры ў Бога, які ў іх дзейнічае. Вера абвастрае ўнутраны зрок і адкрывае розум, дазваляючы яму ўбачыць у патоку падзеяў дзейсную прысутнасць Провіду. Знамянальныя тут словы з Кнігі Прыпавесцяў: «Сэрца чалавека абдумвае дарогу, але Пан умацоўвае крокі» (16, 9). Гэта значыць, што чалавек праз святло розуму здольны распазнаць сваю дарогу, але можа яе хутка прайсці, абмінуць перашкоды і дайсці да мэты, калі шчырым сэрцам прызнае, што ягоныя пошукі ўпісаны ў далягляд веры. Таму нельга раздзяліць веру і розум, не пазбавіўшы чалавека магчымасці правільнага пазнання самога сябе, свету і Бога.

17. Значыць, няма прычыны для якога б то ні было суперніцтва паміж розумам і вераю: гэтыя рэальнасці ўзаемапранікаюцца, але кожная мае ўласную прастору, у якой рэалізуецца. У гэтым кірунку нас зноў вядзе Кніга Прыпавесцяў, аўтар якой усклікае: «Хвала Бога - рэч утойваць, хвала каралёў - рэч даследваць» (25, 2). Паміж Богам і чалавекам (хоць кожны жыве ў сваім уласным свеце) існуе адзіная ў сваім родзе повязь узаемнасці. У Богу знаходзіцца пачатак усіх рэчаў, у Ім жыве паўната таямніцы, і ў гэтым Яго хвала; чалавек павінен даследваць розумам праўду, і ў гэтым заключаецца яго годнасць. Яшчэ адзін каменьчык да гэтай мазаікі дадае псальміст, калі ў малітве прамаўляе словы: «Якія ж важкія, о Божа, думкі Твае для мяне, ды якая вялікая безліч іх! Калі б захацеў я іх палічыць, дык іх больш, чым пяску. Я буджуся, і я йшчэ з Табою» (139 [138], 17-18). Прага пазнання такая вялікая і абуджае такую энергію, што людское сэрца, хоць і натыкаецца на непераадольную мяжу, тужыць па бясконцым багацці, схаваным па-за ёю, бо прадчувае, што ў ім - вычарпальны адказ на кожнае, дасюль нявырашанае, пытанне.

18. Таму можна сказаць, што сваім роздумам Ізраэль здолеў адкрыць розуму шлях да таямніцы. Дзякуючы Божаму аб'яўленню ён мог даследваць глыбіні, да якіх безвынікова спрабаваў дайсці розумам. Абапіраючыся на гэту глыбейшую форму пазнання, выбраны народ зразумеў, што розум павінен прытрымлівацца пэўных асноўных прынцыпаў, каб як найлепш выяўляць сваю прыроду. Першы прынцып заснаваны на прызнанні факта, што людское пазнанне - гэта няспынная вандроўка; другі даводзіць, што на гэты шлях не можа ступіць чалавек ганарлівы, які думае, што ўсім абавязаны ўласным дасягненням; трэці прынцып грунтуецца на «боязі Божай», якая наказвае розуму прызнаць нічым не абмежаваную трансцэндэнтнасць Бога, а разам з тым Яго правідчую любоў у кіраванні светам.

Калі чалавек не прытрымліваецца гэтых прынцыпаў, ён наражвае сябе на няўдачу і можа канчаткова апынуцца ў сітуацыі «дурня». Паводле Бібліі, такога роду дурнота нясе з сабою пагрозу для жыцця. Бо дурань падманвае сябе, што валодае шырокімі ведамі, але насамрэч не здольны засяродзіць увагі на істотных справах. Гэта не дазваляе яму ані навесці парадак ва ўласным мысленні (пар. Прып 1, 7), ані заняць адпаведную пазіцыю ў адносінах да самога сябе і самага блізкага атачэння. Калі ён урэшце прыходзіць да сцвярджэння, што «Бога няма» (пар. Пс 14 [13], 1), то адкрывае з усёю яснасцю, наколькі мізэрныя яго веды і як далёка яму яшчэ да поўнай праўды пра рэчы, пра іх паходжанне і прызначэнне.

19. Некаторыя важныя тэксты, якія праліваюць дадатковае святло на гэту праблему, знаходзім у Кнізе Мудрасці. Святы аўтар гаворыць у іх пра Бога, які дазваляе пазнаць Сябе таксама праз прыроду. У разуменні старажытных прыродазнаўчыя даследванні мелі шмат агульнага з філасофскім пазнаннем. Канстатаваўшы найперш, што дзякуючы розуму чалавек у стане пазнаць будову свету і сілы стыхіяў, «(...) гадавыя цыклы і размяшчэнне зорак, прыроду звяроў і схільнасці драпежніка» (7, 17. 19-20) - адным словам, здольны да філасофскага мыслення - біблійны тэкст робіць вельмі важны крок наперад. Прыгадваючы тэзу грэцкай філасофіі, да якой аўтар звяртаецца ў гэтым кантэксце, ён сцвярджае, што менавіта праз разумовае пазнанне прыроды можна дайсці да Створцы: «Бо ў велічы і харастве стварэнняў пазнаецца праз падабенства іх Створца» (Мдр 13, 5). Тут заўважана першая ступень Божага Аб'яўлення, г.зн. менавіта цудоўная «кніга прыроды»: прачытваючы яе пры дапамозе прыладаў, уласцівых чалавечаму розуму, можна дайсці да пазнання Створцы. Калі чалавек, нягледзячы на свой розум, не здольны распазнаць Бога як Створцу ўсяго, то прычынаю гэтага з'яўляецца не так недахоп сродкаў, як, хутчэй, перашкоды, узведзеныя яго вольнаю воляю і грахом.

20. У гэтай перспектыве неабходна ацаніць розум, аднак не трэба яго пераацэньваць. Пазнанне, здабытае праз яго, можа быць праўдзівае, але поўнае значэнне яно атрымлівае толькі тады, калі яго змест упісаны ў шырэйшы кантэкст веры. «Пан кіруе крокамі чалавека, як жа чалавек зразумеў бы ўласную дарогу?» (Прып 20, 24). Таму, паводле Старога Запавету, вера вызваляе розум, бо дазваляе яму дайсці спосабам, адпаведным яго ўласным прынцыпам, да прадмету пазнання і ўпісаць яго ў гэты найвышэйшы парадак рэчаў, у якім усё набывае сэнс. Адным словам, чалавек пры дапамозе розуму даходзіць да праўды, бо, асвечаны вераю, адкрывае глыбокі сэнс усіх рэчаў, а асабліва - уласнага існавання. Таму святы аўтар слушна бачыць крыніцу сапраўднага пазнання менавіта ў боязі Божай: «Асноваю пазнання ёсць боязь Божая» (Прып 1, 7; пар. Сыр 1, 14).

«Набывай мудрасць, набывай развагу» (Прып 4, 5)

21. У разуменні Старога Запавету пазнанне не абапіраецца выключна на ўважлівае назіранне за чалавекам, светам і гісторыяй, але заяўляе пра існаванне пэўнай абавязковай сувязі з вераю і з сутнасцю Аб'яўлення. Тут утойваюцца выклікі, якія выбраны народ павінен быў прыняць і на якія ён адказаў. Разважаючы над сваім станам, чалавек у Бібліі адкрыў, што здолее зразумець самога сябе толькі як істоту ў стасунках з сабою, з народам, са светам, з Богам. Гэта адкрытасць на таямніцу, указаную яму праз Аб'яўленне, сталася для яго ўрэшце крыніцаю сапраўднага пазнання, якое дазволіла ягонаму розуму пранікнуць у прастору бясконцасці і праз гэта атрымаць новыя, неспадзяваныя дасюль, магчымасці разумення.

Прыкладваючы намаганні для пошуку, святы аўтар спазнаў таксама цяжкасці барацьбы з абмежаванасцямі розуму. Мы бачым гэта, напрыклад, у словах, якімі Кніга Прыпавесцяў паказвае стомленасць чалавека, што спрабуе зразумець таемныя Божыя замыслы (пар. 30, 1-6). Аднак, нягледзячы на стому, веруючы не паддаецца. Сілу для далейшага імкнення да праўды ён чэрпае з пераканання, што Бог стварыў яго як «даследчыка» (пар. Экл 1, 13). Яго місія заключаецца ў тым, што, нягледзячы на пастаянную спакусу сумнення, ён не пакідае недаследаваных сцежак. Знаходзячы апірышча ў Богу, ён заўсёды і ўсюды скіраваны на прыгожае, добрае і праўдзівае.

22. У першым раздзеле Ліста да Рымлянаў св. Павел дапамагае нам ясней убачыць, якія ўдумлівыя развагі адлюстраваны ў Кнігах мудрасці. Паслугуючыся звычайнаю моваю, Апостал прыводзіць філасофскую выснову, у якой выяўляе глыбокую праўду: назіранне створанай рэчаіснасці «вачыма розуму» можа прывесці да пазнання Бога, бо праз стварэнні Ён дае розуму ўяўленне пра сваю «магутнасць» і «Боскасць» (пар. Рым 1, 20). У гэтым выяўляецца прызнанне таго, што людскі розум валодае здольнасцю, якая, можа, нямногім пераўзыходзіць яго ўласную натуральную абмежаванасць: яна не толькі замкнута ў сферы пачуццёвага пазнання, бо здольна да яе крытычнага аналізу, але, аналізуючы пачуццёвыя дадзеныя, можа таксама дайсці да прычыны, з якой бярэ пачатак усялякая, даступная для ўспрымання рэчаіснасць. Філасофскаю моваю можна было б сказаць, што гэты важны Паўлаў тэкст пацвярджае, што чалавек мае здольнасць метафізічнага разумення.

Паводле Апостала, па першапачатковым творчым замысле розум павінен мець здольнасць свабодна перакрочваць межы пачуццёвага вопыту і сягаць да найглыбейшай крыніцы ўсяго: да Створцы. У выніку непаслушэнства, праз якое чалавек пастанавіў даць сабе поўную і абсалютную аўтаномію ў адносінах да Таго, Хто яго стварыў, ён страціў гэтую здольнасць сягаць розумам да Бога Створцы.

Кніга Быцця вобразна апісвае гэту сітуацыю чалавека, апавядаючы, што Бог змясціў яго ў садзе Эдэмскім, пасярод якога расло «дрэва пазнання дабра і зла» (пар. 2, 17). Значэнне гэтага сімвалу зразумелае: чалавек не быў у стане самастойна распазнаць і разважыць, што ёсць дабро, а што - зло, але павінен быў кіравацца найвышэйшым прынцыпам. Сляпая пыха спарадзіла ў нашых прабацьках памылковае перакананне, што яны незалежныя і самастойныя, а таму могуць абысціся без ведаў, якія паходзяць ад Бога. Наступствы іх першапачатковага непаслушэнства закранулі ўсіх людзей, наносячы розуму раны, якія з тае хвіліны павінны былі стаць перашкодаю на дарозе да поўнай праўды. Людская здольнасць пазнання праўды была зацемненая ў выніку адвяртання ад Таго, Хто ёсць крыніцаю і пачаткам праўды. Таксама пра гэта гаворыць Апостал, указваючы, у якой вялікай ступені думкі чалавека ў выніку граху сталі «нікчэмнымі», а яго мысленне сказілася і вядзе да фальшу (пар. Рым 1, 21-22). Вочы розуму не маглі ўжо бачыць ясна: паступова розум стаўся вязнем самога сябе. Прыйсце Хрыста было збавеннаю падзеяй, бо вызваліла розум ад ягонай слабасці, разрываючы кайданы, у якія ён сам сябе закаваў.

23. Таму адносіны хрысціяніна да філасофіі вымагаюць удумлівага разумення. З Новага Запавету, асабліва з Паўлавых Лістоў, вельмі выразна вынікае адна праўда: супрацьстаянне паміж «мудрасцю гэтага свету» і мудрасцю Божаю, аб'яўленаю ў Езусе Хрысце. Глыбіня аб'яўленай мудрасці разрывае цеснае кола мысліцельных схемаў, да якіх мы прызвычаіліся, але якія абсалютна не ў стане належным чынам яе перадаць.

Гэта дылема з усёю вастрынёю паказана на пачатку Першага Ліста да Карынцянаў. Укрыжаванне Сына Божага - гістарычная падзея, аб якую разбіваюцца ўсе спробы розуму выбудаваць (на глебе людскіх аргументаў) дастатковае абгрунтаванне сэнсу існавання. Вузлавою праблемаю, якая з'яўляецца выклікам для кожнай філасофіі, ёсць смерць Езуса Хрыста на крыжы. Бо тут усялякая спроба звесці збаўчы план Айца да катэгорыі толькі людской логікі павінна скончыцца няўдачаю. «Дзе мудрэц? Дзе кніжнік? Дзе даследчык гэтага веку? Ці не ўчыніў Бог глупствам мудрасці гэтага свету?» (пар. 1 Кар 1, 20) - пытае з націскам Апостал. Каб магло здзейсніцца тое, чаго прагне Бог, недастаткова ўжо самой мудрасці людскіх мудрацоў, але абавязкова трэба рашуча адкрыцца на прыняцце радыкальна новай рэчаіснасці: «Бог выбраў дурноту свету, каб асароміць мудрых (...); і бязроднае свету, і пагарджанае, і неістотнае выбраў Бог, каб знішчыць істотнае» (1 Кар 1, 27-28). Людская мудрасць не хоча прызнаць, што ў яе ўласнай слабасці - умова яе моцы, але святы Павел не вагаецца, каб сказаць: «Калі я слабы, тады - дужы» (2 Кар 12, 10). Чалавек не здольны зразумець, якім чынам смерць можа быць крыніцаю жыцця і любові, аднак Бог выбраў менавіта тое, што розум лічыць «вар'яцтвам» і «спакусаю», каб аб'явіць таямніцу свайго плану збаўлення. Паслугуючыся моваю сучасных яму філосафаў, Павел дасягае вяршыні свайго навучання і парадоксу, які жадае паказаць: «Бог выбраў менавіта тое, што, паводле свету, ёсць неістотнае, каб знішчыць істотнае». Каб выказаць бескарыслівасць любові, аб'яўленай у Крыжы Хрыста, Апостал не баіцца выкарыстаць найбольш радыкальныя вы разы, якія ўжывалі філосафы ў сваіх развагах пра Бога. Розум не можа так зрабіць, што страціць сэнс таямніцы любові, сімвалам якой ёсць Крыж; тым часам Крыж можа даць розуму канчатковы адказ, якога той шукае. Не мудрасць слоў, але Слова Мудрасці ёсць тым, на што святы Павел указвае як на крытэрый праўды, а тым самым - збаўлення.

Таму мудрасць Крыжа перакрочвае ўсе культурніцкія межы, якія можна ёй навязаць, і наказвае адкрыцца на паўсюднасць заключанай у ёй праўды. Які ж выклік кінуты тут нашаму розуму і якую ж карысць можа ён атрымаць, калі яго прыме! Філасофія нават уласнымі сіламі здольная заўважыць, што чалавек пастаянна пераўзыходзіць самога сябе ў імкненні да праўды, тым часам з дапамогаю веры можа адкрыцца на «вар'яцтва» Крыжа і прыняць яго як слушную крытыку тых, хто памылкова мяркуе, што авалодаў праўдаю, хоць увязніў яе на плыткасці сваёй сістэмы. Пасланне Хрыста ўкрыжаванага і ўваскрослага - гэта рыф, аб які можа разбіцца повязь веры і філасофіі, але па-за якою адкрываецца бязмежны акіян праўды. Тут выразна выяўляецца мяжа паміж розумам і вераю, але таксама дакладна акрэсліваецца абшар, на якім яны могуць сустрэцца.

ІІІ РАЗДЗЕЛ
INTELLEGO UT CREDAM

На шляху пошукаў праўды

24. У Апостальскіх Дзеях евангеліст Лука распавядае, як у часе адной са сваіх місійных вандровак Павел прыбыў у Афіны. У горадзе філосафаў было поўна помнікаў, пастаўленых розным боствам. Паўлаву ўвагу асабліва прыкаваў да сябе адзін з алтароў, і ён неадкладна выкарыстаў гэту магчымасць, каб знайсці агульную падставу для размовы і распачаць з яе абвяшчэнне Добрай Навіны. «Мужы афінскія, - прамовіў (...), - бачу, што вы як быццам вельмі пабожныя. Бо, праходзячы і аглядаючы святыні вашыя, я знайшоў і ахвярнік, на якім напісана: «Невядомаму Богу. Дык таго, каму вы, не ведаючы, пакланяецеся, я вам абвяшчаю» (17, 22-23). Пасля такога ўступу св. Павел пачынае гаварыць пра Бога як Створцу, як пра Таго, Хто пераўзыходзіць усю рэчаіснасць і ёсць крыніцаю ўсялякага жыцця. Далей у сваёй прамове ён сцвярджае: «Ён з аднаго (чалавека) вывеў увесь род чалавечы, каб жыў на ўсенькім абліччы зямлі, вызначыўшы наперад часы й межы жылля іхняга, каб шукалі Бога, ці не намацаюць Яго ды не знойдуць, хоць Ён і недалёка ад кожнага з нас» (17, 26-27).

Апостал указвае тут праўду, якой Касцёл заўсёды надаваў вялікае значэнне: у глыбіні людскога сэрца была прывіта прага Бога і туга па Ім. З асабліваю сілаю прыпамінае аб гэтым і літургія Вялікай Пятніцы, калі заахвочваючы да малітвы за няверуючых, гаворыць: «Усемагутны, вечны Божа, Ты стварыў усіх людзей, каб заўсёды Цябе шукалі, а знайшоўшы Цябе, спазналі спакой»22. Таму існуе шлях, які чалавек, калі хоча, можа прайсці; пачатак яго настаўляе здольнасць розуму на тое, каб ён узнёсся па-над выпадковым і пашыбаваў у бок бясконцасці.

Рознымі спосабамі і ў розныя эпохі чалавек даказаў, што здольны выказаць гэтую ўнутраную прагу. Літаратура, музыка, жывапіс, скульптура, архітэктура і розныя іншыя плады яго творчага інтэлекту сталіся сродкамі выяўлення неспакою, які схіляе яго да пастаянных пошукаў. Гэта імкненне знайшло своеасаблівае выйсце ў філасофіі, якая пры дапамозе сваіх сродкаў і ўласцівых ёй навуковых метадаў выказала гэту універсальную прагу чалавека.

25. «Усе людзі прагнуць ведаць»23, а адпаведным аб'ектам гэтае прагі ёсць праўда. Нават у штодзённым жыцці мы назіраем, як кожны чалавек прыкладае вялікія намаганні, каб пазнаць аб'ектыўны стан рэчаў, не задавольваючыся інфармацыяй з другіх вуснаў. Чалавек - гэта адзіная істота ва ўсім бачным створаным свеце, якая не толькі здольная ведаць, але таксама ўсведамляе, што ведае, і таму прагне пазнаць істотную праўду таго, што бачыць. Нікому на самой справе не можа быць абыякавым, ці праўдзівыя яго веды. Калі чалавек адкрые, што яны фальшывыя, ён адкідвае іх; калі ж можа пераканацца ў іх праўдзівасці, адчувае задавальненне. Менавіта пра гэта гаворыць св. Аўгустын: «Я шмат сустрэў такіх людзей, якія б хацелі ашукваць, але такога, хто б хацеў быць ашуканым, сустрэць не давялося»24. Слушна лічыцца, што чалавек дасягнуў сталага веку тады, калі здольны самастойна адрозніць праўду ад фальшу і выпрацаваць уласную думку пра аб'ектыўны стан рэчаў. Менавіта тут знаходзіцца матывацыя размаітых пошукаў, асабліва ў галіне прыродазнаўчых навук, якія ў апошнія стагоддзі прынеслі такія значныя вынікі, спрычыняючыся да сапраўднага прагрэсу ўсяго чалавецтва.

Не менш важныя пошукі, чым у тэарэтычнай сферы, праводзяцца таксама ў сферы практычнай: я маю на ўвазе пошукі праўды, што датычыць дабра, якое трэба рэалізаваць. Бо, распачынаючы этычную дзейнасць і паводзячы сябе адпаведна з сваёю вольнаю і правільна сфармаванаю воляю, чалавек ступае на шлях, які вядзе да шчасця, і імкнецца да дасканаласці. Таксама ў гэтым выпадку яго мэтаю ёсць праўда. Гэтае перакананне я выказаў у энцыкліцы Veritatis splendor: «Не існуе маральнасці без свабоды. (...) Калі існуе права на пошукі праўды на ўласным шляху, то больш важны ў адносінах да яго сур'ёзны маральны абавязак, які ляжыць на кожным чалавеку, абавязак пошукаў праўды і трывання пры ёй, калі яе знойдзеш»25.

Таму неабходна, каб каштоўнасці, якія чалавек выбірае і да якіх імкнецца сваім жыццём, былі сапраўдныя, бо толькі дзякуючы сапраўдным каштоўнасцям ён можа стаць лепшым, ва ўсёй паўнаце развіваючы сваю прыроду. Чалавек не знаходзіць сапраўдных каштоўнасцяў, замыкаючыся ў сабе, а адкрываючыся і шукаючы іх таксама ў трансцэндэнтных вымярэннях у адносінах да самога сябе. Гэта абавязковая ўмова, якую кожны павінен выканаць, каб стаць сабою і ўзрастаць як асоба дарослая і сталая.

26. Праўда паўстае перад чалавекам найперш у выглядзе пытання: Ці мае сэнс жыццё? Да чаго яно імкнецца? На першы погляд існаванне асобы здаецца абсалютна пазбаўленым сэнсу. Не трэба нават звяртацца да філасофіі абсурду, ані да правакацыйных пытанняў Кнігі Ёва, каб усумніцца ў сэнсе жыцця. Штодзённы вопыт уласнага і чужога цярпення, шматлікія падзеі, якія адбываюцца на нашых вачах і якія розум не ў стане растлумачыць - усяго гэтага дастаткова, каб непазбежна ўзнікла драматычнае пытанне пра сэнс жыцця26. Тут яшчэ трэба дадаць, што першая, абсалютна несумненная праўда нашага існавання (па-за самім фактам існавання) - гэта непазбежнасць смерці. Такая трывожная рэчаіснасць штурхае нас шукаць вычарпальны адказ. Кожны прагне - і павінен - пазнаць праўду аб тым, што яго чакае. Кожны хоча ведаць, ці будзе смерць канчатковаю мяжою яго існавання, ці таксама ёсць нешта, што не знікае са смерцю; ці можна мець надзею на жыццё пасля смерці, ці не. Мае значэнне і той факт, што філасофская думка атрымала асаблівы імпульс пасля смерці Сакрата, які вызначыў яе кірунак больш як на два тысячагоддзі. Таму невыпадкова філосафы, разважаючы аб факце смерці, увесь час наноў уздымалі гэту праблему, а разам з ёю пытанне сэнсу жыцця і несмяротнасці.

27. Гэтых пытанняў ніхто не можа пазбегнуць: ані філосаф, ані звыклы чалавек. Ад адказу на іх залежыць вырашальны этап пошукаў: ці магчыма дасягнуць універсальнай і абсалютнай ісціны. Па сваёй прыродзе кожная ісціна, хоць бы часткова, калі яна сапраўды ісціна, з'яўляецца універсальнаю. Праўдзівае павінна быць праўдзівым заўсёды і для ўсіх. Аднак жа па-за такога роду паўсядзённасцю чалавек шукае абсалюту, які быў бы ў стане даць адказ на ўсе яго пошукі і надаць ім сэнс: шукае чагосьці найглыбейшага, што складала б фундамент усіх рэчаў. Інакш кажучы, шукае канчатковага адказу, найвышэйшай каштоўнасці, па-за якімі ўжо няма і быць не можа ані далейшых пытанняў, ані іншых кропак адліку.

Гіпотэзы могуць захапляць, але не прыносяць заспакаення. У жыцці кожнага чалавека прыходзіць хвіліна, калі (нягледзячы на тое, прызнаецца ён у гэтым, ці не) ён адчувае патрэбу заглыблення свайго існавання ў праўдзе, прызнанай канчатковаю, якая дала б яму пэўнасць, што не падлягае ўжо ніякім сумненням.

На працягу стагоддзяў філосафы стараліся адкрыць і выказаць такога роду праўду, ствараючы розныя сістэмы і школы. Аднак, апроч філасофскіх школаў, існуюць яшчэ іншыя формы, у якіх чалавек спрабуе выказаць якуюсь сваю «філасофію»: гэта яго асабістыя перакананні і вопыт, сямейныя і культурныя традыцыі альбо пэўны «экзістэнцыяльны шлях», на якім ён давярае свой лёс аўтарытэту настаўніка. У кожнай з гэтых формаў заўсёды жывою застаецца прага дасягнуць бясспрэчнай ісціны, якая мае абсалютную каштоўнасць.

Розныя абліччы людской праўды

28. Аднак трэба прызнаць, што не заўсёды пошукі праўды паслядоўна ідуць у так выразна акрэсленым кірунку. Прыродная абмежаванасць розуму і нясталасць сэрца часта ўскладняюць людскія пошукі і зводзяць іх на аблудны шлях. Розныя іншыя памкненні могуць стацца мацнейшымі за праўду. Бывае таксама, што чалавек проста ўцякае перад праўдаю, як толькі здаля яе ўбачыць, бо баіцца яе наступстваў. Аднак нават тады, калі ён яе пазбягае, праўда ўплывае на ягонае жыццё. Бо чалавек не можа ўгрунтаваць свайго жыцця на чымсьці неакрэсленым, на няпэўнасці альбо ілжы, бо такое жыццё было б пастаянна прасякнута страхам і неспакоем. Таму чалавека можна акрэсліць як таго, хто шукае праўды.

29. Недапушчальна, каб пошукі, якія так глыбока ўкаранёныя ў людской натуры, былі цалкам бязмэтныя і пазбаўленыя сэнсу. Ужо сама здольнасць шукаць праўды і ставіць пытанні дае першы адказ. Чалавек не распачынаў бы пошукаў чагосьці, аб чым нічога б не ведаў і што лічыў бы абсалютна недасягальным. Толькі перспектыва атрымання адказу можа падштурхнуць яго да першага кроку. Сапраўды, менавіта так звычайна бывае ў працэсе навуковых даследаванняў. Калі навуковец, які кіруецца нейкаю інтуіцыяй, пачынае шукаць лагічнага і апраўданага тлумачэння пэўнай з'явы, ён з самага пачатку перакананы, што знойдзе адказ; таму ён і не палохаецца няўдачаў. Ён не лічыць марнаю гэтай першаснай інтуіцыі толькі таму, што не дасягнуў сваёй мэты; хутчэй, слушна прызнае, што пакуль яму не ўдалося знайсці адпаведнага рашэння.

Такія самыя прынцыпы павінны кіраваць і пошукамі ісціны ў сферы вечных пытанняў. Прага праўды так глыбока ўкаранёна ў сэрцы чалавека, што калі б ён павінен быў ад яе адрачыся, гэта прывяло б да экзістэнцыяльнага крызісу. Дастаткова прыгледзецца да штодзённага жыцця, каб заўважыць, што кожны з нас пастаянна задае сабе пэўныя адвечныя пытанні і разам з тым носіць у сэрцы хоць бы абрыс адказаў на іх. Прытым мы перакананыя ў іх праўдзівасці, у чым умацоўвае нас таксама назіранне, што яны істотна не адрозніваюцца ад адказаў, да якіх прыйшлі многія іншыя людзі. Зразумела, не кожная спазнаная праўда мае такую самую каштоўнасць. Аднак сума дасягнутых вынікаў пацвярджае, што чалавек у прынцыпе здольны дайсці да праўды.

30. Можа, цяпер варта бегла разгледзець гэтыя розныя віды праўды. Найбольш тых, што абапіраюцца на доказы непасрэдна даступныя альбо тых, якія можна пацвердзіць эксперыментальна. Гэта шэраг ісцінаў, якія датычаць штодзённага жыцця і сферы навуковых даследаванняў. На іншай глебе ўгрунтаваныя ісціны філасофскага характару, да якіх чалавек даходзіць дзякуючы здольнасці розуму да абстрагавання. Урэшце існуюць рэлігійныя ісціны, якія ў пэўнай ступені сваімі каранямі сягаюць таксама філасофіі. Яны - у адказах, якія розныя рэлігійныя традыцыі даюць на адвечныя пытанні27.

Што датычыць філасофскіх ісцінаў, то трэба зазначыць, што яны не знаходзяцца выключна ў прафесійных дактрынах філосафаў, якія, зрэшты, часта аказваюцца недаўгавечнымі. Як я ўжо сказаў, кожны чалавек у пэўным сэнсе з'яўляецца філосафам і мае ўласныя філасофскія канцэпцыі, якімі кіруецца ў жыцці. Тым ці іншым чынам фармуе свой светапогляд і знаходзіць адказ на пытанне пра сэнс уласнага жыцця: у такім святле інтэрпрэтуе свой асабісты вопыт і кіруе сваімі паводзінамі. Менавіта тут мы павінны задаць пытанне пра сувязь паміж філасофска-рэлігійнымі ісцінамі і праўдаю, аб'яўленаю ў Езусе Хрысце. Перш чым мы на яго адкажам, трэба задумацца над яшчэ адною з'яваю, на якую звяртае ўвагу філасофія.

31. Чалавек не створаны для таго, каб жыць самотна. Ён нараджаецца і вырастае ў сям'і, каб пасля сваёю працаю ўключыцца ў грамадскае жыццё. Таму з моманту нараджэння ён звязаны з рознымі традыцыямі і пераймае ад іх не толькі мову і культурны багаж, але таксама шматлікія ісціны, у якія верыць у пэўнай ступені інстынктыўна. У перыяд дарастання і сталення асобы гэтыя ісціны могуць быць перагледжаны і крытычна пераацэнены, што з'яўляецца асабліваю формаю мысліцельнай актыўнасці. Аднак, пасля завяршэння гэтага працэсу, бывае, што чалавек нанова прымае тыя самыя ісціны, абапіраючыся на ўласны досвед альбо на свае разважанні. Нягледзячы на гэта, у жыцці чалавека і надалей застаецца нашмат больш ісцінаў, у якія ён проста верыць, чым тых, якія прыняў у выніку асабістай пераацэнкі. Бо хто ж быў бы ў стане паддаць крытычнай ацэнцы безліч вынікаў навуковых даследаванняў, якія ляжаць у аснове сучаснага жыцця? Хто ж мог бы ўласнаручна кантраляваць паток інфармацыі, якая штодня прыходзіць з усіх куткоў свету і якая ў асноўным прымаецца як праўдзівая? Хто ж урэшце мог бы нанова прайсці шляхі вопыту і шляхі вынаходніцтваў, на якіх чалавецтва сабрала скарбы мудрасці і рэлігійнасці? Такім чынам, чалавек, істота, якая шукае праўды, ёсць таксама тым, хто жыве вераю.

32. Верачы, чалавек давярае ведам, здабытым іншымі. Тут можна заўважыць характэрную супярэчнасць: з аднаго боку здаецца, што веды, угрунтаваныя на веры, - гэта недасканалая форма ведаў, якія трэба паступова ўдасканальваць, асабіста здабываючы доказы для іх пацвярджэння; з другога ж боку - вера ў параўнанні са звыклым пазнаннем, угрунтаваным на несумненных доказах, аб'яўляецца часта як рэчаіснасць, багацейшая на пэўнае людское вымярэнне, бо звязана з міжасабовымі адносінамі і актывізуе не толькі асабістыя пазнавальныя здольнасці, але таксама глыбей укаранёную здольнасць даверу да іншых людзей, здольнасць устанаўлення з імі больш трывалай і цеснай сувязі.

Трэба падкрэсліць, што ў такіх міжасабовых адносінах галоўным прадметам пошукаў не ёсць ані эмпірычныя, ані філасофскія ісціны. Тут хутчэй вядуцца пошукі ісціны пра самую асобу: кім яна ёсць і што сабой уяўляе. Бо чалавек удасканальваецца не толькі здабываючы абстрактныя веды пра ісціну, але праз свае адносіны з іншым чалавекам, якія выяўляюцца ў самаадданасці і ў вернасці. У той вернасці, якая робіць чалавека здольным да самаахвярнасці, ён знаходзіць паўнату ўпэўненасці і бяспекі. Аднак разам з тым пазнанне, угрунтаванае на веры, падставаю якога ёсць давер паміж асобамі, таксама звязана з ісцінаю: верачы, чалавек давярае ісціне, якую ўказвае яму іншая асоба.

Колькі ж можна было б прывесці прыкладаў, каб гэта праілюстраваць! Аднак адразу ўсплывае ў памяці сведчанне мучанікаў. Бо мучанік - гэта найбольш аўтэнтычны сведка праўды пра жыццё. Ён ведае, што дзякуючы спатканню з Езусам Хрыстом адкрыў праўду пра ўласнае жыццё і гэтай упэўненасці ніхто і нішто не здолее ў яго адабраць. Ані цярпенне, ані смерць, выкліканая насіллем, не змусяць яго адступіць ад праўды, якую ён адкрыў пры спатканні з Хрыстом. Вось чаму па сённяшні дзень сведчанне мучанікаў не перастае захапляць, знаходзіць прызнанне, прыцягвае ўвагу і заахвочвае да наследвання. Мы давяраем іх слову таму, што бачым у іх яскравае сведчанне любові, якая не патрабуе доўгіх тлумачэнняў, каб нас пераканаць, бо гаворыць кожнаму чалавеку пра тое, што ён у глыбіні душы ўжо лічыць праўдаю і чаго здаўна шукае. Мучанік выклікае ў нас глыбокі давер, бо кажа тое, што мы ўжо прадчуваем, і адкрыта выказвае тое, што мы таксама хацелі б умець выказаць.

33. Такім чынам, мы бачым, як дадзеная праблема паўстае перад намі ва ўсіх сваіх аспектах. Чалавек па сваёй прыродзе шукае праўды. Мэта гэтых пошукаў - не толькі пазнанне частковых ісцінаў, якія залежаць ад эмпірычных падзеяў і навуковых фактаў; чалавек імкнецца не толькі да таго, каб у кожным са сваіх рашэнняў выбраць сапраўднае дабро. Яго пошукі скіраваныя да глыбейшай ісціны, якая можа адкрыць яму сэнс жыцця; таму гэтыя пошукі могуць дасягнуць мэты толькі ў абсалюце28. Дзякуючы прыроджанай здольнасці мыслення чалавек можа знайсці і распазнаць такую ісціну. Паколькі гэта праўда мае важнае і істотнае значэнне для яго жыцця, ён даходзіць да яе не толькі шляхам разважання, але таксама праз шчыры давер да іншых людзей, якія могуць паручыцца за беспамылковасць і праўдзівасць гэтай жа ісціны. Здольнасць і рашучасць даверыць самога сябе і ўласны лёс іншаму чалавеку - гэта, несумненна, адно з найбольш важных і пераканальных дзеянняў з пункту погляду антрапалогіі.

Не трэба забываць, што розум таксама мае патрэбу абаперціся ў сваіх пошуках на даверлівы дыялог і шчырае сяброўства. Атмасфера падазронасці і недаверу, якая спадарожнічае часам тэарэтычным даследванням, супярэчыць вучэнню старажытных філосафаў, паводле якіх сяброўства найбольш спрыяе здаровай філасофскай рэфлексіі.

З усяго вышэй сказанага вынікае, што чалавек знаходзіцца на шляху пошукаў, якіх уласнымі сіламі нельга завяршыць: чалавек шукае праўды і шукае асобы, якой мог бы паверыць. Хрысціянская вера выходзіць яму насустрач і ўказвае канкрэтную магчымасць дасягнення мэты гэтых пошукаў. Яна дапамагае яму пераадолець стадыю наіўнай веры і ўводзіць яго ў стан ласкі, у якім ён можа заслужыць удзел у таямніцы Хрыста, а ў Ім атрымаць сапраўднае і поўнае пазнанне Бога ў Тройцы Адзінага. Такім чынам, у Езусе Хрысце, які ёсць сама Праўда, вера бачыць найвышэйшае пакліканне чалавецтва, якое дазваляе яму здзейсніць тое, чаго яно прагне і па чым тужыць.

34. Гэта ісціна, якую Бог аб'явіў нам у Езусе Хрысце, не супярэчыць ісцінам, да якіх можна дайсці шляхам філасофскай рэфлексіі. Наадварот, гэтыя два спосабы пазнання вядуць да паўнаты праўды. Адзінства праўды - галоўны пастулат чалавечага розуму, выяўлены ўжо ў законе супярэчнасці. Аб'яўленне пераконвае ў гэтым адзінстве, указваючы, што Бог Створца - гэта таксама Бог гісторыі збаўлення. Адзін і той жа Бог - фундамент і зарука пазнавальнасці і рацыянальнасці натуральнага парадку рэчаў, на які з даверам абапіраюцца людзі навукі29, - аб'яўляецца таксама як Айцец нашага Пана Езуса Хрыста. Гэта адзінства натуральнай і аб'яўленай праўды знаходзіць жывое і асабовае ўцелаўленне ў Хрысце, як прыпамінае Апостал: «Праўда ў Езусе» (пар. Эф 4, 21; пар. Клс 1, 15-20). Ён - Адвечнае Слова, у якім усё было створана, і разам з тым - Уцелаўлёнае Слова, якое ўсёю сваёю асобаю30 аб'яўляе Айца (пар. Ян 1, 14. 18). Тое, чаго чалавечы розум шукае «не ведаючы» (Дз 17, 23), знайсці можна толькі праз Хрыста: бо тое, што ў Ім аб'яўляецца, ёсць «поўняю праўды» (пар. Ян 1, 14-16) кожнай істоты, якая ў Ім і праз Яго была створана, і таму ў Ім знаходзіць спаўненне (пар. Клс 1, 17).

35. На аснове гэтых агульных развагаў цяпер трэба бліжэй даследаваць сувязь паміж аб'яўленаю праўдаю і філасофіяй. Сувязь гэта вымагае разгляду ў падвойнай перспектыве, таму што праўда, указаная нам праз Аб'яўленне, ёсць разам з тым праўдаю, якую мы павінны спасцігаць у святле розуму. Толькі ў святле такога падвойнага тлумачэння можна вызначыць сапраўдную сувязь паміж аб'яўленаю праўдаю і філасофскімі ведамі. А таму прыгледзімся найперш да адносінаў паміж вераю і філасофіяй на працягу гісторыі. На гэтай аснове можна будзе ўказаць пэўныя прынцыпы, якія з'яўляюцца кропкамі адліку і якія дапамогуць нам вызначыць сапраўдную сувязь паміж гэтымі двума відамі пазнання.

ІV РАЗДЗЕЛ
СУАДНОСІНЫ ПАМІЖ ВЕРАЮ І РОЗУМАМ

Найважнейшыя этапы спаткання веры і розуму

36. Як сведчаць Апостальскія Дзеі, хрысціянскаму пасланню з самага пачатку даводзілася сутыкацца з рознымі тагачаснымі плынямі філасофскай думкі. У гэтай кнізе апісваецца дыскусія, якую св. Павел вёў у Афінах з «некаторымі з філосафаў эпікурэйцаў ды стоікаў» (пар. 17, 18). Эгзегетычны аналіз яго мовы на Арэапагу дазваляе заўважыць у ёй шматлікія алюзіі на распаўсюджаныя тады погляды, якія бралі свой пачатак галоўным чынам у думцы стоікаў. Несумненна, гэта было невыпадкова. Калі першыя хрысціяне хацелі, каб пагане іх зразумелі, яны не маглі спасылацца выключна на «Майсея і прарокаў», яны павінны былі таксама выкарыстоўваць натуральнае пазнанне Бога і голас сумлення кожнага чалавека (пар. Рым 1, 19-21; 2, 14-15; Дз 14, 16-17). Аднак, паколькі ў паганскай рэлігіі гэта натуральнае пазнанне было замглёна ідалапаклонствам (пар. Рым 1, 21-32), апостал палічыў мэтазгодным у сваёй пропаведзі спаслацца на думку філосафаў, якія з самага пачатку супрацьпастаўлялі міфам і таямнічым культам тыя канцэпцыі, што падкрэслівалі Боскую трансцэндэнтнасць.

Класічныя філосафы найбольш імкнуліся ачысціць уяўленне чалавека пра Бога ад міфалагічных напластаванняў. Як вядома, грэцкая рэлігія, гэтаксама як і большасць касмічных рэлігій, мела політэістычны характар і прыпісвала боскія ўласцівасці нават прадметам і з'явам прыроды. Спробы чалавека зразумець паходжанне бостваў і тым самым таксама сусвету першапачаткова выяўляліся ў паэзіі. Тэагоніі па сённяшні дзень застаюцца першым сведчаннем гэтых людскіх пошукаў. Заданнем першых стваральнікаў філасофіі было выяўленне сувязі паміж розумам і рэлігіяй. Сягаючы позіркам далей, да універсальных прынцыпаў, яны ўжо не спыняліся на антычных міфах, але хацелі рацыянальна абгрунтаваць свае вераванні ў боскасць. Такім чынам яны ступілі на шлях, які, выходзячы са старажытных мясцовых традыцый, распачынаў працэс развіцця, што адпавядаў патрабаванням усеагульнага розуму. Мэтаю гэтага працэсу было крытычнае стаўленне да прадметаў веры. Такое пачынанне аказалася карысным перш за ўсё для самой канцэпцыі боскасці. Ад рэлігіі быў аддзелены пласт забабонаў, і прынамсі часткова яна была ачышчана шляхам рацыянальнага аналізу. Менавіта на гэтай падставе Айцы Касцёла наладзілі плённы дыялог са старажытнымі філосафамі, адкрываючы шлях для абвяшчэння і пазнання Бога, аб'яўленага ў Езусе Хрысце.

37. Аднак, гаворачы пра гэтую з'яву набліжэння хрысціянаў да філасофіі, трэба нагадаць, што яны разам з тым захоўвалі асцярогу адносна некаторых іншых элементаў паганскай культуры, такіх, напрыклад, як гностыка. Філасофію, што ўспрымалася як практычная мудрасць і школа жыцця, можна было лёгка зблытаць з пэўнаю формаю таямнічых, эзатэрычных ведаў, прызначаных для нямногіх выбраных. Напэўна, менавіта такога тыпу эзатэрычныя спекуляцыі меў на ўвазе св. Павел, калі перасцерагаў Каласянаў: «Глядзіце, каб хто не звёў вас філасофіяй і пустым подступам па пераказе чалавечым, па стыхіях свету, а не па Хрысту» (2, 8). Як жа актуальна гучаць гэтыя словы Апостала адносна разнастайных формаў эзатэрызму, якія пашыраюцца таксама й сёння ў некаторых асяроддзях людзей веруючых, пазбаўленых адпаведнага крытычнага пачуцця. Услед за св. Паўлам іншыя пісьменнікі першых стагоддзяў, асабліва св. Ірэней і Тэртуліан, крытычна выказваліся на тэму пэўнай культурнай тэндэнцыі, якая спрабавала падпарадкаваць праўду Аб'яўлення інтэрпрэтацыі філосафаў.

38. Такім чынам, да спаткання хрысціянства з філасофіяй не дайшло імгненна і без цяжкасцяў. Заняткі ёю і наведванне філасофскіх школаў здаваліся першым хрысціянам хутчэй перашкодаю, чым дапамогаю. Сваім першым і самым неадкладным заданнем яны лічылі абвяшчэнне паслання пра ўваскрослага Хрыста, з якім належала пазнаёміць іншага чалавека пры непасрэднай з ім сустрэчы так, каб схіліць яго да навяртання сэрца і да просьбы аб хрышчэнні. Аднак гэта не азначае, што яны не клапаціліся пра больш глыбокае разуменне веры і яе доказаў. Зусім наадварот. Таму закіды Цэльса ў бок хрысціянаў, што яны людзі «непісьменныя і нявыхаваныя», няслушныя і беспадстаўныя31. Тлумачэнне гэтага першапачатковага недахопу зацікаўленасці з іх боку трэба шукаць у чымсьці іншым. На самай справе, дзякуючы сустрэчы з Евангеллем, яны атрымлівалі такі вычарпальны адказ на дасюль невырашальныя пытанні пра сэнс жыцця, што наведванне школаў філосафаў здавалася ім практыкаю, адарванаю ад рэчаіснасці і ў пэўным сэнсе састарэлаю.

Гэта становіцца яшчэ больш ясным, калі мы ўсвядомім сабе, што адным з новаўвядзенняў, прынесеных хрысціянствам, было прызнанне агульнага права на пазнанне праўды. Абвяргаючы расавыя, сацыяльныя і полавыя бар'еры, хрысціянства з самага пачатку абвяшчала роўнасць усіх людзей перад Богам. Першым вынікам такога падыходу было змяненне адносінаў да праблемы праўды. Пошукі праўды цалкам страцілі элітарны характар, які мелі ў старажытных: паколькі доступ да праўды - гэта дабро, якое дазваляе дайсці да Бога, усе павінны мець магчымасць прайсці гэты шлях. Надалей існуе шмат шляхоў, якія вядуць да праўды, аднак, паколькі хрысціянская праўда мае збаўчую каштоўнасць, можна ісці кожным з гэтых шляхоў пры ўмове, што ён прывядзе да канчатковай мэты, гэта значыць, да аб'яўлення Езуса Хрыста.

Як піянера канструктыўнага дыялогу з філасофскаю думкаю, што праўда, адметнага асцярожнасцю і разважнасцю, трэба назваць св. Юстына: хоць ён і захаваў вялікую павагу да грэцкай філасофіі, нават пасля навяртання, сцвярджаў пераканана і адназначна, што ў хрысціянстве знайшоў «адзіную беспамылковую і прыдатную філасофію»32. Гэтаксама св. Клімент Александрыйскі называў Евангелле «сапраўднаю філасофіяй»33 і лічыў філасофію (па аналогіі з Майсеевым правам) уводзінамі ў хрысціянскую веру34 і падрыхтоўкаю да Евангелля35. Паколькі «філасофія прагне такой разнавіднасці мудрасці, якая заключаецца ў праведнасці душы і слова, а таксама ў чысціні жыцця, яна зычлівая да мудрасці і робіць усё магчымае, каб яе асягнуць. Мы называем філосафамі тых, хто любіць мудрасць, якая ёсць стваральнаю крыніцаю ўсіх рэчаў і аб усім навучае, гэта значыць ёсць пазнаннем Сына Божага»36. Паводле Клімента Александрыйскага, галоўная мэта грэцкай філасофіі - не дапаўненне альбо ўмацаванне хрысціянскай праўды, а хутчэй, абарона веры: «Навука Збаўцы - сама па сабе дасканалая і не патрабуе апоры, бо яна - моц і мудрасць Божая. Грэцкая філасофія не ўносіць нічога, што ўмацоўвала б праўду, аднак, паколькі яна робіць марнымі ўсе нападкі сафістыкі і адкідвае падступныя атакі супроць праўды, яе слушна называюць агароджаю і абарончым мурам вінаградніку»37.

39. Аднак у гісторыі гэтага працэсу можна заўважыць праявы крытычнага пераймання філасофскай думкі хрысціянскімі мыслярамі. Сярод першых прыкладаў, якія можна сустрэць, несумненна, знамянальная постаць Арыгена. Абвяргаючы папрокі філосафа Цэльса, Арыген паслугоўваецца філасофіяй Платона, каб угрунтаваць на ёй свае аргументы і адказы. Звяртаючыся да шматлікіх элементаў думкі Платона, ён пачынае фармаваць першаасновы хрысціянскай тэалогіі. Бо ажно да таго часу сама назва і ідэя тэалогіі як рацыянальнай рэфлексіі пра Бога была яшчэ звязана з грэцкаю культураю, з якой паходзіла. Напрыклад, у арыстоцелеўскай філасофіі тэрмінам «тэалогія» абазначалася найбольш узнёслая частка і сапраўды вяршыннае дасягненне філасофскай рэфлексіі. У святле ж хрысціянскага Аб'яўлення тое, што раней абазначала агульную дактрыну аб боствах, атрымала абсалютна новы сэнс, абазначаючы рэфлексію верніка з мэтаю сфармуляваць сапраўднае вучэнне пра Бога. Гэта новая хрысціянская думка, якая паступова развівалася, паслугоўвалася філасофіяй, аднак разам з тым яўна імкнулася ад яе адмежавацца. Гісторыя паказвае, што нават думка Платона, успрынятая тэалогіяй, перацярпела глыбокія трансфармацыі, асабліва такія яе элементы, як несмяротнасць душы, абагаўленне чалавека і паходжанне зла.

40. У гэтым працэсе хрысціянізацыі платонаўскай і неаплатонаўскай думкі асаблівай увагі заслугоўваюць Кападакійскія айцы, Дыянісій, званы Арэапагітам, а перадусім св. Аўгустын. Гэты вялікі Настаўнік заходняга Касцёла сутыкнуўся з многімі філасофскімі школамі, аднак ніводная з іх не апраўдала ягоных спадзяванняў. Калі ён стаў перад абліччам праўды хрысціянства, то знайшоў у сабе дастаткова сілы, каб здзейсніць гэтае радыкальнае навяртанне, да якога яго не здолелі схіліць сустрэтыя раней філосафы. Вось як сам ён апісвае матывы гэтага кроку: «...я пачаў ужо прызнаваць за каталіцкаю навукаю перавагу над маніхейскаю. Я лічыў, што характарызуе яе і большая сціпласць, і большая сумленнасць, бо яна дамагаецца, каб у некаторыя рэчы чалавек верыў без прычыны - ці то таму, што на самай справе іх можна даказаць, але не ўсе гэта зразумелі б, ці то таму, што ўвогуле нельга іх даказаць»38. Тых жа платонікаў, да якіх Аўгустын асаблівым чынам звяртаўся, ён папракаў у тым, што хоць яны й ведалі мэту, да якой трэба імкнуцца, але не спасціглі шляху, які да яе вядзе, а менавіта - Уцелаўлёнага Слова39. Біскуп Гіпоны здолеў стварыць першы вялікі сінтэз філасофскага і тэалагічнага вучэння, у якім сышліся розныя плыні грэцкай і лацінскай думкі. Таксама гэты вялікі сінтэз ведаў, заснаваных на біблійнай мудрасці, быў пацверджаны і ўмацаваны глыбінёю абстрактнай думкі. Сінтэз, здзейснены св. Аўгустынам, застаўся на цэлыя стагоддзі самаю дасканалаю формаю філасофскай і тэалагічнай рэфлексіі, вядомай на Захадзе. Багаты асабісты вопыт і незвычайная святасць жыцця дапамаглі Аўгустыну ўвесці ў свае працы шматлікія элементы, якія, дзякуючы свайму паяднанню з вопытам, прадвызначылі развіццё пэўных плыняў філасофіі.

41. Такім чынам, розныя былі формы сувязяў, якія Айцы Усходу і Захаду наладзілі з філасофскімі школамі. Гэта не значыць, што яны атаясамлялі змест свайго вучэння з сістэмамі, на якія спасылаліся. Пытанне, пастаўленае Тэртуліанам: «Што ж агульнага паміж Афінамі і Ерузалемам? А што ж паміж Акадэміяй і Касцёлам?»40 - выразнае сведчанне крытычнага стаўлення, з якім хрысціянскія мысляры з самага пачатку разглядалі праблему адносінаў паміж вераю і філасофіяй, бачачы ўсе іх пазітыўныя аспекты і іх межы. Яны не былі наіўнымі мыслярамі. Менавіта таму, што яны глыбока перажывалі сутнасць веры, ім удалося сягнуць да найглыбейшых формаў спекулятыўнага мыслення. Таму няслушнае і аднабаковае меркаванне, што іх дзейнасць складалася выключна з адлюстравання праўдаў веры ў філасофскіх катэгорыях. Яны здзейснілі значна больш. Бо здолелі паказаць у поўным святле тое, што толькі ўскосна і ў агульных рысах існавала ў думцы вялікіх старажытных філосафаў41. Заданнем гэтых апошніх, як я ўжо сказаў, было паказаць, якім чынам розум, вызвалены ад знешніх аковаў, можа выйсці са сляпога завулку міфаў, каб паўней адкрыцца на трансцэндэнтнае. Ачышчаны і правільна сфармаваны розум быў такім чынам у стане ўзняцца на вышэйшы ўзровень рэфлексіі, ствараючы моцны фундамент для спасціжэння быцця, трансцэндэнтнай існасці і абсалюту.

Менавіта ў гэтым навізна справы Айцоў Касцёла. Яны ва ўсёй паўнаце перанялі здабыткі розуму, адкрытага на абсалют, і прышчапілі яму багацці, пачэрпнутыя з Аб'яўлення. Гэта спатканне адбылося не толькі ў сферы культураў, з якіх адна можа захапляцца другою; яно наступіла ў глыбіні інтэлектаў і было спатканнем стварэння са сваім Створцам. Розум пераўзышоў нават мэту, да якой падсвядома імкнуўся з прычыны ўласнай прыроды, і здолеў адшукаць найвышэйшае дабро і найвышэйшую праўду ў асобе Уцелаўлёнага Слова. Аднак у кантакце з філосафамі Айцы не вагаліся ўказаць ім як на агульныя элементы, так і на тое, што іх адрознівала ад Аб'яўлення. Усведамленне падабенства не перашкаджала ім заўважаць адрозненні.

42. У схаластычнай тэалогіі роля розуму, сфармаванага ў школе філасофіі, становіцца яшчэ больш значная пад уплывам анзэльмаўскай інтэпрэтацыі паняцця intellectus fidei («уразуменне веры». - Заўв. пер.). Паводле святога арцыбіскупа Кантэрберыйскага, прынцып прымату веры не забараняе розуму весці самастойныя пошукі, бо задача розуму - не ў ацэнцы сутнасці веры; ён не мог бы справіцца з такім заданнем, бо не здольны да гэтага. Яго роля заключаецца, хутчэй, у пошуках сэнсу, у адкрыцці рацыянальных доказаў, якія дазволяць усім людзям пэўным чынам зразумець сутнасць веры. Святы Анзэльм падкрэслівае, што розум павінен шукаць тое, што любіць: чым мацней любіць, тым мацней прагне пазнаць. Хто жыве дзеля праўды, той імкнецца да пэўнай формы пазнання, якая распальвае ў ім усё большую любоў да таго, што ён спасцігае, хоць разам з тым ён сам павінен прызнаць, што не дасягнуў яшчэ ўсяго, чаго б прагнуў: «Ad te videndum factus sum; et nondum feci propter quod factus sum»42. Такім чынам, прага спасцігнуць ісціну загадвае розуму ісці ўсё далей; розум не перастае здзіўляцца сваёй усёўзрастаючай здольнасці разумення таго, што адкрывае. Аднак у гэты момант розум таксама ў стане заўважыць, дзе знаходзіцца мяжа яго шляху: «Бо я мяркую, што той, хто даследуе рэч незразумелую, павінен быць задаволены тым, што здолее на шляху разважання распазнаць з цалкавітаю ўпэўненасцю гэтую рэчаіснасць, хоць не здолее розумам разгадаць спосабу яе існавання. (...) Зрэшты, ці ёсць штосьці гэтак жа неспасцігальнае і невымоўнае як тое, што ёсць па-над усім? Такім чынам, калі тое, што дасюль было сказана на тэму найвышэйшай сутнасці, мае неабходнае абгрунтаванне, то нават калі яе нельга спасцігнуць розумам, каб магчы яе апісаць таксама словамі, непарушным застаецца фундамент, на які абапіраецца надзейнасць яе існавання. Бо, калі дзякуючы папярэдняй рэфлексіі розум спасцігнуў рацыянальным спосабам, што неспасцігальны (rationabiliter comprehendit incomprehensibile esse) спосаб, якім найвышэйшая мудрасць пазнае тое, што здзейсніла (...), то хто ж зможа растлумачыць, як яна пазнае і акрэслівае самую сябе - тая, пра якую чалавек не можа ведаць нічога альбо амаль нічога?»43

Тут яшчэ раз была пацверджана асноўная гармонія паміж філасофскім пазнаннем і пазнаннем веры: вера вымагае, каб яе прадмет спасцігаўся розумам; розум, дасягаючы вяршыні сваіх пошукаў, прызнае, наколькі неабходнае яму тое, што аб'яўляе вера.

Непрамінальная навізна думкі св. Тамаша Аквінскага

43. Асаблівую ролю ў гэтым доўгім працэсе адыграў св. Тамаш - і не толькі ў сувязі са зместам сваёй дактрыны, але і ў сувязі з дыялогам, які ён здолеў наладзіць з тагачаснаю арабскаю і габрэйскаю філасофіяй. У эпоху, калі хрысціянскія мысляры нанова адкрывалі скарбы старажытнай філасофіі, а дакладней, арыстоцелеўскай, вялікая заслуга Тамаша была ў тым, што ён вельмі ясна паказаў гармонію, якая існуе паміж вераю і розумам. Ён даказваў, што паколькі і святло веры, і святло розуму паходзяць ад Бога, то не могуць адно аднаму супярэчыць44.

Трактуючы праблему яшчэ больш радыкальна, Тамаш прызнае, што прырода - сапраўдны аб'ект даследванняў філасофіі - можа спрычыніцца да зразумення Божага Аб'яўлення. Значыць, вера не баіцца розуму, а шукае яго дапамогі і давярае яму. Гэтак, як ласка засноўваецца на прыродзе і ўдасканальвае яе45, гэтак і вера засноўваецца на розуме і ўдасканальвае яго. Розум, асветлены вераю, вызваляецца ад недахопаў і абмежаванняў, крыніцаю якіх ёсць грэхападзенне, і атрымлівае патрэбную моц, каб узнесціся да пазнання таямніцы Бога ў Тройцы Адзінага. Хоць Анёльскі Настаўнік выразна падкрэсліваў звышнатуральны характар веры, ён не забываў таксама пра тое, якую каштоўнасць уяўляе разумнасць веры; наадварот, ён умеў яе глыбока аналізаваць і дакладна вызначаць яе сэнс. Бо менавіта вера ў пэўным сэнсе ёсць «дзеяннем думкі»; чалавечы розум не павінен ані абвяргаць самога сябе, ані прыніжаць сябе, каб прыняць праўды веры; чалавек заўсёды прыходзіць да іх у выніку дабравольнага і свядомага выбару46.

Менавіта таму Касцёл заўсёды слушна лічыў св. Тамаша настаўнікам майстэрства мыслення і ўзорам належнага вывучэння тэалогіі. У гэтым кантэксце мне хацелася б прыгадаць словы, якія напісаў мой папярэднік, слуга Божы Павел VІ, у сувязі з семсотгоддзем з дня смерці Анёльскага Настаўніка: «Несумненна, Тамаш вызначаўся ў найвышэйшай ступені адвагаю праўды, свабодаю духу ў вырашэнні новых праблемаў і інтэлектуальнаю сумленнасцю, якая не дапускае заражэння хрысціянства свецкаю філасофіяй, але таксама не адкідвае яе загадзя. Таму ён увайшоў у гісторыю хрысціянскай думкі як піянер, што вызначае новы шлях філасофіі і агульнай культуры. Цэнтральным пунктам і як бы самім ядром вырашэння праблемы новых узаемаадносінаў паміж розумам і вераю, якія ён указаў, кіруючыся геніем сваёй прарочай інтуіцыі, было прымірэнне секулярнай прыроды свету з радыкалізмам Евангелля, дзякуючы чаму ён пазбегнуў неадпаведнага прыродзе адмаўлення ад свету і яго каштоўнасцяў, не адыходзячы пры тым ад найвышэйшых і непахісных прынцыпаў звышнатуральнага парадку»47.

44. Да вялікіх інтуітыўных прадбачанняў св. Тамаша належыць таксама тое, што ўказвае на ролю Духа Святога ў працэсе дарастання чалавечых ведаў да вяршыні мудрасці. Ужо на першых старонках свае Summa Theologiae48 Аквінат прагнуў паказаць першынство тае мудрасці, якая ёсць дарам Духа Святога, і ўводзіць у пазнанне Божай рэальнасці. Ягоная тэалогія дазваляе зразумець спецыфіку мудрасці ў яе цеснай сувязі з вераю і з пазнаннем справаў Божых. Мудрасць пазнае дзякуючы адзінству прыроды, яна заснавана на веры і дае правільную ацэнку, зыходзячы з ісціны самой веры: «Мудрасць як адзін з дароў Духа Святога адрозніваецца ад тае, што лічыцца набытаю дабрадзейнасцю розуму. Гэта, апошняя, здабываецца навукаю, тая ж «зыходзіць з вышыні», як кажа св. Якуб. Яна таксама адрозніваецца ад веры, бо вера прымае Божую праўду такую, якая ёсць, тым часам асаблівасць мудрасці ў тым, што яна ацэньвае паводле Божай праўды49.

Хоць Анёльскі Настаўнік прызнае першынство гэтай мудрасці, ён, аднак, не забывае пра існаванне дзвюх іншых узаемадапаўняльных формаў: філасофскай мудрасці, якая грунтуецца на здольнасці розуму даследаваць рэчаіснасць у межах, вызначаных ягонаю прыродаю; а таксама тэалагічнай мудрасці, якая заснавана на Аб'яўленні і даследуе сутнасць веры, набліжаючыся да таямніцы самога Бога.

Глыбока перакананы, што «omne verum a quocumque dicatur a Spiritu Sancto est»50, св. Тамаш палюбіў праўду бескарысліваю любоўю. Ён шукаў яе ўсюды, дзе толькі яна ні аб'яўлялася, імкнучыся як мага мацней падкрэсліць яе універсальнасць. Настаўніцтва Касцёла адзначае і высока цэніць гэту ягоную любоў да праўды, яго думка - менавіта таму, што ніколі не губляла з вачэй універсальнай, аб'ектыўнай і трансцэндэнтнай ісціны - дасягнула «вяршыняў, якіх чалавечы розум ніколі не здолеў бы сабе ўявіць»51. Таму яго слушна можна назваць «апосталам праўды»52. Менавіта таму, што ён, не вагаючыся, імкнуўся да ісціны, яму ўдалося рэалістычна прызнаць яе аб'ектыўнасць. Яго філасофія - гэта сапраўдная філасофія быцця, а не проста фенаменалогія.

Драма расколу паміж вераю і розумам

45. Са з'яўленнем першых універсітэтаў тэалогія ўступіла ў больш цесны кантакт з іншымі відамі даследаванняў і навуковых ведаў. Хоць святы Альберт Вялікі і святы Тамаш сцвярджалі існаванне пэўнай сувязі паміж тэалогіяй і філасофіяй, яны першымі прызналі, што філасофія і розныя навуковыя дысцыпліны патрабуюць аўтаноміі дзеля плённых даследаванняў у сваіх галінах. Аднак, пачынаючы з позняга Сярэднявечча, гэта слушнае размежаванне паміж дзвюма галінамі ведаў перарасло ў шкодны раскол. Празмерны рацыяналізм некаторых мысляроў прывёў да радыкалізацыі пазіцый і да ўзнікнення філасофіі, практычна ізаляванай і цалкам аўтаномнай у адносінах да праўдаў веры. Адным з наступстваў гэтага падзелу была таксама падазронасць, якая павялічвалася адносна самога розуму. Некаторыя занялі пазіцыю цалкавітага недаверу, скептыцызму і агнастыцызму, ці то дзеля таго, каб пашырыць межы веры, альбо дзеля таго, каб пазбавіць яе ўсялякіх рацыянальных абгрунтаванняў.

Такім чынам, тое, што ў патрыстыцы і ў сярэднявечнай тэалогіі разумелася і сфармавалася як глыбокае адзінства і з'яўлялася крыніцаю пазнання, здольнага сягнуць да найвышэйшых формаў абстрактнага мыслення, было на практыцы знішчана сістэмамі, якія абаранялі ізаляванае ад веры рацыянальнае пазнанне, што сталася яе альтэрнатываю.

46. Метады радыкалізацыі, якія мелі найбольшы ўплыў, вядомыя і лёгка распазнавальныя, асабліва ў гісторыі Захаду. Без перабольшання можна сказаць, што развіццё значнай часткі філасофскай думкі ў перыяд новай гісторыі адбывалася пры паступовым аддаленні ад хрысціянскага Аб'яўлення і нават зводзіла яе на пазіцыі, якія яўна яму пярэчылі. У мінулым стагоддзі гэты працэс дасягнуў апагею. Некаторыя прыхільнікі ідэалізму імкнуліся рознымі спосабамі пераўтварыць веру і яе ісціны, нават таямніцу смерці і змёртвыхпаўстання Езуса Хрыста, у дыялектычныя структуры, даступныя рацыянальнаму пазнанню. Гэтай плыні супрацьстаялі розныя віды па-філасофску апрацаванага атэістычнага гуманізму, прыхільнікі якога палічылі, што вера шкодная і перашкаджае паўнацэннаму развіццю розуму. Прытым, яны, не вагаючыся, надавалі сабе статус новых рэлігій, становячыся асноваю грамадскіх і палітычных праграмаў, што вялі да ўзнікнення таталітарных сістэмаў, якія прынеслі чалавецтву шмат цярпення.

У сферы прыродазнаўчых даследаванняў паступова распаўсюдзілася пазітывісцкае мысленне, якое не толькі парвала ўсялякія сувязі з хрысціянскім бачаннем свету, але - што самае галоўнае, - адмовілася таксама ад іх метафізічных і маральных паняццяў. У выніку ўзнікла небяспека, што некаторыя людзі навукі, адмаўляючыся ад якіх бы то ні было маральных каштоўнасцяў, перасталі ставіць чалавечую асобу і ўсё яе жыццё ў цэнтр сваіх даследаванняў. Больш таго, некаторыя з іх, усвядоміўшы, якія магчымасці адкрывае развіццё тэхнікі, не толькі паддаліся спакусе рынку, але і паставілі сабе за мэту здабыць уладу дэміурга, каб кіраваць прыродаю і нават самім чалавечым быццём.

Наступствы крызісу рацыяналізму прывялі ў рэшце рэшт да ўзнікнення нігілізму. Для нашых сучаснікаў ён мае своеасаблівую прывабнасць як філасофія небыцця. Паводле тэорыі ягоных прыхільнікаў, пошукі самі па сабе з'яўляюцца мэтаю, бо няма ані надзеі, ані магчымасці дасягнуць ісціны. У інтэрпрэтацыі нігілістаў жыццё - гэта толькі магчымасць пошукаў адчуванняў і вопыту, якія маюць часовы характар. Нігілізм з'яўляецца крыніцаю распаўсюджанага сёння меркавання, што не варта браць на сябе ніякіх пастаянных абавязацельстваў, бо ўсё ў свеце імгненнае і часовае.

47. З другога боку, не трэба забываць, што ў сучаснай культуры змянілася роля самой філасофіі. Яна страціла статус універсальнай мудрасці і ведаў, каб паступова стацца толькі адною з многіх галінаў людскога пазнання; у пэўным сэнсе яе проста звялі да абсалютна другаснай ролі. Іншыя формы рацыянальнага пазнання набывалі ў тым самым часе ўсё большае значэнне, яшчэ мацней падкрэсліваючы другарадны характар філасофскіх ведаў. Замест таго, каб служыць сузіранню праўды, а таксама пошукам канчатковай мэты і сэнсу жыцця, гэтыя формы рацыянальнага пазнання выкарыстоўваюцца - ці, у кожным разе, могуць выкарыстоўвацца - як «інструментальны розум» для дасягнення утылітарных мэтаў, асабістай выгады і ўлады.

Ужо ў сваёй першай энцыкліцы я паказаў, якая вялікая пагроза ўзнікае, калі чалавек надае гэтаму шляху абсалютны характар: «Узнікае ўражанне, што сённяшняму чалавеку пастаянна пагражае тое, што ён стварае, г.зн. вынікі яго працы і, у яшчэ большай ступені, вынікі працы яго розуму і памкненняў ягонай волі. Плады гэтай разнастайнай дзейнасці чалавека часта вельмі хутка і непрадказальным чынам падлягаюць «адчужэнню», г.зн. адбіраюцца ў вытворцы, пры гэтым яны часта непасрэдна ці ўскосна скіроўваюцца супраць самога чалавека. Здаецца, у гэтым і ёсць, узятая ў яе самым шырокім і універсальным вымярэнні, асноўная сутнасць драмы сучаснага людскога існавання. Чалавек усё больш жыве ў страху. Ён баіцца, што плады яго працы - зразумела, не ўсе і нават не большасць з іх, а некаторыя, і менавіта тыя, у якіх выявіліся лепшыя бакі яго генія і яго здольнасці да творчасці - могуць абярнуцца радыкальным чынам супраць яго самога»53.

Пасля гэтых культурных трансфармацыяў некаторыя філосафы, адмовіўшыся ад пошукаў ісціны дзеля яе самой, абралі адзінаю мэтаю сваіх пошукаў суб'ектыўную ўпэўненасць альбо практычную карысць. У выніку яны згубілі з поля зроку сапраўдную годнасць розуму, якому ўжо не дазваляецца пазнаваць праўду і шукаць абсалюту.

48. У апошнім перыядзе гісторыі філасофіі назіраецца працэс паступовага паглыблення падзелу паміж вераю і філасофскім розумам. Зразумела, што, прыглядваючыся бліжэй нават да філасофскіх працаў тых аўтараў, што спрычыніліся да павелічэння дыстанцыі паміж вераю і розумам, у іх можна знайсці каштоўныя зерні думкі, якія, калі іх прыняць і развіваць праведным сэрцам і розумам, могуць адкрыць шлях да ісціны. Такія зерні думкі ёсць, напрыклад, у глыбокім аналізе ўспрымання і вопыту, уяўлення і неўсвядомленасці, асобы і інтэрсуб'ектыўнасці, свабоды і вартасці, часу і гісторыі. Пытанне смерці таксама можа стаць для кожнага мысляра суровым заклікам да пошукаў ва ўласнай душы сапраўднага сэнсу жыцця. Аднак, нягледзячы на гэта, цяперашняя сувязь паміж вераю і розумам патрабуе ўважлівага вывучэння, бо ўзаемасувязь розуму і веры парушана, што прыводзіць да збяднення абодвух бакоў. Розум, пазбаўлены дапамогі Аб'яўлення, асуджаны на блуканне абходнымі шляхамі, на якіх ёсць рызыка згубіць сваю канчатковую мэту. Вера, пазбаўленая падтрымкі розуму, сканцэнтравалася больш на пачуццях і перажываннях, а гэта грозіць тым, што яна страціць свой універсальны характар. Памылкова думаць, што вера мацней уплывае на слабы розум; наадварот, тады ёй грозіць сур'ёзная небяспека, бо яна можа быць зведзена да ўзроўню міфаў альбо забабонаў. Аналагічна, калі розум мае справу з нясталаю вераю, яму не хапае стымулаў, каб сканцэнтраваць увагу на навізне і глыбіні быцця.

Таму няхай не падасца недарэчным мой адкрыты і рашучы заклік аднавіць глыбокае адзінства веры і розуму, якое дазволіць ім дзейнічаць згодна з іх прыродаю, захоўваючы ўзаемную аўтаномію. Адказам на адвагу (parresia) веры павінна быць адвага розуму.

V РАЗДЗЕЛ
ВЫКАЗВАННІ НАСТАЎНІЦТВА КАСЦЁЛА Ў ГАЛІНЕ ФІЛАСОФІІ

Разважнасць Настаўніцтва як служэнне праўдзе

49. Касцёл не абвяшчае ніякай уласнай філасофіі і афіцыйна не падтрымлівае нейкага выбранага філасофскага напрамку ў процівагу іншым54. Такая стрыманасць знаходзіць істотнае абгрунтаванне ў тым, што філасофія, таксама і тады, калі яна суадносіцца з тэалогіяй, павінна выкарыстоўваць уласныя метады і прытрымлівацца ўласных прынцыпаў; у адваротным выпадку нельга гарантаваць, што яна будзе скіравана да ісціны і будзе імкнуцца да яе такім чынам, каб гэта мог кантраляваць розум. Калі б філасофія не дзейнічала ў святле розуму, згодна з уласнымі прынцыпамі і спецыфічным метадам, у ёй мала было б карысці. Глыбінная аснова аўтаноміі, якую мае філасофія, заключаецца ў тым, што розум па сваёй прыродзе імкнецца да ісціны і, апроч таго, надзелены неабходнымі сродкамі, каб яе дасягнуць. Зразумела, што філасофія, усведамляючы гэту сваю «першапачатковую будову», будзе таксама прытрымлівацца патрабаванняў і пацвярджэнняў, характэрных для аб'яўленай праўды.

Аднак гісторыя паказвае, што філасофская думка, асабліва сучасная, часта збочвае з правільнай дарогі і памыляецца. Настаўніцтва Касцёла не абавязана і не ўпаўнаважана ўмешвацца, каб запоўніць прабелы ў якойсьці недасканалай філасофскай выснове. Але яно абавязана рашуча і адназначна ўмешвацца, калі спрэчныя філасофскія тэзісы пагражаюць правільнаму разуменню праўдаў Аб'яўлення, а таксама калі пашыраюцца памылковыя і аднабаковыя тэорыі, якія распаўсюджваюць сур'ёзныя памылкі, парушаючы прастату і чысціню веры люду Божага.

50. Таму моцаю свайго аўтарытэту і ў святле веры Настаўніцтва Касцёла можа і павінна крытычна ацэньваць філасофію і погляды, якія супярэчаць хрысціянскай дактрыне55. Задача Настаўніцтва, перадусім, - паказваць, якія філасофскія перадумовы і высновы супярэчаць аб'яўленай праўдзе, і тым самым фармуляваць патрабаванні, якія неабходна прад'яўляць філасофіі з пункту погляду веры. Апроч таго, паколькі ў працэсе развіцця філасофіі сфармаваліся розныя школы мыслення, разнастайнасць гэтых напрамкаў таксама абавязвае Настаўніцтва Касцёла выказваць сваю думку аб адпаведнасці альбо неадпаведнасці асноўных канцэпцый, якімі кіруюцца гэтыя школы, патрабаванням слова Божага і прынцыпам тэалагічнага разважання.

Касцёл абавязаны ўказваць, што ў дадзенай філасофскай канцэпцыі можа супярэчыць веры, якую ён вызнае. Сапраўды, шмат філасофскіх пытанняў, такіх як пытанне Бога, чалавека і яго свабоды, а таксама этычнага развіцця, з'яўляецца прамым выклікам для Касцёла, паколькі яны датычаць аб'яўленай праўды, даверанай ягонай апецы. Калі мы, біскупы, ацэньваем гэта, мы павінны быць «сведкамі праўды», што выконваюць паслугу пакорную, але трывалую, вартасць якое павінен ацаніць кожны філосаф, бо яна з'яўляецца асноваю для recta ratio, гэта значыць, для розуму, які правільна разважае аб ісціне.

51. Аднак нельга разумець такі падыход толькі як негатыўную пазіцыю, так як бы Настаўніцтва Касцёла імкнулася адкінуць альбо абмежаваць усялякія магчымыя формы пасярэдніцтва. Наадварот, умяшанне Настаўніцтва павінна, перадусім, стымуляваць, дапамагаць і падтрымліваць філасофскую думку. Зрэшты самі філосафы найлепш усведамляюць неабходнасць самакрытыкі і выпраўлення магчымых памылак, а таксама выхаду за занадта вузкія рамкі, якімі абмежаваны іхнія разважанні. Трэба асабліва памятаць пра тое, што існуе толькі адна праўда, хоць яна і выяўляецца ў формах, якія нясуць на сабе пячатку гісторыі, і, апроч таго, створаны чалавечым розумам, зацемненым і аслабленым грахом. Адсюль вынікае, што ні адна філасофія, сфармаваная гістарычна, не можа абгрунтавана сцвярджаць, што яна заключае ў сабе ўсю ісціну альбо ва ўсёй паўнаце тлумачыць рэальнасць чалавека, свету і адносінаў чалавека з Богам.

Акрамя таго, у наш час, калі з'яўляюцца новыя філасофскія сістэмы, метады, паняцці і аргументы, часта вельмі дэталёва распрацаваныя, узнікае вялікая неабходнасць іх крытычнай ацэнкі ў святле веры. Гэта нялёгкая задача, бо цяжка бывае нават вызначыць натуральныя і неад'емныя здольнасці розуму разам з яго ўнутранаю і гістарычнаю абмежаванасцю, а тым больш бывае часам праблематычна адрозніць у паасобных філасофскіх канцэпцыях каштоўныя і плённыя з пункту погляду веры думкі ад памылковых і небяспечных ідэяў. Аднак, нягледзячы на гэта, Касцёл ведае, што «скарбы мудрасці і ведання схаваны» ў Хрысце (Клс 2, 3); таму імкнецца сваімі выказваннямі стымуляваць філасофскую думку, каб яна не згубіла шляху, які вядзе да пазнання таямніцы.

52. Не толькі апошнім часам Настаўніцтва Касцёла бярэ слова, каб выказаць сваё меркаванне на тэму пэўных філасофскіх дактрынаў. У якасці прыкладу дастаткова прыгадаць, што на працягу стагоддзяў былі выказванні на тэму тэорый, якія абвяшчалі перадіснасць душаў56, а таксама розныя праявы ідалапаклонства і забабоннага эзатэрызму ў астралагічных прадказаннях57; варта ўспомніць таксама і больш сістэматычныя дакументы, скіраваныя супраць некаторых тэзісаў лацінскага аверраізму, што пярэчаць хрысціянскай веры58.

Пачынаючы з паловы мінулага стагоддзя, выказванні Настаўніцтва Касцёла сталі больш частымі, бо ў той перыяд многія католікі лічылі сваім абавязкам супрацьпаставіць якуюсьці сваю ўласную філасофію розным плыням новай думкі. У гэтай сітуацыі Настаўніцтва Касцёла павінна было сачыць, каб у сваю чаргу гэта філасофія не набыла памылковых і шкодных формаў. Яго крытыка, сіметрычна скіраваная ў двух супрацьлеглых накірунках, з аднаго боку, датычыла фідэізму59 і радыкальнага традыцыяналізму60 ў сувязі з іх нявер'ем у прыродныя магчымасці розуму, а з другога - рацыяналізму61 і анталагізму62, што прыпісвалі прыроднаму розуму веды, якія можна асягнуць толькі ў святле веры. Канструктыўны змест гэтай палемікі фармальна выказаны ў дагматычнай Канстытуцыі Dei Filius, дзе ўпершыню экуменічны Сабор, а менавіта І Ватыканскі Сабор, афіцыйна выказаўся пра суадноснасць веры і розуму. Гэта вучэнне Сабору мела моцны пазітыўны ўплыў на філасофскія пошукі многіх вернікаў і да гэтага часу з'яўляецца надзейным зыходным пунктам для правільных і стройных хрысціянскіх разважанняў у гэтай асаблівай галіне.

53. У сваіх выказваннях Настаўніцтва Касцёла надавала ўвагу не так паасобным філасофскім тэзісам, як неабходнасці рацыянальнага пазнання - гэта значыць, па сутнасці, філасофскага пазнання - у развагах аб веры. І Ватыканскі Сабор, выяўляючы як сінтэз і ўрачыста пацвярджаючы вучэнне, якое раней з'яўлялася сутнасцю звычайнага і сістэматычнага папскага Настаўніцтва, адрасаванага вернікам, падкрэсліў, наколькі непарыўныя і ў той жа час размежаваныя прыродазнаўчае пазнанне Бога і Аб'яўленне, г.зн. розум і вера. Сабор пачаўся з грунтоўнай перадумовы, якая ёсць асноваю самога Аб'яўлення, а менавіта з таго, што павінна быць магчымым прыродазнаўчае пазнанне існавання Бога, крыніцы і мэты ўсяго існага;63 а закончыў урачыстаю заяваю, якая ўжо раней цытавалася: «Існуюць два віды пазнання, якія маюць не толькі розныя вытокі, але і аб'екты»64. Таму трэба было пацвердзіць, насуперак усім формам рацыяналізму, адрознасць таямніцаў веры ад дасягненняў філасофіі, а таксама іх трансцэндэнтнасць і першынство адносна гэтых апошніх; з другога боку, належала супрацьстаяць спакусам фідэізму і нагадаць пра адзінства ісціны, г.зн. таксама пра той пазітыўны ўклад, які можа і павінна ўнесці рацыянальнае пазнанне ў пазнанне веры: «Хоць вера і пераўзыходзіць розум, ніколі не можа ўзнікнуць сур'ёзнага разыходжання паміж вераю і розумам, бо той самы Бог, які аб'яўляе таямніцы і ўдзяляе веру, абудзіў у чалавечай душы святло розуму, такім чынам не можа той жа Бог адмовіцца ад Самога Сябе і ісціна не можа супярэчыць ісціне»65.

54. У нашым стагоддзі Настаўніцтва Касцёла таксама неаднаразова перасцерагала ад спакусаў рацыяналізму. У сувязі з гэтым трэба прыгадаць выказванні папы св. Пія Х, які сцвярджаў, што мадэрнізм грунтуецца на філасофскіх тэзісах, што з'яўляюцца праяваю фенаменалізму, агнастыцызму і іманентызму66. Не трэба таксама забываць пра другі важны факт, а менавіта пра тое, што каталіцтва адпрэчвае марксісцкую філасофію і атэістычны камунізм67.

У сваю чаргу папа Пій ХІІ у энцыкліцы Humani generis перасцерагаў ад памылковых поглядаў, заснаваных на тэзісах эвалюцыянізму, экзістэнцыяналізму і гістарызму. Ён тлумачыў, што гэтыя тэзісы не былі выпрацаваны і абвешчаны тэолагамі, але нарадзіліся «па-за аўчарняю Хрыстоваю»;68 папа, аднак жа, дадаваў, што гэтых адхіленняў не трэба проста адкідваць, іх, хутчэй, трэба крытычна ацэньваць: «Каталіцкія філосафы і тэолагі, важным заданнем якіх з'яўляецца абарона Божай і чалавечай ісціны, а таксама яе ўкараненне ў сэрцах людзей, не могуць ігнараваць альбо грэбаваць тымі поглядамі, якія ў большай ці меншай ступені сыходзяць з правільнага шляху. Наадварот, яны павінны іх старанна вывучыць, паколькі немагчыма вылечыць ад хваробаў, калі іх найперш не даследаваць, а таксама таму, што нават у памылковых сцвярджэннях часам крыецца крупінка праўды, і, нарэшце, памылкі таксама падштурхоўваюць наш розум больш уважліва разважаць над некаторымі філасофскімі і тэалагічнымі ісцінамі і вывучаць іх»69.

У недалёкім мінулым Кангрэгацыя Веравучэння таксама, выступаючы ад імя Біскупа Рыма70, вымушана была ўмяшацца, каб яшчэ раз звярнуць увагу на небяспеку, звязаную з некрытычным прыняццем некаторымі тэолагамі, што прытрымліваюцца «тэалогіі вызвалення», тэзісаў і метадалогіі, якія бяруць свой пачатак у марксізме71. Такім чынам, у мінулым Настаўніцтва Касцёла шматразова і ў розных абставінах выказвала свой пункт погляду ў філасофскіх пытаннях. Уклад маіх шаноўных папярэднікаў з'яўляецца каштоўным набыткам, пра які нельга забываць.

55. Вывучаючы сучасную сітуацыю, мы заўважаем, што праблемы мінулага вяртаюцца, але ўжо ў новай форме. Мы ўжо маем справу не толькі з пытаннямі, якія цікавяць асобных людзей ці пэўныя колы, а з поглядамі, якія распаўсюджаны настолькі шырока, што ў пэўнай ступені фармуюць спосаб мыслення ўсіх людзей. Да іх належаць, напрыклад, недаверлівыя адносіны да розуму, якія назіраюцца ў навейшых формах многіх плыняў філасофскай думкі. У сувязі з гэтым у многіх колах пагаворваюць пра «канец метафізікі»: выказваюцца пажаданні, каб філасофія абмежавалася больш сціплымі задачамі, такімі як інтэрпрэтацыя фактаў альбо разважанні над пэўнымі галінамі чалавечых ведаў ці іх структурамі.

Таксама ў тэалогіі ўзнікаюць даўнія спакусы. Напрыклад, у некаторых сучасных тэалагічных школах зноў праяўляецца пэўны рацыяналізм, асабліва тады, калі меркаванні, прызнаныя па-філасофску абгрунтаванымі, лічацца абавязковымі ў тэалагічных даследваннях. Гэта часцей за ўсё здараецца ў тых выпадках, калі тэолаг, які не мае належнай філасофскай кампетэнцыі, бескантрольна паддаецца ўплыву сцвярджэнняў, якія ўжо ўвайшлі ва ўжытак і ў масавую культуру, але не маюць пад сабою дастатковых рацыянальных абгрунтаванняў72. Хапае таксама выпадкаў небяспечнага вяртання да ідэяў фідэізму, які не прызнае, што рацыянальныя веды і філасофскія разважанні істотным чынам абумоўліваюць разуменне веры і нават саму магчымасць веры ў Бога. Распаўсюджанаю праяваю фідэістычных тэндэнцыяў у наш час з'яўляецца «біблеізм», які хацеў бы зрабіць чытанне Святога Пісання і яго экзэгезу адзіным верагодным пунктам суаднясення. Даходзіць да таго, што слова Божае атаясамліваецца толькі са Святым Пісаннем і такім чынам адпрэчваецца значэнне вучэння Касцёла, якое было рашуча пацверджана ІІ Сусветным Ватыканскім Саборам. Канстытуцыя Dei Verbum нагадвае, што слова Божае прысутнічае як у святых тэкстах, так і ў Традыцыі73, і адназначна сцвярджае: «Святая Традыцыя і Святое Пісанне складаюць адзіны святы дэпазіт слова Божага, давераны Касцёлу. Прытрымліваючыся яго, увесь святы люд, паяднаны са сваімі пастырамі, прабывае пастаянна ў навуцы апосталаў74. Такім чынам, Святое Пісанне не з'яўляецца адзінаю верагоднаю крыніцаю для Касцёла, бо крыніцаю «найвышэйшага правіла яго веры»75 з'яўляецца адзінства, якое Святы Дух устанавіў паміж святою Традыцыяй, Святым Пісаннем і Настаўніцтвам Касцёла, так звязаўшы і паяднаўшы іх паміж сабою, што яны не могуць існаваць незалежна адно ад аднаго76.

Не трэба таксама ігнараваць небяспеку, якая падсцерагае таго, хто спрабуе спасцігаць праўду Святога Пісання пры дапамозе толькі аднае метадалогіі, забываючы пра неабходнасць больш поўнай экзэгезы, якая дазволіла б яму разам з усім Касцёлам цалкам адкрыць поўны сэнс тэкстаў. Той, хто займаецца вывучэннем Святога Пісання, павінен заўсёды памятаць, што розныя герменеўтычныя метадалогіі таксама заснаваны на пэўных філасофскіх канцэпцыях, таму іх трэба ўважліва вывучыць, перш чым прымяняць для аналізу святых тэкстаў.

Іншыя праявы прыхаванага фідэізму - гэта недавер да тэарэтычнай тэалогіі і грэблівае стаўленне да класічнай філасофіі, паняцці якой дапамаглі рацыянальнаму тлумачэнню праўдаў веры і нават былі выкарыстаны ў дагматычных формулах. Папа Пій ХІІ перасцерагаў ад наступстваў такога разрыву з філасофскаю традыцыяй і адмаўлення ад традыцыйнай тэрміналогіі77.

56. Увогуле, у наш час мы маем справу з паўсюдным недаверам да сцвярджэнняў агульнага і абсалютнага характару, які асабліва выказваюць прыхільнікі тэорыі аб тым, што ісціна ёсць вынікам дамоўленасці, а не прызнання розумам аб'ектыўнай рэальнасці. Зразумела, што ў свеце, падзеленым на мноства спецыфічных галінаў ведаў, становіцца цяжэй знайсці поўны і канчатковы сэнс жыцця, які традыцыйна шукала філасофія. Тым не менш, у святле веры, якая бачыць гэты канчатковы сэнс у Езусе Хрысце, я прагну горача заклікаць філосафаў, як хрысціянскіх, так і нехрысціянскіх, паверыць у здольнасці чалавечага розуму і не ставіць занадта сціплых мэтаў перад філасофскімі разважаннямі. Гісторыя тысячагоддзя, якое набліжаецца да канца, вучыць нас, што трэба ісці менавіта гэтым шляхам: імкнуцца да канчатковай праўды, рупліва яе шукаць і смела адкрываць новыя шляхі. Гэта вера падганяе розум, каб ён пераадольваў усялякія бар'еры ізаляцыі і, не вагаючыся, ішоў на рызыку ў пошуках усяго прыгожага, добрага і праўдзівага. Такім чынам вера становіцца рашучаю і пераканальнаю абаронцаю розуму.

Зацікаўленасць Касцёла філасофіяй

57. Аднак Настаўніцтва Касцёла не абмяжоўвалася ўказаннем на памылкі і адхіленні ў філасофскіх дактрынах. Яно гэтак жа паслядоўна імкнулася прыгадваць асноўныя прынцыпы, на якіх павінна грунтавацца сапраўдная аднова філасофскай думкі, і адначасова паказвала канкрэтныя шляхі пошукаў. У гэтым кантэксце абвяшчэнне папам Львом ХІІІ энцыклікі Aeterni Patris стала сапраўды пераломнаю падзеяй у жыцці Касцёла. Да гэтага часу то быў адзіны папскі дакумент такога рангу, цалкам прысвечаны філасофіі. Вялікі папа развіў у ім вучэнне І Ватыканскага Сабору на тэму суадноснасці веры і розуму, паказаўшы, што філасофская думка мае фундаментальнае значэнне для веры і тэалагічных ведаў78. Хоць прайшло больш за сто гадоў, многія рэкамендацыі з гэтай энцыклікі не страцілі сваёй актуальнасці, як з практычнага, так і з педагагічнага пункту погляду; гэта, перадусім, датычыць тэзіса аб непараўнальнай каштоўнасці філасофіі св. Тамаша. Папа Леў ХІІІ лічыў, што вяртанне да думкі Анёльскага Настаўніка - гэта найлепшы шлях да таго, каб зноў прывесці філасофскія разважанні ў адпаведнасць з патрабаваннямі веры. «Св. Тамаш, - пісаў папа, - хоць слушна ўводзіць выразнае размежаванне паміж вераю і розумам, адначасова звязвае іх повяззю ўзаемнага сяброўства: забяспечвае захаванне іх правоў і абараняе іх годнасць»79.

58. Вядома, да якіх станоўчых вынікаў прывёў гэты заклік папы. Вывучэнне думкі св. Тамаша і іншых схаластычных аўтараў было распачата з новым размахам. Значна ажывіліся гістарычныя даследванні, што прывяло да адкрыцця скарбаў сярэднявечнай думкі да таго часу, у асноўным, невядомых і да ўзнікнення новых школаў паслядоўнікаў тамізму. Дзякуючы выкарыстанню гістарычнай метадалогіі істотна пашырыліся веды аб працах св. Тамаша, а многія навукоўцы змаглі смела ўключыць традыцыі тамізму ў дыскусію над філасофскімі і тэалагічнымі праблемамі свайго часу. Найбольш уплывовыя тэолагі нашага стагоддзя, разважанні і пошукі якіх натхнілі Айцоў ІІ Ватыканскага Сабору, былі выхаваны гэтым рухам адраджэння філасофіі тамізму. Дзякуючы гэтаму Касцёл у ХХ стагоддзі меў у сваім распараджэнні шматлікую групу творчых мысляроў, выхаваных у школе Анёльскага Настаўніка.

59. Аднак тамістычная і неатамістычная аднова не была адзінай праявай адраджэння філасофскай думкі ў культуры з хрысціянскімі традыцыямі. Ужо да закліку папы Льва ХІІІ і незалежна ад яго з'явілася шмат каталіцкіх тэолагаў, якія звярнуліся да сучасных плыняў думкі і, выкарыстоўваючы ўласную метадалогію, стварылі філасофскія працы вялікай вартасці, якія зрабілі агромністы ўплыў на розумы людзей.

Некаторыя з іх распрацавалі незвычайна смелы сінтэз, які ні ў чым не саступаў вялікім ідэалістычным сістэмам; іншыя заклалі асновы эпістамалогіі для новага апісання веры ў святле абноўленай канцэпцыі сумлення; іншыя, у сваю чаргу, стварылі філасофію, якая, зыходзячы з аналізу іманентнай рэчаіснасці, адкрывала шлях да трансцэндэнтнага; некаторыя, урэшце, спрабавалі сумясціць патрабаванні веры з прынцыпамі фенаменалагічнай метадалогіі. Такім чынам, зыходзячы з розных перадумоваў, пастаянна ствараліся новыя формы філасофскіх абстрактных высноваў, якія прадоўжылі вялікую традыцыю хрысціянскай думкі, заснаванай на адзінстве веры і розуму.

60. ІІ Ватыканскі Сабор таксама выпрацаваў вельмі багатае і плённае вучэнне, якое датычыла філасофіі. Асабліва ў кантэксце дадзенай энцыклікі я павінен прыгадаць, што цэлы раздзел Канстытуцыі Gaudium et spes з'яўляецца своеасаблівым кампедыумам біблійнай антрапалогіі, якая ёсць крыніцаю натхнення таксама для філасофіі. У гэтым дакуменце гаворыцца пра вартасць чалавека, створанага на вобраз Божы, абгрунтоўваецца яго годнасць і перавага над усімі астатнімі стварэннямі, паказаны трансцэндэнтныя здольнасці ягонага розуму80. У Gaudium et spes таксама ўздымаецца праблема атэізму і пераканальна паказаны памылкі гэтага філасофскага светапогляду, асабліва ў кантэксце неад'емнай годнасці чалавека і яго свабоды81. Несумненна, глыбокі філасофскі сэнс маюць таксама словы, у якіх выказана галоўная думка гэтага дакумента, на якія я спаслаўся ў маёй першай энцыкліцы Redemptor hominis і якія з'яўляюцца адным з нязменных зыходных пунктаў майго вучэння: «Сапраўды, таямніца чалавека асвятляецца толькі ў таямніцы Уцелаўлёнага Слова. Бо Адам, першы чалавек, быў вобразам будучага, менавіта Хрыста Пана. Хрыстус, новы Адам, ужо ў самым аб'яўленні таямніцы Айца і Яго любові аб'яўляе ва ўсёй паўнаце чалавека самому чалавеку і паказвае яму яго найвышэйшае пакліканне»82.

Айцы Сабору таксама абмеркавалі праблему вывучэння філасофіі будучымі святарамі; іх рэкамендацыі можна выкарыстоўваць больш шырока для ўсяго хрысціянскага навучання: «Філасофскія дысцыпліны павінны выкладацца так, - сцвярджае Сабор, - каб перадусім скіроўвалі выхаванцаў да набыцця грунтоўных і сістэматычных ведаў пра чалавека, свет і Бога, абапіраючыся на вечна каштоўную філасофскую спадчыну, улічваючы пры гэтым вынікі філасофскіх даследванняў навейшага часу»83.

Таксама ў іншых дакументах Настаўніцтва Касцёла прыгадваюцца і развіваюцца гэтыя ўказанні, выкліканыя клопатам пра ўсебаковую філасофскую падрыхтоўку, перш за ўсё тых, хто збіраецца вывучаць тэалогію. Са свайго боку я неаднаразова падкрэсліваў значэнне філасофскай падрыхтоўкі для тых, хто ў душпастырскай практыцы павінен будзе вырашаць праблемы сучаснага свету і разумець прычыны пэўных паводзінаў, каб правільна на іх рэагаваць84.

61. Калі ў розных сітуацыях Настаўніцтва Касцёла вымушана было вяртацца да гэтых пытанняў, паміж іншага дзеля таго, каб пацвердзіць каштоўнасць ідэяў Анёльскага Настаўніка, настойліва рэкамендуючы вывучэнне ягонай спадчыны, то гэта было выклікана тым, што рэкамендацыі тыя не заўсёды рэалізоўваліся з пажаданаю руплівасцю. Пасля ІІ Ватыканскага Сабору ў многіх каталіцкіх навучальных установах можна было заўважыць рэгрэс у гэтай галіне, што было праяваю меншай увагі не толькі да схаластычнай філасофіі, але і да філасофіі ўвогуле. Са здзіўленнем і прыкрасцю мушу заўважыць, што многім тэолагам уласцівы гэты недахоп зацікаўленасці філасофіяй.

Такое негатыўнае стаўленне выклікана рознымі прычынамі. Перш за ўсё тут трэба ўспомніць нявер'е ў здольнасці розуму, характэрнае для большасці канцэпцый сучаснай філасофіі, якая адмаўляецца ад метафізічных разважанняў над адвечнымі пытаннямі чалавека і засяроджваецца на прыватных і вузкіх праблемах, часам чыста фармальных. Трэба таксама звярнуць увагу на непаразуменне, якое ўзнікла перадусім у адносінах да так званых «гуманітарных навукаў». На ІІ Ватыканскім Саборы неаднаразова пацвярджалася пазітыўная каштоўнасць навуковых даследванняў, скіраваных на глыбейшае пазнанне таямніцы чалавека85. Заклік, адрасаваны тэолагам, вывучаць гэтыя навукі і, па магчымасці, выкарыстоўваць іх належным чынам у сваіх пошуках, не павінен успрымацца як ускосны дазвол адсунуць філасофію на другі план альбо зусім адмовіцца ад яе ў працэсе душпастырскага выхавання і ў praeparatio fidei» (падрыхтоўцы да веры. - Заўв. пер.). Урэшце, трэба яшчэ ўспомніць пра новую зацікаўленасць інкультурацыяй веры. Досвед перш за ўсё маладых Касцёлаў дазволіў адкрыць поруч з узнёсласцю думкі наяўнасць разнастайных праяваў народнай мудрасці, якія з'яўляюцца сапраўднаю культурнаю і традыцыйнаю спадчынаю. Бо даследванню традыцыйных звычаяў павінна спадарожнічаць вывучэнне філасофіі. Такое вывучэнне дазволіць убачыць каштоўныя элементы народнай мудрасці і ствараць неабходныя повязі паміж імі і абвяшчэннем Евангелля86.

62. Я хачу рашуча пацвердзіць, што вывучэнне філасофіі з'яўляецца асноўным і неабходным элементам у праграме тэалагічных курсаў і ў падрыхтоўцы будучых святароў. Невыпадкова праграмаю тэалагічных курсаў (curriculum) прадугледжаны пэўны папярэдні этап, прызначаны ў асноўным для вывучэння філасофіі. Такая практыка, пацверджаная на V Латэранскім Саборы87, сягае сваімі каранямі да досведу, сабранага ў Сярэднявеччы, калі была выяўлена неабходнасць паяднаць у гарманічную цэласнасць філасофскія і тэалагічныя веды. Такі падыход да навучання фармаваў, аблягчаў і падтрымліваў, прынамсі, ускосна, развіццё значнай часткі філасофіі новага часу. Характэрным прыкладам гэтага з'яўляецца ўплыў працы Disputationes metaphysicae (Метафізічныя разважанні. - Заўв. пер.) Франсіска Суарэса, якая вывучалася нават у нямецкіх лютэранскіх універсітэтах. Занядбанне ж гэтай метадалогіі нанесла сур'ёзную шкоду як выхаванню святароў, так і самой тэалогіі.

У якасці прыкладу дастаткова згадаць аб адсутнасці цікавасці да сучаснай думкі і культуры, што прыводзіць да спынення якіх бы то ні было формаў дыялогу альбо да неразважнага прыняцця любых філасофскіх поглядаў.

Я глыбока перакананы, што гэтыя цяжкасці будуць пераадоленыя дзякуючы разумна пастаўленаму філасофскаму і тэалагічнаму навучанню, якога ніколі не павінна забракнуць у Касцёле.

63. З вышэй пададзеных прычынаў я палічыў неабходным пацвердзіць у гэтай энцыкліцы, што Касцёл праяўляе жывую зацікаўленасць філасофіяй. Проста існуе глыбокая повязь, якая яднае працу тэолага з філасофскімі пошукамі ісціны. Таму Настаўніцтва Касцёла абавязана разумець і стымуляваць развіццё філасофскай думкі, якая не супярэчыць веры. Мая ж задача - паказаць некаторыя прынцыпы і зыходныя пункты, якія я лічу абавязковаю ўмоваю ўстанаўлення гарманічнай і плённай сувязі паміж тэалогіяй і філасофіяй. У іх святле можна будзе больш ясна ўбачыць, ці павінна тэалогія падтрымліваць стасункі з рознымі сучаснымі філасофскімі сістэмамі і поглядамі, і калі так, то якім чынам.

VI РАЗДЗЕЛ
УЗАЕМАДЗЕЯННЕ ТЭАЛОГІІ І ФІЛАСОФІІ

Веравучэнне Касцёла і патрабаванні філасофскага розуму

64. Слова Божае скіраванае да кожнага чалавека, ва ўсе часы і ва ўсіх кутках зямлі, чалавек жа па сваёй прыродзе - філосаф. У сваю чаргу, тэалогія навуковымі метадамі свядома развівае разуменне гэтага ж Слова ў святле веры, таму не можа абысціся без узаемадзеяння з філасофскімі сістэмамі, выпрацаванымі на працягу стагоддзяў, у сувязі з пэўнымі метадамі, якія яна выкарыстоўвае, а таксама з тымі задачамі, што стаяць перад ёю. Я не збіраюся тут указваць тэолагам канкрэтныя метадалогіі, бо гэта не адносіцца да кампетэнцыі Настаўніцтва Касцёла; мне, хутчэй, хочацца прыгадаць пэўныя спецыфічныя задачы тэалогіі, для ажыццяўлення якіх неабходна звярнуцца да філасофскай думкі, улічваючы прыроду самога аб'яўленага слова.

65. Структура тэалогіі як веравучэння сфармавана двума метадалагічнымі прынцыпамі: auditus fidei i intellectus fidei. У святле першага з іх тэалогія прымае ісціны Аб'яўлення, па меры таго як яны паступова тлумачацца Святою Традыцыяй, Святым Пісаннем і Настаўніцтвам Касцёла88. Прымяняючы другі прынцып, тэалогія імкнецца выканаць спецыфічныя патрабаванні розуму з дапамогаю тэарэтычных разважанняў.

У сферы падрыхтоўкі да сапраўднага auditus fidei філасофія ўносіць уласцівы ёй уклад у тэалогію, разглядаючы структуру пазнання і сродкі сумоўя людзей, асабліва розныя формы і функцыі мовы. Важны таксама ўклад філасофіі ў правільнае разуменне касцёльнай Традыцыі, пастановаў Настаўніцтва Касцёла і выказванняў вялікіх тэолагаў, паколькі ў іх часта сустракаюцца паняцці і структуры мыслення, запазычаныя з пэўнай філасофскай традыцыі.

У такім выпадку тэолаг павінен не толькі растлумачыць паняцці і тэрміны, якімі Касцёл паслугуецца ў сваіх разважаннях і навучанні, але і глыбока пазнаць філасофскія сістэмы, што маглі паўплываць на форму паняццяў і тэрміналогіі, каб дзякуючы гэтаму выпрацаваць правільныя і звязныя інтэрпрэтацыі.

66. Што датычыць intellectus fidei, то перадусім трэба заўважыць, што Божая Праўда, «аб'яўленая нам у Святым Пісанні і правільна растлумачаная ў навучанні Касцёла»89, сама па сабе зразумелая, бо вызначаецца такою лагічнаю сувяззю, што з'яўляецца сапраўднаю галіною ведаў. Intellectus fidei растлумачвае гэтую ісціну не толькі дзякуючы таму, што дэманструе лагічныя і паняційныя структуры сцвярджэнняў, з якіх складаецца вучэнне Касцёла, але таксама і, перадусім, таму, што звяртае ўвагу на заключаны ў іх збаўчы сэнс, прызначаны для асобнага чалавека і для ўсяго чалавецтва. Усе гэтыя сцвярджэнні дазваляюць веруючаму спазнаць гісторыю збаўлення, завяршэннем якой ёсць асоба Езуса Хрыста і Яго пасхальная таямніца. Хрысціянін далучаецца да гэтай таямніцы, выяўляючы паслухмянасць у веры.

У сваю чаргу дагматычная тэалогія павінна ўмець выказаць універсальны сэнс таямніцы Бога ў Тройцы Адзінага і гісторыі збаўлення як апавядальным чынам, так і, перадусім, у форме аргументаў. Значыць, яна павінна зрабіць гэта пры дапамозе крытычна сфармаваных, зразумелых усім паняццяў, бо без удзелу філасофіі немагчыма было б растлумачыць такія тэалагічныя паняцці як, напрыклад, мова, што апісвае Бога, асобасныя адносіны ў лоне Тройцы, стваральнае дзеянне Бога ў свеце, сувязь паміж Богам і чалавекам, тоеснасць Хрыста, які ёсць сапраўдным Богам і сапраўдным чалавекам. Тое самае можна сказаць пра разнастайныя пытанні з галіны маральнай тэалогіі, дзе непасрэдна выкарыстоўваюцца такія паняцці, як маральнае права, сумленне, свабода, асабістая адказнасць, віна і г.д., вызначэнні якім даюцца ў сферы філасофскай этыкі.

Таму неабходна, каб розум веруючага набыў натуральныя, сапраўдныя і адэкватныя веды пра створаную рэчаіснасць, пра свет і чалавека, якія таксама адносяцца да Божага Аб'яўлення; тым больш таксама розум павінен умець выявіць гэтыя веды пры дапамозе паняццяў і аргументаў. Такім чынам, тэарэтычная дагматычная тэалогія прадугледжвае і дапаўняе пэўную філасофію чалавека, свету, ці, глыбей, самога быцця, заснаваную на аб'ектыўнай праўдзе.

67. Як дысцыпліна, заданнем якой з'яўляецца абгрунтаванне веры (пар. 1 П 3, 15), фундаментальная тэалогія павінна імкнуцца абгрунтаваць і растлумачыць сувязь паміж вераю і філасофскімі разважаннямі. Ужо І Ватыканскі Сабор, спасылаючыся на вучэнне апостала Паўла (пар. Рым 1, 19-20), звярнуў увагу на факт, што існуюць ісціны, даступныя прыродазнаўчаму, а значыць і філасофскаму пазнанню. Іх спасціжэнне - абавязковая ўмова прыняцця Божага Аб'яўлення. Вывучаючы Аб'яўленне і яго верагоднасць, а разам з тым адпаведны яму акт веры, фундаментальная тэалогія павінна паказаць, як у святле пазнання, атрыманага дзякуючы веры, можна ўбачыць пэўныя ісціны, якія розум пачынае ўжо спасцігаць на шляху самастойных пошукаў. Аб'яўленне надае ім поўны сэнс, скіроўваючы іх да багацця аб'яўленай таямніцы, у якой яны знаходзяць сваю канчатковую мэту. У якасці прыкладу тут можна прывесці прыродазнаўчае пазнанне Бога, магчымасць адрознення Божага Аб'яўлення ад іншых з'яваў альбо прызнання яго верагоднасці, здольнасць чалавечай мовы праўдзіва і зразумела апісаць таксама тое, што знаходзіцца па-за межамі чалавечага досведу. Усе гэтыя ісціны пераконваюць розум, што сапраўды існуе шлях, які рыхтуе яго да веры, якім ён можа прыйсці да прыняцця Аб'яўлення, ні ў чым не парушаючы ні сваіх прынцыпаў, ні сваёй аўтаноміі90.

Падобным чынам фундаментальная тэалогія павінна паказаць унутраную адпаведнасць паміж вераю і яе грунтоўнаю неабходнасцю выяўляцца праз пасрэдніцтва розуму, які здольны даць сваю згоду на гэта з цалкавітаю свабодаю. Дзякуючы гэтаму вера зможа «ва ўсёй паўнаце ўказаць шлях розуму, які шчыра шукае ісціну. Такім чынам, вера, дар Божы, хоць і не заснавана на розуме, не можа без яго абысціся; адначасова розум бачыць, што павінен абапірацца на веру, каб адкрыць далягляды, якіх ён не змог бы дасягнуць уласнымі сіламі»91.

68. Маральнай тэалогіі, можа, яшчэ больш патрэбна падтрымка філасофіі, бо ў Новым Запавеце людское жыццё ў значна меншай ступені рэгулюецца правіламі, чым у Старым. Жыццё ў Святым Духу вядзе веруючых да свабоды і адказнасці, якія выходзяць за рамкі самога Запавету. Тым не менш у Евангеллі і апостальскіх пасланнях знаходзяцца як агульныя прынцыпы хрысціянскіх паводзінаў, так і падрабязныя прадпісанні. Каб кіравацца імі ў канкрэтных абставінах асабістага і грамадскага жыцця, хрысціянін павінен умець ва ўсёй паўнаце паслугоўвацца сваім сумленнем і выкарыстоўваць сваю здольнасць да пазнання. Іншымі словамі, гэта азначае, што маральная тэалогія павінна звяртацца да адпаведна сфармаванага філасофскага бачання прыроды чалавека і грамадства, а таксама да агульных прынцыпаў, якія кіруюць маральным выбарам.

69. Можна запярэчыць, што ў сучасны перыяд тэолаг павінен звяртацца не так да філасофіі, як да іншых галінаў чалавечых ведаў, напрыклад, да гісторыі і, асабліва, да прыродазнаўчых навук, незвычайны прагрэс якіх апошнім часам выклікае агульнае здзіўленне. У сваю чаргу, у сувязі з павышанаю цікавасцю да інкультурацыі веры некаторыя лічаць, што тэалогія павінна часцей звяртацца да традыцыйных формаў мудрасці, а не да еўрацэнтрычнай філасофіі грэцкага паходжання. Іншыя ж, сыходзячы з памылковай канцэпцыі плюралізму культураў, звычайна аспрэчваюць універсальную каштоўнасць філасофскай спадчыны, прынятай Касцёлам.

У гэтых поглядах, якія, зрэшты, прысутнічалі ўжо ў навучанні ІІ Ватыканскага Сабору92, заключана пэўная доля ісціны. У многіх выпадках зварот да прыродазнаўчых навукаў можа быць карысны, бо дазваляе атрымаць больш поўныя веды аб прадмеце вывучэння, аднак нельга забываць, што ў такім выпадку неабходна пасрэдніцтва тыпова філасофскага, крытычнага пазнання, здольнага ўзняцца да адпаведнага ўзроўню абагульнення. Зрэшты, такое пазнанне патрэбна для плённага ўзаемадзеяння паміж культурамі. Хачу перадусім звярнуць увагу на тое, што нельга спыняцца на адзінкавым, канкрэтным выпадку, грэбуючы асноўнаю задачаю, якою з'яўляецца раскрыццё універсальнага характару праўдаў веры. Не трэба таксама забываць, што асаблівы ўклад філасофскай думкі заключаецца ў тым, што яна дазваляе зразумець - як у разнастайных канцэпцыях жыцця, так і ў культурах - «не тое, што людзі думаюць, а якая ёсць аб'ектыўная ісціна»93. Для тэалогіі прыдатныя не разнастайныя людскія погляды, але выключна сама ісціна.

70. Тэма сувязі з культурамі заслугоўвае, зрэшты, асобнага абмеркавання, якое, аднак, не будзе вычарпальным з прычыны цяжкасцяў як філасофскага, так і тэалагічнага характару. Досвед сутыкнення і канфрантацыі з рознымі культурамі стаў наканаваннем Касцёла з самага пачатку абвяшчэння Евангелля. Наказ, які пакінуў вучням Хрустус, каб даходзілі ўсюды, «ажно на край зямлі» (Дз 1, 8), перадаючы аб'яўленую Ім праўду, вельмі хутка дазволіў хрысціянскай супольнасці пераканацца ў паўсюднасці паслання, якое абвяшчалася, і сутыкнуцца з перашкодамі, што вынікалі з культурных адрозненняў. Фрагмент Ліста св. Паўла да хрысціянаў Эфеса дазваляе зразумець, якім чынам першая супольнасць імкнулася вырашыць гэтую праблему. Апостал піша: «А цяпер у Хрысце Езусе вы, што былі калісь далёка, сталіся блізкімі Крывёю Хрыстоваю. Бо Ён ёсць супакой наш, што ўчыніў з абодвух адно і разбурыў стаяўшую пасярэдзіне перагародку» (Эф 2, 13-14).

У святле гэтага тэксту абсяг нашых разважанняў пашыраецца і ахоплівае таксама перамены, якія адбываліся з паганамі пасля прыняцця веры. Перед абліччам скарбаў збаўлення, здзейсненага Хрыстом, рушацца бар'еры, што падзяляюць розныя культуры. Абяцанне, дадзенае Богам у Хрысце, набывае цяпер універсальнае вымярэнне: яно ўжо не замкнута ў межах аднаго народу, яго мовы і звычаяў, але даецца ўсім як спадчына, якою кожны можа свабодна карыстацца. Усе людзі з розных краінаў, якія маюць свае традыцыі, пакліканы ў Хрысце аб'яднацца ў адзіную сям'ю дзяцей Божых. Гэта Хрыстус дазваляе двум народам стацца «адным». Тыя, што былі «далёкімі», сталіся «блізкімі» дзякуючы новай рэальнасці, устаноўленай пасхальнаю таямніцаю. Езус разбурае муры падзелаў і ўстанаўляе невядомую дасюль, дасканалую еднасць праз удзел у Яго таямніцы. Гэта еднасць такая глыбокая, што Касцёл можа паўтараць за св. Паўлам: «Вы ўжо не чужыя і не прыхадні, але суграмадзяне святым і хатнія ў Бога» (Эф 2, 19).

У гэтым такім простым сцвярджэнні заключана вялікая праўда: у выніку сустрэчы веры з рознымі культурамі на практыцы нарадзілася новая рэальнасць. Калі культуры глыбока ўкараніліся ў чалавечай прыродзе, для іх характэрна тыповая для чалавека гатоўнасць прыняць універсальнае вымярэнне і трансцэндэнтнае. Такім чынам, яны ўяўляюць сабою розныя шляхі, якія вядуць да ісціны, несумненна, прыдатныя для чалавека, бо адкрываюць яму каштоўнасці, дзякуючы якім ягонае жыццё становіцца больш чалавечным94. Акрамя таго, калі культуры звяртаюцца да каштоўнасцяў старажытных традыцый, яны ўказваюць, хоць і ўскосна, але ўсё ж рэальна, - на знакі прысутнасці Бога ў прыродзе, што мы ўжо назіралі раней, калі гаворка ішла пра кнігі Мудрасці і навучанне св. Паўла.

71. Застаючыся ў цеснай сувязі з людзьмі і з іх гісторыяй, культуры падпарадкоўваюцца такой самай дынаміцы, якая прысутнічае ў гісторыі чалавека. Такім чынам, яны змяняюцца і развіваюцца ў выніку кантактаў паміж людзьмі, якія абменьваюцца разнастайнымі мадэлямі жыцця. Культуры жывяцца тым, што перадаюць каштоўнасці, а іх жыццяздольнасць і існаванне залежаць ад іх гатоўнасці прыняць новыя элементы. Як растлумачыць гэтую дынаміку развіцця? Кожны чалавек далучаны да нейкай культуры, залежыць ад яе і ўздзейнічае на яе. Чалавек адначасова і дзіця, і бацька культуры, у якой жыве. Ва ўсе праявы свайго жыцця ён уносіць тое, што адрознівае яго ад астатніх стварэнняў: пастаянную гатоўнасць прыняць тамяніцу і неспатольную прагу ведаў. У выніку кожная культура нясе ў сабе і выяўляе імкненне да нейкай завершанасці. Таму можна сказаць, што ў самой культуры заключана магчымасць прыняць Божае Аб'яўленне.

Тое, як хрысціяне выяўляюць сваю веру, таксама залежыць ад культуры навакольнага асяроддзя. У сваю чаргу, сам спосаб выяўлення веры з'яўляецца адным з фактараў, якія паступова фармуюць рысы гэтай культуры. У кожную культуру хрысціяне ўносяць нязменную праўду Бога, якую Ён Сам аб'явіў у гісторыі і культуры пэўнага народу. Такім чынам, у чарговых стагоддзях увесь час нанова адбываецца падзея, сведкамі якой былі пілігрымы, што знаходзіліся ў Ерузалеме ў дзень Пяцідзесятніцы. Слухаючы Апосталаў, яны пыталі: «Вось усе гэтыя, што гутараць, ці ж не галілейцы? Дык як жа мы чуем кожны сваю гутарку, у якой урадзіліся? Парфяне і мідзяне, і эляміты, і жыхары Месапатаміі, Юдэі і Каппадокіі, Понту і Азіі, Фрыгіі і Памфіліі, Егіпту і частак Лівіі, сумежных з Кірэнай, ды прышлыя рымляне, габрэі і празеліты, крыцяне ды арабы - чуем, што яны гавораць нашымі мовамі аб велічы Божай?» (Дз 2, 7-11). Евангелле, што абвяшчаецца ў розных культурах, вымагае веры ад тых, што яго прымаюць, але не перашкаджае ім захоўваць уласную культурную самасвядомасць. Гэта не вядзе ні да якіх падзелаў, бо адметнаю асаблівасцю супольнасці ахрышчаных з'яўляецца ўсеагульнасць, здольная прыняць любую культуру, падтрымліваючы развіццё тых элементаў, якія ўскосна прыводзяць яе да поўнага самавыяўлення ў ісціне.

Адсюль вынікае, што пэўная культура ніколі не можа стаць крытэрыем ацэнкі, а тым больш канчатковым крытэрыем ісціны ў адносінах да Божага Аб'яўлення. Евангелле не выступае супроць дадзенай культуры, гэта значыць, пры сустрэчы з ёю не імкнецца пазбавіць яе характэрнага зместу альбо навязаць чужыя, не адпаведныя ёй формы. Наадварот, пасланне, якое абвяшчае хрысціянін у свеце і ў разнастайнасці культураў, з'яўляецца сапраўднаю формаю вызвалення ад усялякай дысгармоніі, выкліканай грахом, і ў той жа час пакліканнем да паўнаты ісціны. У выніку такой сустрэчы з хрысціянствам культуры нічога не губляюць, наадварот, гэтая сустрэча падштурхоўвае іх падрыхтавацца да ўспрымання навізны евангельскай ісціны, каб яны маглі знайсці там натхненне для далейшага развіцця.

72. Той факт, што евангелізацыйная місія сустрэла найперш на сваім шляху грэцкую філасофію, зусім не азначае, што трэба адкінуць усялякія кантакты з іншымі школамі мыслення. Сёння, у залежнасці ад таго як Евангелле распаўсюджваецца на абшарах культураў, якія да гэтага часу знаходзіліся па-за межамі сферы ўплыву хрысціянства, перад інкультурацыяй паўстаюць новыя задачы. Наша пакаленне сутыкаецца з падобнымі праблемамі, якія даводзілася вырашаць Касцёлу першых стагоддзяў.

Я маю на ўвазе, перадусім, краіны Усходу, незвычайна багатыя сваімі вельмі старажытнымі рэлігійнымі і філасофскімі традыцыямі. Асаблівае месца сярод іх займае Індыя. З вялікаю духоўнаю энергіяй індыйская думка шукае досведу, які, вызваляючы чалавека ад абмежаванняў часу і прасторы, меў бы абсалютную каштоўнасць. У дынаміцы гэтых памкненняў да вызвалення ўзнікаюць вялікія метафізічныя сістэмы.

Задача сённяшніх хрысціянаў, асабліва ў Індыі, выбраць з гэтай багатай спадчыны элементы, якія адпавядаюць іх веры, для ўзбагачэння хрысціянскай думкі. У гэтым працэсе спасціжэння, натхнёнага саборавай Дэкларацыяй Nostra aetate, хрысціяне павінны кіравацца пэўнымі крытэрыямі. Першы з іх - гэта крытэрый універсалізму чалавечага духу, асноўныя памкненні якога можна сустрэць у нязменнай форме ў самых разнастайных культурах. Другі крытэрый, які вынікае з першага, такі: калі Касцёл упершыню сутыкаецца з вялікімі культурамі, ён не можа адмовіцца ад таго, што атрымаў дзякуючы далучэнню да грэка-лацінскай думкі. Адкідваючы гэтую спадчыну, ён парушыў бы правідчы замысел Бога, які вядзе свой Касцёл шляхамі часу і гісторыі.

Зрэшты, гэты крытэрый абавязковы для Касцёла любой эпохі, таксама і для Касцёла заўтрашняга дня, які ўзбагаціцца тым, што атрымае дзякуючы сённяшнім кантактам з усходнімі культурамі, і з гэтай спадчыны возьме новыя ўказанні, каб распачаць плённы дыялог з культурамі, якія чалавецтва здолее стварыць і развіць у будучыні. Урэшце, па-трэцяе, трэба сачыць, каб не зблытаць слушнага клопату пра захаванне спецыфікі і арыгінальнасці індыйскай філасофскай думкі з меркаваннем, што дадзеная культурная традыцыя з яе асаблівасцямі павінна знаходзіцца ў ізаляцыі і ўмацоўвацца ў супрацьстаянні іншым традыцыям, што супярэчыла б самой прыродзе чалавечага духу.

Усё, што было сказана пра Індыю, датычыць таксама спадчыны вялікіх культураў Кітая, Японіі і іншых краінаў Азіі, а таксама даробку традыцыйных культураў Афрыкі, якія пашыраюцца галоўным чынам шляхам вусных паданняў.

73. Як вынікае з гэтых разважанняў, пажаданую сувязь паміж тэалогіяй і філасофіяй неабходна разглядаць у двух аспектах: для тэалогіі зыходным пунктам і першакрыніцаю заўсёды павінна быць слова Божае, аб'яўленае ў гісторыі, а канчатковаю мэтаю - не што іншае, як спасціжэнне гэтага ж слова, якое паступова паглыбіцца чарговымі пакаленнямі. З другога боку, паколькі слова Божае з'яўляецца Праўдаю (пар. Ян 17, 17), то яго больш глыбокаму зразуменню, несумненна, спрыяюць пошукі ісціны чалавекам, гэта значыць, філасофскія разважанні, якія вядуцца згодна з адпаведнымі ім прынцыпамі. Справа не ў тым, каб у тэалагічных высновах ужыць тое ці іншае паняцце альбо фрагмент абранай філасофскай сістэмы; важна, каб розум веруючага выкарыстоўваў сваю здольнасць да рэфлексіі ў пошуках ісціны, у рамках працэсу, які, беручы пачатак са слова Божага, імкнецца да лепшага разумення гэтага слова. Зразумела, дзейнічаючы паміж гэтымі двума полюсамі - словам Божым і ўсё больш глыбокім яго спасціжэннем, - розум знаходзіцца як бы пад аховаю, у пэўнай ступені ім кіруюць, і дзякуючы гэтаму ён можа пазбягаць шляхоў, якія вывелі б яго па-за абшар аб'яўленай Праўды, а ў выніку - па-за абшар праўды ў самым прамым сэнсе гэтага слова; больш за тое, яму паказваюцца шляхі, пра існаванне якіх ён сам ніколі б не здагадаўся. Дзякуючы такой сувязі са словам Божым, якое з'яўляецца зыходным пунктам і мэтаю, філасофія ўзбагачаецца, бо розум адкрывае новыя і нечаканыя далягляды.

74. Плённасць такой сувязі пацвярджае асабісты вопыт вялікіх хрысціянскіх тэолагаў, якія вызначыліся таксама як выдатныя філосафы, бо пакінулі пасля сябе тэарэтычныя працы такога высокага ўзроўню, што іх аўтараў можна ставіць у адзін шэраг са знакамітымі прадстаўнікамі антычнай філасофіі. Гэта датычыць як Айцоў Касцёла, сярод якіх трэба згадаць прынамсі імёны св. Грыгора з Наз'янза і св. Аўгустына, так і сярэднявечных Настаўнікаў Касцёла, асабліва цудоўную трыяду: св. Анзэльма, св. Банавентуру і св. Тамаша Аквінскага. Пра плённую сувязь філасофіі са словам Божым сведчаць смелыя пошукі больш блізкіх да нас па часе мысляроў, сярод якіх я хацеў бы згадаць такіх прадстаўнікоў заходняга свету, як Джон Генры Ньюман, Антоніо Расміні, Жак Марытэн, Эцьен Жыльсон і Эдыта Штэйн, а з усходняй культуры - вучоных такога рангу, як Уладзімір Салаўёў, Павел Фларэнскі, Пётр Чаадаеў, Уладзімір Лосскі. Зразумела, спасылаючыся на гэтых аўтараў, побач з якімі можна назваць яшчэ й іншых, я не збіраюся даваць ацэнку іх поглядаў, а толькі падаць іх як яскравыя прыклады філасофскай рэфлексіі пэўнага тыпу, якая ўзбагацілася дзякуючы ўзаемадзеянню з праўдамі веры. Несумненна адно: знаёмства са шляхам духоўнага развіцця гэтых мысляроў паспрыяе паспяховым пошукам ісціны і дазволіць лепш выкарыстаць дасягнутыя вынікі на службе чалавеку. Хочацца пажадаць, каб гэта вялікая філасофска-тэалагічная традыцыя знайшла сёння і ў будучыні прадаўжальнікаў і даследчыкаў дзеля дабра Касцёла і чалавецтва.

Розныя тыпы філасофскага роздуму

75. Акрэсленая вышэй гісторыя сувязяў веры з філасофіяй паказвае, што можна весці гаворку пра розныя тыпы філасофскага роздуму з пункту погляду яго адносінаў да хрысціянскай веры. Першы тып - гэта філасофія, цалкам незалежная ад евангельскага Аб'яўлення: яна ўзнікла гістарычна ў эпоху да нараджэння Адкупіцеля, а пазней развівалася таксама ў рэгіёнах, куды яшчэ не дайшло Евангелле. У такой сітуацыі філасофія заявіла пра сваё слушнае памкненне быць аўтаномным пачынаннем, гэта значыць, кіравацца ўласнымі законамі, абапіраючыся выключна на здольнасці розуму. Гэтае памкненне трэба падтрымліваць і ўмацоўваць, але і ўсведамляць, што прыроджаная слабасць розуму сур'ёзна абмяжоўвае яго. Бо філасофскі роздум як пошук праўды ў прыродазнаўчай сферы заўсёды, прынамсі, ускосна, адкрыты для звышнатуральнай рэальнасці.

Больш за тое, тады, калі сама тэалогія выкарыстоўвае філасофскія паняцці і аргументы, таксама трэба захаваць пастулат правільна зразуметай аўтаномнасці мыслення. Бо роздум, што вядзецца ў адпаведнасці з канкрэтнымі рацыянальнымі крытэрыямі, гарантуе атрыманне вынікаў, якія ўсюды прызнаюцца сапраўднымі. Таксама тут пацвярджаецца прынцып, што ласка не знішчае прыроды, але ўдасканальвае яе: згода веры, што ахоплівае розум і волю, не разбурае, а ўдасканальвае здольнасць самастойнага мыслення кожнага веруючага чалавека, які прымае аб'яўленыя ісціны.

Ад гэтага слушнага пастулату значна адрозніваецца тэорыя так званай «самадастатковай» філасофіі, якую прапаведуюць многія сучасныя філосафы. Яна не абвяшчае слушнай аўтаноміі філасофскага роздуму, хутчэй, патрабуе прызнання самадастатковасці мыслення, што, натуральна, нічым не абгрунтавана, бо адмаўленне ад скарбаў ісціны, што сыходзяць з Божага Аб'яўлення, азначае закрыццё доступу да глыбіннага пазнання ісціны, а гэта прыносіць шкоду самой філасофіі.

76. Іншы тып філасофскага роздуму - гэта філасофія, якую многія называюць хрысціянскай. Гэты тэрмін сам па сабе абгрунтаваны, аднак не трэба яго разумець памылкова: ён не павінен наводзіць на думку, што існуе якаясьці афіцыйная філасофія Касцёла, бо вера як такая не з'яўляецца філасофіяй. Хутчэй, ён азначае хрысціянскі філасофскі роздум, абстрактныя развагі, якія ўзніклі ў жывой сувязі з вераю. Такім чынам, тут не маецца на ўвазе толькі філасофія, створаная хрысціянскімі філосафамі, якія ў сваіх пошуках не хацелі ўступаць у супярэчнасць з вераю. Гаворачы пра хрысціянскую філасофію, мы маем на ўвазе ўсе найважнейшыя накірункі філасофскай думкі, якія не ўзніклі без прамога альбо ўскоснага ўнёску хрысціянскай веры.

Такім чынам, можна заўважыць два аспекты хрысціянскай філасофіі: першы - суб'ектыўны аспект, які грунтуецца на ачышчэнні розуму вераю. З'яўляючыся тэалагічнай дабрадзейнасцю, вера вызваляе розум ад саманадзейнасці - тыповай спакусы, якой лёгка паддаюцца філосафы. Яе асуджалі ўжо св. Павел і Айцы Касцёла, а ў больш блізкі нам час - такія філосафы, як Паскаль ці Кіркегор. Праз пакору філосаф знаходзіць у сабе смеласць займацца таксама пэўнымі праблемамі, якія яму было б цяжка вырашыць, калі б ён не ўлічваў ведаў, атрыманых дзякуючы Аб'яўленню. Прыкладамі тут могуць быць праблема зла і цярпення, персаніфікацыя Бога, пытанне пра сэнс жыцця, а больш непасрэдна - радыкальнае метафізічнае пытанне: «Чаму нешта існуе?».

Ёсць таксама аб'ектыўны аспект, які датычыць зместу філасофіі: Аб'яўленне ясна паказвае пэўныя ісціны, якія розум, магчыма, ніколі б не адкрыў, калі б разлічваў толькі на ўласныя сілы, хоць яны і даступныя яго прыродазнаўчаму пазнанню. Да гэтай сферы належыць паняцце асобаснага і вольнага Бога Створцы, якое адыграла такую значную ролю ў развіцці філасофскай думкі, і, асабліва філасофіі быцця. Сюды таксама адносіцца рэальнасць граху, такая, якой яна аб'яўляецца ў святле веры, што дапамагае правільна апісаць у філасофскіх катэгорыях праблему зла. Канцэпцыя асобы як духоўнай сутнасці таксама з'яўляецца асабліваю заслугаю веры: хрысціянскае вучэнне аб годнасці, роўнасці і свабодзе людзей, несумненна, паўплывала на сучасны філасофскі роздум. У больш блізкі нам час можна вылучыць адкрыццё значнасці, якую таксама мае для філосафаў гістарычная падзея, што з'яўляецца кульмінацыяй хрысціянскага Аб'яўлення. Невыпадкова яна стала стрыжнёвым паняццем гісторыі філасофіі, якая адкрывае новы раздзел у пошуках ісціны чалавекам.

Аб'ектыўным элементам хрысціянскай філасофіі з'яўляецца таксама неабходнасць даследвання рацыянальнасці пэўных ісцінаў Святога Пісання, такіх, як магчымасць звышнатуральнага паклікання чалавека ці сам першародны грэх. Падобныя пачынанні змушаюць розум прызнаць, што існуе ісціна і рацыянальная рэчаіснасць далёка па-за цеснымі межамі, у якіх ён быў схільны сам сябе замкнуць. Праблематыка такога роду істотна пашырае сферу рацыянальнага роздуму.

Разглядаючы гэтыя пытанні, філосафы не сталі тэолагамі, бо не імкнуліся да зразумення і вытлумачэння праўдаў веры ў святле Аб'яўлення. Яны працягвалі працу ў сваёй уласнай галіне, выкарыстоўваючы ўласныя, чыста рацыянальныя метады, але разам з тым пашыраючы абшар сваіх пошукаў новых сфераў ісціны. Можна сказаць, што без гэтага натхняльнага ўплыву Божага Слова не з'явілася б значная частка новай і сучаснай філасофіі. Гэты факт захоўвае ўсё сваё значэнне, нават нягледзячы на тое, што многія мысляры апошніх стагоддзяў, на жаль, адышлі ад хрысціянскай артадоксіі.

77. З іншым важным тыпам філасофскага роздуму мы маем справу тады, калі сама тэалогія звяртаецца да філасофіі. На самай справе тэалогіі заўсёды была патрэбная і надалей патрабуецца дапамога філасофіі. Паколькі тэалогія створана крытычным розумам, які кіруецца святлом веры, то асноваю і абавязковаю ўмоваю ўсіх яе пошукаў з'яўляецца існаванне розуму, адпаведна развітага і сфармаванага ў сферы паняццяў і аргументаў. Апрача таго, філасофія патрэбная тэалогіі, каб весці з ёю дыялог з мэтаю высветліць, ці з'яўляюцца тэалагічныя сцвярджэнні зразумелымі і універсальна праўдзівымі. Невыпадкова Айцы Касцёла і сярэднявечныя тэолагі выкарыстоўвалі нехрысціянскія філасофіі, каб даверыць ім гэту растлумачальную функцыю. Гэты гістарычны факт падкрэслівае значэнне аўтаномнасці, якую таксама захоўвае гэты трэці тып філасофскіх развагаў, аднак разам з тым указвае на неабходныя і глыбокія пераўтварэнні, праз якія павінна прайсці філасофія.

Менавіта ў гэтым вымярэнні неабходнага і высакароднага супрацоўніцтва ўжо ў эпоху Айцоў Касцёла філасофію называлі ancilla hteologiae (служкаю тэалогіі. - Заўв. пер.). Гэтае акрэсленне не азначала, што філасофія бязвольна падпарадкоўваецца тэалогіі альбо іграе адносна яе выключна функцыянальную ролю. Хутчэй за ўсё, яго разумелі ў такім сэнсе, у якім Арыстоцель называў эксперыментальныя навукі «служкамі першай філасофіі». Сёння цяжка было б выкарыстоўваць гэтае акрэсленне з-за згаданага вышэй прынцыпу аўтаноміі, але на працягу вякоў ім паслугоўваліся, каб указаць на неабходнасць сувязі паміж гэтымі дзвюма галінамі ведаў і на немагчымасць іх раздзялення.

Калі тэолаг не хоча паслугоўвацца філасофіяй, узнікае небяспека, што ён будзе несвядома займацца філасофіяй і замкнецца ў мысліцельных структурах, мала прыдатных для спасціжэння веры. Калі б філосаф, са свайго боку, адмовіўся ад усялякай сувязі з тэалогіяй, ён вымушаны быў бы пастуляваць ісціны хрысціянскай веры як самастойныя прынцыпы, што і зрабілі некаторыя філосафы новага часу. У адным і ў другім выпадку ўзнікла б небяспека знішчэння асноваў аўтаноміі, якую слушна імкнецца захаваць кожная навука.

Разнавіднасць філасофіі, якая тут разглядаецца ў сувязі з яе ўплывам на разуменне Аб'яўлення, разам з тэалогіяй больш непасрэдным чынам падпарадкоўваецца аўтарытэту Настаўніцтва Касцёла і з'яўляецца прадметам яго разважанняў, як я ўжо растлумачыў гэта вышэй. Бо праўды веры ставяць пэўныя патрабаванні, якія філасофія павінна захоўваць, калі хоча падтрымліваць сувязь з тэалогіяй.

78. У святле гэтых разважанняў лёгка зразумець, чаму Настаўніцтва Касцёла неаднаразова ўхваляла вартасці думкі св. Тамаша і ўказвала на яго як на правадніка і прыклад для тэолагаў. Яно не хацела такім чынам выяўляць свае адносіны ў пытаннях чыста філасофскіх альбо патрабаваць прыняцця пэўных поглядаў. Мэтаю Настаўніцтва было і ёсць паказаць св. Тамаша як сапраўдны ўзор для ўсіх, хто шукае ісціну. Бо ў яго разважаннях патрабаванні розуму і моц веры паядналіся ў найбольш узвышаным сінтэзе, які калі-небудзь стварала чалавечая думка: ён умеў рашуча абараняць новыя ісціны, прынесеныя Аб'яўленнем, ніколі не парушаючы прынцыпаў, якімі кіруецца розум.

79. Развіваючы навучанне, заключанае ў ранейшых выказваннях Настаўніцтва Касцёла, я маю намер у апошняй частцы гэтай энцыклікі ўказаць на пэўныя патрабаванні, якія тэалогія, а перадусім, слова Божае, прад'яўляюць сёння філасофскай думцы і сучасным філосафам. Як я падкрэсліваў ужо, філосаф павінен кіравацца ўласнымі правіламі і абапірацца на ўласныя прынцыпы, аднак ісціна можа быць толькі адна. Ісціны Аб'яўлення ніколі не могуць змяншаць адкрыццяў розуму і яго слушнай аўтаноміі; аднак розум, са свайго боку, ніколі не павінен губляць здольнасці разважаць над самім сабою і задаваць пытанні, усведамляючы, што ён не можа прыпісаць сабе абсалютнага і выключнага статусу. Аб'яўленая праўда, указваючы таямніцу быцця ў поўным святле, што праменіць ад самога Створцы, які дае жыццё, асветліць шлях філасофскіх разважанняў. Такім чынам, хрысціянскае Аб'яўленне становіцца сапраўдным сувязным і месцам спаткання філасофскай і тэалагічнай думкі ў іх узаемнай суаднесенасці. Таму хочацца пажадаць, каб тэолагі і філосафы пайшлі за адзіным аўтарытэтам ісціны з мэтаю стварэння філасофіі, сугучнай Божаму слову. Такая філасофія стане месцам сустрэчы культуры і хрысціянскай веры, асноваю для ўзаемапаразумення паміж веруючымі і няверуючымі. Яна зможа дапамагчы веруючым пераканацца ў глыбіні і сапраўднасці веры, калі ёй спадарожнічае роздум і яна не адмаўляецца ад яго. Гэтае перакананне пацвярджаюць таксама Айцы Касцёла: «Вера сама па сабе - гэта нішто іншае, як згода розуму. (...) Думае кожны, хто верыць, думае - і, верачы, думае, і, думаючы, верыць. (...) Калі вера не ёсць мысленнем, то яна не існуе»95. І яшчэ: «Калі няма згоды розуму, то няма й веры, бо без згоды розуму не магчыма верыць»96.

VII РАЗДЗЕЛ
ПАТРЭБЫ І ЗАДАЧЫ СЁННЯШНЯГА ЧАСУ

Неад'емныя патрабаванні Божага слова

80. У Святым Пісанні можна знайсці цэлы шэраг даступных непасрэдна альбо ўскосна элементаў, што дазваляюць сфармаваць пра чалавека і свет уяўленне, якое валодае значнай філасофскай каштоўнасцю. Хрысціяне паступова ўсвядомілі багацце, утоенае на гэтых святых старонках. Біблія паказвае, што рэчаіснасць, якую мы ўспрымаем, – не абсалют: яна не ёсць няствораная і не нарадзілася сама па сабе. Толькі Бог – Абсалют. Акрамя таго, на старонках Бібліі з'яўляецца канцэпцыя чалавека як imago Dei (вобраза Божага. – Заўв. пер.), у якой ёсць канкрэтныя ўказанні, што датычаць яго сутнасці і свабоды, а таксама несмяротнасці яго душы. Паколькі створаны свет не самадастатковы, то ўсялякае падманлівае пачуццё аўтаноміі, якое ігнаруе асноўную залежнасць кожнага стварэння, у тым ліку і чалавека ад Бога, прыводзіць да трагедый, што робяць марнымі рацыянальныя пошукі гармоніі і сэнсу чалавечага існавання.

Праблема маральнага зла, найбольш трагічная форма зла, таксама разглядаецца ў Бібліі, якая кажа нам, што яго вытокаў нельга знайсці ў якойсьці недасканаласці, звязанай з матэрыяй, але што зло – гэта рана, нанесеная чалавекам, які неўпарадкавана карыстаецца сваёю свабодаю. Урэшце, слова Божае ставіць пытанне пра сэнс існавання і адказвае на яго, кіруючы чалавека да Езуса Хрыста, Уцелаўлёнага Слова Божага, якое ва ўсёй паўнаце ажыццяўляе чалавечае быццё. Вывучэнне святога тэксту дазволіла б заўважыць яшчэ й іншыя аспекты, аднак на першы план выступае адмаўленне ад усялякіх формаў рэлятывізму, матэрыялізму і пантэізму.

Фундаментам гэтай «філасофіі», заключанай у Бібліі, з'яўляецца перакананне, што чалавечае жыццё і свет маюць сэнс і імкнуцца да паўнаты, якая ажыццяўляецца ў Езусе Хрысце. Уцелаўленне заўсёды будзе заставацца галоўнаю таямніцаю, да якой трэба звяртацца, каб спасцігнуць загадку існавання чалавека, створанага свету і самога Бога. Гэтая таямніца ставіць перад філасофіяй суровы выклік, бо загадвае розуму засвоіць логіку, здольную разбурыць муры, у якіх ён сам мог бы сябе ўвязніць. Аднак толькі тут сэнс існавання дасягае сваёй вяршыні, бо зразумелаю становіцца найглыбейшая сутнасць Бога і чалавека: у таямніцы Уцелаўлёнага Слова захоўваецца і Боская, і чалавечая прырода, а таксама аўтаномія кожнай з іх, у той жа час узнікае повязь любові, што яднае іх паміж сабою, а таксама адзіная ў сваім родзе сувязь, якая, пазбягаючы змяшання дзвюх сутнасцяў, выяўляе іх ва ўзаемнай суаднесенасці97.

81. Можна заўважыць, што адным з найбольш характэрных аспектаў нашага цяперашняга становішча з'яўляецца «крызіс сэнсу». Узнікла так шмат канцэпцый пазнання, часта навуковага характару, якія адлюстроўваюць бачанне жыцця і свету, што на самай справе мы сутыкаемся з усё больш распаўсюджанаю з'яваю фрагментарызацыі ведаў. Менавіта гэта прыводзіць да таго, што такімі цяжкімі, а часта й марнымі становяцца пошукі сэнсу. Больш за тое, і гэта з'ява яшчэ больш драматычная, у гэтым гушчары інфармацыі і фактаў, сярод якіх мы жывем і якія, падобна, становяцца зместам нашага жыцця, многія сумняваюцца, ці мае яшчэ сэнс само пытанне пра сэнс. Мноства тэорый, што спаборнічаюць у спробах вырашыць гэтую праблему, а таксама розныя канцэпцыі ды інтэрпрэтацыі свету і чалавечага жыцця толькі паглыбляюць гэтыя сур'ёзныя сумненні, якія лёгка могуць стаць крыніцаю скептыцызму і раўнадушша альбо розных формаў нігілізму.

У выніку чалавечым духам часта авалодвае нейкая вельмі неакрэсленая форма мыслення, якая вядзе яго да яшчэ большай замкнутасці ў сабе, у межах уласнай іманентнасці, без усялякіх адносінаў да трансцэндэнтнага. Філасофія, якая не ставіць пытанняў пра сэнс быцця, тоіць сур'ёзную небяспеку звесці розум да чыста інструментальных функцый і страты сапраўднай цікавасці да пошукаў ісціны.

Каб быць сугучнай слову Божаму, філасофія павінна, перадусім, атрымаць глыбіню мудрасці для пошукаў канчатковага і абсалютнага сэнсу жыцця. Гэта асноўная ўмова, па сутнасці, вельмі неабходны стымул для філасофіі, каб яна прыстасавалася да ўласнай прыроды, бо, ідучы гэтым шляхам, філасофія стане не толькі вырашальным крытычным аўтарытэтам, які ўказвае розным навуковым дысцыплінам іх асновы і абмежаванні, але і канчатковаю інстанцыяй, якая аб'ядноўвае чалавечыя веды і дзейнасць дзякуючы таму, што пад яе ўплывам яны імкнуцца да адзінай найвышэйшай мэты і сэнсу. Гэта глыбіня мудрасці сёння тым больш неабходная, бо агромністы рост тэхнічнага патэнцыялу чалавецтва змушае яго нанова і з усёю вастрынёю асэнсаваць вышэйшыя каштоўнасці. Калі гэтыя тэхнічныя сродкі не будуць падпарадкаваны якойсьці мэце, што выходзіць па-за межы логікі чыстага утылітарызму, яны хутка могуць паказаць свой антычалавечы характар і нават ператварыцца ў патэнцыяльныя сродкі знішчэння чалавечага роду98.

Слова Божае аб'яўляе канчатковую мэту чалавека і надае паўнацэнны сэнс яго дзейнасці ў свеце. Менавіта таму яно заклікае філасофію, каб яна імкнулася адшукаць натуральны фундамент гэтага ж сэнсу, якім ёсць рэлігійнасць, упісаная ў прыроду кожнага чалавека. Філасофія, якая сумнявалася б у магчымасці існавання канчатковага і абсалютнага сэнсу, была б не толькі непрыдатнаю, але і памылковаю.

82. Апрача таго, гэтай ролі мудрасці не магла б іграць філасофія, якая сама не была б сапраўднаю і праўдзіваю навукаю, гэта значыць такою, што цікавіцца не толькі паасобнымі і рэлятыўнымі аспектамі рэчаіснасці – функцыянальнымі, фармальнымі альбо практычнымі, але таксама і яе поўнаю і канчатковаю ісцінаю, г.зн. самою сутнасцю прадмета пазнання. Такім чынам, мы падыходзім да другога пастулату: трэба паказаць, што чалавек здольны дайсці да пазнання ісціны; прычым маецца на ўвазе пазнанне, якое даходзіць да аб'ектыўнай ісціны праз adaequatio rei et intellectus (адэкватнасць рэчы і інтэлекту. – Заўв. пер.), пра якую казалі вялікія схаласты99. Гэта патрабаванне, уласцівае веры, было адназначна пацверджана на ІІ Ватыканскім Саборы: «Розум жа не зводзіцца да пазнання адных толькі знешніх з'яваў, але можа з сапраўднаю пэўнасцю спасцігаць даступную яму рэчаіснасць, нягледзячы на тое, што ў выніку граху ён часткова зацемнены і аслаблены100.

Філасофія, якой характэрны фенаменалізм альбо рэлятывізм, не здольная была б дапамагчы спасцігнуць скарбы, заключаныя ў слове Божым, бо Святое Пісанне прадугледжвае заўсёды, што хоць чалавек і запляміў сябе недобрасумленнасцю і маною, ён можа спазнаць чыстую і простую праўду. У святых кнігах, асабліва ў Новым Запавеце, можна знайсці тэксты і сцвярджэнні, якія датычаць сапраўды анталагічных праблемаў. Натхнёныя аўтары хацелі даць у іх праўдзівыя меркаванні, гэта значыць такія, што адлюстроўваюць аб'ектыўную рэчаіснасць. Нельга сцвярджаць, што каталіцкая традыцыя зрабіла памылку, інтэрпрэтуючы некаторыя тэксты св. Яна і св. Паўла як сцвярджэнні, што датычаць самой сутнасці Хрыста. Таму, калі тэалогія спрабуе зразумець і растлумачыць гэтыя сцвярджэнні, ёй патрэбна дапамога якойсьці філасофіі, што не выключае магчымасці аб'ектыўна праўдзівага пазнання, нават калі яго можна ўдасканальваць. Усё, што тут было сказана, датычыць таксама меркаванняў сумлення, прычым Святое Пісанне кажа, што яны могуць быць аб'ектыўна праўдзівымі101.

83. З двух вышэй прыведзеных патрабаванняў вынікае трэцяе: неабходна філасофія сапраўды метафізічнага характару, гэта значыць, здольная выйсці па-за межы дадзеных, атрыманых шляхам досведу, каб у сваіх пошуках ісціны адкрыць штосьці абсалютнае, канчатковае, фундаментальнае. Гэтае патрабаванне датычыць як інтэлектуальнага, так і аналітычнага пазнання; асабліва яно тыповае для пазнання маральнага дабра, канчатковаю асноваю якога ёсць найвышэйшае Дабро, сам Бог. Я не хачу тут казаць пра метафізіку як пра канкрэтную школу і пэўную плынь, што ўзнікла ў мінулым. Я толькі хачу адзначыць, што рэчаіснасць і ісціна выходзяць за межы фактаў і вопыту; хачу таксама выступіць у абарону здольнасці чалавека праўдзіва і дакладна, хоць і недасканалымі метадамі, з дапамогаю аналогіяў, спасцігаць гэтае трансцэндэнтнае і метафізічнае вымярэнне. У гэтым сэнсе метафізіку няварта лічыць альтэрнатываю антрапалогіі, бо менавіта метафізіка дазваляе абгрунтаваць паняцце годнасці асобы, указваючы на яе духовую прыроду. Праблематыка асобы з'яўляецца асабліва спрыяльнаю сфераю, у якой адбываецца спатканне з быццём, а тым самым – з метафізічным роздумам.

Усюды, дзе чалавек заўважае заклік абсалютнага і трансцэндэнтнага, перад ім адкрываецца шлях да метафізічнага вымярэння рэчаіснасці: у ісціне, у харастве, у маральных каштоўнасцях, у іншым чалавеку, у самім быцці, у Богу. Вялікі выклік, які стаіць перад намі на мяжы гэтага тысячагоддзя, непазбежны і неадкладны, заключаецца ў пераходзе ад феномену да асновы. Нельга задавальняцца толькі досведам; тады, калі ён выяўляе і раскрывае ўнутраны свет чалавека і яго духоўнасць, рацыянальны роздум таксама павінен сягаць да духоўнай сутнасці і да асновы, на якой яна трымаецца. А таму філасофскі роздум, які выключаў бы ўсялякае адкрыццё на метафізіку, быў бы абсалютна непрыдатны для выканання пасрэдніцкай функцыі ў спасціжэнні Аб'яўлення.

Слова Божае пастаянна звяртаецца да таго, што знаходзіцца па-за межамі досведу і нават па-за межамі чалавечай думкі; але гэту «таямніцу» не ўдалося б раскрыць, а тэалогія не змагла б зрабіць яе ў нейкай ступені зразумелаю102, калі б чалавечае пазнанне было абмежавана выключна светам, які ўспрымаецца праз пачуццёвы досвед. Таму метафізіка іграе асабліва важную ролю ў тэалагічных даследваннях. Тэалогія, пазбаўленая метафізічнага вымярэння, не змагла б выйсці па-за межы аналізу рэлігійнага досведу, а intellectus fidei не змагло б з яе дапамогаю дакладна выявіць універсальную і трансцэндэнтную каштоўнасць аб'яўленай ісціны.

Я надаю такое вялікае значэнне метафізіцы, бо перакананы, што толькі такім шляхам можна пераадолець крызіс, які сёння закрануў вялікія сферы філасофіі, і такім чынам выправіць пэўныя памылковыя ўстаноўкі, распаўсюджаныя ў нашым грамадстве.

84. Неабходнасць аўтарытэту метафізікі стане яшчэ больш відавочная, калі мы возьмем пад увагу сучаснае развіццё герменеўтычных навукаў і розных формаў моўнага аналізу. Вынікі гэтых пошукаў могуць быць вельмі карыснымі для разумення веры, бо яны раскрываюць структуру нашага мыслення і мовы, а таксама сэнс, заключаны ў мове. Аднак асобныя прадстаўнікі гэтых навукаў схільныя абмяжоўваць свае пошукі толькі да пытання, якім чынам чалавек спасцігае і адлюстроўвае рэчаіснасць, і не спрабуюць устанавіць, ці ў стане розум адкрыць яе сутнасць. Як жа не ўбачыць у такой пазіцыі яшчэ аднае праявы сучаснага крызісу даверу да здольнасці розуму? Калі ж пад уплывам апрыёрных прадпасылак навукі гэтыя сцвярджэнні спрабуюць засланіць праўды веры альбо падарваць іх універсальную праўдзівасць, то яны не толькі ігнаруюць розум, але й самі прызнаюць уласную бездапаможнасць, бо вера адназначна прадугледжвае, што чалавечая мова можа універсальна выказаць, хоць і ў аналагічных, але не менш узвышаных катэгорыях, Боскую і трансцэндэнтную рэчаіснасць103. Калі б так не было, то слова Божае, якое ёсць словам Бога, выказаным на чалавечай мове, не змагло б перадаць ніякіх ведаў пра Бога. Спробы зразумення гэтага слова не могуць бясконца адсылаць нас ад інтэрпрэтацыі да інтэрпрэтацыі, не дазваляючы нам дайсці ні да якога праўдзівага сцвярджэння; у адваротным выпадку Божае Аб'яўленне было б немагчымае, існавалі б толькі чалавечыя ўяўленні пра Бога і пра тое, што мы лічым Яго планамі ў дачыненні да нас.

85. Я разумею, што тыя патрабаванні, якія слова Божае ставіць філасофіі, могуць падацца цяжкімі для многіх людзей, што непасрэдна займаюцца сучаснымі філасофскімі даследваннямі. Менавіта таму, абапіраючыся на сістэматычнае вучэнне Папаў апошняга часу і на тое, што таксама пацвердзіў ІІ Ватыканскі Сабор, я хачу выказаць тут маё глыбокае перакананне ў тым, што чалавек здольны выпрацаваць аднародную і арганічную канцэпцыю пазнання. Гэта адна з задачаў, пастаўленая перад хрысціянскаю думкаю ў трэцім тысячагоддзі хрысціянскай эры. Фрагментарнасць ведаў звязана з няпоўным бачаннем праўды і вядзе да фрагментарызацыі сэнсу, а гэта не дазваляе сучаснаму чалавеку дасягнуць унутранага адзінства. Хіба ж Касцёл можа заставацца да гэтага абыякавы? Само Евангелле ставіць перад яго пастырамі задачу служэння мудрасці, і таму яны не могуць ухіліцца ад гэтага абавязку.

Я перакананы, што філосафы, якія спрабуюць сёння вырашыць задачы, пастаўленыя словам Божым перад чалавечаю думкаю, павінны абапірацца ў сваім роздуме на вышэйпададзеныя пастулаты і рэгулярна звяртацца да вялікай традыцыі, распачатай старажытнымі філосафамі, прадоўжанай Айцамі Касцёла, а таксама настаўнікамі схаластыкі, да традыцыі, што ахоплівае таксама фундаментальныя дасягненні новага часу і ХХ стагоддзя. Філосаф, які ўмее чэрпаць з гэтай традыцыі і знаходзіць у ёй натхненне, несумненна, зможа захаваць аўтаномію філасофскай думкі.

Таму ў сённяшняй сітуацыі асабліва важна, каб асобныя філосафы сталі прапагандыстамі нанова адкрытай вырашальнай ролі традыцыі ў фармаванні правільнай формы пазнання. Бо зварот да традыцыі – гэта не толькі ўспамін пра мінулае; хутчэй, ён адлюстроўвае прызнанне каштоўнасці культурнай спадчыны, якая належыць усім людзям. Можна нават сказаць, што гэта мы належым традыцыі і не маем права самавольна ёю распараджацца. Менавіта гэта сувязь з традыцыяй дазваляе нам сёння сфармуляваць арыгінальную, новую думку, якая адкрывае перспектывы на будучыню. У яшчэ большай ступені прынцып сувязі з традыцыяй датычыць тэалогіі. Не толькі таму, што яе першакрыніцаю з'яўляецца жывая Традыцыя Касцёла104, але таксама таму, што менавіта гэты факт наказвае ёй нанова прыняць як глыбокую тэалагічную традыцыю, якая адыграла такую важную ролю ў папярэдніх эпохах, так і непрамінальную традыцыю тае філасофіі, што дзякуючы сваёй сапраўднай мудрасці змагла пераадолець межы прасторы і часу.

86. Увага, якая надаецца неабходнасці захавання цеснай сувязі паміж сучасным філасофскім роздумам і думкаю, выпрацаванаю хрысціянскаю традыцыяй, павінна ліквідаваць небяспеку, што тоіцца ў некаторых плынях думкі, шырока распаўсюджаных сёння. Я лічу, што пра іх варта сказаць хоць бы коратка, каб звярнуць увагу на тыя памылкі, якія ў іх ёсць і якія ўяўляюць небяспеку для філасофіі.

Першая з гэтых плыняў атрымала назву эклектызму. Гэты тэрмін вызначае пазіцыю таго, хто ў сваіх пошуках, у вучэнні і аргументацыі, у тым ліку і ў сферы тэалогіі, мае звычку паслугоўвацца асобнымі думкамі з розных філасофскіх канцэпцый, нягледзячы ні на іх цэласнасць і сістэматычную сувязь, ні на гістарычны кантэкст. Такім чынам, ён пазбаўляе сябе магчымасці адрозніць частку ісціны, заключанай у дадзенай думцы, ад таго, што можа ў ёй быць памылковага і няправільнага. Пэўную крайнюю ступень эклектызму можна заўважыць у выкарыстанні філасофскіх тэрмінаў у чыста рытарычных мэтах, да якога часам звяртаюцца некаторыя тэолагі. Такога роду практыка не дапамагае ў пошуках праўды і не фармуе ні тэалагічных, ні філасофскіх навыкаў мыслення, угрунтаванага на сур'ёзнай навуковай аргументацыі. Сістэматычнае і глыбокае вывучэнне філасофскіх дактрынаў, характэрнай ім мовы і кантэксту, у якім яны з'явіліся, дапамагае пазбегнуць небяспекі эклектызму і дазваляе выкарыстаць іх належным чынам у тэалагічнай аргументацыі.

87. Эклектызм – гэта метадалагічная памылка, але ў ім таксама могуць быць утоеныя тэзісы гістарызму. Каб правільна зразумець нейкую дактрыну, што ўзнікла ў мінулым, трэба змясціць яе ў адпаведны гістарычны і культурны кантэкст. Характэрная ж асаблівасць гістарызму заключаецца ў тым, што ён лічыць абраную філасофію праўдзіваю, калі яна адпавядае патрабаванням дадзенай эпохі і выконвае пастаўленую перад ёю гістарычную задачу. Такім чынам ставіцца пад сумненне, прынамсі ўскосна, нязменная каштоўнасць ісціны. Тое, што праўдзівае ў адной эпосе, сцвярджаюць прыхільнікі гістарызму, можа не быць праўдзівым у другой. У выніку гісторыя думкі становіцца для іх толькі зборам старажытнасцяў, з якога можна чэрпаць прыклады даўніх поглядаў, якія сёння ўжо ў значнай ступені састарэлі і таму не маюць ніякага значэння для сучаснасці. Аднак, на самай справе, трэба памятаць, што нават калі сама фармулёўка ісціны нейкім чынам звязана з пэўнаю эпохаю і культураю, заўсёды можна заўважыць і распазнаць праўду альбо памылковасць, якія ў ёй ёсць, незалежна ад аддаленасці ў часе і прасторы.

У тэалагічнай думцы гістарызм звычайна праяўляецца ў выглядзе своеасаблівага «мадэрнізму». Пад уплывам у нейкай ступені слушнага клопату пра актуальнасць тэалагічнай рэфлексіі і яе даступнасць для сучаснага чалавека тэолагі схільныя паслугоўвацца выключна найноўшымі фармулёўкамі, пачэрпнутымі з філасофскага жаргону, і не ставіцца да іх з належнаю мераю крытычнасці, неабходнаю ў святле традыцыі. Гэтая форма мадэрнізму памылкова атаясамлівае актуальнасць з ісцінаю і таму не ў стане выканаць патрабаванняў ісціны, якім павінна адпавядаць тэалогія.

88. Чарговаю небяспекаю, якую неабходна разгледзець, ёсць сцыентызм. Гэта філасофская канцэпцыя не прызнае каштоўнасці іншых формаў пазнання, акрамя формаў, уласцівых дакладным навукам, і лічыць пладом уяўлення як рэлігійнае і тэалагічнае пазнанне, так і веды ў галіне этыкі і эстэтыкі. У мінулым гэтую ж ідэю абвяшчалі пазітывізм і неапазітывізм, паводле якіх сцвярджэнні метафізічнага характару пазбаўлены сэнсу. Эпістэмалагічная крытыка паказала беспадстаўнасць гэтай тэорыі, аднак цяпер яна адрадзілася ў выглядзе сцыентызму. Ён зводзіць каштоўнасці да ўзроўню звыклых адчуванняў і адсоўвае на другі план паняцці быцця, пакідаючы месца толькі і выключна для таго, што належыць да сферы фактаў. Такім чынам, навука, выкарыстоўваючы развіццё тэхнікі, рыхтуецца падпарадкаваць сабе ўсе аспекты чалавечага жыцця. Бясспрэчныя дасягненні навукі і сучаснай тэхнікі спрычыніліся да пашырэння сцыентысцкага мыслення. Ствараецца ўражанне, што яго ўздзеянне нічым не абмежавана, бо яно пранікла ў розныя культуры, выклікаўшы ў іх радыкальныя перамены.

На жаль, трэба зазначыць, што сцыентызм залічвае ўсё, што датычыць пытання пра сэнс жыцця, да іррацыянальнай сферы альбо да сферы ўяўлення. Цяжка таксама пагадзіцца з адносінамі гэтага напрамку да іншых найважнейшых пытанняў філасофіі, якія ён альбо цалкам ігнаруе, альбо аналізуе з дапамогаю павярхоўных аналогій, пазбаўленых рацыянальных абгрунтаванняў. Гэта вядзе да збяднення роздуму чалавека праз выдаленне з яго сферы тых фундаментальных пытанняў, якія чалавек як animal rationale (разумнае стварэнне. – Заўв. пер.) з самага пачатку свайго жыцця на зямлі пастаянна задаваў сабе. Справіўшыся такім чынам з крытыкаю, заснаванаю на этычных каштоўнасцях, сцыентысцкае мысленне здолела ўнушыць многім людзям погляд, што ўсё тэхнічна ажыццявімае становіцца таксама дапушчальным маральна.

89. Крыніцаю не меншай небяспекі з'яўляецца прагматызм – спосаб мыслення тых, хто, здзяйсняючы выбар, не бачыць неабходнасці звяртацца да тэарэтычных разважанняў і да ацэнак, заснаваных на этычных прынцыпах. Гэты накірунак думкі меў на практыцы важныя наступствы. Перш за ўсё ён прывёў да з'яўлення пэўнай канцэпцыі дэмакратыі, у якой няма месца ніякім напамінкам пра прынцыпы аксіялагічнага характару, а таму – нязменныя: аб дапушчальнасці альбо недапушчальнасці пэўных паводзінаў вырашае галасаванне парламенцкай большасці105. Наступствы такой канцэпцыі відавочныя: найважнейшы маральны выбар чалавека на самай справе залежыць ад імгненных рашэнняў пэўных заканадаўчых органаў. Больш за тое, нават сама антрапалогія ў вялікай ступені абумоўлена аднабаковаю канцэпцыяй чалавека, у якой няма месца ані вялікім этычным дылемам, ані экзістэнцыяльнаму роздуму над сэнсам цярпення і ахвяры, жыцця і смерці.

90. Погляды, разгледжаныя вышэй, вядуць, у сваю чаргу, да больш агульнай канцэпцыі, якая, здаецца, вызначае сёння далягляд многіх філасофскіх напрамкаў, што страцілі цікавасць да пытанняў быцця. Я маю на ўвазе нігілістычнае бачанне, якое адмаўляе адначасова ўсе асновы і ўсялякую аб'ектыўную ісціну. Нігілізм не толькі супярэчыць патрабаванням і ісцінам слова Божага, але, перадусім, адмаўляе гуманнасць чалавека і саму яго тоеснасць. Нельга забываць, што недастатковая ўвага да пытанняў быцця няўхільна вядзе да страты кантакту з аб'ектыўнаю ісцінаю, а ў выніку – з асноваю, на якой грунтуецца чалавечая годнасць. Такім чынам ствараецца магчымасць пазбавіць аблічча чалавека тых рысаў, якія сведчаць пра яго падабенства да Бога, каб паступова абудзіць у ім дэструктыўную прагу сілы альбо ўтапiць яго ў роспачы адзіноты. Калі ў чалавека адабраць праўду, усе спробы яго вызвалення становяцца цалкавіта нерэальнымі, бо праўда і свабода альбо існуюць разам, альбо таксама разам марна гінуць106.

91. Каментуючы пералічаныя вышэй напрамкі думкі, я не спрабаваў даць поўнай карціны сучаснай філасофіі; зрэшты, цяжка было б заключыць яе ў рамкі якойсьці адзінай канцэпцыі. Я павінен падкрэсліць, што на самай справе ў многіх галінах рэсурсы ведаў і мудрасці значна ўзбагаціліся. Дастаткова згадаць логіку, філасофію мовы, эпістэмалогію, філасофію прыроды, антрапалогію, паглыблены аналіз пазнання праз пачуцці, экзістэнцыяльныя канцэпцыі свабоды. З другога боку, шырокае прыняцце прынцыпа іманентызму, які з'яўляецца цэнтральным элементам рацыяналістычных прэтэнзій, ужо выклікала ў мінулым стагоддзі хвалю рэакцый, якія прывялі да радыкальнага адмаўлення пастулатаў, што лічыліся непарушнымі. Такім чынам з'явіліся іррацыянальныя плыні, а крытычны аналіз паказаў марнасць імкненняў розуму да абсалютнага самаабгрунтавання.

Некаторыя мысляры назвалі нашу эпоху «эпохаю постмадэрнізму». Гэты тэрмін, які часта выкарыстоўваецца ў вельмі розных кантэкстах, указвае на з'яўленне цэлага шэрагу новых фактараў, уздзеянне якіх такое шырока і моцнае, што здолела выклікаць істотныя і трывалыя змены. Першапачаткова гэтым вызначэннем паслугоўваліся ў адносінах да з'яваў эстэтычнага, грамадскага альбо тэхналагічнага характару. Пазней яно знайшло прымяненне ў сферы філасофіі, захоўваючы аднак пэўную двухзначнасць, як у сувязі з тым, што тэрмін «постмадэрнізм» іншы раз носіць станоўчы, а іншы раз адмоўны характар, так і таму, што не існуе агульнапрынятага рашэння цяжкай праблемы правязення межаў паміж чарговымі гістарычнымі эпохамі. Адно не падлягае сумненню: плыні думкі, якія спасылаюцца на постмадэрнізм, заслугоўваюць увагі, некаторыя з іх абвяшчаюць, што эпоха бясспрэчных фактаў прайшла беспаваротна, а чалавек павінен цяпер навучыцца жыць у сітуацыі поўнай адсутнасці сэнсу, пад знакам тленнасці і прамінальнасці. Многія аўтары, праводзячы знішчальную крытыку ўсіх аксіёмаў, забываюць пра неабходныя размежаванні і адмаўляюць нават бясспрэчныя аксіёмы веры.

Гэты нігілізм знаходзіць свайго роду пацвярджэнне ў страшным досведзе зла, якое закранула нашу эпоху. З-за гэтага трагічнага досведу надламаўся рацыянальны аптымізм, які ўспрымаў гісторыю як пераможны паход розуму, крыніцу шчасця і свабоды; у выніку адною з найбольшых небяспекаў сёння, напрыканцы стагоддзя, з'яўляецца спакуса роспачы.

Аднак праўда і тое, што надалей існуе і свайго роду пазітывісцкае мысленне, якое не пазбылося памылковасці ілюзій, што дзякуючы дасягненням навукі і тэхнікі чалавек можа, быццам дэміург, забяспечыць сабе поўны кантроль над сваім лёсам.

Актуальныя задачы тэалогіі

92. У розныя эпохi гісторыі перад тэалогіяй, якая ўяўляе сабою тлумачэнне Аб'яўлення, заснаванае на вывадах, заўсёды стаяла задача прыняць спадчыну розных культураў, а пасля далучыць іх да праўдаў веры з дапамогаю паняццяў, адпаведных гэтым культурам. Таксама й сёння тэалогіі даручана дваякая місія. З аднаго боку, яна павінна рэалізаваць задачу, якую ў свой час ёй даверыў ІІ Ватыканскі Сабор, гэта значыць абнавіць сваю метадалогію, каб больш эфектыўна служыць евангелізацыі. У гэтым кантэксце нельга не прывесці словы папы Яна ХХІІІ, якія ён прамовіў на адкрыцці Сабору: «Згодна з гарачым жаданнем усіх тых, хто шчыра любіць хрысціянскую, каталіцкую і апостальскую веру, гэта навука павінна больш шырока вывучацца і больш глыбока спасцігацца, а чалавечаму розуму трэба забяспечыць больш поўную адукацыю і выхаванне ў гэтай галіне; неабходна, каб гэта пэўная і нязменная дактрына, якой належыць захоўваць вернасць і павагу, паглыблялася і падавалася адпаведна патрабаванням нашага часу»107.

З другога боку, тэалогія павінна кіраваць погляд да канчатковай праўды, перададзенай ёй праз Аб'яўленне, не затрымліваючыся на прамежкавых этапах. Тэолаг павінен памятаць, што ў яго працы выяўляецца «дынаміка, уласцівая веры», і што сапраўдным аб'ектам яго пошукаў ёсць «Праўда, жывы Бог і Яго замысел збаўлення, аб'яўлены ў Езусе Хрысце»108. Хоць гэта задача і датычыць у першую чаргу тэалогіі, яна з'яўляецца таксама выклікам для філасофіі, бо маса праблемаў, якія сёння стаяць перад імі, заклікае іх да супрацоўніцтва, хоць і з захаваннем адрозных метадалогій, каб праўда магла быць занава спазнаная і выяўленая. Праўда, якою ёсць Хрыстус, патрабуе прыняць яе як універсальны аўтарытэт, што з'яўляецца асноваю як тэалогіі, так і філасофіі, стымулюе іх і дазваляе ім узрастаць (пар. Эф 4, 15).

Вера ў магчымасць пазнання праўды, якая мае універсальную каштоўнасць, зусім не ёсць крыніцаю неталерантнасці; наадварот, яна – неабходная ўмова шчырага і сапраўднага дыялогу паміж людзьмі. Толькі выконваючы гэтую ўмову, яны могуць пераадолець падзелы і разам імкнуцца да пазнання паўнаты праўды, ідучы шляхамі, якія ведае толькі Дух уваскрослага Хрыста109. Таму цяпер я хачу паказаць, якія канкрэтныя формы прымае сёння гэты пастулат еднасці з пункту гледжання актуальных задач тэалогіі.

93. Асноўная мэта тэалогіі – спасціжэнне Аб'яўлення і праўдаў веры. Таму сапраўдным цэнтрам тэалагічнага роздуму павінна быць сузіранне таямніцы Бога ў Тройцы Адзінага. Шлях да яе адкрывае роздум над таямніцаю Уцелаўлення Сына Божага, гэта значыць над тым, што Ён стаў чалавекам і ў выніку прыняў муку і смерць, а пасля ўваскрос у хвале, узышоў на неба і сеў па правіцы Айца, адкуль прыслаў Духа Праўды, каб Ён устанавіў Касцёл і напоўніў яго жыццём. Першачарговаю задачаю тэалогіі ў гэтым кантэксце становіцца спасціжэнне прыніжэння Бога, якое сапраўды з'яўляецца вялікаю таямніцаю для чалавечага розуму, бо ён не здольны зразумець, што цярпенне і смерць могуць выяўляць любоў, якая прыносіць сябе ў дар, нічога не патрабуючы ўзамен. З гэтага пункту погляду грунтоўнаю і пільнаю патрэбаю становіцца ўважлівы аналіз тэкстаў, перадусім біблійных, а пасля і тых, у якіх выяўлена жывая Традыцыя Касцёла. У сувязі з гэтым сёння ўзнікаюць пэўныя праблемы, толькі часткова новыя, якія немагчыма правільна вырашыць без удзелу філасофіі.

94. Першае праблематычнае пытанне датычыць суадносінаў паміж сэнсам і праўдаю. Як і кожны іншы тэкст, крыніцы, інтэрпрэтаваныя тэолагам, таксама перадаюць перадусім пэўны сэнс, які трэба знайсці і выказаць. У дадзеным выпадку гэты сэнс уяўляе сабою праўду пра Бога, перададзеную самім Богам праз святы тэкст. Так чалавечая мова становіцца ўвасабленнем мовы Бога, што аб'яўляе сваю праўду, дзівосным чынам «зніжаючыся» да нашага ўзроўню, згодна з логікаю Уцелаўлення110. Таму неабходна, каб тэолаг, які інтэрпрэтуе крыніцы Аб'яўлення, паставіў сабе пытанне пра тое, якую глыбокую і нескажоную праўду прагнуць перадаць яму тэксты, незалежна ад абмежаванняў, што навязвае ім мова.

Несумненна, праўда біблійных тэкстаў, асабліва Евангелля, заключаецца не толькі ў тым, што яны апавядаюць пра звычайныя гістарычныя падзеі альбо апісваюць нейтральныя факты, як таго хацеў бы гістарычны пазітывізм111. Наадварот, у гэтых тэкстах гаворыцца пра факты, праўдзівасць якіх не вынікае выключна з іх гістарычнасці, а заключана ў значэнні, якое яны маюць у гісторыі збаўлення і для яе. Гэта праўда ва ўсёй паўнаце тлумачыцца Касцёлам, які на працягу вякоў пастаянна прачытвае гэтыя тэксты, захоўваючы непарушным іх першапачатковы сэнс. Таму існуе пільная патрэба, каб і з пазіцыі філасофіі таксама паставіць пытанне пра сувязь паміж фактам і яго значэннем – пра сувязь, што надае спецыфічны сэнс гісторыі.

95. Слова Божае не скіравана толькі да аднаго народу альбо толькі да аднае эпохі. Дагматычныя пастановы таксама выяўляюць пастаянную і канчатковую ісціну, хоць у іх часам можна заўважыць уплыў культуры тае эпохі, у якой яны былі сфармуляваныя. Зразумела, тут паўстае пытанне, якім чынам можна сумясціць абсалютны і універсальны характар праўды з тым фактам, што фармулёўкі, у якіх яна выказана, непазбежна залежаць ад гістарычных і культурных фактараў. Як я ўжо сказаў раней, тэзісы гістарызму не вытрымліваюць крытыкі. Дзякуючы ж выкарыстанню герменеўтыкі, што прымае метафізічнае вымярэнне, можна паказаць, якім чынам адбываецца пераход ад гістарычных і знешніх абставінаў, у якіх узніклі дадзеныя тэксты, да выяўленай у іх праўды, што выходзіць па-за рамкі гэтых абмежаванняў.

Сваёю абмежаванаю і гістарычна сфармаванаю моваю чалавек можа выказаць ісціны, якія выходзяць за межы моўнай з'явы, бо ісціна ніколі не можа быць абмежавана рамкамі часу і культуры; яна спасцігаецца ў гісторыі, але пераўзыходзіць саму гісторыю.

96. Гэты роздум дазваляе ўбачыць вырашэнне яшчэ аднае праблемы, а менавіта, праблемы трывалай каштоўнасці паняццяў, выкарыстаных у саборавых вызначэннях. Ужо мой шаноўны папярэднік Пій ХІІ разглядаў гэтую праблему ў энцыкліцы Humani generis112.

Роздум над гэтаю праблемаю нялёгкі, бо змушае ўважліва аналізаваць значэнні, якія асобныя словы атрымліваюць у розных культурах і эпохах. Тым не менш, гісторыя думкі паказвае, што некаторыя асноўныя паняцці захоўваюць універсальную пазнавальную вартасць у розных культурах і на чарговых этапах іх эвалюцыі, а тым самым захоўваюцца праўдзівыя фармулёўкі, якія іх выяўляюць113. Калі б было інакш, філасофія і розныя навуковыя дысцыпліны не змаглі б знайсці агульнай мовы і не ўспрымаліся б культурамі, адрознымі ад тых, у якіх яны нарадзіліся і развіваліся. Такім чынам, герменеўтычная праблема існуе, але яна вырашальная. З другога боку, нягледзячы на рэалістычнае разуменне многіх паняццяў, іх змест часта аказваецца няясным, і тут філасофскі роздум мог бы вельмі дапамагчы. Таму пажадана, каб больш глыбока вывучаліся сувязі паміж моваю паняццяў і праўдаю, а таксама, каб былі паказаны адпаведныя шляхі, што вядуць да правільнага разумення гэтых сувязяў.

97. Хоць важнаю місіяй тэалогіі з'яўляецца інтэрпрэтацыя крыніцаў, яе чарговаю і пры тым больш складанаю і адказнаю задачаю ёсць зразуменне аб'яўленай праўды, гэта значыць выпрацоўка intellectus fidei. Як я ўжо згадваў, intellectus fidei патрэбна падтрымка з боку філасофіі быцця, якая дазволіць, перадусім, дагматычнай тэалогіі належным чынам выконваць свае функцыі. Дагматычны прагматызм з пачатку гэтага стагоддзя, паводле якога праўды веры – не што іншае як толькі маральныя нормы, ужо дыскваліфікаваныя і адкінутыя114; нягледзячы на гэта надалей існуе спакуса разумення гэтых праўдаў толькі функцыянальна. Аднак гэта азначала б прыняцце неадпаведнай схемы, занадта абмежаванай і пазбаўленай неабходнага зместу. Напрыклад, хрысталогія, якая прымае выключна перспектыву «знізу», як сёння гаворыцца, альбо эклезіялогія, якая выкарыстоўвае ў якасці ўзору толькі мадэлі цывільных грамадстваў, з цяжкасцю здолелі б пазбегнуць небяспекі такога рэдукцыяналізму.

Калі intellectus fidei павінна абняць усё багацце тэалагічнай традыцыі, яму неабходна звяртацца да філасофіі быцця. Гэта філасофія павінна быць у стане нанова сфармуляваць праблему быцця згодна з патрабаваннямі і даробкам усяе філасофскай традыцыі, таксама і філасофіі новага часу, пазбягаючы бясплоднага тыражавання састарэлых схемаў. Філасофія быцця ў рамках хрысціянскай метафізічнай традыцыі з'яўляецца дынамічнай філасофіяй, якая ўспрымае рэчаіснасць у яе анталагічных, прычынных і камунікацыйных структурах. Яна чэрпае сваю сілу і трываласць з таго, што пунктам адліку для яе з'яўляецца сам акт існавання, і гэта дазваляе ёй цалкам прыняць усю рэчаіснасць, пераадольваць усе межы і сягаць ажно да Таго, Хто ўсё абдорвае спаўненнем115. У тэалогіі, якая бярэ пачатак з Аб'яўлення як з новай крыніцы пазнання, прыняцце гэтай перспектывы абгрунтавана цеснаю сувяззю паміж вераю і метафізічнаю рацыянальнасцю.

98. Падобныя высновы можна зрабіць і адносна маральнай тэалогіі. Вяртанне да філасофіі неабходна таксама ў сферы спасціжэння праўдаў веры, якія датычаць паводзінаў веруючых. Перад абліччам сучасных грамадскіх, эканамічных, палітычных і навуковых выклікаў сумленне чалавека губляе арыенціры. У энцыкліцы Veritatis splendor я сцвярджаў, што многія праблемы сучаснага свету звязаны з «крызісам вакол праблемы праўды. Страта ідэі універсальнай праўды пра дабро, што пазнаецца чалавечым розумам, непазбежна прывяла да змены канцэпцыі сумлення: яно ўжо не ўспрымаецца ў сваім першапачатковым значэнні; гэта значыць, як акт разумнага пазнання асобаю, якая ў пэўнай сітуацыі павінна выкарыстаць агульныя веды пра дабро і тым самым выказаць сваё меркаванне аб правільнасці формы паводзінаў тут і цяпер. Узнікла тэндэнцыя, згодна з якою сумленне аднае асобы надзяляецца прывілеем аўтаномна вызначаць крытэрыі дабра і зла і адпаведна з тым дзейнічаць. Гэтае ўяўленне звязана з індывідуалістычнаю этыкаю, паводле якой кожны чалавек валодае ўласнаю праўдаю, адрознаю ад праўды іншых людзей»116.

Ва ўсёй энцыкліцы я выразна падкрэсліў галоўную ролю праўды ў сферы маральнасці. У кантэксце большасці неадкладных этычных праблемаў гэтая праўда павінна стаць прадметам уважлівага роздуму для маральнай тэалогіі, якая зможа дакладна паказаць яе карані, што знаходзяцца ў слове Божым. Каб ажыццявіць гэтую місію, маральная тэалогія павінна выкарыстаць філасофскую этыку, якая звяртаецца да праўды пра дабро, а значыць не з'яўляецца ні суб'ектывісцкаю, ні утылітарысцкаю. Такі тып этыкі прадугледжвае пэўную філасофскую антрапалогію і метафізіку дабра. Абапіраючыся на гэту цэльную канцэпцыю, якая відавочным чынам звязана з хрысціянскаю святасцю і з практыкаю натуральных і звышнатуральных цнотаў, маральная тэалогія зможа лепш і эфектыўней вырашаць розныя праблемы, што ўваходзяць у яе кампетэнцыю: праблемы міру, сацыяльнай справядлівасці, сям'і, абароны жыцця і аховы навакольнага асяроддзя.

99. Тэалагічны роздум у Касцёле павінен служыць, перадусім, абвяшчэнню веры і катэхізацыі117. Абвяшчэнне, гэта значыць кэрыгма, заклікае да навяртання, указваючы праўду Хрыста, якою завершыць Яго пасхальную Таямніцу, бо толькі ў Хрысце магчыма пазнанне паўнаты праўды, якая збаўляе (пар. Дз 4, 12; 1 Цім 2, 4–6).

У гэтым кантэксце становіцца зразумела, чаму такое істотнае значэнне мае сувязь філасофіі не толькі з тэалогіяй, але і з катэхізацыяй: апошняя мае элементы філасофіі, якія належыць глыбей спазнаць у святле веры. Вучэнне, заключанае ў катэхізацыі, аказвае выхаваўчы ўплыў на чалавека. Катэхізацыя, якая таксама з'яўляецца формаю моўных зносінаў, павінна прадставіць цэлую і непарушную дактрыну Касцёла118, паказваючы яе сувязь з жыццём веруючых119. Такім чынам ажыццяўляецца асаблівае адзінства вучэння і жыцця, якога немагчыма дасягнуць іначай, бо ў катэхізацыі аб'ектам перадачы з'яўляецца не пэўны шэраг паняційных ісцінаў, а таямніца жывога Бога120.

З дапамогаю філасофскага роздуму можна растлумачыць сувязь праўды з жыццём, сувязь падзеі з дактрынальнаю праўдаю, асабліва ж сувязь паміж трансцэндэнтнаю праўдаю і моваю, зразумелаю чалавеку121. Таму ўзаемасувязь, якая ўзнікае паміж тэалагічнымі дысцыплінамі і канцэпцыямі, выпрацаванымі рознымі філасофскімі плынямі, сапраўды можа быць карыснаю для перадачы веры і яе больш глыбокага разумення.

ЗАКАНЧЭННЕ

100. Праз больш як сто гадоў пасля абвяшчэння энцыклікі Льва ІІІ Aeterni Patris, да якой я неаднаразова звяртаўся на гэтых старонках, я палічыў патрэбным распачаць нанова і больш сістэмна развагі на тэму суадносінаў веры і розуму. Відавочная роля філасофскай думкі ў развіцці культураў і ў фармаванні індывідуальных і грамадскіх паводзінаў. Гэтая думка мае моцны ўплыў, які не заўсёды адчуваецца непасрэдна, на тэалогію і на яе розныя дысцыпліны. Таму мне здалося правільным і неабходным падкрэсліць значэнне філасофіі з пункту погляду спасціжэння веры, а таксама паказаць абмежаванні, з якімі яна сутыкаецца, калі забывае аб праўдах Аб'яўлення альбо іх адпрэчвае, бо Касцёл цвёрда перакананы, што вера і розум «могуць аказваць сабе ўзаемную дапамогу»122, выступаючы адносна адно аднаго ў якасці крытычнага і ачышчальнага фактару, а таксама стымулу, які натхняе на далейшыя пошукі і глыбокі роздум.

101. Вывучаючы гісторыю чалавечай думкі, асабліва на Захадзе, можна лёгка заўважыць у ёй багацце, што служыць прагрэсу чалавецтва, і якое ўзнікла ў выніку спаткання філасофіі з тэалогіяй і ўзаемаабмену іх даробку. Тэалогія, атрымаўшы ў дар адкрытасць і арыгінальнасць, дзякуючы якім яна можа існаваць як навука веры, несумненна падрыхтавала розум да прыняцця радыкальнай навіны, якую заключае ў сабе Божае Аб'яўленне. Гэта прынесла несумненную карысць філасофіі, бо такім чынам яна магла адкрыць новыя далягляды і ўбачыць чарговыя праблемы, якія павінны ўсё глыбей даследвацца розумам.

Менавіта ў святле гэтага сцвярджэння я лічу сваім абавязкам падкрэсліць – падобна да таго, як я адзначыў неабходнасць для тэалогіі набыцця адпаведнай сувязі з філасофіяй, – што і філасофія павінна дзеля дабра і прагрэсу чалавечай думкі аднавіць сваю сувязь з тэалогіяй. Яна знойдзе ў ёй не разважанні аднаго чалавека, якія, нават глыбокія і багатыя, абмежаваны асаблівасцямі канкрэтнай асобы, але багацце супольнай рэфлексіі, бо натуральнаю апораю тэалогіі ў яе пошуках праўды з'яўляецца яе эклезіяльнасць123, а таксама традыцыя люду Божага з яе багаццямі і разнастайнасцю ведаў і культураў, звязаных адзінствам веры.

102. Падкрэсліваючы такім чынам значэнне філасофскай думкі і яе сапраўдныя межы, Касцёл адначасова мае на ўвазе дзве мэты: абарону чалавечай годнасці і абвяшчэнне евангельскага паслання. Для рэалізацыі гэтых задачаў у наш час неабходна дапамагчы людзям адкрыць іх здольнасць пазнаваць ісціну124 і прагу найглыбейшага і канчатковага сэнсу існавання. У перспектыве гэтых глыбокіх памкненняў, упісаных Богам у прыроду чалавека, становіцца больш зразумелым таксама чалавечае і разам з тым гуманізуючае значэнне слова Божага. Праз пасрэдніцтва філасофіі, якая стала сапраўднаю мудрасцю, сучасны чалавек зможа пераканацца, што чым больш ён адкрываецца Хрысту, прымаючы Евангелле, тым больш чалавечным ён становіцца.

103. Філасофія таксама з'яўляецца своеасаблівым люстрам культуры народаў. Філасофія, якая развіваецца пад уздзеяннем патрабаванняў тэалогіі, захоўваючы гармонію з вераю, складае частку тае «евангелізацыі культуры», якую Павел VI назваў адною з найважнейшых мэтаў евангелізацыі125. Нястомна нагадваючы пра пільную неабходнасць новай евангелізацыі, я разам з тым звяртаюся да філосафаў, каб імкнуліся ўсё глыбей пазнаваць праўду, дабро і прыгажосць, якія адкрывае нам слова Божае. Гэта задача становіцца яшчэ больш неадкладнаю, калі мы бярэм пад увагу патрабаванні, якія нясе з сабою новае тысячагоддзе: яны скіраваныя, перадусім, да рэгіёнаў і культураў са старажытнаю хрысціянскаю традыцыяй. Гэтае ўсведамленне таксама трэба прызнаць важным і арыгінальным укладам у справу новай евангелізацыі.

104. Часта філасофская думка з'яўляецца адзінаю сфераю паразумення і дыялогу з тымі, хто не вызнае нашай веры. Перамены, якія адбываюцца ў сучаснай філасофіі, патрабуюць уважлівага і кампетэнтнага ўдзелу веруючых філосафаў, здольных заўважыць спадзяванні, звязаныя з цяперашнім гістарычным момантам, новыя зацікаўленні і праблемы. Хрысціянскі філосаф, што выбудоўвае сваю аргументацыю ў святле розуму і згодна з яго правіламі, хоць разам з тым і кіруецца таксама вышэйшымі меркаваннямі, якія чэрпае са слова Божага, можа рабіць высновы, даступныя і зразумелыя таксама тым, хто яшчэ не бачыць паўнаты ісціны, заключанай у Божым Аб'яўленні. Сфера паразумення і дыялогу сёння асабліва неабходная таму, што неадкладныя праблемы чалавецтва – дастаткова згадаць праблему экалогіі ці праблему міру і суіснавання расаў і культураў – могуць быць вырашаны дзякуючы адкрытаму і сумленнаму супрацоўніцтву хрысціянаў з вызнаўцамі іншых рэлігій, а таксама з тымі, хто, не вызнаючы ніякай рэлігіі, шчыра жадае адновы чалавецтва. Гэта пацвердзіў ужо ІІ Ватыканскі Сабор: «Жадаючы такога дыялогу, які кіраваўся б толькі любоўю да ісціны, з захаваннем, зразумела, адпаведнай разважнасці, мы гатовыя весці яго з усімі: і з тымі, хто, развіваючы цудоўныя якасці чалавечага розуму, не прызнае яшчэ ягонага Створцы, і з тымі, хто супрацьпастаўляе сябе Касцёлу і ўсяляк яго пераследуе»126. Філасофія, у якой існуе хоць бы толькі частка праўды Хрыста – адзінага канчатковага адказу на праблемы чалавека127 – становіцца моцнаю апораю для сапраўднай і разам з тым усеагульнай этыкі, якая патрэбна сёння чалавецтву.

105. На заканчэнне гэтай энцыклікі я хачу звярнуцца з апошнім заклікам перадусім да тэолагаў, каб прысвяцілі асаблівую ўвагу філасофскаму падтэксту слова Божага і распачалі разважанні, якія ва ўсёй паўнаце пакажуць тэарэтычную і практычную каштоўнасць тэалагічных ведаў. Я хачу падзякаваць ім за іх служэнне ў Касцёле. Глыбокая сувязь паміж тэалагічнаю мудрасцю і філасофскімі ведамі – гэта адзін з найбольш арыгінальных элементаў спадчыны, які выкарыстоўвае хрысціянская традыцыя, пранікаючы ў аб'яўленую праўду. Таму я заахвочваю тэолагаў нанова адкрыць і найбольш поўна паказаць метафізічнае вымярэнне ісціны і такім чынам распачаць крытычны і сумленны дыялог з усімі плынямі сучаснай філасофскай думкі і ўсяе філасофскай традыцыі, як з тымі, што застаюцца ў згодзе са словам Божым, так і з тымі, што яму супярэчаць. Няхай яны заўсёды памятаюць пра наказ вялікага мысляра і духоўнага настаўніка св. Банавентуры, які ва ўступе да свайго Itinerarium mentis in Deum (Праваднік душы да Бога. – Заўв. пер.) заклікаў чытача ўсвядоміць сабе, што «недастаткова яму чытання, якому не спадарожнічае скруха, пазнання – без пабожнасці, пошукаў – без парываў захаплення, разважнасці – без духоўнай радасці, дзейнасці, адарванай ад рэлігійнасці, ведаў – без любові, розуму, пазбаўленага пакоры, навукі, якой не падтрымлівае Божая ласка, і рэфлексіі, не ўгрунтаванай на ведах, натхнёных Богам»128.

Я звяртаюся з заклікам таксама да тых, хто адказвае за падрыхтоўку святароў, як акадэмічную, так і душпастырскую, каб клапаціліся асабліва пра філасофскую падрыхтоўку тых, хто будзе абвяшчаць Евангелле сучаснаму чалавеку, а перадусім тых, хто збіраецца прысвяціць сябе вывучэнню і выкладанню тэалогіі. Старайцеся выконваць сваю працу ў святле наказаў ІІ Ватыканскага Сабору129 і пазнейшых распараджэнняў, якія ўказваюць на надзвычай пільную задачу, што стаіць перад усімі намі: мы павінны рабіць наш унёсак у справу сапраўднай і глыбокай перадачы праўдаў веры. Нельга забываць пра важны абавязак адпаведнай падрыхтоўкі выкладчыкаў, якія будуць выкладаць філасофію ў семінарыях і ў іншых навучальных установах Касцёла130. Неабходна, каб гэтае навучанне грунтавалася на адпаведнай навуковай падрыхтоўцы, сістэматычна прадстаўляла вялікую спадчыну хрысціянскай традыцыі і разам з тым улічвала ў належнай ступені актуальныя патрэбы Касцёла і свету.

106. Я таксама звяртаюся да філосафаў і да выкладчыкаў філасофіі, каб яны, ідучы следам нязменна актуальнай філасофскай традыцыі, мелі адвагу вярнуць філасофскай думцы глыбіню сапраўднай мудрасці і праўды, у тым ліку метафізічнай. Няхай яны будуць гатовыя прыняць патрабаванні, якія ставіць перад імі слова Божае, і імкнуцца адказваць на іх сваім роздумам і аргументацыяй. Няхай яны заўсёды імкнуцца да ісціны і адчуваюць дабро, якое ў ёй заключана. Дзякуючы гэтаму яны змогуць стварыць сапраўдную этыку, якая, асабліва ў наш час, так неабходна чалавецтву. Касцёл уважліва і зычліва сочыць за іх пошукамі; таму няхай яны будуць упэўненыя, што ён здолее прызнаць слушную аўтаномію іх навукі. Я хачу асабліва заахвоціць веруючых, што займаюцца філасофіяй, каб яны асвятлялі розныя сферы чалавечай дзейнасці святлом розуму, які становіцца больш надзейным і ясным дзякуючы дапамозе веры.

Нарэшце, я хачу звярнуцца таксама да навукоўцаў, пошукі якіх становяцца для нас крыніцаю ўсё больш поўных ведаў пра сусвет у цэлым, пра неверагоднае багацце яго складовых частак, адушаўлёных і неадушаўлёных, і пра іх складаныя атамныя і малекулярныя структуры. На гэтым шляху, асабліва ў нашым стагоддзі, яны дасягнулі вынікаў, якія не перастаюць нас здзіўляць. Я кірую словы захаплення і падтрымкі да тых смелых першапраходцаў навукі, якім чалавецтва ў такой вялікай ступені абавязана сённяшнім узроўнем свайго развіцця, але адначасова я таксама абавязаны заклікаць іх, каб працягвалі свае намаганні, ніколі не губляючы з вачэй тае мудрасці, якая побач з дасягненнямі навукі і тэхнікі разглядае таксама філасофскія і этычныя каштоўнасці, што з'яўляюцца характэрнаю і неад'емнаю праяваю сутнасці чалавечай асобы. Прадстаўнікі прыродазнаўчых навук цалкам усведамляюць, што «пошукі ісціны, нават калі яна датычыць абмежаванай рэчаіснасці свету ці чалавека, ніколі не скончацца, яны заўсёды скіраваны да таго, што знаходзіцца па-за межамі самога аб'екта даследванняў, да пытанняў, якія адкрываюць доступ да Таямніцы»131.

107. Я прашу ўсіх, каб імкнуліся ўбачыць унутраны свет чалавека, якога Хрыстус збавіў праз таямніцу сваёй любові, а таксама глыбіню яго нястомных пошукаў праўды і сэнсу. Розныя філасофскія сістэмы прывілі чалавеку памылковае перакананне, што ён з'яўляецца абсалютным гаспадаром самога сябе, што можа самастойна распараджацца сваім лёсам і будучыняй, разлічваючы выключна на сябе і на ўласныя сілы. Веліч чалавека ніколі не ажыццявіцца такім чынам. Гэта стане магчымым толькі тады, калі чалавек вырашыць умацавацца ў праўдзе, узвесці свой дом у засені Мудрасці і жыць у ім. Толькі ў перспектыве праўды чалавек зможа цалкам зразумець сэнс сваёй свабоды і сваё пакліканне любіць і пазнаваць Бога як найбольш дасканалую рэалізацыю самога сябе.

108. Цяпер я звяртаюся думкамі да Тае, якую Касцёл называе ў малітве Сталіцаю Мудрасці. Само Яе жыццё – як прыпавесць, здольная праліць святло на разважанні, якія я тут прадставіў, бо можна заўважыць глыбокае падабенства паміж пакліканнем Благаславёнай Дзевы і пакліканнем сапраўднай філасофіі. Падобна да таго як Панна Марыя была паклікана ахвяраваць усю сваю чалавечую і жаночую сутнасць, каб Слова Божае магло прыняць цела і стацца адным з нас, гэтак і філасофія павінна сваёю рацыянальнаю і крытычнаю рэфлексіяй садзейнічаць таму, каб тэалогія як разуменне веры была плённая і эфектыўная. І гэтак жа як Марыя, выказваючы згоду на замысел, які звеставаў Ёй арханёл Габрыэль, не страціла сваёй сапраўднай чалавечнасці і свабоды, гэтак і філасофская думка, прымаючы выклік, які кідае ёй праўда Евангелля, не губляе сваёй аўтаноміі, бо дзякуючы гэтаму ўсе яе пошукі скіраваны да ўзвышанай мэты. Гэтую ісціну добра разумелі ў старажытнасці праведныя хрысціянскія манахі, якія называлі Марыю «апораю разумення веры»132. Яны бачылі ў Ёй праўдзівае адлюстраванне сапраўднай філасофіі і былі перакананыя, што неабходна philosophari in Maria (філасофнічаць з Марыяй. – Заўв. пер.).

Няхай Сталіца Мудрасці будзе бяспечнаю гаванню для тых, хто прысвяціў сваё жыццё пошукам мудрасці. Каб імкненне да мудрасці, канчатковай і сапраўднай мэты кожнай праўдзівай навукі, не сустракала на сваім шляху ўжо ніякіх перашкодаў дзякуючы заступніцтву Тае, якая, нарадзіўшы Праўду і захоўваючы яе ў сваім сэрцы, назаўсёды адарыла ёю ўсё чалавецтва.

У Рыме, у Святога Пятра, 14 верасня 1998 г.,
у свята Узвышэння Святога Крыжа,
у дваццаты год майго пантыфікату.

 


  1. Я пісаў ужо пра гэта ў маёй першай энцыкліцы Redemptor hominis: «мы сталіся ўдзельнікамі гэтага пасланніцтва Хрыста-Прарока, праз якое спаўняем разам з Ім паслугу Божай праўды ў Касцёле. Адказнасць за Божую праўду азначае адначасова любоў да яе і імкненне да такога разумення, якое нам самім, а таксама і іншым гэтую праўду можа наблізіць ва ўсёй яе збаўчай моцы, у яе прыгажосці, ва ўсёй глыбіні і прастаце адначасова». № 19: ААS 71 (1979), 306.
  2. Пар. ІІ Ват. Сабор, Душпастырская Канстытуцыя аб Касцёле ў сучасным свеце Gaudium et spes, 16.
  3. Дагматычная Канстытуцыя аб Касцёле Lumen gentium, 25.
  4. №. 4: AAS 85 (1993), 1136.
  5. ІІ Ватыканскі Сабор, Дагм. Канстытуцыя пра Божае Аб’яўленне Dei Verbum, 2.
  6. Пар. Дагм. Канст. аб каталіцкай веры Dei Filius, ІІІ раздз.: DS 3008.
  7. Тамсама, ІV раздз.: DS 3015; цыт. таксама ў: ІІ Ват. Сабор, Душпаст. Канст. пра Касцёл у сучасным свеце Gaudium et spes, 59.
  8. Дагм. Канст. пра Аб’яўленне Божае Dei Verbum, 2.
  9. Апост. ліст Tertio millennio adveniente (10 лістапада 1994), 10 AAS 87 (1995), 11.
  10. N. 4.
  11. N. 8.
  12. N. 22.
  13. Пар. ІІ Ват. Сабор, Дагм. Канст. пра Божае Аб’яўленне Dei Verbum, 4.
  14. Тамсама, п. 5.
  15. І Ват. Сабор, да матэрыялаў якога належыць прыведзенае вышэй меркаванне, вучыць, што паслухмянасць веры вымагае ўдзелу розуму і волі: “Паколькі чалавек цалкам залежны ад Бога як Створцы і свайго Пана, а створаны розум абсалютна падпарадкуецца нястворанай праўдзе, таму мы абавязаны Богу, які аб’яўляецца, засведчыць праз веру абсалютную паслухмянасць розуму і волі” (Дагм. Канст. аб каталіцкай веры Dei Filius, ІІІ раздз.: DS 3008).
  16. Сэквэнцыя з урачыстасці Найсвяцейшага Цела і Крыві Хрыста.
  17. Pensees, 789 (выд. L.Brunschvicg).
  18. ІІ Ват. Сабор, Душпаст. Канст. пра Касцёл у сучасным свеце Gaudium et spes, 22.
  19. ІІ Ват. Сабор, Дагм. Канст. пра Божае Аб’яўленне Dei Verbum, 2.
  20. Proemio i nn. 1.15: PL 158, 223-224. 226. 235.
  21. De vera religione, ХХХІХ, 72: CCL 32, 234.
  22. «Ut te semper desiderando quaererent et inveniendo quiescerent»: Missale Romanum.
  23. Arystoteles, Metafisica, I, 1.
  24. Confessiones, X, 23, 33: CCL 27, 173.
  25. N. 34: AAS 85 (1993), 1161.
  26. Пар. Ян Павел ІІ, Апост. Ліст. Salvifici doloris (11 лютага 1984), 9: AAS 76 (1984), 209-210.
  27. Пар. ІІ Ват. Сабор, Дэкл. пра адносіны Касцёла да нехрысціянскіх рэлігій Nostra aetate, 2.
  28. Гэта разважанне, якім я займаюся здаўна і пра якое гаварыў пры розных абставінах. «Хто ж такі чалавек і якое ж яго значэнне? Што ёсць ягоным дабром і што злом ягоным?» (Сыр 18, 8). (...) Пытанні гэтыя знаходзяцца ў сэрцы кожнага чалавека, што найлепш даказвае факт, што паэтычны геній кожнай эпохі і кожнага народу, будучы ў пэўнай ступені прароцтвам чалавецтва, пастаянна ставіць «сур’ёзныя пытанні», якія дапамагаюць чалавеку быць сапраўды чалавекам. Яны выяўляюць пільную неабходнасць адшукаць сэнс існавання ў кожны яго момант, на яго істотных і вырашальных этапах, як і ў хвіліны самыя звычайныя.
    Пытанні сведчаць пра глыбокую разумнасць чалавечага існавання, бо натхняюць розум і волю чалавека да свабодных пошукаў выйсця, якое б магло надаць жыццю паўнату сэнсу. І таму яны — найвышэйшае выяўленне натуры чалавека (...), адказ на іх ёсць мераю глыбіні яго заангажаванасці ва ўласнае існаванне. Асабліва тады, калі «прычына рэчы» падвяргаецца поўным даследаванням, якія шукаюць канчатковага і вычарпальнага адказу, чалавечы розум дасягае свае вяршыні і адкрываецца перад рэлігіяй. Бо рэлігійнасць — гэта найбольш узнёслае выяўленне чалавечай асобы, паколькі ёсць вяршыняю яго разумнай прыроды.Яна сыходзіць з глыбокага імкнення чалавека да праўды і складае аснову свабоднага і асабістага пошуку Боскасці»: Агульная аўдыенцыя 19 кастрычніка 1983, 1-2: L'Osservatore Romano, wyd. polskie n. 10 (1983), s. 23-24.
  29. «[Галілей] ясна растлумачыў, што дзве праўды, г.зн. вера і навука, ніколі не могуць знаходзіцца ў супярэчнасці. «Святое Пісанне і прырода паходзяць ад Слова Божага. Першае як прадыктаванае Духам Святым, а гэта, другая, як верная выканальніца Божых наказаў», — так ён напісаў у сваім лісце да айца Бенедэтта Кастэллі 21 снежня 1613 г. А ІІ Ватыканскі Сабор не пярэчыць гэтаму, ён паслугуецца падобнымі словамі, калі гаворыць: «метадычнае даследаванне ў розных навуковых даследаваннях, калі толькі яны праводзяцца (...) з захаваннем маральных нормаў, сапраўды ніколі не будзе супрацьстаяць веры, бо свецкія справы і справы веры бяруць свой пачатак ад таго самага Бога» (Gaudium et spes, 36). Галілей адчуваў у сваіх навуковых даследаваннях прысутнасць Бога, які яго натхняў, папярэджваў і падтрымліваў у ягоных прадбачаннях, дзейнічаючы ў глыбіні яго розуму». Ян Павел ІІ, Прамова ў Папскай Акадэміі Навук, 10 лістапада 1979: Inseqnamenti, ІІ, 2 (1979), 1111-1112.
  30. Пар. ІІ Ват. Сабор, Дагм. Канст. пра Божае Аб’яўленне Dei Verbum, 4.
  31. Orygenes, Contra Celsum, 3, 55: SC 136, 130.
  32. Dialogus cum Tryphone Iudaeo, 8, 1: PG 6, 492.
  33. Stromati, I, 18, 90, 1: SC 30, 115.
  34. Пар. тамсама, I, 16, 80, 5: SC 30, 108.
  35. Пар. тамсама, I, 5, 28, 1: SC 30, 65.
  36. Тамсама, VI, 7, 55, 1-2: PG 9, 277.
  37. Тамсама, I, 20, 100, 1: SC 30, 124.
  38. Cв. Аўгустын, Confessiones, VI, 5, 7: CCL 27, 77-78.
  39. Пар. тамсама, VII, 9, 13-14: CCL 27, 101-102.
  40. De praescriptione hereticorum, VII, 9: SC 46, 98. «Quid ergo Athenis et Hierosolymis? Quid academiae et ecclesiae?».
  41. Пар. Cвятая Кангрэгацыя па справах каталіцкага выхавання, Інструкцыя аб вывучэнні працаў Айцоў Касцёла будучымі святарамі (10 лістапада 1989), 25:AAS 82 (1990), 617-618.
  42. Св. Анзэльм, Prosloqion, 1: PL 158, 226. («Я створаны, каб сузіраць Цябе, і яшчэ не дасягнуў таго, дзеля чаго створаны». - лац.)
  43. Той жа, Monoloqion, 64: PL, 158, 210.
  44. Пар. Св. Тамаш Аквінскі, Summa contra Gentiles, I, VII.
  45. Пар. Summa Theologiae, I, 1, 8, ad 2: «cum enim gratia non tollat naturam sed perficiat».
  46. Пар. Ян Павел ІІ, Прамова перад удзельнікамі ІХ Міжнароднага Кангрэсу, прысвечанага тамізму, (29 верасня 1990): Insegnamenti, XIII, 2 (1990), 770-771.
  47. Апост. ліст Lumen Ecclesiae (20 лістапада 1972), 8:AAS 66 (1974), 680.
  48. Пар. Summa Theologiae, I, 1, 6: «Praeterea, haec doctrina per studium acquiritur. Sapientia autem per infusionem habetur, unde inter septem dona Spiritus Sancti connumeratur».
  49. Тамсама, II-II, 45, 1 ad 2; пар. таксама ІІ-ІІ, 45, 2.
  50. Тамсама, І-ІІ, 109, 1 ad 1, прыводзіць вядомы выраз псеўда-Амвросія, In prima Cor 12, 3:PL 17, 258. («Кожная ісціна, кім бы яна ні выказвалася, зыходзіць ад Святога Духа». - лац.)
  51. Леў ХІІІ, Энц. Aeterni Patris (4 жніўня 1879): ASS 11 (1878-1879), 109.
  52. Павел VІ, Апост. Ліст Lumen Ecclesiae (20 лістапада 1974), 8: AAS 66 (1974), 683.
  53. Энц. Redemptor hominis (4 сакавіка 1979), 15: AAS 71 (1979), 286.
  54. Пар. Пій ХІІ, энц. Humani generis (12 жніўня 1950): AAS 42 (1950), 566.
  55. Пар. І Ватыканскі Сабор, першая дагматычная Канст. аб Хрыстовым Касцёле Pastor Aeternus: DS 3070; ІІ Ват. Сабор, дагм. Канст. аб Касцёле Lumen gentium, 25 с.
  56. Пар. Канстанцінопальскі Сінод: DS 403.
  57. Пар. І Таледскі Сінод: DS 205; І Брагскі Сінод: DS 459-460; Сыкст V, була Coeli et terra Creator (5 студзеня 1586): Bullarіum Romanum 4/4, Romae 1747, 176-179; Урбан VІІІ, Inserutabilis iudiciorum (1 красавіка 1631): Bullarіum Romanum 6/1, Romae 1758, 268-270.
  58. Пар. В'енскі Сабор, Дэкрэт Fidei catholicae: DS 902; V Латэранскі Сабор, була Apostolici regiminis: DS 1440.
  59. Пар. Theses a Ludovico Eugenio Bautain iussu sui Episcopi subscriptae (8 верасня 1840): DS 2751-2756; Theses a Ludovico Eugenio Bautain ex mandato S. Cong. Episcoporum et Religiosorum subscriptae (26 красавіка 1844): DS 2768-1769.
  60. Пар. Св. Кангрэгацыя Індэкса, Дэкрэт Theses contra traditionalismum Angustini Bonnetty (11 чэрвеня 1855): DS 2811-2814.
  61. Пар. Пій ІХ, Breve Eximiam tuam (15 чэрвеня 1857): DS 2828-2831; Breve Gravissimas inter (11 снежня 1862): DS 2850-2861.
  62. Пар. Святая Кангрэгацыя Веравучэння, Дэкр. Errores ontologistarum (18 верасня 1861): DS 2841-2847.
  63. Пар. І Ватыканскі Сабор, Дагматычная Канстытуцыя аб каталіцкай веры Dei Filius, раздз. ІІ DS 3004; і кан. 2, 1: DS 3026.
  64. Тамсама, раздз. ІV: DS 3015, цыт. таксама ў: ІІ Ват. Сабор, Душпастырская Канст. пра Касцёл у сучасным свеце Gaudium et spes, 59.
  65. І Ват. Сабор, Дагматычная Канстытуцыя аб каталіцкай веры Dei Filius, раздз. ІV: DS 3017.
  66. Пар. энц. Pascendi dominici gregis (8 верасня 1907): AAS 40 (1907), 596-597.
  67. Пар. Пій ХІ, энц. Divini Redemptoris (19 сакавіка 1937): AAS 29 (1937), 65-106.
  68. Энцыкліка Humani generis (12 жніўня 1950): AAS 42 (1950), 562-563.
  69. Тамсама, 1. с. 563-564.
  70. Пар. Ян Павел ІІ, Апостальская канстытуцыя Pastor Bonus (28 чэрвеня 1988), арт. 48-49: AAS 80 (1988), 873; Кангрэгацыя Веравучэння, Інструкцыя аб пакліканні тэолага ў Касцёле Donum veritatis (24 мая 1990), 18: AAS 82 (1990), 1558.
  71. Пар. Інструкцыя аб некаторых аспектах «тэалогіі вызвалення» Libertatis nuntius (6 жніўня 1984), VІІ-Х: AAS 76 (1984), 890-903.
  72. Ужо І Ватыканскі Сабор ясна і аўтарытэтна асудзіў гэтую памылку, сцвярджаючы, з аднаго боку: «Што датычыць веры (...) згодна з вучэннем каталіцкага Касцёла, яна з'яўляецца звышнатуральнаю дабрадзейнасцю, дзякуючы якой пры Божым натхненні і з дапамогаю ласкі мы прызнаем праўдзівымі ісціны, якія Ён аб'яўляе, не таму, што ў святле прыроднага розуму мы спасцігаем унутраную ісціну рэчаў, але з прычыны аўтарытэту самога Бога, які аб'яўляе і які не можа ні памыляцца, ні ўводзіць у зман» (Дагматычная Канстытуцыя Dei Filius, ІІІ раздз.: DS 3008, і кан. 3, 2: DS 3032. З другога боку, Сабор сцвярджаў, што розум «не здольны спасцігнуць гэтыя таямніцы як ісціны, уласцівыя яго пазнанню» (тамсама, ІV раздз.: DS 3016). На гэтай падставе Сабор зрабіў практычную выснову: «Веруючыя хрысціяне не толькі не маюць права абараняць як даказаныя навуковыя дасягненні, погляды, аб'яўленыя супярэчнымі дактрыне веры, асабліва, калі яны асуджаны Касцёлам, але і абавязаны ставіцца да іх як да памылак, якія маюць толькі выгляд праўды» (тамсама, ІV раздз.: DS 3018).
  73. Пар. пп. 9-10.
  74. Тамсама, 10.
  75. Пар. тамсама, 21.
  76. Пар. тамсама, 10.
  77. Пар. энцыкліка Humani generis (12 жніўня 1950): AAS 42 (1950), 565-567; 571-573.
  78. Пар. энцыкліка Aeterni Patris (4 жніўня 1879): AAS 11 (1878-1879), 97-115.
  79. Тамсама, 1. с. 109.
  80. Пар. пп. 14-15.
  81. Пар. тамсама, 20-21.
  82. Тамсама, 22; пар. Ян Павел ІІ, энц. Redemptor hominis (4 сакавіка 1979), 8: AAS 71 (1979), 271-272.
  83. Дэкрэт аб падрыхтоўцы да святарства Opatam totius, 15.
  84. Пар. Ян Павел ІІ, Апостальская канстытуцыя Sapientia christiana (15 красавіка 1979). арт. 79-80: AAS 71 (1979), 495-496; Паслясінадальная Апостальская адгартацыя Pastoras dabo vobis (25 сакавіка 1992), 52: AAS 84 (1992), 750-751; пар. таксама некаторыя каментары да філасофіі св. Тамаша: Прамова ў Папскім Універсітэце «Angelicum» (17 лістапада 1979): Insegnamenti II, 2 (1979), 1177-1189; Прамова перад удзельнікамі VІІІ Міжнароднага Кангрэсу тамістаў (13 верасня 1980): Insegnamenti ІІІ, 2 (1980), 604-615; Прамова перад удзельнікамі Міжнароднага Кангрэсу таварыства «San Tommaso» «Душа ў вучэнні св. Тамаша» (4 студзеня 1986): Insegnamenti ІХ, 1 (1986), 18-24. Акрамя таго, Святая Кангрэгацыя каталіцкага выхавання, Ratio fundamentalis institutionis sacerdotalis (6 студзеня 1970), 70-75: AAS 62 (1970) 366-368; Дэкрэт Sacra Theologia (20 студзеня 1972): AAS 64 (1972), 583-586.
  85. Пар. Душпастырская канст. аб Касцёле ў сучасным свеце Gaudium et spes, 57; 62.
  86. Пар. тамсама, 44.
  87. Пар. V Латэранскі Сабор, була Apostolici regimini sollicitudo, Сесія: VІІІ Conc. Oecum. Decreta, 1991, 605-606.
  88. Пар. ІІ Ватыканскі Сабор, Дагматычная канстытуцыя пра Божае Аб'яўленне Dei Verbum, 10.
  89. Св. Тамаш Аквінскі, Summa Theologiae, ІІ-ІІ, 5, 3 ad 2.
  90. «Для фундаментальнай тэалогіі вывучэнне сітуацый, у якіх чалавек задае сабе адвечныя пытанні пра сэнс жыцця, пра мэту, якую ён хоча яму надаць і пра тое, што яго чакае пасля смерці, з'яўляецца неабходнаю падрыхтоўкаю, каб таксама і сёння вера магла ва ўсёй паўнаце ўказваць шлях розуму ў яго шчырых пошуках праўды». Ян Павел ІІ, Ліст да ўдзельнікаў Міжнароднага Кангрэсу пра фундаментальную тэалогію ў 125 гадавіну «Dei Filius» (30 верасня 1995), 4: L'Osservatore Romano, 3 кастрычніка 1995, с. 8.
  91. Тамсама.
  92. Пар. ІІ Ватыканскі Сабор, Душпастырская канстытуцыя аб Касцёле ў сучасным свеце Gaudium et spes, 15; Дэкрэт аб місійнай дзейнасці Касцёла Ad gentes, 22.
  93. Св. Тамаш Аквінскі, De Caelo, 1, 22.
  94. Пар. ІІ Ватыканскі Сабор, Душпастырская канстытуцыя аб Касцёле ў сучасным свеце Gaudium et spes, 53-59.
  95. Св. Аўгустын, De praedestinatione sanctorum, 2, 5: PL, 44, 963.
  96. Св. Аўгустын, De fide, spe et caritate, 7: CCL 64, 61.
  97. Пар. ХАЛКІДОНСКІ САБОР, Symbolum, Definitio: DS 302.
  98. Пар. ЯН ПАВЕЛ ІІ, энцыкліка Redemptor hominis (4 сакавіка 1979), 15: AAS 71 (1979), 286–289.
  99. Пар., напрыклад, СВ. ТАМАШ АКВІНСКІ, Summa Theologiae, І, 16, 1; СВ. БАНАВЕНТУРА, Coll. in Hex., 3, 8, 1.
  100. Душпастырская канстытуцыя аб Касцёле ў сучасным свеце Gaudium et spes, 15.
  101. Пар. ЯН ПАВЕЛ ІІ, энцыкліка Veritatis splendor (6 жніўня 1993), 57–61: AAS 85 (1993), 1179–1182.
  102. Пар. І ВАТЫКАНСКІ САБОР, Дагматычная канстытуцыя аб каталіцкай веры Dei Filius, ІV раздз.: DS 3016.
  103. Пар. IV ЛАТЭРАНСКІ САБОР, De errore abbatis Ioachim, ІІ: DS 806.
  104. Пар. ІІ ВАТЫКАНСКІ САБОР, Дагматычная канстытуцыя пра Божае Аб'яўленне Dei Verbum, 24; Дэкрэт аб падрыхтоўцы да святарства Optatam totius, 16.
  105. Пар. ЯН ПАВЕЛ ІІ, энцыкліка Evangelium vitae (25 сакавіка 1995), 69: AAS 87 (1995), 481.
  106. Так я пісаў у маёй першай энцыкліцы, каментуючы словы Евангелля ад св. Яна: «І пазнаеце праўду, і праўда зробіць вас вольнымі» (8, 32) (...) У гэтых словах – фундаментальнае патрабаванне і перасцярога адначасова. Патрабаванне сумленных адносінаў да ісціны як умова сапраўднай свабоды. Разам з тым – гэта перасцярога перад якой бы то ні было ілюзорнаю свабодаю, перад свабодаю, якая ўспрымаецца павярхоўна, аднабакова, без пранікнення ва ўсю праўду пра чалавека і свет. Таму для нас Хрыстус і сёння, праз дзве тысячы гадоў, Той, Хто нясе чалавеку свабоду, заснаваную на праўдзе, Той, Хто вызваляе чалавека ад усяго, што гэтую свабоду абмяжоўвае, змяншае, ламае каля самага кораня, у душы чалавека, у яго сэрцы, у яго сумленні». Redemptor hominis, (4 сакавіка, 1979), 12: AAS 71 (1979), 280–281.
  107. Прамова на адкрыцці Сабору (11 кастрычніка 1962 г.): AAS 54 (1962), 792.
  108. КАНГРЭГАЦЫЯ ВЕРАВУЧЭННЯ, Інструкцыя аб пакліканні тэолага ў Касцёле Donum veritatis (24 мая 1990), 7–8: AAS 82 (1990), 1552–1553.
  109. Каментуючы словы евангеліста св. Яна 16, 12–13, я напісаў у энцыкліцы Dominum et vivificantem: «У папярэдніх словах Хрыста Суцяшальнік – Дух праўды аб'яўлены як Той, Хто «навучыць і прыпомніць», як Той, Хто будзе «сведчыць» аб Хрысце. Цяпер жа Хрыстус кажа пра Яго: «прывядзе вас да поўнай праўды». Гэтае «прывядзе да поўнай праўды» ў сувязі з тым, чаго апосталы «цяпер вытрываць не могуць», уяўляецца перадусім неабходным з увагі на змардаванне Хрыста праз муку і смерць крыжовую, якая тады, калі Ён прамаўляў гэтыя словы, была ўжо так блізка. Аднак у далейшым гэтае «прывядзенне да поўнай праўды» здаецца неабходным не толькі ў сувязі з самім scandalum Crucis, але таксама ў сувязі з усім, што Хрыстус «чыніў і чаму навучаў» (Дз 1, 1). Цалкавітае mysterium Christi патрабуе веры, бо яна сапраўды ўводзіць чалавека ў рэальнасць аб'яўленай Таямніцы. Такім чынам, «прывядзенне да поўнай праўды» здзяйсняецца ў веры і праз веру, што з'яўляецца справаю Духа Праўды і плёнам Яго дзеяння ў чалавеку. Дух Святы павінен быць тут найвышэйшым правадніком чалавека: святлом чалавечага духу» п. 6: AAS 78 (1986), 815–816.
  110. Пар. ІІ ВАТЫКАНСКІ САБОР, Дагматычная канстытуцыя аб Божым Аб'яўленні Dei Verbum, 13.
  111. Пар. ПАПСКАЯ БІБЛІЙНАЯ КАМІСІЯ, Інструкцыя аб гістарычнай праўдзе Евангелля (21 красавіка 1964): AAS 56 (1964), 713.
  112. «Відавочна, што Касцёл не можа быць звязаны ні з адною хуткацечнаю філасофскаю сістэмаю: паняцці і тэрміны, якія каталіцкія мысляры, што карыстаюцца паўсюдным прызнаннем, выпрацавалі на працягу многіх вякоў, каб у якойсьці ступені спасцігнуць і зразумець догматы, несумненна, не грунтуюцца на такім нетрывалым падмурку. Яны знаходзяць апірышча ў прынцыпах і паняццях, сфармуляваных сапраўдным пазнаннем стварэння; здабываючы ж гэтыя веды, чалавечы розум ішоў за збаўленнаю праўдаю, якая дзякуючы Касцёлу асвячала яго, быццам зорка. Таму нічога дзіўнага, што некаторыя з гэтых паняццяў не толькі былі выкарыстаны Сусветнымі Саборамі, але і атрымалі такое рашучае адабрэнне, што мы не можам ад іх адмовіцца». Энцыкліка Humani generis (12 жніўня 1950): AAS 42 (1950), 566–567; пар. МІЖНАРОДНАЯ ТЭАЛАГІЧНАЯ КАМІСІЯ, Дакумент Interpretationis problema (кастрычнік 1989): Ench. Vat., 11 п.п. 2717–2811.
  113. «Само ж значэнне дагматычных фармулёвак заўсёды застаецца ў Касцёле сапраўдным і пастаянным, нават тады, калі яно глыбей тлумачыцца і больш поўна разумеецца. Таму веруючыя павінны адкінуць меркаванне, паводле якога (...) дагматычныя фармулёўкі (альбо іх разнавіднасці) не могуць перадаваць ісціну дакладна, а толькі ў прыблізных выразах, якія скажаюць альбо змяняюць яе». СВЯТАЯ КАНГРЭГАЦЫЯ ВЕРАВУЧЭННЯ, Дэкларацыя аб Касцёле ў абарону каталіцкай дактрыны супраць некаторых сучасных памылак, Mysterium Ecclesiae (24 чэрвеня 1973), 5: AAS 65 (1973), 403.
  114. Пар. СВЯТАЯ КАНГРЭГАЦЫЯ ВЕРАВУЧЭННЯ, Дэкрэт Lamentabili (3 ліпеня 1907), 26: AAS 40 (1907), 473.
  115. Пар. ЯН ПАВЕЛ ІІ, Прамова ў Папскім Універсітэце «Angelicum» (17 лістапада 1979), 6: Insegnamenti, ІІ, 2 (1979), 1183–1185.
  116. N. 32: AAS 85 (1993), 1159–1160.
  117. Пар. ЯН ПАВЕЛ ІІ, Апостальская адгартацыя Catechesi tradendae (16 кастрычніка 1979), 30: AAS 71 (1979), 1302–1303; СВЯТАЯ КАНГРЭГАЦЫЯ ВЕРАВУЧЭННЯ, Інструкцыя аб пакліканні тэолага ў Касцёле Donum veritatis (24 мая 1990), 7: AAS 82 (1990), 1552–1553.
  118. Пар. ЯН ПАВЕЛ ІІ, Апостальская адгартацыя Catechesi tradendae (16 кастрычніка 1979), 30: AAS 71 (1979), 1302–1303.
  119. Пар. тамсама, 22, l. с., 1295–1296.
  120. Пар. тамсама, 7, l. с., 1282.
  121. Пар. тамсама, 59, l. с., 1325.
  122. І ВАТЫКАНСКІ САБОР, Дагматычная канстытуцыя аб каталіцкай веры Dei Filius, раздз. IV: DS 3019.
  123. «Ніхто не мае права займацца тэалогіяй толькі як зборам сваіх ідэй, але павінен усведамляць сваю асаблівую лучнасць з тою місіяй Праўды, за якую адказвае Касцёл». ЯН ПАВЕЛ ІІ, энцыкліка Redemptor hominis (4 сакавіка 1979), 19: AAS 71 (1979), 308.
  124. Пар. ІІ ВАТЫКАНСКІ САБОР, Дэкларацыя аб рэлігійнай свабодзе Dignitatis humanae, 1–3.
  125. Пар. Апостальская адгартацыя Evangelii nuntiandi (8 снежня 1975), 20: AAS 68 (1976), 18–19.
  126. Душпастырская канстытуцыя аб Касцёле ў сучасным свеце Gaudium et spes, 92.
  127. Пар. тамсама, 10.
  128. Prologus, 4: Opera omnia, Фларэнцыя, 1891, т. V, 296.
  129. Пар. Дэкрэт аб падрыхтоўцы да святарства Optatam totius, 15.
  130. Пар. ЯН ПАВЕЛ ІІ, Апостальская канстытуцыя Sapientia christiana (15 красавіка 1979), арт. 67–68: AAS 71 (1979), 491–492.
  131. ЯН ПАВЕЛ ІІ, Прамова ў сувязі з 600-годдзем тэалагічнага факультэта Ягелонскага універсітэта (8 чэрвеня 1997): L'Osservatore Romano, польск. выд. № 7. (1997), с. 62.
  132. «He noerŕ tés pésteos trŕpeza»: PSEUDO-EPIFANIUSZ, Гамілія на ўшанаванне Маці Божай (Homilia in laudes Sanctae Mariae Deіparae): PG 43, 493.
 
Слоўнік складаных тэрмінаў

У гэтым слоўніку падаюцца значэнні некаторых рэлігійных тэрмінаў і паняццяў. Прадугледжваецца абнаўленне.

A
Абсалюцыя
Абстыненцыя
Аб’яўленне
Абяцаная зямля
Агіяграфія
Адарацыя
Адгартацыя
Аджорнамэнта
Адхлань
Айцец Касцёла
Акламацыя
Актава
Аллелюя
Алтар
Амэн
Антыфона
Апостальскі ліст
Архідыяцэзія
Арцыбіскуп
Аскеза

Б
Баптыстэрый
Баранак Божы
Беатыфікацыя
Беспамылковасць Папы
Біблія
Біскуп
Божае Цела
Брэвіярый
Була
Быццё

В
Ватыкан
Велікодны перыяд
Вігілія
Вікарый
Віятык
Вялікдзень
Вялікі тыдзень
Вяночак

Г
Гамілія
Гасанна
Гісторыя збаўлення
Гостыя
Грэх
Грэхападзенне

Д
Дагмат
Доктар Касцёла
Дыякан
Дыяцэзія
Дэкалог
Дэканат
Дэкрэт

Е
Ерузалем

Ё

Ж

З

Зыход

І
Ідалапаклонства
Іерархія
Ізраэль
Імша
Імшал, Рымскі І.
Інтэгрызм

Й
К
Казанне
Калекта
Камунія
Кананізацыя
Кананічнае права
Кангрэгацыя
Канкардат
Канклаў
Канон
Кансісторыя
Канстытуцыя
Кантэмпляцыя
Канферэнцыя Біскупаў
Канфесіянал
Кардынал
Катэхет
Катэхізацыя, катэхеза
Катэхізіс
Катэхумэн
Каўчэг
Ксёндз
Курыя

Л
Легат
Літанія
Літургічны год
Літургія
Літургія гадзінаў

М
Малітва
Малітоўнік
Манстранцыя
Мартыралог
Медытацыя
Месія
Мітрапаліт
Мітраполія
Монатэізм
Мучанік

Н
Настаўніцкі Інстытут Касцёла
Нешпары
Нунцый
Нунцыятура

О

П
Паганства
Пакаянне
Пальмовая нядзеля
Папа
Папская Рада
Папялец
Парафія
Парузія
Пасія
Пасха
Пасхал
Патоп
Пэнітэнт
Першародны грэх
Пілігрымка
Пісанне, Святое П.
Плашчаніца
Пост
Правінцыя
Пракуратар
Прарок
Працэсія
Пробашч
Протаевангелле
Прэзбітэр
Прэлат
Прэторыя
Прэфацыя
Псальмы
Пяцідзесятніца
Пяцікніжжа
Р
Рахунак сумлення
Ружанец
Рэзурэкцыя
Рэкалекцыі
Рэліквіі

С
Сабор, Сусветны С.
Сакрамэнт
Сатана
Святар
Святарства
Святая зямля
Святы
Святыня
Секвенцыя
Сімвал веры
Сінод
Скінія
Слуга Божы
Споведзь
Стацыя
Стула
Сінэдрыён

Т
Табэрнакулюм
Традыцыя
Традыцыяналізм
Трыдуум
Тэалогія

У
Уваскрэсенне
Усіх святых
Усіх памерлых вернікаў

Ў

Ф

Х
Хрызма
Хрысцільня

Ц
Цэлебрацыя
Цэлібат

Ч

Ш

Э
Экзультэт
Экуменізм
Энцыкліка
Эўхарыстыя

Ю
Ютрань

Я

  A

  Абсалюцыя (лац. absolutio – вызваленне, апраўданне). Адпушчэнне грахоў у сакрамэнце пакаяння. На лацінскай мове формула адпушчэння грахоў заканчваецца словамі: «Ego te absolvo...» («Я адпускаю табе...). У гэты момант з чалавека здымаюцца ўчыненыя ім грахі.

  Абстыненцыя (лац. abstineo, -ere – устрымлівацца). Найчасцей ужываецца ў значэнні ўстрымання ад алкаголю, а таксама ад мясных страваў у перыяды пакаяння і вызначаныя Касцёлам дні (у пятніцу). Можа быць адной з формаў дабравольных пастановаў на Вялікі пост ці аскетычным практыкаваннем.

  Аб’яўленне — 1. Усё тое, што Бог у сваёй мудрасці і дабрыні пажадаў аб’явіць, гэта значыць адкрыць чалавеку пра сябе. Гэтае адкрыццё адбывалася паступова: з самага пачатку Бог сведчыць пра сябе ў сваіх творах, дае бачыць сябе нашым прабацькам і размаўляе з імі. Затым Ён аб’явіў сябе выбранаму народу як адзіны Бог жывы і праўдзівы, словамі і дзеяннямі, каб Ізраэль, пазнаючы Божыя задумы адносна людзей і дзякуючы таму, што Бог прамаўляў вуснамі прарокаў, разумеў іх усё глыбей і ясней і абвясціў далёка сярод язычніцкіх народаў. Нарэшце, Бог цалкам аб’явіў сябе ў сваім Сыне, спрадвечным і апошнім Слове Айца, пасля якога ўжо не будзе іншага А. Крыніца А., якая з’яўляецца падставай веры народа Божага — гэта Святое Пісанне і Традыцыя Касцёла.
2. Звышнатуральныя з’явы, якія Касцёлам былі прызнаныя праявай Божага дзеяння, напр., аб’яўленні Маці Божай у Люрдзе або ў Фаціме. Часцей за ўсё ў такіх А. Бог нагадвае чалавеку пра неабходнасць жыць паводле Яго запаведзяў.
3. А. Пана — урачыстасць, якую Касцёл адзначае 6 студзеня, успамінаючы ў гэты дзень пакланенне мудрацоў з усходу, што прынеслі Дзіцятку Езусу свае дары: золата, міра, кадзіла. Касцёльная традыцыя называе гэтых мудрацоў таксама каралямі (адсюль іншая назва свята — Тры Каралі), а іх пакланенне сімвалізуе пачатак Божага А. язычніцкім народам, прадстаўнікамі якіх яны былі.

  Абяцаная зямля — зямля Ханаан, якую Бог паабяцаў даць свайму народу, калі пад кіраўніцтвам Майсея вывеў яго з Егіпецкай няволі. Гэтая зямля, «у якой цячэ малако і мёд» (гл. Зых 3, 8), з’яўляецца ўласнасцю Бога, а Ізраэль становіцца яе адзіным спадкаемцам. У А. з. Касцёл бачыць правобраз Божага Валадарства, куды ён сам, як новы Ізраэль, пілігрымуе на зямлі.

  Агіяграфія (ад грэцк. hagios — святы і grapho — пішу) — від касцёльнай літаратуры, у якой падаюцца жыццяпісы святых, а таксама дысцыпліна, якая іх вывучае. Першыя жыццяпісы святых пачалі з’яўляцца ў Рымскай імперыі і былі прысвечаны першым мучанікам Касцёла (гл. Мартыралог). З Х ст. яны становяцца вядомымі таксама ва Усходнім Касцёле, у Візантыі.

  Адарацыя (лац. adoratio – ушанаванне, пакланенне). Праява ўшанавання і пакланення Богу. Найбольш распаўсюджаная форма – адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту. Можа быць прыватнай, калі чалавек прабывае перад Хрыстом, укрытым у табэрнакулюме, а таксама публічнай, падчас выстаўлення Найсвяцейшага Сакрамэнту. У Вялікую пятніцу Мукі Пана адбываецца адарацыя св. Крыжа на ўшанаванне збаўчай смерці Хрыста на Крыжы.

  Адгартацыя (лац. Аdhortatio – заахвочванне) — спецыяльны зварот Папы да біскупаў, духавенства і ўсіх вернікаў, прысвечаны пэўнаму аспекту жыцця Касцёла. Як і энцыкліка, А. называецца па першых словах лацінскага тэксту, але, у адрозненне ад першай, у ёй звычайна закранаюцца больш вузкія пытанні. Большасць А. з’явілася пасля Сінодаў біскупаў (сходаў біскупаў з розных рэгіёнаў свету, якія склікае Папа для вырашэння надзённых пытанняў дзейнасці Касцёла) і з’яўляюцца ў пэўным значэнні вынікам працы гэтых Сінодаў. Сярод найбольш важных можна назваць А. Папы Паўла VI «Evangelii nuntiandi» (прысвечана евангелізацыі ў сучасным свеце), а таксама шэраг А. Папы Яна Паўла ІІ: «Familiaris consortio» (прысвечана праблемам сям’і), «Reconciliatio et paenitentia» (прысвечана сакрамэнту пакаяння), «Christifideles laici» (прысвечана пакліканню і місіі свецкіх асобаў у Касцёле і свеце), «Pastores dabo vobis» (прысвечана падрыхтоўцы святароў у наш час), «Vita consecrata» (прысвечана манаскаму жыццю) і «Pastores gregis» (прысвечана служэнню біскупаў).

  Аджорнамэнта (іт. aggiornamеnto – аднаўленне, дастасаванне да сучаснасці) — тэрмін, уведзены Папам Янам XXIII, які азначае курс на аднаўленне Касцёла і дастасаванне яго да патрабаванняў сучаснасці. У сваёй энцыкліцы «Mater et Magistra», апублікаванай у 1961 г., Папа адзначае, што сучаснае становішча значна адрозніваецца ад умоваў жыцця ў мінулым, з чаго вынікае, што Касцёл не можа замкнуцца толькі ў тых формах і спосабах дзейнасці, якія склаліся ў ім на працягу яго папярэдняй гісторыі. Гэтае вучэнне Ян XXIII развівае ў сваёй наступнай энцыкліцы «Pacem in terris», якая значна ўплывала на пастановы Другога Ватыканскага Сабору. Ідучы за сваім папярэднікам, Папа Павел VI вызначыў А. як асноўную мэту і задачу свайго пантыфікату. У энцыкліцы «Ecclesiam suam» ён гаворыць: «Мы ясна паказалі на гэта Сусветнаму Сабору як на правільную лінію паводзінаў; мы жадаем яе замацаваць у памяці Касцёла як заклік, што пастаянна пабуджае яго да актыўнай гатоўнасці, каб з уласціваю яму абачлівасцю ён заўважаў знакі часу і з юнацкай жывасцю ўсюды і заўсёды выпрабоўваў усё, і ўсё добрае захоўваў». Напачатку А. не раз крытыкавалася як у найбольш кансерватыўных колах (гл. інтэгрызм), з аднаго боку, так і найбольш радыкальнымі прыхільнікамі рэформаў, якія лічылі яго недастатковым, з другога. У наш час працэс А. стабілізаваўся, былі больш дакладна вызначаны яго кірунак і задачы. Захоўваючы вернасць пастановам Другога Ватыканскага Сабору і працягваючы справу сваіх папярэднікаў, Папа Ян Павел ІІ унёс у вучэнне і практыку Касцёла новыя пазітыўныя элементы.

  Адхлань Месца знаходжання памерлых, куды, згодна са Святым Пісаннем (Дз 3, 15; Рым 8, 11; 1 Кар 15, 20), зышоў Езус Хрыстус перш чым уваскрэснуць. Ён, прыняўшы смерць, як кожны чалавек, зышоў у адхлань як Збаўца, абвяшчаючы добрую навіну душам, якія там былі закрытыя (ККК, 632), і адчыніў для іх брамы неба (ККК, 637). Зыход Хрыста ў адхлань Касцёл узгадвае ў Вялікую пятніцу Мукі Пана.

  Айцец Касцёла (лац. Pater Ecclesiae) — святы, вучэнне якога легла ў падмурак веравучэння ўсяго Касцёла. Традыцыйна лічыцца, што А. К. з’яўляюцца святыя, якія жылі ў часы хрысціянскай старажытнасці (на Захадзе – да св. Грыгорыя Вялікага, +604 г., на Усходзе – да св. Яна Дамаскіна, +749 г.) і чыё вучэнне ні ў чым не супярэчыць вучэнню Касцёла, зацверджанаму на Саборах. Усіх іншых выдатных настаўнікаў веры называюць «касцёльнымі аўтарамі». Сярод А. К. вылучаюць т. зв. доктараў Касцёла. На Захадзе імі былі св. Амброзій, св. Аўгустын, св. Геранім і св. Грыгорый Вялікі, а на Усходзе — св. Атаназій, св. Базыль Вялікі, св. Грыгорый Назіянзскі і св. Ян Хрызастом. Жыццё, дзейнасць і вучэнне А. К. вывучае патрыстыка.

  Акламацыя (лац. acclamatio – ускліканне) – слова або фраза, часцей за ўсё кароткая, якія прамаўляюць ці спяваюць вернікі падчас літургіі. Так, у А. «амэн» народ далучаецца да малітвы, якую прамаўляе святар, і робіць яе сваёй; у акламацыі перад чытаннем Евангелля «аллелюя» і інш. супольнасць вернікаў прымае і вітае Пана, які будзе прамаўляць да іх у сваім слове; уся супольнасць, яднаючыся з нябеснымі моцамі, на пачатку эўхарыстычнай малітвы спявае А. «Святы...» і г.д. А. з’яўляецца выразам чыннага і свядомага ўдзелу вернікаў у літургіі.

  Актава (ад лац. octo – восем). Восем дзён (тыдзень), калі святкуюцца найбольшыя ўрачыстасці літургічнага года: Вялікдзень (актава Пасхі) і Божае Нараджэнне.

  Аллелюя (ад габрэйск. hallelujah, што азначае праслаўляйма Бога). Радасны заклік да праслаўлення Бога. Хвалебны спеў, узяты з псальмаў, які гучыць падчас св. Імшы перад чытаннем Евангелля; у велікодны перыяд таксама дадаецца да антыфонаў, а падчас актавы Пасхі і ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога да словаў рассылання народа на заканчэнне св. Імшы.

  Алтар – каменны або драўляны стол, на якім у сакрамэнтальных знаках хлеба і віна складаецца Найсвяцейшая Ахвяра (Эўхарыстыя). Гэта – стол Пана, да якога запрашаецца на св. Імшы народ Божы (АУРМ, 295). Алтар спецыяльным чынам урачыста пасвячаецца біскупам або вызначаным святаром. На св. Імшу А. засцілаецца абрусам, на ім ці каля якога змяшчаецца крыж і запальваюцца свечкі. Раней А. быў прыбудаваны да сцяны касцёла, але пасля ІІ Ватыканскага Сабору (1962–1965) А. робіцца аддзеленым ад сцяны, каб можна было зручна абыходзіць вакол яго і цэлебрацыю на ім можна было здзяйсняць, павярнуўшыся да народа (АУРМ, 299).

  Амэн (з габр. – сапраўды, пэўна, няхай станецца) – часта сустракаецца ў Святым Пісанні як адказ, пацвярджэнне – «сапраўды так» або просьба – «няхай так станецца» (гл. Дрг 27, 15-16; Пс 106(105), 48; Мц 6, 13; 1 Кар 14, 16 і г.д.) і нават з’яўляецца адным з найменняў Сына Божага (Ап 3, 14). Вымаўляецца пры знаку св. Крыжа як просьба Божага благаслаўлення і адначасова выраз гатоўнасці хрысціяніна служыць Богу і прыняць Яго волю, як акламацыя на заканчэнне малітваў, а таксама падчас прыняцця Камуніі і пасля адпушчэння грахоў на споведзі.

  Антыфона (грэцк. antiphonein – спяваць папераменна) – верш, найчасцей узяты са Святога Пісання, які падчас Імшы можа спявацца або прамаўляцца ў якасці спеву на ўваход і на Камунію. А. таксама называецца рэфрэн, які паўтараецца пры спяванні ці чытанні псальмаў, у тым ліку рэспансарыйнага псальма падчас Імшы. А. шырока выкарыстоўваюцца ў Літургіі гадзінаў.

  Апостальскі ліст (лац. Epistula Apostolica) — найбольш папулярная форма звароту Папы да вернікаў. А. л. можа быць адрасаваны як усяму Касцёлу, так і пэўным супольнасцям ці асобам. Звычайна звязаны з нейкай нагодай або прымеркаваны да пэўнай даты ці падзеі ў жыцці Касцёла, таму невыпадкова назва сугучная новазапаветным Апостальскім Пасланням. А. л. карацейшы за энцыкліку і адгартацыю, ён можа быць напісаны не толькі на лацінскай мове.

  Архідыяцэзія (ад грэцк. archi- — старэйшы, галоўны і dioecesis) — тэрытарыяльна-адміністратыўная адзінка Касцёла, на чале якой стаіць арцыбіскуп. У наш час існуюць А. трох тыпаў: 1) якая з’яўляецца цэнтрам мітраполіі, напр., Мінска-Магілёўская А.; 2) гістарычная, якая не захавалася як тэрытарыяльная адзінка і існуе толькі ў якасці тытулярнай; 3) якая не належыць да мітраполіі і не мае падпарадкаваных ёй дыяцэзій.

  Арцыбіскуп (ад грэцк. archi- — старэйшы, галоўны і episkopos) — ганаровы тытул, які надаецца біскупам найбольш значных дыяцэзій з IV ст. ва Усходнім Касцёле і з VI ст. ў Заходнім Касцёле. Хоць усе біскупы роўныя і маюць аднолькавую ўладу, апостальскімі правіламі для «захавання еднасці паміж Касцёламі і ўзаемнай дапамогі ў цяжкіх абставінах» асобным біскупам дадзена права вышэйшага клопату аб іншых, пры гэтым ім надаецца тытул А. У наш час у Каталіцкім Касцёле гэты тытул часцей за ўсё маюць мітрапаліты, а таксама біскупы, якія займаюць высокія пасады ў Ватыкане.

  Аскеза (грэцк. askesis – практыкаванне). Духоўныя практыкаванні, мэта якіх – удасканаленне ў цнотах і змаганне з дрэннымі схільнасцямі дзеля з’яднання з Богам.

  Б

  Баптыстэрый (ад грэцк. baptysterion – хрысцільня). Касцёльны будынак, які ўзводзіўся побач з касцёлам для ўдзялення сакрамэнту хросту. З VIII стагоддзя – адно з памяшканняў унутры касцёла, дзе знаходзіцца хрысцільня (часцей за ўсё, адна з бакавых капліц).

  Баранак Божы (лац. Agnus Dei). Баранак з’яўляецца сімвалам нявіннасці і бязгрэшнасці. У часы Старога Запавету пасхальнае ягнё, якое павінна было быць аднагадовым самцом, без заганы, юдэі спажывалі ў свята Пасхі на ўспамін вызвалення з егіпецкай няволі (Зых 12). У Новым Запавеце Ян Хрысціцель так называе Езуса (Ян 1, 29.36), які, будучы бязгрэшным, ахвяраваў сваё жыццё і прыняў смерць на крыжы, каб вызваліць чалавецтва з няволі граху. У літургіі гэтыя словы гучаць у спеве перад Камуніяй; святар прамаўляе іх, паказваючы народу кансэкраваную Гостыю.

  Беатыфікацыя (лац. beatificatio, ад beatus – благаслаўлёны) — абвяшчэнне Касцёлам пэўнага чалавека, які памёр у стане святасці, — Слугі Божага — благаслаўлёным, што дае дазвол на яго публічны культ (ушанаванне) ў мясцовым Касцёле, абмежаваным пэўнай тэрыторыяй, дыяцэзіяй або манаскай супольнасцю. Гэта адбываецца пасля правядзення беатыфікацыйнага працэсу, падчас якога вывучаецца ўсё, што Слуга Божы публічна сказаў або напісаў, збіраюцца сведчанні пра яго жыццё і цноты. Для прызнання Слугі Божага благаслаўлёным неабходна, каб праз яго пасрэдніцтва адбыўся прынамсі адзін дакументальна пацверджаны цуд. Раней урачыстасць беатыфікацыі праводзіў толькі Папа, цяпер жа яе могуць праводзіць біскупы, але толькі пасля завяршэння беатыфікацыйнага працэсу і са згоды адпаведнай кангрэгацыі Святога Пасаду.

  Беспамылковасць Папы — дагмат Каталіцкага Касцёла, зацверджаны І Ватыканскім Саборам у 1870 г., паводле якога Папа, калі прамаўляе «з катэдры» (ex cathedra) па пытаннях веры і маралі, г. зн. як Пастыр усіх хрысціянаў, мае беспамылковасць. Гэты догмат быў пацверджаны і Другім Ватыканскім Саборам.

  Біблія (ад грэцк. biblos, літаральна – кніга) — тэксты Святога Пісання Старога і Новага Запаветаў, якія з’яўляюцца Божым аб’яўленнем для ўсяго чалавецтва і апісаннем гісторыі збаўлення. Б. — кніга чалавечая і кніга Божая. Аўтарам Б. з’яўляецца сам Бог, які для яе напісання выбраў пэўных людзей і даў ім сваё натхненне, гэта значыць, непасрэдна ўплываў на іх думкі. Таму Б. называюць яшчэ «словам Божым». Кожны хрысціянін павінен уважліва слухаць чытанні з Б. падчас літургіі слова на св. Імшы, а таксама рэгулярна самастойна яе чытаць. Касцёл настойліва наказвае чытаць Б. у каталіцкіх выданнях, якія маюць адпаведны, прыняты ва ўсім Касцёле склад святых кніг (канон), а таксама змяшчаюць неабходныя тлумачэнні, якія дапамагаюць разумець святыя тэксты належным чынам. Чытаючы Б., варта заўсёды памятаць, што яна не з’яўляецца падручнікам па прыродазнаўстве ці па гісторыі, а прызначана для пазнання Бога.

  Біскуп (грэцк. episkopos — наглядчык) — вышэйшы сан у касцёльнай іерархіі, які з’яўляецца паўнатой святарства(2). Б. з’яўляецца наступнікам апосталаў. Ужо з сярэдзіны ІІ ст. на чале ўсіх буйных хрысціянскіх супольнасцяў былі біскупы, якіх называлі таксама наглядчыкамі і ўпраўнікамі. Другі Ватыканскі Сабор у канстытуцыі пра Касцёл Lumen gentium (Святло народаў) вызначыў ролю біскупаў як «настаўнікаў у навучанні, святароў і кіраўнікоў». Біскупы «замяшчаюць Хрыста... і дзейнічаюць ад Яго асобы», яны — «вяршыня святарства». Б. з’яўляецца асноўным распарадчыкам святых сакрамэнтаў, але асаблівым чынам у яго кампетэнцыю ўваходзіць пасвячэнне святароў і дыяканаў, канфірмацыя. Біскупаў прызначае Папа, і кожныя пяць гадоў Б. павінен бываць у Рыме з візітам ad limina Apostolorum (да магілаў апосталаў Пятра і Паўла), каб зрабіць справаздачу аб становішчы ў даручанай яму дыяцэзіі. Таксама на працягу пяці гадоў Б. павінен праводзіць візітацыю ўсёй сваёй дыяцэзіі. Для дапамогі дыяцэзіяльным біскупам у пастырскім служэнні Святы Пасад можа прызначыць аднаго ці некалькіх дапаможных біскупаў. Для паляпшэння кіравання Касцёлам з улікам асаблівасцяў, якія існуюць у розных краінах свету, Другі Ватыканскі Сабор устанавіў нацыянальныя і рэгіянальныя Канферэнцыі Біскупаў, а таксама Сінод Біскупаў пры Папе.

  Божае Цела – распаўсюджаная назва ўрачыстасці Найсвяцейшага Цела і Крыві Хрыста, якая адзначаецца ў чацвер пасля ўрачыстасці Найсвяцейшай Тройцы, таму што ў чацвер Езус Хрыстус устанавіў сакрамэнт Эўхарыстыі (Вялікі чацвер). У цэлебрацыі ўрачыстасці Б. Ц. Касцёл складае падзяку Збаўцы за дар Найсвяцейшага Сакрамэнту, у якім Ён сам прабывае са сваім народам. У гэты дзень або ў наступную пасля яго нядзелю адбываецца працэсія, у якой Найсвяцейшы Сакрамэнт з пашанаю нясуць па вуліцах гарадоў і вёсак.

  Брэвіярый (лац. Breviarium) – традыцыйная назва літургічнай кнігі, у якой сабраныя прадпісанні і тэксты для цэлебрацыі Літургіі гадзінаў на працягу літургічнага года.

  Була (ад лац. bulla – шарык) — Папскі дакумент, які змяшчае зварот, пастанову ці распараджэнне. У наш час у Б. часцей за ўсё абвяшчаецца пэўная пастанова ці распараджэнне адміністрацыйнага характару. Дакумент складаецца на лацінскай мове і называецца па першых словах тэксту. Ён змацоўваецца круглай металічнаю пячаткаю — булаю (адсюль назва).

  Быццё — назва першай кнігі Бібліі, якая распачынае таксама Пяцікніжжа Майсея. У перакладзе назва гэтай кнігі «Таледот» з габрэйскай мовы, а таксама «Genesis» з грэцк. і лац., азначае радавод. У ёй апісваецца стварэнне свету Богам, а таксама пачатак гісторыі чалавецтва, пакліканне праайца Абрагама і жыццё яго нашчадкаў.

  В

  Велікодны перыяд. Пяцьдзесят дзён ад нядзелі Змёртвыхпаўстання да нядзелі Спаслання Духа Святога, якія святкуюцца з вялікай радасцю. Асабліва ў гэтыя дні спяваецца Аллелюя. На саракавы дзень пасля Вялікадня адзначаецца Унебаўшэсце Пана, а будні пасля Унебаўшэсця да суботы перад Спасланнем Духа Святога рыхтуюць да прыйсця Духа Святога Суцяшыцеля.

  Ватыкан (ад лац. Vaticanus – назва аднаго з сямі пагоркаў Рыма на правым беразе Тыбра) – 1. Афіцыйная рэзідэнцыя Папаў з 1870 г.
2. Комплекс будынкаў, які ўключае базыліку св. Пятра і Апостальскі палац з Сікстынскай капэлай, у якой з XV ст. адбываюцца выбары Папы.
3. Касцёльная дзяржава, якая афіцыйна называецца «Дзяржава Горад Ватыкан»; іншыя назвы: Святы Пасад, Апостальская Сталіца. Узнікла 11 лютага 1929 г. у выніку падпісання т. зв. Латэранскіх пагадненняў паміж Папам Піем ХІ і італьянскім урадам. В. з’яўляецца тэакратычнай манархіяй на чале з Папам. Асноўны адміністратыўны орган – Рымская курыя. В. прадстаўлены ў Арганізацыі Аб’яднаных Нацый і мае афіцыйных прадстаўнікоў у рангу пасла ў многіх краінах свету (гл. нунцый). У В. ёсць свае сцяг, герб, гімн, грашовыя знакі, паштовыя маркі, а таксама музеі, бібліятэкі, архівы, чыгуначны вакзал, служба бяспекі – швейцарская гвардыя, трыбуналы і нават вязніца. У ім працуюць каля 3 тыс. служачых, колькасць падданых – каля 1 тыс. асобаў. Афіцыйнымі сродкамі інфармацыі В. з’яўляюцца радыёстанцыя «Radio Vaticana» («Ватыканскае Радыё»), якая вяшчае на многіх мовах свету, у тым ліку і на беларускай, штодзённая газета «L’Osservatore Romano» («Рымскі аглядальнік»), што таксама выходзіць на некалькіх мовах, і вялікі рэсурс у сеці Інтэрнэт www. vatican.va.

  Вігілія (ад лац. vigilia – чуванне).
1. Вечаровае набажэнства, якім распачынаецца літургічная цэлебрацыя ўрачыстасцяў і нядзеляў увечары напярэдадні. Вернікі, згодна з напамінам Евангелля (Лк 12, 35-37), трымаючы ў руках запаленыя светачы, павінны быць падобнымі да людзей, якія чакаюць вяртання свайго Пана, каб той, прыйшоўшы, знайшоў іх чуваючымі і запрасіў да свайго стала.
2. Пасхальная вігілія. Адзначаецца ў святую ноч Змёртвыхпаўстання Пана і, згодна са словамі св. Аўгустына, лічыцца «маці ўсіх святых вігілій». Яна з’яўляецца літургічным успамінам ночы, у якую Езус Хрыстус уваскрос з памерлых, вызваліўшы чалавецтва з-пад улады граху і смерці (пар. Рым 8, 2). Яе правобразам у Старым Запавеце стала ноч, у якую Бог вызваліў свой народ з егіпецкай няволі (Зых 12). Пасхальная вігілія мае наступны парадак: пасля Літургіі святла і Абвяшчэння Пасхі (Экзультэт) (першая частка Вігіліі) святы Касцёл разважае пра цуды, якія Пан Бог учыніў для свайго народа, а таксама выяўляе веру ў слова і абяцанні Божыя (другая частка альбо літургія слова), а затым, з набліжэннем дня, Касцёл разам са сваімі новымі членамі, адроджанымі ў хросце (трэцяя частка), будзе пакліканы да стала, які Пан прыгатаваў свайму народу на ўспамін сваёй смерці і ўваскрасення, пакуль Ён не прыйдзе ў хвале (чацвёртая частка). Усе абрады Пасхальнай вігіліі павінны адбывацца ўначы: яны не распачынаюцца да надыходу ночы, а закончыць іх належыць да світання.

  Вікарый (лац. vicarius – намеснік) – 1. Святар, прызначаны біскупам для дапамогі ў пастырскай працы ў парафіі.
2. Генеральны В. – святар, прызначаны ардынарыем для дапамогі ў кіраванні дыяцэзіяй.
3. В. Езуса Хрыста (лац. Vicarius Christi) – адзін з тытулаў Папы.

  Віятык. Святая Камунія, якую прымае цяжка хворы чалавек разам з сакрамэнтам намашчэння хворых, які, як піша святы Якуб (Як 5, 14), павінен умацаваць чалавека ў цяжкія хвіліны хваробы.

  Вялікдзень. Найбольш распаўсюджаная ў нашым народзе назва асноўнага і найстаражытнейшага хрысціянскага свята Уваскрасення Пана, якое адзначалася ўжо першымі хрысціянамі. Свята з’яўляецца рухомым (яно не прыпадае на нейкую пэўную дату) і ў лацінскім Касцёле адзначаецца ў першую нядзелю пасля першай веснавой поўні (пасля дня раўнадзенства). Калі ж на гэты самы дзень прыпадае і юдэйскае свята Пасхі, то святкаванне Вялікадня пераносіцца на наступную нядзелю. Ад таго, на які дзень прыпадае Вялікдзень, залежыць, калі ў гэтым годзе будуць адзначацца іншыя рухомыя святы: Унебаўшэсце, Спасланне Духа Святога, Цела і Крыві Хрыста, Найсвяцейшага Сэрца Езуса. На Вялікдзень існуе звычай благаслаўлення традыцыйных велікодных страваў: хлеба (печыва), мяса, вяндліны, солі, а таксама фарбаваных яек, якія з’яўляюцца атрыбутам святочнага стала.

  Вялікі тыдзень. Апошні тыдзень перад Вялікаднем, асабліва прысвечаны разважанню над збаўчай Мукай Пана. Ён пачынаецца ў Пальмовую нядзелю, а завяршаецца ў Нядзелю Змёртвыхпаўстання Пана. Асноўныя літургічныя цэлебрацыі Вялікага тыдня наступныя: у Вялікі чацвер – Імша Вячэры Пана; у Вялікую пятніцу – літургія на ўшанаванне Мукі Пана, падчас якой адбываецца адарацыя святога Крыжа; і, нарэшце, Пасхальная вігілія ў Святую ноч.

  Вяночак (ад лац. corona – вянок) – спосаб малітвы на ружанцы, які часцей за ўсё мае падобны да ружанцовай малітвы вусны склад, але іншы змест разважання. Так, напр., існуюць В. да Сэрца Езуса (складаецца з пяці частак па тры таямніцы); В. Сямі Радасцяў Найсв. Панны Марыі (т. зв. «Ружанец серафіцкі»); В. на ўшанаванне Маці Божай Балеснай (маюць па сем таямніцаў) і г.д. У апошні час у Касцёле набыў шырокае распаўсюджанне В. да Божай Міласэрнасці, які складаецца з асаблівых малітваў.

  Г

  Гамілія (лац. homilia – гамілія) – настаўленне, якое святар ці дыякан прамаўляе народу падчас св. Імшы пасля чытання Евангелля. Гэта можа быць тлумачэнне якогасьці аспекту чытанняў Святога Пісання або іншага імшальнага тэксту. Г. можа прамаўляцца таксама пры цэлебрацыі сакрамэнтаў, напр., хросту, сужэнства і г.д. Гл. казанне.

  Гасанна (з габрэйск.). Першапачатковае значэнне: прыйдзі на дапамогу, ратуй. Гэтым заклікам Езуса віталі ў Пальмовую нядзелю падчас яго месіянскага ўваходу ў Ерузалем. Гэтыя словы гучаць таксама падчас кожнай св. Імшы ў спеве «Святы, святы, святы» на пачатку эўхарыстычнай малітвы.

  Гісторыя збаўлення — Божы план збаўлення чалавека і ўступлення стварэнняў у дасканалае адзінства Найсвяцейшай Тройцы ў канцы часоў. Божы план паступова і паслядоўна здзяйсняецца ў гісторыі чалавецтва. Пасля грэхападзення першых людзей Бог паабяцаў ім збаўленне (Протаевангелле) і прапанаваў заключыць з імі запавет. Ён заключыў з Ноем вечны запавет паміж сабою і ўсімі жывымі істотамі, і гэты запавет будзе доўжыцца, пакуль існуе свет. Затым Бог выбраў Абрагама і заключыў запавет з ім і яго патомствам, з якога ўтварыў свой выбраны народ і праз Майсея адкрыў яму свой Закон (Дэкалог). Праз прарокаў Бог падрыхтаваў яго да прыняцця збаўлення, прызначанага для ўсяго чалавецтва. Прыйсцем у свет абяцанага Месіі — Езуса Хрыста — распачаўся апошні этап Г. з., які скончыцца Яго другім прыйсцем у хвале, калі адбудзецца суд над светам. Час гэтага суду ведае толькі Айцец. Тады праз свайго Сына Езуса Хрыста Ён скажа сваё апошняе слова пра ўсю гісторыю. Тады мы даведаемся пра канчатковы сэнс усёй справы стварэння і ўсёй Г. з. Часта можна пачуць таксама выраз «эканомія збаўлення», або Божая ці новая эканомія, калі маецца на ўвазе заключны этап Г. з.

  Гостыя (лац. hostia – ахвяра) – белы пшанічны, звычайна круглай формы, хлеб, які выпякаецца без закваскі. Разам з віном гостыя складаецца ў св. Імшы як ахвярны дар і праз вымаўленне святаром словаў кансэкрацыі становіцца Целам Езуса Хрыста (Камуніяй). Маленькія гостыі называюць таксама аплаткамі (ад лац. oblatio – ахвярны дар).

  Грэх. Свядомае і дабравольнае парушэнне Божых запаведзяў, якое аддзяляе чалавека ад Божай любові, пазбаўляе яго асвячальнай ласкі і парушае яго адносіны з Богам і з бліжнімі. Адрозніваюцца цяжкія грахі, якія часам называюць смяротнымі, бо яны пазбаўляюць чалавека надпрыроднага жыцця ў Богу (сур’ёзныя парушэнні, цалкам свядомыя і цалкам дабравольныя) і лёгкія грахі.

  Грэхападзенне — гл. першародны грэх.

  Д

  Дагмат (з грэцк. dogma, dogmatos – асноўны прынцып, вучэнне, меркаванне) — асноватворны прынцып веравучэння, праўдзівасць якога не аспрэчваецца, бо вынікае са Святога Пісання і знаходзіць пацвярджэнне ў Айцоў і Доктараў Касцёла. На двух першых Сусветных Саборах былі сфармуляваныя Д., якія з’яўляюцца падставай хрысціянскага веравучэння і ўваходзяць у Сімвал веры: адзінства Бога ў Тройцы, уцелаўленне Хрыста, Яго збаўчая ахвяра, уваскрасенне, адзінасутнасць Богу Айцу, паўсюднасць Касцёла, уваскрашэнне памерлых і Страшны суд. На трэцім Сусветным Саборы быў прыняты Д. аб прызнанні Марыі Багародзіцай, а чацвёрты Сусветны Сабор прыняў Д. аб дваістай — Боскай і чалавечай — прыродзе Сына Божага. Усе гэтыя Д. агульныя для Каталіцкага і Праваслаўнага Касцёла. Аднак у Касцёле дзейнічае прынцып дагматычнага развіцця, падставай якога з’яўляецца права Сабору прыводзіць некаторыя прынцыпы веравучэння ў адпаведнасць з «жывым голасам» (г. зн. Традыцыяй і практыкай) Касцёла, які можа беспамылкова тлумачыць веравучэнне, паколькі ім кіруе Святы Дух. Такім чынам, на Таледскім Саборы (599 г.) было пацверджана, што Дух Святы паходзіць з Айца і Сына; на Фларэнційскім Саборы (1439 г.) было дагматызавана вучэнне пра чысцец, а І Ватыканскі Сабор (1870 г.) абвясціў Д. пра беспамылковасць Папы ў пытаннях веры. Два Д. Каталіцкага Касцёла былі прынятыя без склікання Сабору — гэта Д. аб Беззаганным Зачацці Панны Марыі, які абвясціў Папа Пій IX у 1854 г., і Д. аб Унебаўзяцці Панны Марыі ў целе, абвешчаны Папам Піем XII у 1950 г. Асаблівы раздзел тэалогіі — дагматычная тэалогія — закліканы развіваць і паглыбляць вучэнне, змешчанае ў Д., а таксама абараняць веру ад памылковых трактаванняў. Настаўніцкі Інстытут Касцёла падкрэслівае абавязковы характар Д. для ўсіх католікаў.

  Доктар Касцёла (лац. Doctor Ecclesiae) — тытул, які Касцёл дае некаторым святым, якія былі выдатнымі настаўнікамі веры і хрысціянскімі пісьменнікамі і зрабілі вялікі ўклад у развіццё тэалагічных асноваў веравучэння Касцёла. Пры наданіі гэтага тытула найперш улічваецца не аб’ём твораў і складанасць тэалагічных пытанняў, якія закранаюцца ў працах святога, а агульнае хрысціянскае значэнне яго вучэння для ўсяго Касцёла (напр., у 1997 г. Ян Павел ІІ абвясціў Д. К. св. Тэрэзу ад Дзіцятка Езус).

  Дыякан (грэцк. diakonos — служыцель) — ніжэйшы духоўны сан у касцёльнай іерархіі, які з’яўляецца першай ступенню святарства(2). Функцыі і становішча дыяканаў змяняліся на працягу гісторыі Касцёла. Першыя Д. былі прызначаныя самімі апосталамі (Дз 6, 1-7) для таго, каб займацца гаспадарчымі справамі хрысціянскай супольнасці. Напачатку дыяканскія функцыі выконвалі і мужчыны, і жанчыны: дыяканы збіралі і размяркоўвалі міласціну, дапамагалі бедным, а дыяканісы рыхтавалі да хросту жанчын. Нікейскі (325г.), а потым Таледскі (589г.) Саборы абмежавалі паўнамоцтвы Д.; у Сярэднявеччы ж дыяканат разглядаўся не як асобнае служэнне, а як прамежная ступень у падрыхтоўцы да святарства. Другі Ватыканскі Сабор (1962 — 1965 г.г.) фактычна адрадзіў інстытут дыяканату і вызначыў ролю і абавязкі Д., як сталага і сапраўднага служыцеля каталіцкай іерархіі з адпаведнымі літургічнымі функцыямі. Д. асістуе святару пры ўсіх сакрамэнтах; падчас Імшы ён абвяшчае Евангелле, прамаўляе просьбы-малітвы вернікаў, прыслугоўвае пры келіху, захоўвае і ўдзяляе Камунію і г.д. Пасвячэнне дыяканату ўдзяляе біскуп праз ускладанне рук. Яго могуць прыняць кандыдаты да святарства, якія пры гэтым прымаюць і абавязак захоўваць цэлібат, а таксама жанатыя мужчыны, якія прайшлі адпаведную падрыхтоўку — т. зв. «сталыя дыяканы».

  Дыяцэзія (лац. dioecesis) — асноўная тэрытарыяльна-адміністратыўная адзінка Касцёла, на чале якой стаіць біскуп. На Беларусі створаны чатыры Д.: Мінска-Магілёўская архідыяцэзія, Пінская, Гродзенская і Віцебская дыяцэзіі.

  Дэкалог (ад грэцк. deka – дзесяць і logos – слова) — дзесяць запаведзяў, якія Майсей атрымаў ад Бога на гары Сінай (Зых 20, 1-17). Каменныя табліцы, на якіх «пальцам Божым» быў напісаны Д., называліся таксама «табліцамі аб’яўлення» і захоўваліся ў каўчэгу. Падзел і нумарацыя запаведзяў змяняліся на працягу гісторыі. Каталіцкі Касцёл традыцыйна карыстаецца парадкам запаведзяў, устаноўленым св. Аўгустынам (V ст.). Такі ж падзел прыняты і ў лютэранаў. Грэцкія айцы падзялілі запаведзі інакш, і іх падзелам карыстаюцца Праваслаўныя Касцёлы і рэфармацкія супольнасці.

  Дэканат (ад грэцк. deka – дзесяць) – тэрытарыяльна-адміністратыўная адзінка Касцёла на чале з дэканам, якая складаецца з некалькіх парафій (першапачаткова – з дзесяці, адсюль назва).

  Дэкрэт (лац. decretum – пастанова, указ) — 1. Дзевяць дакументаў ІІ Ватыканскага Сабору маюць такую назву. Яны прысвечаныя больш вузкім пытанням, чым касцёльныя Канстытуцыі і таксама называюцца па першых словах лацінскага тэксту. Сярод Д. Другога Ватыкaнскага Сабору часта ўзгадваюцца: «Unitatis redintegratio» — пра экуменізм, «Christus Dominus» — пра пастырскае служэнне біскупаў у Касцёле, «Presbyterorum ordinis» — пра служэнне і жыццё прэзбітэраў, «Apostolicam actuositatem» — пра апостальства свецкіх.
2. Адміністрацыйны дакумент, які змяшчае распараджэнне якой-небудзь касцёльнай установы ці кіраўніка: Кангрэгацыі, Канферэнцыі Біскупаў, біскупа для яго дыяцэзіі і інш. (напр., зацвярджэнне статутаў розных касцёльных інстытутаў, усталяванне пэўных літургічных нормаў, прызначэнне пробашчаў і г.д.).

  Е

  Ерузалем (габрэйск. Ерушалаім; магчымы пераклад – уладанне супакою) — горад у Ізраэлі. Біблія бачыць у ім Салем, горад Мельхізэдэка (Быц 14, 18-20) і атаясамлівае яго знаходжанне з гарой Морыа, на якой прынёс сваю ахвяру Абрагам (Быц 22, 1-14). Цар Давід зрабіў Е. сталіцай жыдоўскага царства. Горад стаў цэнтрам палітычнага і рэлігійнага жыцця Ізраэля, паколькі ў ім знаходзілася святыня. Менавіта сюды прыйшоў Езус Хрыстус, каб адзначыць з вучнямі свята Пасхі і каб здзейсніць адкупленне чалавецтва праз сваю муку і смерць. У 70 г. ад Н.Х.Е. быў разбураны рымскімі войскамі пад кіраўніцтвам Ціта; месца, дзе знаходзілася святыня, было ўзарана, а сам горад ператвораны ў рымскую калонію і перайменаваны. У наш час становішча ў Е., як і ва ўсёй Святой Зямлі, застаецца вельмі нестабільным з-за шматгадовага канфлікту паміж ізраільцянамі і палестынцамі. Е. лічыцца святым горадам трох найбольшых монатэістычных рэлігій: хрысціянства, юдаізму і ісламу. Тут знаходзіцца святыня Гробу Пана, у якой можна ўбачыць пячору, дзе было пакладзена цела Езуса і дзе адбыўся цуд уваскрасення. У Бібліі гаворыцца таксама пра нябесны (новы) Е. — супольнасць святых у небе, якія адкупленыя крывёю Ягняці і непасрэдна сузіраюць хвалу Божую (гл. Ап 21).

  Ё

  Ж

  З

  Запавет — азначае таксама: дамова, заключаны саюз. 1. Саюз, заключаны паміж Богам і чалавекам спачатку праз пасрэдніцтва аднаго выбранага народа, а потым непасрэдна. Праз прынясенне Хрыстом самога сябе ў ахвяру мы атрымалі вечную спадчыну — усынаўленне Богу.
2. Стары і Новы З. — назвы частак Бібліі ў хрысціянаў. Стары З. — першая частка Бібліі, у якой, пачынаючы ад стварэння свету, апісваецца гісторыя праайцоў і выбранага народа. Стары З. быў перш за ўсё скіраваны на падрыхтоўку, на прарочае абвяшчэнне і прадказанне праз розныя правобразы прыйсця Хрыста, Адкупіцеля ўсіх, і яго месіянскага валадарства. Стары З. пачынаецца Пяцікніжжам Майсея і ўключае 46 розных кніг, з якіх вельмі вялікую і значную групу складаюць пісанні прарокаў. Таму выраз «Закон і Прарокі», які сустракаецца ў Евангеллі, азначаў у часы Езуса Хрыста ўвесь Стары З. Новы З. — другая частка Бібліі, у цэнтры якой — новы саюз Бога з чалавецтвам, заключаны ў Крыві Хрыста. Новы З. уключае Евангелле, Дзеі апосталаў, апостальскія пасланні і Аб’яўленне св. Яна — Апакаліпсіс. Бог, натхняльнік і аўтар кніг абодвух З. так мудра ўчыніў, што Новы З. укрыты ў Старым, а Стары З. цалкам раскрываецца ў Новым.

  Зыход. Другая кніга Старога Запавету, якая на лаціне называецца Exodus (ад грэцк. eksodos – выхад, зыход). Яе асноўная тэма – выхад ізраільскага народа з егіпецкай няволі і яго вандраванне ў пустыні на чале з Майсеем.

  І

  Ідалапаклонства (ад грэцк. eidolon – літаральна: вобраз, падабенства) — перш за ўсё гэта абагаўленне і пакланенне розным прадметам (статуям, выявам і да т. п.), вырабленым з дрэва, каменю, метала, якое выяўляецца ў форме рэлігійнага культу. Гэта — яўнае і грубае І., супраць якога скіравана першая запаведзь Дэкалога. Яно называецца паганствам (язычніцтвам) і было вельмі распаўсюджана ў старажытным свеце, калі абагаўляліся прадметы, з’явы прыроды, некаторыя жывёлы і г. д. Больш вытанчаным ідалапаклонствам было жаданне служыць сапраўднаму Богу, што выявілася ў пакланенні Ягвэ перад вобразам залатога цяляці, зробленым Ааронам (Зых 32). У далейшым на працягу ўсёй сваёй гісторыі выбраны народ часта парушаў першую запаведзь, дапускаючы грэх І., пра што сведчыць Святое Пісанне. Гэта адбывалася з-за ўплыву паганскіх культаў суседніх з Ізраэлем народаў, а часам праз насаджэнне сваёй рэлігіі рознымі заваёўнікамі. Аднак заўсёды ў Ізраэлі заставаліся тыя, хто захоўваў вернасць адзінаму Богу, нягледзячы на агульнае адступніцтва і рэлігійны ўціск. У больш шырокім значэнні Святое Пісанне называе І. усё, чаму пакланяюцца замест Бога, тое, што адцягвае ад Яго сэрца чалавека. Так, апостал Павел называе ідаласлужэннем прагу да матэрыяльных каштоўнасцяў (пар. Клс 3, 5).

  Іерархія (ад грэцк. hieros — святы і arche — улада) — парадак арганізацыі і падпарадкавання духоўных асобаў, якія маюць касцёльную ўладу. І. Касцёла замацавалася з часоў раннняга хрысціянства і складаецца з трох асноўных ступеняў: біскуп, прэзбітэр і дыякан. На вяршыні каталіцкай І. знаходзіцца Папа, які з’яўляецца біскупам Рыма і ўсяго сусветнага Касцёла. Боскае ўстанаўленне І. пацвярджаецца Святым Пісаннем і Традыцыяй Касцёла.

  Ізраэль (з габрэйск. — той, хто змагаўся з Богам, або – Бог валадарыць) — 1. Імя, атрыманае ад Бога Якубам пасля барацьбы, якую Бог вёў з ім (гл. Быц 32, 22). Якуб, названы Ізраэлем, з’яўляецца айцом 12 заснавальнікаў ізраэльскіх родаў. 2. У Старым Запавеце так называецца народ выбраны, а таксама зямля Ханаан. У часы прарокаў гэтая назва замацоўваецца толькі за Паўночным каралеўствам у адрозненне ад каралеўства Юды на поўдні. 3. Новым І. называюць выбраны народ Новага Запавету — святы Касцёл — пабудаваны на падмурку, закладзеным 12 апосталамі. 4. Назва, сугучная сучаснай дзяржаве Ізраіль, заснаванай па рашэнні ААН у 1948 г. са сталіцай у Тэль-Авіве.

  Імша (ад лац. Missa) — цэлебрацыя сакрамэнту Эўхарыстыі, які здзяйсняецца згодна з наказам Езуса Хрыста і з’яўляецца падзякай, а таксама ўрачыстым успамінам Яго мукі, смерці і ўваскрасення (Лк 22, 19). Эўхарыстыя была ўстаноўлена самім Хрыстом падчас Апошняй Вячэры. У І. Касцёл здзяйсняе тое, што ўчыніў Езус, аддаўшы сябе ў ахвяру за збаўленне свету. Абрады св. Імшы пачалі складацца ў апостальскія часы (І ст. н. э.). Агульны парадак І., які на працягу стагоддзяў застаецца нязменным, складаецца з наступных частак: уступныя абрады, літургія слова, эўхарыстычная літургія, абрад заканчэння. Калісьці св. Імша цэлебравалася выключна на лаціне, але Другі Ватыканскі Сабор дазволіў цэлебраваць яе на нацыянальных мовах.

  Імшал, Рымскі І. (лац. Missale Romanum) — асноўная літургічная кніга для цэлебрацыі св. Імшы паводле рымскага (лацінскага) абраду. У ёй змешчаны неабходныя прадпісанні, якія датычаць цэлебрацыі Імшы; каляндар урачыстасцяў, святаў і ўспамінаў, якія Касцёл адзначае на працягу года; парадак св. Імшы — г.зн. нязменныя часткі, а таксама ўсе іншыя малітвы і тэксты, неабходныя для цэлебрацыі св. Імшы на працягу літургічнага года і ў розных патрэбах. У 2000 г. з’явілася трэцяе ўзорнае выданне І. на лацінскай мове, а 6 жніўня 2003 г. Апостальскай Сталіцай быў зацверджаны Рымскі І. для дыяцэзій на Беларусі.

  Й

  К

  Казанне – настаўленне, якое святар ці дыякан прамаўляе народу падчас св. Імшы і іншых набажэнстваў. У ім тлумачацца праўды веры, некаторыя аспекты навучання Касцёла, хрысціянскай маралі і т.п. Гл. гамілія.

  Калекта (лац. collecta – збор, складчына) – 1. Адна з імшальных малітваў, у якой выяўляецца характар цэлебрацыі, з-за чаго яе таксама называюць «малітвай дня». Яна завяршае ўступныя абрады св. Імшы і як бы яднае ў сабе малітоўныя інтэнцыі ўсёй супольнасці. Згодна са старажытнай традыцыяй Касцёла, гэтая малітва звычайна скіроўваецца да Бога Айца праз Хрыста ў Духу Святым, пра што сведчыць яе асаблівая даўжэйшая канцоўка. На св. Імшы заўсёды прамаўляецца толькі адна К. 2. Заключная малітва Ютрані, Нешпараў і гадзіны чытанняў. 3. Часам так называецца збор ахвяраванняў, прызначаных на патрэбы Касцёла і бедных.

  Камунія (лац. communio – еднасць, супольнасць, удзел). 1. Адна з назваў сакрамэнту Эўхарыстыі. 2. Прыняцце Цела Хрыста падчас св. Імшы або падчас намашчэння хворых у форме Віятыку, якое асаблівым чынам яднае вернікаў са Збаўцам (гл. Ян 6, 25-59). Можа адбывацца ці толькі ў постаці хлеба, ці ў дзвюх постацях – хлеба і віна.

  Кананізацыя (лац. canonizatio, ад грэцк. kanon – тут: пералік імёнаў святых і благаслаўлёных) — урачыстае абвяшчэнне Папам таго, што беатыфікаваны хрысціянін — благаслаўлёны — можа ва ўсім Касцёле ўшаноўвацца як святы. Словы К. завяршаюцца ўрачыстым патройным спевам «Амэн». Для таго, каб прызнаць пэўнага благаслаўлёнага святым, неабходна пацвярджэнне аднаго цуду, учыненага Богам праз пасрэдніцтва благаслаўлёнага. К. называюць таксама «ўзнясеннем на алтар», што звязана з традыцыяй змяшчаць рэліквіі святых у алтары ці на ім.

  Кананічнае права — сукупнасць нормаў, сфармаваных на падставе канонаў — актаў Касцёльнай улады, якія маюць моц закона. К. п. уключае пастановы Сусветных Сабораў, выказванні Айцоў Касцёла, Папскія дакументы (гл. адгартацыя, Апостальскі ліст, була, энцыкліка), асвечаныя касцёльнай Традыцыяй звычаі. Асноўным зборнікам К. п. з’яўляецца Кодэкс кананічнага права (лац. Codex Iuris Canonici). Першы значны збор канонаў быў складзены ўжо ў VI ст. і пасля гэтага шмат разоў дапаўняўся і выпраўляўся, у прыватнасці, па рашэнні Базельскага (1431–1443 г.г.) і Трыдэнцкага (1545–1563 г.г.) Сабораў. У тыя часы К. п. закранала таксама шмат пытанняў грамадзянскай юрысдыкцыі, а таму з цягам часу ўзнікла неабходнасць грунтоўна яго перапрацаваць. Па ініцыятыве Папы Пія Х да 1917 г. быў распрацаваны новы Кодэкс К. п. У ім разглядаліся агульныя нормы касцёльнай юрысдыкцыі, становішча духоўных асобаў, пытанні касцёльнай адміністрацыі (курыі, парафіі, манаскія інстытуты, свецкія касцёльныя арганізацыі), сакрамэнты, парадак набажэнстваў і кананізацыі святых, сістэма касцёльных пакаранняў. У адрозненне ад папярэдніх, гэты Кодэкс К. п. рэгуляваў амаль выключна унутрыкасцёльныя адносіны. У сувязі са значным абнаўленнем каталіцкай тэалогіі Другі Ватыканскі Сабор прызнаў патрэбу ў пераглядзе К. п. У 1983 г. Папа Ян Павел ІІ падпісаў новы Кодэкс К. п., які ў значнай ступені захоўвае асноўны змест папярэдняга пры значным скарачэнні агульнай колькасці канонаў (з 2412 да 1752) і прычынаў для адлучэння ад Касцёла (з 37 да 7). У ім была захавана забарона ўдзяляць сакрамэнт пасвячэння жанчынам, забаронена паўторнае прыняцце сакрамэнту сужэнства пасля афармлення разводу ў грамадзянскіх установах, аднак санкцыянавана крэмацыя як форма пахавання.

  Кангрэгацыя (лац. congregatio – аб’яднанне, супольнасць) – 1. Назва асноўных установаў Рымскай курыі, якія займаюцца рознымі накірункамі дзейнасці Касцёла і маюць статус міністэрстваў. На чале кожнай К. стаіць кардынал-прэфект, які прызначаецца Папам на 5 гадоў. Яму дапамагае ў кіраванні К. сакратар у сане біскупа. Аснову кожнай К. утвараюць камісіі, якія першапачаткова складаліся толькі з кардыналаў, але пасля рэформы, праведзенай Папам Паўлам VI у 1967 г., у іх уваходзяць таксама некалькі біскупаў з розных кантынентаў. Сябры камісіі К. раз на тыдзень у вызначаны дзень збіраюцца на сесію для абмеркавання і вырашэння надзённых пытанняў. Колькасць супрацоўнікаў асобных К. залежыць ад канкрэтных мэтаў, што стаяць перад ёю. Хоць усе структуры, якія ўваходзяць у склад Рымскай курыі, юрыдычна раўнапраўныя, аднак К. ідуць у спісе першымі, а сярод іх першае месца займае К. Веравучэння. Усяго ёсць дзевяць К.: акрамя вышэйназванай, дзейнічаюць К. па справах Усходніх Касцёлаў; Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў; па справах Кананізацыі; па справах Біскупаў; Евангелізацыі Народаў; па справах Духавенства; па справах Інстытутаў кансэкраванага жыцця і Таварыстваў апостальскага жыцця; Каталіцкай Адукацыі (па справах семінарый і навучальных устаноў).
2. Законная супольнасць – рэлігійнае аб’яднанне духоўных ці свецкіх асобаў, сябры якога складаюць простыя шлюбы на пэўны тэрмін або пажыццёва.

  Канкардат (ад лац. concordatum – пагадненне) — пагадненне, дамова паміж Святым Пасадам (Ватыканам) і ўрадам пэўнай дзяржавы, які рэгулюе іх адносіны і вызначае становішча Каталіцкага Касцёла, яго правы і прывілеі (прызначэнне біскупаў, касцёльная ўласнасць, вызваленне ад падаткаў, асаблівыя правы і прэрагатывы ў пытаннях сям’і і шлюбу, а таксама ўмовы дыпламатычных адносінаў з Ватыканам). Адным з першых быў заключаны Вормскі К. (1122 г.) паміж Папам Калікстам ІІ і германскім імператарам Генрыхам IV; у 1801 г. быў заключаны К. паміж Папам Піем VII і Напалеонам, а ў 1929 г. Папам Піем XI і італьянскім урадам на чале з Мусаліні былі падпісаныя т. зв. «Латэранскія пагадненні», згодна з якімі быў усталяваны дзяржаўны суверэнітэт Ватыкана. Пасля падзення камуністычных рэжымаў ва Усходняй Еўропе, у 1993 г., К. заключыла таксама Польшча.

  Канклаў(ад лац. cum clave — замкнёныя на ключ) — сход кардыналаў, які склікаецца праз 18 дзён пасля смерці Папы для абрання новага Папы. Такую ж назву мае і памяшканне Сікстынскай капэлы ў Ватыкане, дзе адбываюцца выбары. Уваходныя дзверы капэлы на час К. замуроўваюцца і адчыняюцца толькі пасля выбару Папы (адсюль назва). Парадак правядзення К. быў устаноўлены ў ХІІІ ст. Папам Грыгорыем Х, а потым неаднаразова ўдакладняўся яго наступнікамі. Сучасны папа Бэнэдыкт XVI змяніў правілы выбару Пантыфіка. Згодна з яго рашэннем, для абрання Папам кандыдат павінен атрымаць прынамсі дзве трэція галасоў удзельнікаў канклава. Такім чынам, Бэнэдыкт XVI адмяніў прынцып, уведзены яго папярэднікам Янам Паўлам II і сфармуліраваны ў Апостальскай Канстытуцыі 1996 г. "Universi Dominici gregis", які дазваляў выбіраць Папу любой большасцю галасоў.

  Канон (ад грэцк. kanon – норма, правіла, узор) — 1. Прынятая Касцёлам сукупнасць кніг Святога Пісання Старога і Новага Запаветаў (гл. дэўтэракананічныя кнігі).
2. Эўхарыстычная малітва святой Імшы.
3. Артыкул у Кодэксе кананічнага права.
4. Пералік імёнаў усіх тых, каго Касцёл абвясціў святымі і благаславёнымі, т. зв. «канон святых» (гл. таксама мартыралог).
5. Правілы пабудовы кампазіцыі абразоў і іншых сакральных выяваў, якія ва Усходнім Касцёле маюць вельмі вялікае значэнне.

  Кансісторыя (лац. Сonsistorium) – сход кардыналаў, якім кіруе Папа і які ён склікае па сваёй волі для супрацоўніцтва ў справе кіравання Сусветным Касцёлам.

  Канстытуцыя (лац. Constitutio) — нарматыўны дакумент Касцёла, які традыцыйна называецца паводле двух першых словаў тэксту на лацінскай мове і пачынаецца формулай «на вечную памяць», што падкрэслівае яго надзвычайную важнасць. Канстытуцыі бываюць Касцёльнымі і Апостальскімі.
1. Касцёльная К. — зацверджаны Сусветным Саборам дактрынальны дакумент, які датычыць веравучэння. На ІІ Ватыканскім Саборы былі прынятыя 4 К. к.: Пра святую Літургію «Sacrosanctum Concilium», Дагматычная К. пра Касцёл «Lumen gentium», Дагматычная К. пра Божае аб’яўленне «Dei Verbum» і Пастырская К. пра Касцёл у сучасным свеце «Gaudium et spes». У К. к. фармулююцца асноўныя дагматычныя прынцыпы веравучэння і ўнесеныя ў іх змены ў адпаведнасці з планамі касцёльнага аднаўлення. К. к. уваходзяць у сілу толькі пасля зацвярджэння Папам і выдаюцца ад яго імя.
2. Апостальская К. — выдадзены Папам нарматыўны дакумент, які датычыць важных новаўвядзенняў у Касцёле. У адрозненне ад іншых папскіх дакументаў, ён часцей за ўсё змяшчае сціслыя юрыдычныя прадпісанні. Так, А. к. Папы Паўла VI «Missale Romanum» абвяшчае ўвядзенне новага Імшала, а А. к. Папы Яна Паўла ІІ «Pastor bonus» зацвярджае новы рэгламент Рымскай курыі.

  Кантэмпляцыя (лац. contemplatio – сузіранне) – адзін са спосабаў мысленнай малітвы, пададзены ў «Духоўных практыкаваннях» св. Ігнацыя Лаёлы. Назва паходзіць ад лацінскага дзеяслова contemplor, што азначае «сузіраць, вельмі ўважліва ў што-небудзь углядацца». Такім чынам, К. – гэта ўважлівае сузіранне таямніцаў Хрыста з дапамогаю ўяўлення, думак і пачуццяў.

  Канферэнцыя Біскупаў – пастаянная структура, якая ўяўляе сабой сход біскупаў пэўнай краіны або тэрыторыі на чале са Старшынёй. У яе ўваходзяць таксама асобы, прыраўняныя да біскупаў, а менавіта: абаты, прэлаты, Апостальскія адміністратары і г. д. Ствараць К. Б. можа толькі Святы Пасад. К. Б. мае заканадаўчую ўладу і паклікана спрыяць развіццю Касцёла на тэрыторыі яе дзейнасці, прыстасоўваючы розныя формы і спосабы апостальства да канкрэтных абставінаў месца і часу. Наогул жа перад К. Б. стаяць самыя розныя задачы.

  Канфесіянал (ад лац. confessio — споведзь) — закрытае з усіх бакоў крэсла з дзверцамі, прызначанае для святара, які здзяйсняе сакрамэнт пакаяння. Да бакавых сценак канфесіянала далучаюцца спецыяльныя прыступкі-кленчнікі для вернікаў, якія спавядаюцца праз закрытыя кратамі акенцы.

  Кардынал (ад лац. cardinalis — галоўны, асноўны) — найвышэйшы тытул у Каталіцкім Касцёле, які надае Папа са згоды кансісторыі — сходу калегіі кардыналаў. У наш час гэты тытул амаль выключна надаецца біскупам Касцёла, якія былі прызнаныя годнымі гэтага. К. з’яўляецца дарадчыкам Папы ў пытаннях кіравання Касцёлам, а таксама разам з іншымі кардыналамі ўдзельнічае ў выбары новага Папы. Адзнакаю кардынальскай годнасці з’яўляецца святарскае адзенне пурпурнага колеру, якое было ўпершыню ўведзена Папам Інацэнтам IV у 1245 г. і сімвалізуе гатоўнасць К. праліць сваю кроў за Касцёл.

  Катэхет – асоба, якой даручана правядзенне катэхізацыі.

  Катэхізацыя, катэхеза (ад грэцк. katechein – абвяшчаць, вусна настаўляць) – сістэматычнае навучанне праўдам веры, паяднанае з адпаведным рэлігійным выхаваннем. Мэтамі К. з’яўляецца абуджэнне і развіццё веры, азнаямленне са Святым Пісаннем, усведамленне прыналежнасці да Касцёла, уводзіны ў малітоўнае жыццё, засваенне прынцыпаў хрысціянскай маралі і хрысціянскіх адносінаў да жыцця і свету. У некаторых каталіцкіх краінах К. адбываецца не толькі пры касцёлах, але і ў школе, на занятках па рэлігіі. У Беларусі К. звычайна праводзіцца ў парафіях: пачатковая К., падрыхтоўка да прыняцця сакрамэнтаў і г. д.

  Катэхізіс – (грэцк., літаральна – абвяшчэнне, вуснае настаўленне) – кніга, у якой падаецца кароткі выклад асноўных праўдаў хрысціянскай веры і маралі ў простай і даступнай фоме. Першапачаткова гэтае слова азначала вуснае настаўленне дзецям і юнакам перад прыняццем хросту. Першы, т. зв. «Рымскі К.», аўтарам якога лічыцца св. Пётр Канізій, быў укладзены ў форме пытанняў і адказаў і ў 1566 г. зацверджаны Трыдэнцкім Саборам. Хоць пасля гэтага з’яўлялася шмат іншых К., аднак ён на працягу многіх гадоў заставаўся падставаю навучання веры і маральнасці ў Касцёле. У 1992 г. быў зацверджаны і выдадзены новы К. Каталіцкага Касцёла, які, па прыкладзе папярэдняга, складаецца з чатырох частак: вызнанне веры, святая літургія з тлумачэннем сакрамэнтаў, прынцыпы хрысціянскай маралі на падставе запаведзяў і хрысціянская малітва.

  Катэхумэн. У раннім Касцёле так называліся людзі, якія рыхтаваліся да прыняцця хросту. Перад тым як быць ахрышчанымі, яны павінны былі пазнаёміцца з асновамі хрысціянскай веры. Час падрыхтоўкі называўся катэхумэнатам. У наш час катэхумэнамі называюцца дарослыя, якія рыхтуюцца да сакрамэнту хросту. Згодна са старадаўняй літургічнай традыцыяй, у першую нядзелю Вялікага посту адбываецца абрад прыняцця, альбо запісу катэхумэнаў, якія будуць ахрышчаныя падчас Пасхальнай Вігіліі. У трэцюю, чацвёртую і пятую нядзелі Вялікага посту адбываюцца адпаведна першы, другі і трэці іспыт у падрыхтоўцы да хросту катэхумэнаў, якія называюцца скрутыніямі.

  Каўчэг — у Бібліі гэтае слова мае два значэнні.
1. Ноеў К. (габрэйск. тэвах) — судна, якое Ной пабудаваў па загадзе Бога, каб уратавацца ад патопу. Ён меў выгляд не карабля, а хутчэй быў падобны на вялізны (каля 150 м удаўжыню, 25 м ушырыню і 15 м увышыню) плывучы дом (гл. Быц 6, 14-16). Падчас усяго патопу, калі паверхня зямлі была цалкам залітая вадою, у каўчэгу знаходзіўся Ной са сваёй сям’ёю, а таксама па пары ўсіх відаў звяроў і птушак. У драўляным К., у якім уратаваліся Ной і яго сям’я, айцы Касцёла бачаць правобраз збаўчага дрэва крыжа і Касцёла, прыстанак вернікаў сярод небяспекаў свету.
2. К. Запавету (габрэйск. арон, лац. arca – скрыня) — багата аздобленая скрыня, зробленая па загадзе Бога, перададзеным праз Майсея (Зых 25, 10-22). К. быў зроблены з дрэва сітым (разнавіднасць акацыі), а звонку і знутры абкладзены золатам. Века было з чыстага золата. Яго аздабляў залаты вянок і выявы двух херувімаў. Менавіта яно было месцам Божых аб’яўленняў: адтуль Бог размаўляў з Майсеем. У К. знаходзілася т. зв. «сведчанне»: табліцы Запавету, а таму К. З. называлі таксама «каўчэгам сведчання». Гэта была рухомая святыня, якая спадарожнічала Ізраэлю ў вандраванні па пустыні да Зямлі абяцанай, з’яўляючыся ўвасабленнем прысутнасці Бога сярод Яго народа. К. насілі на спецыяльных шастах, якія ўкладаліся ў колцы, прымацаваныя да ягоных рагоў. Пасля пабудовы ерузалемскай святыні К. З. знаходзіўся там. Падчас Бабілонскага палону, калі першая святыня была разбурана, К. З. бясследна знік.

  Ксёндз (з польск.) — гл. прэзбітэр.

  Курыя (лац. curia, ад co (cum) – разам і vir – муж) 1. Рымская К. (ад лат., іт. — Curia Romana) — галоўны адміністрацыйны орган Апостальскай Сталіцы. Асобныя ведамствы Рымскай К. ад імя і ўладаю Папы Рымскага адказваюць на пытанні, разглядаюць прапановы, апеляцыі, скаргі, просьбы, накіраваныя ў адрас Апостальскай Сталіцы, выносяць распараджэнні, рашэнні або загады, выступаюць з разнастайнымі прапановамі і г. д. К. складаецца з Дзяржаўнага Сакратарыяту Апостальскай Сталіцы, які ў сваю чаргу падзяляецца на дзве секцыі (1-я секцыя — агульных справаў, 2-я секцыя — па адносінах з дзяржавамі), 9 Кангрэгацый, 3 Трыбуналаў, 11 Папскіх радаў, 4 Папскіх камісіі. Акрамя гэтага, ёсць таксама Сінод Біскупаў, Кадравая служба пры Апостальскай Сталіцы і іншыя гістарычна сфарміраваныя ўстановы. Дзяржаўны Сакратарыят накіроўвае і каардынуе дзейнасць К. Пасада Дзяржаўнага сакратара, які з’яўляецца галоўнай асобай пасля Папы, суадносная з пасадай прэм’ер-міністра ў іерархіі свецкай улады.
2. Біскупская К. – орган касцёльнай адміністрацыі, які пакліканы дапамагаць біскупу ў кіраванні дыяцэзіяй.

  Л

  Легат (лац. legatus) – пасланнік Папы, які прадстаўляе яго як пры асобных Касцёлах, так і пры дзяржавах ці ўрадах, куды ён быў накіраваны. У старажытныя часы Папа забяспечваў сваю прысутнасць на Саборах і іншых важных падзеях праз сваіх упаўнаважаных, якія называліся Л. У наш час Папа накіроўвае Л., якія дзейнічаюць ад яго імя, для асобных надзвычайных місій.

  Літанія (ад грэцк. litanea – маленне, прашэнне). Адна з формаў вуснай малітвы, якая пачынаецца словамі Kyrie, eleison (грэц. Пане, змілуйся над намі) і затым складаецца з асобных зваротаў, у якіх называюцца імёны, праявы святасці, а таксама цноты адной з Асобаў Тройцы, Найсвяцейшай Панны Марыі альбо пэўнага святога, якому прысвячаецца літанія. Пасля кожнага звароту паўтараецца просьба «змілуйся над намі» ці «маліся за нас».

  Літургічны год – касцёльны гадавы цыкл, на працягу якога ў святых успамінах ва ўстаноўленыя дні ўшаноўваецца збаўчая справа Хрыста. Л.г. пачынаецца ў першую нядзелю Адвэнту і складаецца з наступных літургічных перыядаў: 1. Перыяд Адвэнту – пачынаецца ў нядзелю, якая прыпадае на 30 лістапада або бліжэйшую да гэтага дня дату і заканчваецца 24 снежня; 2. Перыяд Нараджэння Пана – пачынаецца ва ўрачыстасць Нараджэння Пана і заканчваецца святам Хросту Пана; 3. Перыяд Вялікага посту – пачынаецца ў Папяльцовую сераду і заканчваецца ў Чацвер перад св. Імшой Вячэры Пана; 4. Велікодны перыяд – пачынаецца ва ўрачыстасць Змёртвыхпаўстання Пана, працягваецца пяцьдзесят дзён і заканчваецца ўрачыстасцю Спаслання Духа Святога (Пяцідзесятніца); 5. Звычайны перыяд – час ад заканчэння перыяду Нараджэння Пана да пачатку Вялікага посту, які потым працягваецца пасля Велікоднага перыяду да пачатку Адвэнту і ўключае 33 ці 34 тыдні. Такім чынам, на працягу года Касцёл ахоплівае ўсю таямніцу Хрыста і ўспамінае святых у дні іх нараджэння для неба.

  Літургія (ад грэцк. leitos – грамадскі, супольны і ergon – справа, праца) – кожнае набажэнства, якое здзяйсняецца ў Касцёле і ад імя Касцёла (Св. Імша, літургія Божага слова, Пакаяннае набажэнства, Літургія гадзінаў і г. д.) Для кожнай Л. прызначаюцца спецыяльныя тэксты, малітвы, літургічнае адзенне святара і спевы.

  Літургія гадзінаў (лац. Liturgia Horarum) – штодзённая малітва народа Божага, гэта значыць Касцёла, якая складаецца з наступных частак: гадзіна чытанняў, Ютрань, малітва на працягу дня, Нешпары і малітва на заканчэнне дня – Камплета. Для кожнай з гэтых частак, якія адбываюцца ў акрэсленыя гадзіны, у Брэвіярыі падаюцца адпаведныя тэксты: гімны, антыфоны, псальмы, чытанні, урыўкі са Святога Пісання і спевы. У Л.г. абавязкова ўдзельнічаюць духавенства і кансэкраваныя асобы, а таксама пажадана, каб усе вернікі, па магчымасці, бралі ў ёй удзел.

  М

  Малітва – 1. Асаблівая дзейнасць, якая адрозніваецца ад любой іншай чалавечай дзейнасці і з’яўляецца найбольш дасканалым выразам сувязі чалавека з Богам. Адзінаю мэтай М. з’яўляецца ўстанаўленне і ўмацаванне кантакту з Богам, а таксама выяўленне адносінаў чалавека да Бога. Праз М. чалавек з даверам становіцца ў прысутнасці Бога і раскрывае перад Ім пачуцці, думкі і жаданні: выказвае Яму сваю любоў, праслаўляе, складае падзяку, узносіць просьбы, просіць у Яго прабачэння за грахі. Аднак належыць памятаць, што ініцыятыва такога кантакту паходзіць ад Бога, які ў М. адкрывае чалавеку сваю волю і ўмацоўвае яго звышнатуральнымі ласкамі, а таму чалавек заўсёды павінен быць гатовы адказаць на Божую любоў. Такім чынам М. вымагае ад чалавека адпаведнага ўнутранага настрою і засяроджанасці; не можа лічыцца малітвай механічнае выкананне абрадаў. М. можа быць як індывідуальнай, так і супольнай і выказвацца як пэўнымі малітоўнымі тэкстамі, так і сваімі словамі. Кожная М. скіравана да Бога, нават калі той, хто моліцца звяртаецца да святых або да пэўнага святога, просячы яго аб заступніцтве. Цэнтрам хрысціянскай М. з’яўляецца літургія сакрамэнтаў, якая дасягае сваёй вяршыні ў Эўхарыстыі.
2. Пэўныя прынятыя ў супольнасці вернікаў тэксты, якія з’яўляюцца малітоўнымі зваротамі да Бога і святых. Асноўнымі хрысціянскімі малітвамі з’яўляюцца: Малітва Панская («Ойча наш...»), Анёльскае прывітанне («Вітай, Марыя...»), Сімвал веры («Веру...»), праслаўленне Тройцы («Хвала...»).

  Малітоўнік – зборнік малітоўных тэкстаў. У Каталіцкім Касцёле вернікі могуць карыстацца толькі тымі М., якія былі зацверджаныя касцёльнымі ўладамі. Дазвол на друк М. дае біскуп, і тады на адной з першых старонак змяшчаецца лацінскае слова «Imprimatur», што азначае «няхай будзе надрукавана», а таксама дата і імя біскупа, які даў дазвол.

  Мартыралог (грэцк. martyrologion, ад martyros – мучанік і logos – слова, паданне) — напачатку так называўся пералік імёнаў першых хрысціянскіх святых — мучанікаў, у якім, як у календары, змяшчаліся імя святога, месца яго мучаніцтва і дзень памяці. Былі М. як мясцовых Касцёлаў (напр. «Рымскі каляндар», 354 г.), так і агульнакасцёльныя (М. сярэдзіны V ст., які пачаў складаць св. Геранім). Пазней у М. пачалі дадаваць імёны святых, якія не былі мучанікамі, а прыведзеныя звесткі сталі дапаўняць падрабязнай біяграфіяй святых (М. Бэды Вялебнага, каля 730 г.). Найбольшае распаўсюджанне набыў М., выдадзены ў 1584 г. Папам Грыгорыем XIII. Дапоўнены ў далейшым Бэнэдыктам XIV у 1748г., Піем IX у 1870 г. і Бэнэдыктам XV у 1922 г., ён з’яўляецца афіцыйным М. Касцёла (гл. таксама хагіяграфія).

  Манстранцыя (ад лац. monstro, -are – паказваць) – літургічны прадмет, звычайна з высакароднага металу, прыгожа аздоблены, у сярэдзіне якога, за шклом, падчас набажэнстваў і працэсій змяшчаецца Гостыя, каб яе маглі бачыць і ўшаноўваць вернікі. З’яўленне М. звязана з распаўсюджаннем эўхарыстычнага культу і адносіцца да ХІІІ ст. Звычайным месцам захавання Найсвяцейшага Сакрамэнту з’яўляецца табэрнакулюм.

  Медытацыя (лац. meditatio – разважанне) – адзін са спосабаў мысленнай малітвы, а менавіта: малітоўнае разважанне на розныя духоўныя тэмы. Тэмы для разважання могуць быць узятыя са Святога Пісання, са словаў пэўнай малітвы, з дакументаў Касцёла, з твораў духоўных аўтараў, з прыкладаў жыцця святых і г. д. Галоўнае, каб у разважанні прысутнічала шчырая размова з Богам і каб яно прыводзіла да канкрэтных жыццёвых высноваў і пастанаўленняў. Св. Ігнацый Лаёла адносіць М. разам са св. Імшой да асноўных духоўных практыкаванняў.

  Месія (ад габрэйск. машыах – памазаннік, па-грэцку – Хрыстос) — у Старым Запавеце гэтае слова часцей за ўсё абазначала памазанага караля, радзей — святара. Паступова ў выбраным народзе складаецца вобраз чаканага Збаўцы, прадказанага прарокамі М. — Караля і Святара, правобразам якога з’яўляецца Мельхізэдэк, кароль Салему і святар Бога Найвышэйшага (Быц 14, 17-20). Але нават вучні Езуса, якія бачылі ў Ім чаканага М., спачатку не разумелі да канца значэння Яго памазання, чакаючы ўстанаўлення Яго зямнога валадарства. Толькі пасля ўваскрасення знікаюць усе непаразуменні: Езус, сапраўдны нашчадак караля Давіда, памазаны Духам Святым, каб устанавіць на зямлі Божае Валадарства, праз уваскрасенне ўваходзіць у каралеўскую хвалу. Разам з тым Ён становіцца сапраўдным святаром Новага і Вечнага Запавету, адзіным пасрэднікам паміж Богам і людзьмі, які прынёс сябе самога ў ахвяру Айцу для адкуплення чалавецтва. Таму менавіта гэтае слова, узятае з грэцкай мовы, стала ўласным імем Сына Божага.

  Мітрапаліт (грэцк. metropolites) — арцыбіскуп, які ўзначальвае правінцыю Касцёла, што называецца мітраполія. У Беларусі ёсць толькі адзін М., які ўзначальвае мясцовы Касцёл. Ім з’яўляецца Тадэвуш Кандрусевіч.

  Мітраполія (грэцк. metropolis, ад meter — маці і polis — горад) У Каталіцкім Касцёле — правінцыя Касцёла, якая ўключае архідыяцэзію і некалькі падпарадкаваных ёй дыяцэзій. Касцёл на Беларусі ўтварае Мінска-Магілёўскую правінцыю, або М.

  Монатэізм (ад грэцк. monos – адзін, адзіны і Тheos – Бог) — адзінабожжа; вера ў адзінага Бога — Стварыцеля сусвету і яго Валадара — у адрозненне ад паганскіх (язычніцкіх) вераванняў у існаванне розных бажкоў (політэізм), ад абагаўлення ўсяго сусвету (пантэізм) і ад поўнага адмаўлення існавання Бога (атэізм). М. — асноватворны аспект Божага аб’яўлення, дадзенага людзям у Бібліі. Акрамя хрысціянаў і юдэяў веру ў адзінага Бога вызнаюць таксама мусульмане.

  Мучанік — хрысціянін, які прыняў мучаніцкую смерць за веру ў Хрыста. Тэртуліан сказаў: «Кроў мучанікаў — гэта насенне хрысціянаў», падкрэсліваючы такім чынам, што Касцёл быў заснаваны на крыві і гераічным прыкладзе веры шматлікіх М. Першым хрысціянскім М. з’яўляецца св. Стэфан, мучаніцтва якога апісана ў Дзеях Апосталаў (Дз 7, 55 – 8, 2). Тамсама гаворыцца і пра першы пераслед Касцёла. Згодна з традыцыяй, усе апосталы, акрамя св. Яна, былі М. З першых стагоддзяў Касцёл атачаў М. вялікай пашанай і лічыў іх святымі. Першыя хрысціяне называлі М. не толькі тых, хто прыняў мучаніцкую смерць, але і тых, хто быў скалечаны за веру і не адступіў ад Хрыста.

  Н

  Настаўніцкі Інстытут Касцёла (лац. Magisterium) — уласцівая толькі Касцёлу ўлада навучання веры. У Канстытуцыі пра Божае аб’яўленне чытаем: «Абавязак праўдзіва тлумачыць напісанае ці вусна перададзенае Божае слова быў даручаны толькі жывому Настаўніцкаму Інстытуту Касцёла, улада якога заснавана на імені Езуса Хрыста», гэта значыць, што такое заданне даручана біскупам у еднасці з наступнікам апостала Пятра, Біскупам Рыма — Папам. Н. К. ні ў якім выпадку немагчыма супрацьпастаўляць Божаму слову, бо яно служыць яму, свята яго захоўваючы і верна выкладаючы. Яго сэнс у тым, каб вера перадавалася далей, згодна са зместам Святога Пісання і Традыцыяй Касцёла.

  Нешпары (ад лац. vesper – вечар) – вечаровая малітва Касцёла, якая з’яўляецца часткай Літургіі гадзінаў.

  Нунцый (лац. nuntius – той, хто абвяшчае; вястун). Поўная назва: Апостальскі Н. – духоўная асоба, часцей за ўсё – арцыбіскуп, якая з’яўляецца пастаянным дыпламатычным прадстаўніком (паслом) Ватыкана і асабіста Папы ў дзяржавах, з якімі ўстаноўленыя дыпламатычныя адносіны. Н. таксама служыць Каталіцкаму Касцёлу ў краіне свайго прабывання. Калі з той ці іншай дзяржавай няма дыпламатычных адносінаў, Папа можа накіраваць туды свайго пасланніка, які прадстаўляе яго толькі пры Касцёле і называецца Апостальскім Дэлегатам.

  Нунцыятура – пастаяннае дыпламатычнае прадстаўніцтва (пасольства) Ватыкана. Першыя Н. з’явіліся ў XVI ст. У наш час Ватыкан падтрымлівае дыпламатычныя адносіны прыблізна са 150 дзяржавамі і мае больш за 90 Н., у тым ліку і ў Беларусі. Дыпламатычныя адносіны паміж Ватыканам і Рэспублікай Беларусь былі ўстаноўленыя 11 лістапада 1992 г. Наведваючы тую ці іншую краіну падчас сваіх пастырскіх падарожжаў, Папа часцей за ўсё спыняецца менавіта ў Н.

  О

  П

  Паганства (ад лац. paganus – сялянскі, невуцкі) — слова набыло сваё рэлігійнае значэнне, калі хрысціянства шырока распаўсюдзілася ў Рымскай імперыі і было паўсюдна прынята ў гарадах, а паганамі (язычнікамі) пачалі называць тых, хто не прымаў Евангелле. У арыгінальных тэкстах Святога Пісання гэтае слова не ўжывалася, аднак існавала азначэнне для народаў, якія не ведаюць сапраўднага Бога, і менавіта прадстаўнікоў гэтых народаў у перакладах Бібліі называюць паганамі. Як піша св. апостал Павел, гэтыя людзі «славу нятленнага Бога замянілі на ўзор вобраза тленнага чалавека і птушак, і чатырохногіх, і гадаў. Яны замянілі праўду Божую на хлусню і пакланяліся і служылі стварэнню замест Стварыцеля» (пар. Рым 1, 23. 25). Культавае праяўленне П. заўсёды звязана з ідалапаклонствам, што часта адбываецца ў найбольш жорсткіх, агідных і амаральных формах (напр., чалавечыя ахвярапрынашэнні, рытуальная прастытуцыя і да т. п.). Усім гэтым пагане апаганьваюць (г. зн. робяць нячыстымі) сябе і нават тую зямлю, дзе яны жывуць. Гэтым тлумачацца жорсткія наказы Бога, якія Ён даў Ізраэлю адносна паганскіх народаў, у чыю зямлю выбраны народ быў выведзены з Егіпту (гл. Абяцаная зямля). Разам з тым, ужо ў Старым Запавеце ёсць прарочае прадказанне адносна будучага збаўлення паганскіх народаў, што цалкам спраўдзілася ў часы Новага Запавету. У наш час Касцёл часта гаворыць пра небяспеку вяртання паганскага светапогляду, т. зв. «неапаганства», маючы на ўвазе поўнае выключэнне Бога з асабістага, сямейнага і грамадскага жыцця, ігнараванне хрысціянскіх каштоўнасцяў, утылітарны падыход да чалавека і яго жыцця, геданізм, неўмеркаванае спажывальніцтва і г. д.

  Пакаянне.
1. Навяртанне ад грахоў праз жаль за грахі, пастанаўленне выправіцца і перапрашэнне Бога і бліжняга за нанесеныя крыўды.
2. Сакрамэнт споведзі, у якім святар адпускае грахі.
3. Пакута, вызначаная на споведзі: малітва, пост, добрыя ўчынкі.

  Пальмовая нядзеля. Нядзеля мукі Пана. У гэты дзень Касцёл успамінае ўваход Езуса Хрыста ў Ерузалем для здзяйснення пасхальнай таямніцы. На ўспамін гэтага ўваходу Пана св. Імша пачынаецца працэсіяй ці ўрачыстым уваходам. Тады ж адбываецца асвячэнне галінак пальмаў альбо іншых дрэваў (найчасцей гэта галінкі вярбы, адсюль папулярная назва – Вербная нядзеля). Падчас літургіі слова чытаецца апісанне Мукі Пана паводле аднаго з Евангелляў.

  Папа (лац. papa, ад грэцк. pappas — айцец) — Найвышэйшы Першасвятар (Pontifex Maximus) і галава Касцёла на зямлі. Поўны тытул П.: Біскуп Рыма, Намеснік Езуса Хрыста, Наступнік Князя Апосталаў, Найвышэйшы Першасвятар Сусветнага Касцёла, Патрыярх Захаду, Прымас Італіі, Арцыбіскуп Мітрапаліт Рымскай правінцыі, Манарх Дзяржавы Горада Ватыкана, Слуга слугаў Божых. Выбіраецца кардыналамі на канклаве пажыццёва. Згодна з дагматам Першага Ватыканскага Сабору (1869 — 1870гг.), П. з’яўляецца беспамылковым у пытаннях веры і маралі. На гэтым жа Саборы было распрацавана вучэнне аб універсальным біскупстве П.
Як наступнік св. апостала Пятра, які быў першым сярод апосталаў, П. з’яўляецца першым сярод наступнікаў апосталаў — біскупаў. Ад св. Пятра да Яна Паўла ІІ усяго было 262 Папы.

  Папская Рада (лац. Pontificium Consilium) – назва ўстановаў Рымскай курыі, якія, як і кангрэгацыі, таксама маюць статус міністэрстваў і займаюцца рознымі накірункамі дзейнасці Касцёла. Усяго ў склад Рымскай курыі ўваходзяць 12 П.Р.: па справах свецкіх; спрыяння хрысціянскаму адзінству; па справах сям’і; «Iustitia et Pax»; рада «Cor Unum»; пастырства эмігрантаў і падарожнікаў; пастырства работнікаў сферы аховы здароўя; (па інтэрпрэтацыі) заканадаўчых тэкстаў; па міжрэлігійным дыялогу; па культуры; па сродках масавай камунікацыі.

  Папялец, папяльцовая серада. Дзень, якім пачынаецца перыяд Вялікага посту. У гэты дзень адбываецца асвячэнне попелу са спаленых галінак вербаў, асвечаных у леташнюю Пальмовую нядзелю. Гэтым попелам святар пасыпае галовы вернікаў са словамі: «Кайцеся і верце ў Евангелле» альбо «Памятай, што ты – прах, і ў прах вернешся». Гэтае літургічнае дзеянне выяўляе нашу гатоўнасць да пакаяння, да велікапосных аскетычных практыкаванняў, а таксама падкрэслівае праўду пра смяротнасць і прамінальнасць часовых дабротаў.

  Парафія (лац. paroecia, ад грэцк. paroikia – тэрыторыя, раён) – найменшая тэрытарыяльна-адміністратыўная адзінка Касцёла, на чале якой стаіць пробашч. Некалькі П. утвараюць дэканат, а некалькі дэканатаў – дыяцэзію.

  Парузія (грэцк. – прысутнасць, прыйсце). У старажытнасці гэтае слова азначала афіцыйны і ўрачысты візіт высокай асобы. Хрысціяне пачалі ўкладаць у яго сэнс прыйсця Хрыста ў хвале (пар. Мц 24). Першае прыйсце Хрыста адбылося праз уцелаўленне і нараджэнне. У канцы свету Ён ізноў прыйдзе, каб судзіць свет. Тады адбудзецца ўваскрашэнне ў целе ўсіх памерлых, будуць створаныя новае неба і новая зямля, і тыя, хто на зямлі імкнуўся жыць згодна з Божымі запаведзямі, стануць удзельнікамі вечнага жыцця з Богам. Час другога прыйсця не ведае ніхто, акрамя самога Бога (Мц 24, 36; Мк 13, 32).

  Пасія (лац. passio – мука). Лацінская назва Мукі Пана. У рэлігійным значэнні пасіяй называецца апісанне Мукі Пана, паводле аднаго з Евангелляў, якое чытаецца ў Пальмовую нядзелю і ў Вялікую пятніцу Мукі Пана. Таксама так часам называюць выяву ўкрыжаванага Хрыста. Пасійныя набажэнствы (казанні) – разважанні над збаўчай Мукай Хрыста, якія традыцыйна адбываюцца падчас Вялікага посту (Крыжовы шлях, Песні жальбы і г. д.).

  Пасха (ад габрэйск. pesah – пераход).
1. Галоўнае свята ў юдэяў, якое паходзіць з найстаражытнейшых рэлігійных звычаяў ізраільскага народа, але набывае сваё асноўнае значэнне ў сувязі з падзеямі, апісанымі ў кнізе Зыходу: вызваленне з егіпецкай няволі. Згодна з прадпісаннямі, для святкавання Пасхі выпякаўся хлеб без закваскі – праснакі, а таксама гатаваўся пасхальны баранак (ягнё), якога спажывалі з горкімі травамі. Езус Хрыстус, спажыўшы ў апошні раз Пасху са сваімі вучнямі (Лк 22, 15), перамяніў старое свята ў Пасху Новага Запавету, калі сам стаўся пасхальным Баранкам і нашаю Пасхаю (1 Кар 5, 7).
2. Адна з назваў хрысціянскага свята Вялікадня, якая падкрэслівае, што ўваскрасенне стала пераходам Хрыста ад смерці да жыцця.

  Пасхал. Вялікая свечка, што запальваецца ад агню, які святар благаслаўляе падчас Літургіі святла на пачатку св. Імшы Пасхальнай вігіліі. На гэтай свечцы змяшчаецца выява крыжа, грэцкія літары альфа і амега (пар. Ап 1, 8), лічбы бягучага года, а таксама пяць зерняў ладану (пяць сімвалічных цвікоў) на ўспамін пяці ранаў Хрыста. Пасхал з’яўляецца сімвалам Хрыста і запальваецца падчас урачыстых цэлебрацый на працягу Велікоднага перыяду. У іншы час пасхал захоўваецца ў баптыстэріі і запальваецца падчас удзялення сакрамэнту хросту, а ад яго запальваюцца свечкі новаахрышчаных.

  Патоп — грандыёзнае навадненне, якое стала Божай карай за цяжкія грахі ўсяго чалавецтва (гл. Быц 6, 11 - 8, 22). Калі людзі адышлі ад Бога і перасталі жыць згодна з устаноўленым Ім парадкам, зямля напоўнілася злом да такой ступені, што Бог вырашыў знішчыць усё грэшнае чалавецтва, пакінуўшы ў жывых толькі справядлівага Ноя і яго сям’ю — усяго 8 асобаў. Ён загадаў Ною пабудаваць каўчэг, і калі Ной зрабіў гэта і ўвёў туды па пары ўсіх звяроў і птушак, а пасля ўвайшоў у яго сам з сям’ёю, «усе крыніцы вялікай бездані і вокны нябесныя адчыніліся, і ліўся на зямлю дождж сорак дзён і сорак начэй» (пар. Быц 7, 11-12). Амаль цэлы год уся паверхня зямлі была пакрыта вадою. Калі ж вада сышла і Ной выйшаў з каўчэга, Бог заключыў з ім і ўсёй зямлёю запавет, паабяцаўшы, што ўжо ніколі воды патопу не знішчаць усяго жывога на зямлі. Знакам гэтага запавету стала вясёлка. Раскопкі ў Месапатаміі пацвердзілі, што там за 4000 гадоў на Нараджэння Хрыста сапраўды здарылася надзвычай вялікае навадненне, якое знішчыла першыя цывілізацыі Міжрэчча. Пра гэтую катастрофу сведчаць таксама старажытныя паданні, якія захаваліся ў многіх народаў. Айцы Касцёла бачаць у стыхіі П. сімвалічны правобраз водаў хросту.

  Першародны грэх — грэх першых людзей. Вобразнае апісанне гэтага граху знаходзіцца ў трэцім раздзеле кнігі Быцця. Атрымаўшы пры стварэнні ад Бога стан праведнасці, чалавек, аднак, спакушаны сатаною, злоўжыў сваёй свабодай на самым пачатку гісторыі, супрацьпаставіўшы сябе Богу і жадаючы дасягнуць сваёй мэты без Яго. Першы чалавек згубіў першапачатковую святасць і праведнасць, атрыманую ад Бога не толькі для сябе, а і для ўсяго чалавецтва. У выніку гэтага сілы чалавечай натуры аслабленыя, яна знаходзіцца пад уладаю няведання, цярпенняў і панавання смерці і схільная да граху. П. г. перадаецца разам з чалавечай натурай і таму з’яўляецца грахом кожнага. Пасля грэхападзення Бог не пакінуў чалавека, абяцаючы яму лепшую будучыню (гл. Протаевангелле), таму Езуса Хрыста, які сваёй крывёю знішчыў наступствы П. г., вобразна называюць «новым Адамам». Панна Марыя, «новая Эва», дзякуючы будучым заслугам Яе Сына, першая і адзіная з усіх людзей была захаваная ад плямы П. г. і на працягу ўсяго свайго жыцця з асаблівай Божай ласкі не ўчыніла ніякага граху. Сакрамэнт хросту здымае з чалавека П. г. і адраджае яго да новага жыцця ў Богу.

  Пілігрымка (паломніцтва) – вандроўка да святых месцаў (санктуарыі, цудатворныя абразы і г. д.), дзе вернікі атрымліваюць асабліва шчодрыя ласкі ад Бога. Найбольш значныя месцы пілігрымак гэта: Святая Зямля, Рым, Люрд, Фаціма, у Беларусі — Будслаў. Пілігрымка, як і працэсія, сімвалізуе Касцёл, які пілігрымуе на зямлі ад клопатаў свету да Бога і Яго Валадарства.

  Пісанне, Святое П. — гл. Біблія.

  Плашчаніца. Тканіна, у якую, згодна з паданнем, было загорнута цела Езуса, знятае з крыжа і намашчанае ў адпаведнасці з пахавальнымі звычаямі юдэяў. Яна была знойдзена ў пустой грабніцы раніцай першага дня тыдня вучнямі Хрыста пасля таго як жанчыны, якія прыйшлі намасціць цела, не знайшлі яго ў грабніцы (Ян 20, 1-7). На палатне выразна відаць адбітак укрыжаванага з характэрнымі ранамі на руках і нагах, а таксама са слядамі ранаў, нанесеных бічаваннем, цярновым вянцом і ўдарам дзіды. Гэты адбітак мог з’явіцца на тканіне ў момант уваскрэсення. Цяпер плашчаніца захоўваецца ў катэдральным саборы Турына (Італія) і таму яе часта называюць «турынскай».

  Пост.
1. Вялікі пост. Саракадзённы літургічны перыяд падрыхтоўкі да Велікодных святаў, які пачынаецца ў Папяльцовую сераду. На ўзор саракагадовага вандравання, якое, распачаўшыся ў свята Пасхі, прывяло выбраны народ з егіпецкай няволі ў зямлю абяцаную, а таксама па прыкладу самога Хрыста, які сорак дзён прабываў у пустыні, Касцёл рыхтуецца да Пасхальнага Трыдуума. Гэты перыяд звязаны з пакаяннем і аскезай, а таксама асаблівым чынам прысвечаны разважанню над Мукай Пана (пасійныя набажэнствы). У хрысціянскай традыцыі Вялікі пост заўсёды быў звязаны з устрыманнем ад удзелу ў забавах, ад мясных страваў і ад алкаголю. Знешнімі праявамі Вялікага посту з’яўляюцца: фіялетавы колер літургічнага адзення, адсутнасць у св. Імшы спеву «Аллелюя» і гімна «Хвала на вышынях Богу...», больш сціплае аздабленне касцёлаў, а з пятай нядзелі Вялікага посту – захінутыя фіялетавай тканінай крыжы.
2. Абмежаванне ў ежы і піцці, якое з’яўляецца аскетычным практыкаваннем ці праяваю пакаяння, а таксама наследаваннем Хрыста, які сам часта пасціўся і падкрэсліваў важнасць посту (пар. Мц 17, 21 і Мц 6, 16-19). У Касцёле адрозніваюцца сціслы пост і ўстрыманне (абстыненцыя). Паняцце сціслы пост азначае, што на працягу дня можна толькі адзін раз паесці дасыта, устрымліваючыся ад мясных і малочных страваў, а таксама ад алкаголю. Сціслы пост прадпісаны Касцёлам у Папялец і ў Вялікую пятніцу Мукі Пана, але не з’яўляецца абавязковым для маленькіх дзяцей, кормячых маці і хворых. Па пятніцах Касцёл наказвае ўстрымлівацца ад мясных страваў.
3. Адзін з найважнейшых хрысціянскіх учынкаў разам з малітваю і міласцінай.

  Правінцыя – аб’яднанне некалькіх мясцовых Касцёлаў на пэўнай тэрыторыі, што называецца таксама мітраполіяй. Слова «П.» засталося ў Касцёле ад назвы адзінкі тэрытарыяльна-адміністратыўнага дзялення Рымскай імперыі. Касцёльныя П. на чале з мітрапалітам і Правінцыяльным сінодам ствараюцца дзеля ажыццяўлення сумеснай пастырскай дзейнасці некалькіх суседніх дыяцэзій з улікам мясцовых умоваў і асаблівасцяў. Некалькі правінцый на большай тэрыторыі могуць быць аб’яднаныя ў касцёльны рэгіён.

  Пракуратар. Паўнамоцны прадстаўнік рымскага імператара (цэзара), які прызначаўся для ажыццяўлення ўлады і забеспячэння парадку на асобных тэрыторыях, што ўваходзілі ў склад адной з правінцый Рымскай імперыі. У евангельскія часы Палестына ўваходзіла ў склад рымскай правінцыі Сірыі. У апошнія гады зямнога жыцця Збаўцы рымскім пракуратарам у Юдэі і Самарыі быў Понцій Пілат, які, знаходзячыся перад святам Пасхі ў Ерузалеме, разглядаў справу Езуса і хоць не знайшоў у Ім вартай пакарання віны, аднак саступіў патрабаванням юдэяў і, абмыўшы рукі, аддаў Хрыста на ўкрыжаванне.

  Прарок — у часы Старога Запавету так называлі чалавека, які прамаўляў ад імя Бога. Роля прарокаў у рэлігійным развіцці Ізраэля надзвычай вялікая: яны абвяшчалі і ўмацоўвалі веру ў адзінага Бога (монатэізм), заклікалі людзей захоўваць маральныя прадпісанні закону Божага і прадказвалі прыйсце Месіі, які дасць збаўленне свайму народу. Першым і найбольшым з П. Біблія называе Майсея. Большасць прарокаў вядома нам толькі са згадак пра іх у гістарычных ці прарочых кнігах Старога Запавету. Больш за ўсё звестак захавалася пра т. зв. кананічных П., пісанні якіх увайшлі ў Біблію. Гэта чатыры «вялікіх» П. — Ісая, Ерамія, Эзэхіэль і Даніэль — і дванаццаць П., якіх называюць «малымі» (таму што іх кнігі больш кароткія, а не таму, што іх вучэнне менш каштоўнае). Апошнім П. Старога Запавету і адначасова першым Новага з’яўляецца св. Ян Хрысціцель. У найвышэйшым сэнсе Хрыста таксама называюць П.

  Працэсія (ад лац. processio — рух наперад) — урачыстае рэлігійнае шэсце, якое звычайна суправаджаецца спевам. Традыцыйна працэсіі адбываюцца ў Пальмовую нядзелю (з вербамі), на Вялікдзень (рэзурэкцыйная), на свята Ахвяравання Пана (са свечкамі), на ўрачыстасць Цела і Крыві Хрыста (з Найсвяцейшым Сакрамэнтам) і г. д. Падчас св. Імшы можа адбывацца працэсія на ўваход і з ахвярнымі дарамі. На чале працэсіі на ўваход нясуць крыж, каб такім чынам падкрэсліць, што П. з’яўляецца вобразам жыццёвага шляху хрысціяніна, які праз крыж, г. зн. праз зямныя выпрабаванні, заўсёды вядзе да Хрыста як апошняй мэты.

  Пробашч — святар, які ўзначальвае парафію. П. прызначае біскуп.

  Протаевангелле (ад грэцк. protos – першы і Евангелле) — «першым Евангеллем» называюць словы з кнігі Быцця (Быц 3, 15), у якіх Бог упершыню прадказвае прабацькам выпраўленне наступстваў першароднага граху. У семені, нашчадку жанчыны, Айцы Касцёла бачылі Збавіцеля, які прыйдзе ў свет. Яны лічылі таксама, што гэтыя словы адносяцца не столькі да Эвы, колькі да той Вялікай Жанчыны, якая, увасабляючы сабою «варожасць» да валадарства сатаны, стала «Слугою Пана» ў здзяйсненні таямніцы ўцелаўлення Сына Божага — Панны Марыі.

  Прэзбітэр (ад грэцк. presbyteros — літаральна: старэйшына) — духоўны сан у касцёльнай іерархіі, які з’яўляецца другой ступенню святарства(2). П. выступае памочнікам біскупа ў абвяшчэнні веры і ў служэнні Божаму народу. Моцай прынятага пасвячэння і ўлады, атрыманай ад біскупа, П. абвяшчае навуку Хрыста і ўдзяляе святыя сакрамэнты хросту, пакаяння, намашчэння хворых, сужэнства, але перш за ўсё цэлебруе сакрамэнт Эўхарыстыі. Падчас Імшы П. дзейнічае «другім Хрыстом» (alter Christus) і здзяйсняе Яго крыжовую ахвяру, актуалізуючы яе ў святых абрадах. Святар абавязаны штодня ўдзельнічаць у малітве Касцёла — Літургіі гадзінаў, а таксама захоўваць цэлібат.

  Прэлат (лац. praelatus – той, хто мае перавагу, пастаўлены над кімсьці) 1. Вышэйшая духоўная асоба. Перш за ўсё гэта біскупы, абаты, іншыя кіраўнікі манаскіх ці законных супольнасцяў.
2. Ганаровы тытул, які Папа надае некаторым святарам за асблівыя заслугі (Папскі, ганаровы П.).

  Прэторыя. У Новым Запавеце так названы палац, у якім жыў пракуратар Пілат. Туды на суд быў прыведзены Езус, і там Пілат дапытваў Яго. Там жа з яго здзекваліся жаўнеры ў той час, пакуль народ чакаў рашэння пракуратара на двары.

  Прэфацыя (лац. рraefatio – уступ, уводзіны) – уступная частка эўхарыстычнай малітвы ў св. Імшы, якая мае характар падзякі Богу. Яна пачынаецца з заклікаў святара, які вітае вернікаў, запрашае іх узнесці сэрцы і аддаць падзяку Богу, а народ адказвае. Потым святар ад імя ўсяго народа святога ўслаўляе Бога Айца і дзякуе Яму за ўсю справу збаўлення або за нейкі яе асаблівы аспект у адпаведнасці з характарам дня, свята ці перыяду. Завяршаецца П. акламацыяй «Святы...».

  Псальмы – біблійныя тэксты, якія ўяўляюць сабой рэлігійныя песні, сабраныя ў адной з кніг Старога Запавету – кнізе Псальмаў. Усяго ёсць 150 П., аўтарам многіх з іх з’яўляецца кароль Давід. Назва паходзіць ад музычнага інструмента «псалтыр» (гуслі, арфа), які ў часы Старога Запавету часта выкарыстоўваўся падчас набажэнстваў і рэлігійных урачыстасцяў. П. заўсёды займалі значнае месца як у духоўным жыцці пабожных юдэяў, так і ў малітоўнай практыцы хрысціян. П. складаюць асноўную частку Літургіі гадзінаў, якая з’яўляецца афіцыйнай малітвай Касцёла. Паводле зместу адрозніваюць П. хвалебныя, пакутныя, прарочыя, просьбы, падзякі і г.д. Рэспансарыйны псальм (лац. responsorium – папераменны спеў з адказам) – інтэгральная частка літургіі слова ў св. Імшы; спяваецца ці прамаўляецца пасля першага чытання адпаведным служыцелем, а народ прымае ўдзел, паўтараючы ў адказ рэфрэн.

  Пэнітэнт.
1. Чалавек, які жадае паяднацца з Богам і бліжнімі праз сакрамэнт пакаяння і атрымаць адпушчэнне грахоў.
2. Той, хто здзяйсняе пакаянне.

  Пяцідзесятніца — урачыстасць Спаслання Духа Святога, якая адзначаецца ў пяцідзесяты дзень пасля Пасхі (у нядзелю праз сем тыдняў). Дух Святы, які паходзіць з Айца і Сына, — трэцяя Асоба Найсвяцейшай Тройцы, абяцаны Хрыстом Суцяшыцелем (Ян 14, 16-17), які кіруе Касцёлам, натхняе і ўмацоўвае яго. Моцаю Духа Святога хлеб і віно падчас св. Імшы ператвараюцца ў Цела і Кроў Хрыста.

  Пяцікніжжа — у грэка-лацінскай традыцыі так называецца першая частка Старога Запавету, якая складаецца з кніг Быцця, Зыходу, Левіта, Лічбаў і Другазаконня. У ёй пададзены найбольш старажытны этап гісторыі Ізраэля і яго заканадаўства, а таму ў габрэйскай традыцыі яна называецца «Тора», што азначае закон.

  Р

  Рахунак сумлення. Адна з умоваў сакрамэнту пакаяння. Выпрабаванне сумлення, мэта якога — згадаць усе цяжкія грахі, учыненыя пасля апошняй споведзі, што павінна выклікаць жаль за іх (другая ўмова сакрамэнту пакаяння) і прывесці да цвёрдага пастанаўлення выправіцца (трэцяя ўмова).

  Ружанец (лац. Rosarium – месца, дзе растуць ружы; ружавы сад. Назва Р. з’явілася ў ХІІ ст. і павінна была азначаць малітву, складзеную з ружаў на ўшанаванне Панны Марыі.) – 1. Ружанцовая малітва, якая складаецца з чатырох частак: радаснай, якая прысвечана прыйсцю ў свет Сына Божага; святла, якая прысвечана зямному служэнню Езуса Хрыста; балеснай, якая прысвечана муцы і крыжовай смерці Хрыста, і хвалебнай, прысвечанай уваскрасенню Хрыста, які, узышоўшы на неба, спасылае Касцёлу Духа Святога, а таксама праслаўленню ўнебаўзятай Панны Марыі. Р. звычайна пачынаецца з Сімвала веры, малітвы «Ойча наш...», трох малітваў «Вітай, Марыя...», у якіх вернікі просяць ласкі веры, надзеі і любові, і праслаўлення Найсвяцейшай Тройцы. Кожная частка складаецца з пяці таямніцаў. Паколькі ружанцовая малітва адначасова і мысленная, і вусная, кожная таямніца з’яўляецца разважаннем (медытацыяй) над пэўнай падзеяй гісторыі збаўлення і яе сузіраннем (кантэмпляцыяй), а таксама мае вызначаную вусную форму, якая складаецца з малітвы «Ойча наш...», дзесяці малітваў «Вітай, Марыя...» і праслаўлення Тройцы. Можа адмаўляцца як індывідуальна, так і публічна, у касцёле, пад кіраўніцтвам святара. Ружанцовая малітва набыла вельмі вялікае значэнне ў духоўнасці ўсяго Каталіцкага Касцёла; ёй асаблівым чынам прысвечаны месяц кастрычнік.
2. Нізка пацерак для адмаўлення ружанцовай малітвы. Яна складаецца з пяці дзесяткаў малых пацерак, аддзеленых адна ад адной асобнымі вялікімі пацеркамі, а на пачатку знаходзіцца крыж і тры маленькія пацеркі з дзвюма вялікімі паабапал. На Р. таксама адмаўляюць вяночкі.

  Рэзурэкцыя (ад лац. resurrectio – уваскрасенне). Адна з назваў св. Імшы Пасхальнай вігіліі, своеасаблівым дадаткам да якой з’яўляецца рэзурэкцыйная працэсія, што адбываецца адразу пасля Вігіліі, альбо, паводле мясцовай традыцыі, раніцай у нядзелю перад першай св. Імшой. Гэтая працэсія з’яўляецца ўрачыстым абвяшчэннем уваскрэсення Хрыста.

  Рэкалекцыі (лац. recolligo, -ere – зноў збіраць). Іншая назва – духоўныя практыкаванні. Некалькі дзён, асабліва прысвечаных Богу, падчас якіх удзельнікі рэкалекцый прабываюць у малітве, разважаюць над сваёю вераю, адносінамі з Богам і бліжнімі ды іншымі аспектамі рэлігійнага жыцця. Дапамогаю ў такіх разважаннях з’яўляецца навучанне, якое выкладаецца ў форме лекцый. Мэта рэкалекцый – паглыбленне ўнутранага кантакту з Богам і аднаўленне духоўнага жыцця. Яны завяршаюцца споведдзю і прыняццем Камуніі. Рэкалекцыі бываюць адкрытыя (для ўсіх ахвотных) і закрытыя (у кляштарах і спецыяльных рэкалекцыйных цэнтрах, калі ўдзельнікі цалкам пакідаюць свае штодзённыя заняткі і ў маўчанні засяроджваюцца над малітваю і разважаннем). У перыяд Адвэнту і Вялікага посту Касцёл заахвочвае ўсіх вернікаў прыняць удзел, прынамсі, у адкрытых рэкалекцыях.

  Рэліквіі (ад лац. reliquiae – тое, што засталося; парэшткі) — прадметы, якія непасрэдна звязаныя з зямным жыццём Езуса Хрыста (рэліквіі св. Крыжа), Маці Божай (т. зв. «Дамок Марыі» ў Ларэта) або святых, у тым ліку іх парэшткі. Р. звычайна захоўваюцца ў рэлікварыях — спецыяльных сховішчах, зробленых у форме аздобленага куфэрка ці манстранцыі — або, калі гаворка ідзе пра цела святога, у труне з празрыстым векам. Існуе традыцыя змяшчаць Р. пад менсаю (стальніцаю) алтароў. Каб пазбегнуць любых спекуляцый, да кожнай Р. прыкладаецца дакумент, які пацвярджае яе сапраўднасць.

  С

  Сабор, Сусветны С. (лац. Concilium Oecumenicum) – сход усіх біскупаў свету на чале з Папам, на якім Калегія Біскупаў урачыста здзяйсняе сваё пастырскае служэнне ў Сусветным Касцёле. Акрамя біскупаў у працы С. могуць удзельнічаць кіраўнікі манаскіх і законных супольнасцяў, а таксама іншыя асобы, запрошаныя ў якасці назіральнікаў, кансультантаў і экспертаў, якія маюць права дарадчага голасу. Па сваёй сутнасці С. мае найвышэйшую ўладу ў адносінах да ўсяго Касцёла па ўсіх пытаннях, звязаных з верай, аднак пастановы С. маюць моц толькі тады, калі яны ўхваленыя Папам разам з Айцамі, якія ўдзельнічалі ў працы С. Першым С. традыцыя называе сход апосталаў у Ерузалеме (гл. Дз 15), а першым Сусветным С. афіцыйна лічыцца Нікейскі С. (325 г.). Усяго быў скліканы 21 Сусветны С. Апошні праходзіў у Рыме ў 1962—1965 гг. і называецца Другі Ватыканскі С. Саборы асобных мясцовых Касцёлаў называюцца сінодамі(2).

  Сакрамэнт (ад лац. sacramentum – таямніца) – паводле св. Аўгустына (IV ст.) – гэта бачны знак нябачнай Божай ласкі. Сучасная тэалогія ўдакладняе, што гэты знак з’яўляецца дзейсным, гэта значыць, здзяйсняе тое, што азначае. Ёсць сем сакрамэнтаў: хрост, канфірмацыя, пакаянне, Эўхарыстыя, намашчэнне хворых, пасвячэнне і сужэнства. Сакрамэнты былі ўстаноўленыя самім Хрыстом і ўдзяляюцца толькі ў Касцёле. Найсвяцейшым Сакрамэнтам называюць сакрамэнт Эўхарыстыі.

  Сатана (satanas – лацінізаванае грэцк. слова, якое паходзіць з габрэйск. і азначае праціўнік, непрыяцель, вораг) — тое самае, што і д’ябал — анёл, які разам з іншымі анёламі ўзбунтаваўся супраць Бога, адмовіўшыся дабравольна служыць Яму і Яго задуме, за што яны ўсе былі скінуты з неба (гл. Ап 12, 9). Іх выбар быць праціўнікамі Бога канчатковы, і пасля падзення яны ўжо ніколі не змогуць пакаяцца. С. імкнецца ўцягнуць чалавека ў свой бунт супраць Бога. С., які быў «чалавеказабойцам ад пачатку», а таксама «ілгуном і айцом ілжы» (гл. Ян 8, 44), з-за зайздрасці спакусіў першых людзей і падштурхнуў іх да першароднага граху. Ён спакушаў таксама і Езуса, спрабуючы адвярнуць Яго ад місіі, даручанай Яму Айцом. Аднак моц С. не з’яўляецца неабмежаванай. Нягледзячы на тое, што С. — стварэнне выключна духоўнае, а таму надзвычай разумнае і моцнае, ён ўсё ж такі толькі стварэнне і таму не можа перашкодзіць будаўніцтву Божага Валадарства.

  Святар. У многіх рэлігіях гэта асоба, якая мае выключнае права здзяйсняць святыя абрады. У Старым Запавеце святары неслі служэнне ў Ерузалемскай святыні, складаючы прадпісаныя ахвяры і выконваючы іншыя сакральныя функцыі.
Сінонім — прэзбітэр.

  Святая зямля — Палестына. Зямля, на якой асталяваўся Ізраэль пасля выйсця з Егіпецкай няволі. Там прайшло зямное жыццё Сына Божага, Езуса Хрыста. Месцы, асаблівым чынам звязаныя з біблейскімі падзеямі (Ерузалем, Бэтлеем, рака Ярдан і г. д.), прыцягваюць шматлікіх пілігрымаў з усяго свету. У наш час тэрыторыя С. з. падзелена паміж Дзяржавай Ізраіль і Іарданіяй.

  Святы 1. Хрысціянін, які, жывучы згодна з воляй Божай, дасягнуў збаўлення і пасля смерці прабывае з Богам у небе. С. можа лічыцца толькі той, хто быў афіцыйна кананізаваны (гл. Кананізацыя), або каго Касцёл традыцыйна ўшаноўвае як святога. Касцёл на зямлі прабывае ў няспыннай еднасці з супольнасцю святых у небе, атрымліваючы Божую дапамогу праз іх братняе заступніцтва. 2. У Новым Запавеце С. называецца кожны, хто прыняў хрост і вызнае веру ў Езуса Хрыста. Пад словамі «еднасць святых» у Сімвале веры належыць разумець адзінства ўсіх вернікаў: тых, хто яшчэ пілігрымуе на зямлі, тых, хто адышоў з гэтага свету і праходзіць ачышчэнне ў чыстцы, а таксама тых, хто прабывае ў нябеснай хвале. Гэтае адзінства найбольш поўна выяўляецца ў сакрамэнце Эўхарыстыі — Камуніі.

  Святарства. У Касцёле прынята адрозніваць агульнае святарства Божага народа і іерархічнае, ці службовае.
1. Да агульнага С. пакліканыя ўсе ахрышчаныя моцай прынятых сакрамэнтаў хросту і канфірмацыі, а таксама праз веру, якую яны вызнаюць. Хрысціяне абавязаныя не толькі верыць у Езуса Хрыста, але і абвяшчаць гэтую веру іншым і маліцца за ўвесь свет, што асаблівым чынам падкрэсліваецца ў Дэкрэце Другога Ватыканскага Сабору «Пра апостальства свецкіх».
2. Іерархічнае С. істотна адрозніваецца ад агульнага святарства вернікаў. Сакрамэнт пасвячэння ўдзяляецца асобам мужчынскага полу праз малітву і ўскладанне рук біскупа. Яго прымаюць тыя, хто быў пакліканы да гэтага служэння Богам, прайшоў адпаведную падрыхтоўку ў семінарыі і быў прызнаны годным гэтага адпаведнымі касцёльнымі ўладамі. Сакрамэнт пасвячэння складаецца з трох ступеняў: біскупства, прэзбітэрату і дыяканату.

  Святыня (у Бібліі) — Ерузалемская С. з’яўлялася духоўным і культавым цэнтрам рэлігійнага жыцця Ізраэля ў часы Старога Запавету. Яна часта называецца ў Бібліі домам Пана ці домам Божым. Паводле закона Майсея, кожны ізраільцянін, які дасягнуў дванаццацігадовага ўзросту, павінен быў тройчы ў год наведваць С.: на святы Пасхі, Пяцідзесятніцы і Шатроў. Тут святары і левіты, якія даглядалі С., здзяйснялі прадпісаныя абрады і прыносілі ахвяры. Усяго ў гісторыі Ізраэля было тры С. Ужо кароль Давід жадаў пабудаваць у Ерузалеме С., каб у ёй захоўваўся каўчэг Запавету, аднак гэтыя намеры ажыццявіў толькі яго сын Саламон, які каля 975 г. да Н. Х. пабудаваў у Ерузалеме першую С. (1 Вал 6, 1). Яна была пабудавана на ўзор скініі, толькі ў значна большых памерах. Гэтая першая С. існавала трохі больш за 400 гадоў і каля 587 г. да Н. Х. была разрабаваная і спаленая войскамі бабілонскага караля Навухаданосара, які вывеў у палон большасць насельніцтва Ізраэля. Дзякуючы ўказу персідскага караля Кіра палонныя юдэі змаглі вярнуцца ў Ерузалем і ўвесну 537 г. да Н. Х. была закладзена другая С. Туды была вернута частка нарабаванага святога начыння, аднак месца каўчэга Запавету заставалася пустым. Гэтая С. каля 167 г. была разрабавана сірыйскімі войскамі Антыёха Эпіфана і апаганена ідалапаклонствам, а на ахвярніку ўсеспалення была пастаўлена «агіда спусташэння» — ахвярнік, прысвечаны Зеўсу Алімпійскаму. У выніку паўстання на чале з Юдам Макабэем сірыйцы былі прагнаныя, і пасля трох гадоў прафанацыі С. была адноўлена і зноў асвечана. У памяць пра гэтую падзею было ўведзена свята аднаўлення С. (габрэйск. ханука). Юдэйскі кароль Ірад Вялікі палічыў старую С. недастаткова велічнай і таму каля 20 г. да Н. Х. пачаў яе перабудову. Гэтая трэцяя па ліку С. сваімі памерамі і багаццем уражвала сучаснікаў. Усе эпізоды з жыцця Езуса, звязаныя са С., адбываліся менавіта тут. У 70 г. ад Н. Х. гэтая С. была дашчэнту знішчана рымскімі войскамі. Ад яе літаральна не засталося «каменя на камені», і такім чынам цалкам спраўдзілася прароцтва Хрыста (пар. Мц 24, 2). У Бібліі С. з’яўляецца сімвалам цела Езуса Хрыста (пар Ян 2, 19-22); целаў хрысціянаў як «С. Духа Святога» (пар. 1 Кар 3, 16-17); Хрыстовага Касцёла (пар. Эф 2, 21); неба (Ап 7, 15; 11, 19 і г. д.). У новым Ерузалеме св. Ян не бачыць С., «бо святыня — Пан Бог Усемагутны і Баранак» (пар. Ап 21, 22).

  Секвенцыя. Святочны спеў, які гучыць падчас урачыстай св. Імшы перад чытаннем Евангелля. Секвенцыя прадпісана на Вялікдзень і Спасланне Духа Святога, а ў іншыя ўрачыстасці з’яўляецца неабавязковай.

  Сімвал веры — адна з асноўных малітваў Касцёла, якая з’яўляецца кароткім пераказам хрысціянскага веравучэння. У грэцк. мове слова symbolon абазначае палову разбітай ці разламанай на дзве часткі рэчы (напр., пячаткі), якая служыць апазнавальным знакам (дзве паловы складаюцца, каб пацвердзіць асобу таго, хто мае адну з іх). Такім чынам, С. в. — гэта знак распазнання і еднасці вернікаў. Гэтае паняцце абазначае таксама зборнік ці змест. У гэтым сэнсе С. в. з’яўляецца зборнікам асноўных праўдаў веры, яе зместам. На першым па сваім значэнні месцы знаходзіцца Апостальскі С. в., вядомы таксама як хросны С. в. Рымскага Касцёла. Заснаваны на апостальскай Традыцыі, ён упершыню згадваецца ў канцы IV ст., а з IX cт., пасля літургічнай рэформы Карла Вялікага, становіцца агульнаўжывальным ва ўсім Касцёле. Яго вялікі аўтарытэт засноўваецца на тым, што ён з’яўляецца С. в., захаваным у Рымскім Касцёле, на пасадзе якога быў Пётр, першы з апосталаў, і куды ён прынёс агульнае навучанне. Трыдэнцкі Сабор прызнаў гэты С. в. падставаю катэхетычнага навучання. Другім па значэнні з’яўляецца Нікейска-Канстанцінопальскі С. в. Ён таксама мае вялікі аўтарытэт і называецца па месцы правядзення першых сусветных Сабораў (325 і 381 г.г.), на якіх быў складзены і зацверджаны яго тэкст. На Таледскім Саборы (599 г.) да восьмага пастулата гэтага С. в., у якім гаворыцца, што Дух Святы паходзіць з Айца, было дададзена «і Сына» (лац. Filioque). За выключэннем апошняга, гэты С. в. з’яўляецца агульным для ўсіх вялікіх Касцёлаў Захаду і Касцёлаў Усходу. На працягу стагоддзяў у Касцёле з’явілася шмат розных С. в. Сярод іх варта згадаць Сімвалы розных апостальскіх і старажытных Касцёлаў; Сімвал «Quicumque», т. зв. С. в. св. Атаназія Александрыйскага; вызнанні веры, некаторых Сабораў (Таледскага, Латэранскага, Ліёнскага, Трыдэнцкага) або некаторых Папаў, як, напр., «Fides Damasi» ці «С. в. народа Божага» Паўла VI.

  Сінод (ад грэцк. synodos — сход, збор) — калегіяльны орган кіравання ў Касцёле, які склікаецца час ад часу на розных узроўнях.
1. С. біскупаў — дарадчы орган пры Папе, створаны Паўлам VI згодна з рэкамендацыяй ІІ Ватыканскага Сабору. Склікаецца раз на 3 гады па ініцыятыве Папы для абмеркавння важных пытанняў, якія датычаць жыцця Касцёла. Частка ўдзельнікаў С. накіроўваецца нацыянальнымі Канферэнцыямі Біскупаў, а іншых прызначае Папа.
2. Распаўсюджаная назва мясцовага Сабору (Concilium particulare). Можа быць пленарным, які ўключае ўсе асобныя Касцёлы той ці іншай Канферэнцыі Біскупаў, што склікае яго кожны раз, калі палічыць неабходным, а таксама правінцыйным, які ўключае некалькі асобных Касцёлаў адной касцёльнай правінцыі і склікаецца па неабходнасці мітрапалітам. С. надзелены ўладай кіравання, перш за ўсё — заканадаўчай. У яго працы бяруць удзел біскупы, а таксама прадстаўнікі духавенства і свецкія асобы, але толькі з правам дарадчага голасу.
3. Дыяцэзіяльны С. — сход духавенства і іншых вернікаў пэўнай дыяцэзіі на чале з дыяцэзіяльным біскупам, які склікае яго па неабходнасці для вырашэння важных пытанняў, што датычаць жыцця дыяцэзіі.

  Скінія — шацёр, які Майсей па загадзе Божым устанавіў у пустыні, каб у ім захоўваўся каўчэг Запавету. У Бібліі яна таксама называецца «С. аб’яўлення» і «С. сходу», таму што народ збіраўся вакол яе на набажэнствы. Яна была зроблена з каштоўных матэрыялаў, якія народ вынес з Егіпта: сцены і брусы з дрэва рэдкай пароды, абкладзеныя золатам, мелі срэбныя падножжы і пакрываліся дарагімі тканінамі чытырох гатункаў. С. уяўляла сабой выцягнуты прамавугольнік 15 м даўжыні, 5 м шырыні і 5 м вышыні, уваход у яе знаходзіўся з усходняга боку. Унутры яна была раздзелена на дзве часткі: Святое і Святое Святых. У Святым, куды дазвалялася ўваходзіць толькі святарам, знаходзіліся ахвярнік каджэння, стол для ахвярных хлябоў і залаты светач. За заслонаю, у Святым Святых, куды толькі раз у год мог уваходзіць першасвятар, змяшчаўся каўчэг Запавету. С. была прызначаная для таго, каб спадарожнічаць Ізраэлю ў вандраванні па пустыні, а таму лёгка разбіралася, пераносілася, а таксама ўстанаўлівалася ізноў. Клопат пра гэта быў даручаны левітам. Калі Ізраэль асталяваўся ў Абяцанай зямлі, С. як месца малітвы і ахвярапрынашэнняў замяніла святыня, пабудаваная падчас панавання Саламона. Там па яго загадзе і знаходзілася С. да самага разбурэння Ерузалема Навухаданосарам.

  Слуга Божы — так у касцёльнай традыцыі называюць людзей, якія памерлі ў стане святасці і ў адносінах да якіх распачаўся працэс беатыфікацыі. У больш шырокім значэнні так часта называюць біскупаў і святароў, каб падкрэсліць іх асаблівае служэнне ў народзе Божым.

  Споведзь. Найбольш распаўсюджаная назва сакрамэнту пакаяння, які таксама называецца сакрамэнтам паяднання. У гэтым сакрамэнце пэнітэнт праз пасрэдніцтва святара (спаведніка) атрымлівае ад Бога адпушчэнне грахоў, якія шчыра і ў таямніцы вызнае перад святаром. Менавіта вызнанне грахоў і называецца ў сціслым значэнні «споведдзю».

  Стацыя (лац. statio – прыпынак). Адзін з чатырнаццаці традыцыйных элементаў Крыжовага шляху – пасійнага набажэнства, прысвечанага разважанню пра Муку Пана, пачынаючы ад несправядлівага прысуду Пілата, праз цяжкі шлях на Галготу ў цярновым вянку і з крыжам на плячах, і сканчваючы смерцю на крыжы і пахаваннем. Часам гэтае разважанне ўключае таксама і Уваскрасенне Хрыста (пятнаццатая стацыя). Выявы асобных эпізодаў Крыжовага шляху таксама называюцца стацыямі і традыцыйна размяшчаюцца на сценах касцёла.

  Стула (лац. stola — доўгая вопратка). Доўгая вузкая стужка, якую святар ускладае на шыю пад арнат для цэлебрацыі св. Імшы, альбо без арнату для здзяйснення іншых сакрамэнтаў ці літургічных паслугаў. Стула з’яўляецца сімвалам святарскай улады. Дыяканы ўскладаюць стулу праз левае плячо і наўскос праз грудзі. Існуе звычай цалавання стулы пэнітэнтам пасля споведзі.

  Сінэдрыён (грэцк. сынэдрыён, габр. санхэдрын). Найвышэйшы суд у Ерузалеме, які складаўся з першасвятароў, старэйшын і законнікаў, — усяго 70 асобаў. Пераважна разглядаў справы, якія датычылі рэлігійных пытанняў, а таксама антыдзяржаўныя злачынствы, але не меў права выносіць смяротных прысудаў. Сынэдрыён дапытваў і асудзіў Езуса (Мц 26, 59); перад ім пазней сталі і апосталы (Дз 4, 1; 5, 21); св. Стэфан сведчыў перад ім пра Пана (Дз 6, 12).

  Т

  Табэрнакулюм (ад лац. tabernaculum — намёт, шацёр) — невялікае збудаванне, у якім захоўваецца Найсвяцейшы Сакрамэнт. Звычайна змяшчаецца ў прэзбітэрыі, у найбольш значнай і заўважнай частцы касцёла. Згодна з традыцыяй, каля Т. павінна заўсёды гарэць лампада, у якой спальваецца алей ці воск, і такім чынам паказваецца і ўшаноўваецца прысутнасць Хрыста.

  Традыцыя (лац. traditio — перадача, навучанне, паданне), Апостальская Т., Т. Касцёла — жывая перадача Евангелля, распачатая Апосталамі, якія вусным навучаннем, уласным прыкладам і пастановамі перадалі або тое, пра што даведаліся з вуснаў Хрыста, жывучы з Ім і назіраючы Яго паводзіны, або тое, што атрымалі праз натхненне Святога Духа. Апосталы пакінулі сваімі наступнікамі біскупаў для таго, каб іх навука захоўвалася ў непарыўнай пераемнасці да сканчэння вякоў. Таму акрамя кніг Святога Пісання Новага Запавету, якія з’явіліся пазней, Т. — гэта другая крыніца Божага Аб’яўлення. Акрамя навучання апосталаў, у яе ўваходзяць таксама працы Айцоў Касцёла, пастановы Сабораў і да т. п. Слова «Т.», ужытае ў такім значэнні, прынята пісаць з вялікай літары, каб адрозніваць яго ад шматлікіх тэалагічных, літургічных ці малітоўных традыцый, што з’явіліся на працягу стагоддзяў у розных мясцовых Касцёлах і ўяўляюць сабой асаблівыя формы, у якіх вялікая Т. выяўляецца такім чынам, як гэта ўласціва дадзенаму месцу ў кожны канкрэтны час. Менавіта ў святле Т. гэтыя мясцовыя традыцыі могуць захоўвацца, змяняцца ці скасоўвацца пад кіраўніцтвам Настаўніцкага Інстытуту Касцёла. Касцёл вучыць, што і Пісанне, і Традыцыю належыць прымаць з аднолькавым пачуццём павагі і ўшанавання.

  Традыцыяналізм — 1. Плынь у каталіцкай тэалогіі, якая ўзнікла ў XIX ст. як рэакцыя на рацыяналізм эпохі Асветы, з’яўляючыся яго супрацьлегласцю. Т. лічыць крыніцаю любога пазнання Божае Аб’яўленне, якое перадаецца ў непарыўнай традыцыі. Хоць некаторыя палажэнні Т. адпавядаюць касцёльнаму веравучэнню (напр., прызнанне сацыяльнай натуры чалавека, важнасць традыцыі ў рэлігіі), аднак ён быў асуджаны на І Ватыканскім Саборы, бо глыбокі недавер да чалавечага розуму адкрываў шлях да скептыцызму, а таксама няправільна трактаваў Традыцыю. Быў распаўсюджаны пераважна ў Францыі і Бельгіі.
2. Часта ў Касцёле так называюць кансерватыўныя погляды ў пытаннях касцёльнай дысцыпліны, маралі, веравучэння, а таксама ў сацыяльнай сферы.

  Трыдуум, святы пасхальны Трыдуум. Тры дні, прысвечаныя разважанню над апошнімі днямі зямнога жыцця Збаўцы: Вялікі чацвер Вячэры Пана, Вялікая пятніца Мукі Пана і Пасхальная вігілія ў Святую ноч. У гэтыя дні Касцёл у літургічных цэлебрацыях узгадвае муку, крыжовую смерць, пахаванне і ўваскрэсенне Хрыста.

  Тэалогія (ад грэцк. Theos — Бог і logos — слова, навука — навука пра Бога, багаслоўе) — сістэма абгрунтавання рэлігійнага, хрысціянскага вучэння пра Бога, Яго якасці, адзнакі і ўласцівасці; комплекс доказаў праўдзівасці веравучэння і рэлігійнай маралі на падставе Святога Пісання і Традыцыі. Т. Касцёла бярэ пачатак ад Айцоў Касцёла, у т. зв. «патрыстычнай Т.», якая была створана ў ІІ–IV стст. Яе абагульніў на падставе неаплатанізму св. Аўгустын Аўрэлій (354–430 гг.), з ідэяў якога фармавалася Т. Каталіцкага Касцёла. У наступныя стагоддзі ў Т. вызначыліся розныя, часта вельмі супярэчлівыя тэндэнцыі. Ім супрацьстаяў св. Тамаш Аквінскі (1225–1274 гг.), які распрацаваў на падставе вучэння Арыстоцеля «натуральную Т.», названую дадаткам да «звышразумнай Т.». Яго вучэнне, выкладзенае ў асноўнай працы «Сума тэалогіі», што так і не была скончана, атрымала назву Тамізм (з 1879 г. — неатамізм), які з’яўляецца асноўным кірункам каталіцкай Т. Т. выкладаецца ў духоўных семінарыях, у каталіцкіх і іншых вышэйшых навучальных установах. Розныя раздзелы Т. (біблійная Т., дагматычная Т., маральная Т. і г. д.) засяроджваюцца на тым ці іншым аспекце Божага Аб’яўлення.

  У

  Уваскрэсенне. Змёртвыхпаўстанне Езуса Хрыста. Найважнейшая праўда хрысціянскай веры, а таксама гістарычны факт, які, акрамя Евангелляў, знаходзіць пацвярджэнне і ў іншых тагачасных крыніцах. У Бібліі гаворыцца, што Езус пасля сваёй смерці на крыжы быў пахаваны ў закрытай каменем грабніцы, каля якой стаяла варта, але на трэці дзень уваскрос (паўстаў з мёртвых) (Мц 28; Лк 24; Ян 20; 1 Кар 15, 3-7). Пасля гэтага Ён не вярнуўся да зямнога жыцця (як, напр., уваскрошаны Ім Лазар), а працягнуў жыццё ва ўслаўленым целе, настолькі перамененым, што нават некаторыя вучні (Лк 24, 13) і Марыя Магдалена (Ян 20, 14) не маглі Яго пазнаць. Пасля ўваскрасення Езус на працягу сарака дзён з’яўляўся сваім вучням (Дз 1, 3), пасля чаго ўзышоў на неба (Дз 1, 9-11), дзе сеў праваруч Бога Айца (Мк 16, 19).

  Усіх святых, урачыстасць — згодна з Агульным Рымскім Календаром, адзначаецца 1 лістапада. У гэты дзень Касцёл ва ўрачыстай Літургіі ўшаноўвае ўсіх памерлых вернікаў, вядомых і невядомых, якія прабываюць з Богам як святыя ў нябеснай хвале.

  Усіх памерлых вернікаў — адзначаецца 2 лістапада, на наступны дзень пасля ўрачыстасці Усіх Святых. У гэты дзень Касцёл у Літургіі моліцца за душы ўсіх памерлых вернікаў (адсюль назва) і складае за іх Эўхарыстычную ахвяру, просячы, каб яны, ачысціўшыся ад грахоў, маглі дасягнуць благаслаўлёнага прабывання з Богам. Ва У. у. п. в. адбываюцца спецыяльныя працэсіі на могілках. Пры захаванні іншых умоваў за наведванне могілак на працягу ўсёй актавы У. у. п. в. можна атрымаць поўны адпуст для кагосьці з памерлых вернікаў.

  Ў

  Ф

  Х

  Хрызма — сумесь аліўкавага алею і бальзаму. Гэты алей благаслаўляецца біскупам у Вялікі чацвер падчас Імшы, якая называецца Хрызма, на ёй успамінаецца ўстанаўленне Хрыстом службовага святарства, аднаўляюцца святарскія абяцанні, благаслаўляюцца алей хворых, які ўжываецца ў сакрамэнце хворых, а таксама алей катэхуменаў, якім намашчаюцца тыя, хто рыхтуецца да хросту. Хрызма выкарыстоўваецца ў сакрамэнтах хросту і канфірмацыі на знак далучэння таго, хто прымае гэтыя сакрамэнты, да народа Божага, які з’яўляецца «каралеўскім святарствам» (1 П 2, 9), а таксама пры пасвячэнні біскупа і святароў на знак іх святарскай годнасці ў іерархіі Касцёла.

  Хрысцільня. Прыгожа аздобленае начынне з каменю альбо з металу, якое знаходзіцца ў баптыстэрыі і служыць для захавання хрысцільнай вады, асвечанай падчас Пасхальнай вігіліі.

  Ц

  Цэлебрацыя (лац. celebratio – сход, святкаванне, ушанаванне) – афіцыйнае здзяйсненне абрадаў пад кіраўніцтвам адпаведнага служыцеля, якое адбываецца ў Касцёле і ад імя Касцёла. Цэлебрант – належным чынам устаноўлены служыцель, які здзяйсняе тыя ці іншыя абрады і ўзначальвае іх цэлебрацыю. Цэлебраваць – здзяйсняць абрады, узначальваючы іх цэлебрацыю (напр., св. Імшу, сакрамэнт хросту, Літургію гадзінаў і г.д.).

  Цэлібат (ад лац. caelebs — нежанаты) — абавязак захоўваць бясшлюбнасць, які прымае на сябе каталіцкае духавенства лацінскага абраду, за выключэннем сталых дыяканаў. Ц. быў устаноўлены Папам Грыгорыем VII (1073 — 1085гг.) і з сярэдзіны ХІІІ ст. усталяваўся ва ўсім Каталіцкім Касцёле.

  Ч

  Ш

  Э

  Экзультэт (ад першага слова лацінскага тэксту Exultet iam angelica turba caelorum – Узрадуйцеся ўжо, хоры анёлаў у небе). Абвяшчэнне Пасхі. Старажытны гімн, які спяваецца на пачатку Пасхальнай вігіліі пасля благаслаўлення агню і запальвання пасхалу, у якім праслаўляецца перамога ўваскрослага Хрыста.

  Экуменізм (ад грэцк. oikoumene) — рух, скіраваны на ліквідацыю падзелаў паміж рознымі канфесіямі дзеля аб’яднання ўсіх хрысціянаў, якому ў Касцёле надаецца асаблівая важнасць. Узнік у XVII ст. у пратэстанцкім асяроддзі і першапачаткова не быў падтрыманы Касцёлам. Узяўшы курс на аджорнамэнта, Папа Ян XXIII падкрэсліў першаснае значэнне праблем Э. Дэкрэт ІІ Ватыканскага Сабору пра экуменізм «Unitatis redintegratio» («Аднаўленне адзінства») адзначае неабходнасць сумесных дзеянняў усіх хрысціянаў у сацыяльнай галіне. Э. накіраваны таксама на пераадоленне пагрозы матэрыялізму, якая моцна абвастрылася ў сучасным свеце. Асаблівую ўвагу справе Э. прысвячае Папа Ян Павел ІІ.

  Энцыкліка (позналац. enciclicus ад грэцк. enkyklios — кругавы, акружны, агульны) — першапачаткова так называўся акружны ліст біскупа. У наш час — пасланне (ліст) Папы, скіраванае да ўсяго Касцёла: да біскупаў, духавенства і свецкіх вернікаў. Э. прысвячаюцца асабліва важным пытанням веры, маралі, сацыяльна-палітычным праблемам і г. д. Кожная Э. называецца па першых словах яе тэксту на лацінскай мове.

  Эўхарыстыя (грэцк. – падзяка) – у першыя стагоддзі хрысціянства гэтае слова азначала малітвы падзякі падчас св. Імшы. Пазней сама Імша пачала называцца Э. Так называецца і сакрамэнт, у якім Езус Хрыстус заўсёды прысутны ў сваім Касцёле ў постацях хлеба і віна (Найсвяцейшы Сакрамэнт, Св. Камунія).

  Ю

  Ютрань – ранішняя малітва Касцёла, якая з’яўляецца часткай Літургіі гадзінаў.

  Я

 

 
Кнігі

й

Ян Павел ІІ

 

Семья

Дзецям

Святарам

Мастацкая літаратура

Гісторыя, святыні, святыя

Паглыбленне веры

 


Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.