Мінская архікатэдра, 13 лістапада 2011 г.
Суд Божы — карысць для чалавека
Слова Божае на апошнія тыдні літургічнага года яскрава прадстаўляе перад нашымі вачыма канец гісторыі і свету. Найперш гэта перспектыва Божага суда, які ў сенняшнім Евангеллі прадстаўлены ў прыпавесці пра слугаў і іх адносіны да атрыманых талантаў. Суровы прысуд у фінале прыпавесці, напэўна, выкліча пытанне: як суаднесці такі суд у канцы часоў з Евангеллем, якое кажа, што Бог — гэта любоў?
Адмаўленне ад суда ў свеце?
Сёння вялікая колькасць хрысціянаў не прымае біблейскага паслання пра Апошні суд Божы. Аднак яны павінны звярнуць увагу на тое, чаго пазбаўляюцца, калі спрабуюць зазірнуць ў сённяшні свет, не зважаючы на біблейскую вестку пра суд Божы. Суд — гэта не толькі Божая, але і свецкая ўстанова. Што было б у свеце, калі б мы адмовіліся ад судоў? На першы погляд, калі б судовых установаў у нашым свеце ўвогуле не існавала, перспектыва выглядае шматабяцаючай. Мы проста не мелі б сумнага абавязку судзіць іншых людзей. Не было б і магчымасці судзіць іншых. Такім чынам былі б споўнены і словы Хрыста: «Не судзіце, і не будуць судзіць вас; не асуджайце, і не будуць асуджаць вас».
Хіба не было б прыгож, калі б ніхто больш не адважыўся судзіць людзей і ніхто больш не быў асуджаны? Аднак, з іншага боку, паўстае пытанне пра цану, якую трэба было б заплаціць, калі б у свеце не было б ніводнага суда: вінаватыя не былі б абвінавачаны, злачынцы не былі б асуджаны. Яны маглі б і далей беспакарана чыніць зло! Але перш за ўсё нявінныя не атрымалі б свайго права. Такім чынам, такая практыка, якая, на жаль, у сучасным свеце ўсе больш і больш распаўсюджваецца, стала б сусветнай і агульнай. Тады забойцу ўсё было б дазволена, і ён мог бы трыумфаваць над сваёй ахвярай. Калі ў сённяшнім свеце больш не будуць судзіць і выносіць прысуд, што ж тады будзе? Канец тэрору ці хутчэй тэрор без канца? У любым выпадку супраць гэтага будуць пратэставаць ахвяры. Людзі, якія жывуць ва ўмовах палітычнай дыктатуры, на ўласным прыкладзе зведалі, што значыць не мець суддзі. Яны будуць абараняцца, нават калі свет вырашыць пакінуць свой абавязак судзіць. Асабліва бедныя і церпячыя будуць крычаць і прасіць: судзіце ўрэшце!
Няхай з міласці Божай на свеце запануе справядлівасць!
З міласці Божай? А ці не павінны мы тут запратэставаць, бо суд у свеце, пры ўсёй сваёй двухсэнсоўнасці, у канчатковым выніку з’яўляецца людскім чынам і таму не паддаецца абмеркаванню? А як выглядае ў святле такіх досведаў Суд Божы, прадстаўлены ў Добрай Навіне? Хіба недастаткова прычын, каб ускладаць надзею на суд Божы? Хіба гэта не суцяшэнне, што наша вера мае суд і пры гэтым суд спецыфічны?
Божае inter esse для чалавека
Тое, што чалавек будзе асуджаны Богам на Апошнім судзе, — гэта для нас, людзей, сапраўды благаслаўленне. Адсутнасць суда несла б страх і пагрозу! Калі б чалавек і ўвесь свет не былі ацэнены і асуджаны Богам, гэта быў бы страшны досвед таго, што Бога няма побач з чалавекам, што Ён не зацікаўлены ў ім. Тады ўсё прабывала б у цемры, заставалася б у прыцемках падману і хлусні. Калі б людзі і цэлы свет не набліжаліся да Апошняга суду Божага, сусветная гісторыя стала б сусветным судом — і гэта было б жахліва. Тады злачынцы трыумфавалі б над сваімі ахвярамі, а моцныя гэтага свету — над прыгнечанымі, і так было б заўсёды: «Адсутнасць Апошняга суду была б страшным выразам Божай абыякавасці: абыякавасці Творцы да свайго стварэння, а асабліва да створанага Ім чалавека. Але нішто так не зневажала б і не прыніжала б чалавека, як абыякавасць Бога да яго!».
Біблейскі аповед пра суд Божы нясе ў сабе суцяшальнае пасланне пра жывую зацікаўленасць Бога жыццём людзей. І гэта заключаецца ў першапачатковым сэнсе слова Бог inter est, што азначае: Бог на карысць чалавека ўваходзіць у яго жыццё. Тое, што Бог звернецца да мяне яшчэ раз на Апошнім судзе, дае мне надзею, што я для Яго не абыякавы. І праз тое, што ўся сусветная гісторыя будзе ацэнена і асуджана Богам, азначае, што Бог трактуе яе сур’ёзна і з павагай. Дзякуючы гэтаму бачна вялікая розніца паміж Божым судом і інстытуцыяй суда ў свеце. Гэтая розніца праяўляецца ў тым, што на Апошнім судзе Бог не прыніжае чалавека, а наадварот —узвышае яго да годнасці Божага суда. Таму я не магу спадзявацца на больш строгі і адначасова самы лагодны суд, чым той, які ўстаноўлены праз Божую ласку і меркай якога з’яўляецца Божая міласэрнасць. Бо толькі добры і міласэрны Бог ніколі не дапусціць, каб ласка ішла наперадзе справядлівасці, як гэта часта бывае ў людзей. Больш таго, Бог прысутны са сваёю ласкай у справядлівасці!
Суд Божы — гэта тэрапеўтычны і поўны міласэрнасці акт Божай ласкі! Менавіта таму суд Божы з’яўляецца выпрабаваннем Яго Міласэрнасці і Любові. Любоў Бога і Яго суд існуюць непадзельна як у Старым, так і ў Новым Запаветах, бо інакш прапаведванне Хрыста не мела б значэння. Для Хрыста Бог — гэта не толькі Бог бязмежнай міласэрнасці, але і Бог надыходзячага суда! Ён не бачыць супярэчнасці паміж Яго Добрай Навіной і прадказаннем Апошняга суда Божага. Больш таго, у сваім навучанні Хрыстус паказвае, што Бог не адносіцца да зла з абыякавасцю. Хрыстус прапаведвае нам Бога, які змагаецца са злом. І таму Ён будзе выступаць як суддзя, які асуджае дзеля таго, каб запанавала справядлівасць.
Сёння мушу прывесці для разважання наступны факт: у адрозненні ад некаторых хрысціянаў і тэолагаў, якім лепш было б нічога не казаць пра апошні Суд Божы, крытычныя мысляры, як, напрыклад, Тэадор Адорно, зноў спадзяюцца на Апоші суд. Гэты юдэйскі філосаф на працягу ўсяго свайго жыцця спрабаваў адказаць на пытанне: што рабіць, каб у свеце як мага больш распаўсюдзіць справядлівасць? Адказваючы на гэтае пытанне, ён прыйшоў да галоўнай высновы: калі на самой справе ў свеце павінна запанаваць справядлівасць, то яна павінна заставацца назаўсёды і для ўсіх, а значыць і для памерлых. Гэта павінна быць такая справядлівасць, якая можа вярнуць невяртальнае мінулае і даць магчымасць выправіць сваю віну. Але гэта азначае, што павінен быць суд!
Распазнаць па-новаму гэтую праўду хрысціянскй веры — такі глыбокі сэнс нясе біблейскі аповед пра суд Божы. Гэта дае мне суцяшэнне: што я магу стаць перад судом Божым, перад Суддзёю жывых і памерлых. Калі мы ў штодзённасці нашага жыцця становімся перад судом Божым, глядзім на маштаб нашага жыцця і дзейнасці праз прызму надыходзячага Суддзі і свядома рэалізуем гэта ў штодзённай малітве, толькі тады мы не страцім радасці ў нашым жыцці. Праз гэта мы сілкуем тую радасць нашай веры, якая суадносіцца з цяжарам Евангелля, якая запрашае нас не закопваць атрыманыя ў дар таланты, а выкарыстоўваць іх дзеля надыходу Божага Валадарства, на якое мы спадзяёмся і якое асаблівым чынам прадстаўляецца нам у апошнія тыдні літургічнага года. Амэн!