Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Цэтлік [Канфірмацыя]
Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас парафіяльнага адпусту і сакрамэнту канфірмацыі ў Мядзелі | | 2010-07-12 09:38:35 | 9 ліпеня 2010 г., парафія Маці Божай Шкаплернай
Наша сустрэча ў гэтым месцы мае некалькі матывацый. Традыцыйна мы ўшаноўваем свята — адпуст у мядзельскай парафіі Маці Божай Шкаплернай, удзельнічаем у Крыжовым шляху, а падчас Эўхарыстыі група вернікаў — дарослых і моладзі — прыме сакрамэнт канфірмацыі. Таму паразважаем аб значэнні крыжа для верніка, аб прынцыпах, якімі павінен кіравацца вернік у жыцці, і аб абавязках канфірмаваных — рыцараў Хрыста, якія прымуць сёння дары Духа Святога, атрымаюць сакрамэнт агню, атрымаюць касцёльны атэстат сталасці, што абавязвае іх асаблівым чынам клапаціцца пра Касцёл.
Словы, прамоўленыя паміж асобамі, — гэта спосаб камунікацыі. Яны заўсёды нясуць нейкую вестку, пэўны змест для людзей. Служаць для абмену інфармацыяй. Акрамя гэтага, словам мы выражаем нашы эмоцыі і пачуцці, дапамагаючы жэстамі больш інтэнсіўнаму пераказу. На працягу жыцця чалавек вымаўляе вельмі многа слоў, якія маюць характар дэкларацыі. З розных бакоў да нас даходзіць інфармацыя аб прысутнасці іншых асоб вакол нас і аб сімпатыі, якой яны адорваюць нас. З экранаў камп’ютэра і тэлевізара нас закідваюць словамі і запэўніваюць у любові. Вельмі часта ў сцэнах фільмаў гучыць: «Я люблю цябе».
Сярод гэтай навальніцы слоў аб любові прысутнічаюць таксама словы, якія кажуць аб любові Бога. І хоць гэтыя словы не такія агрэсіўныя і не такія нахабныя, як рэклама пэўных тавараў, але сапраўдныя, аўтэнтычныя. Аднак Бог не абмяжоўваецца адносна чалавека толькі словамі і намерамі. Сказанае слова патрабуе дзеяння, каб пацвердзіць яго сапраўднасць, — асабліва словы, у якіх выражаецца любоў. Доказам аўтэнтычнасці стаўлення Бога да чалавека з’яўляюцца мука і крыж, якія Бог дазволіў накласці на свае плечы. Згаджаючыся з крыжам, Бог хацеў падкрэсліць, як любіць чалавека, каб ніхто ніколі не сумняваўся, што прыход у свет, мука і смерць Хрыста былі выразам любові. «Так Бог палюбіў свет, што Сына Адзінароднага даў, каб кожны, хто верыць у Яго, не загінуў, але меў жыццё вечнае». Аб гэтым мы разважаем кожны раз, калі праводзім Крыжовы шлях. Сёння Бог, гледзячы на нас і нашае жыцце, прагне толькі аднаго — каб мы адказалі любоўю на любоў, каб мы, гледзячы на Яго любоў, вучыліся любіць Яго такім жа самым чынам, з такой жа адданасцю і ахвярнасцю. Трэба гэтак жа наследаваць Хрыста ў Яго словах і дзеяннях, і гэта будзе азначаць — люблю Цябе. Наследаваць Хрыста і быць падобнымі да Яго патрабуе з нашага боку пазнання Яго самога, пазнання Яго словаў і спраў, Яго жыцця і матываў дзеянняў. Каб гэта асягнуць, трэба пазнаць гісторыю Езуса Хрыста. І менавіта ў бліжэйшы час, пасля заканчэння Крыжовага шляху, варта зрабіць пастанаўленне, каб штодзень чытаць Святое Пісанне, Евангелле, якое з’яўляецца нічым іншым, як гісторыяй жыцця Хрыста і Яго любові да нас.
Пазнанне Хрыста, Яго зямнога жыцця вядзе нас да праўды аб крыжы, які ў выпадку Езуса з’яўляецца выразам любові. Немагчыма па-сапраўднаму пакахаць іншую асобу без ахвяры. Крыж упісаны ў жыццё хрысціяніна як любоў — гэтаму вучыць нас Хрыстус і пацвярджае гэта сваім жыццём. Хрыстус, які пакутуе і нясе крыж, з’яўляецца сапраўдным і аўтэнтычным знакам любові Бога да чалавека. Калі мы ўдзельнічаем у Крыжовым шляху, сам Хрыстус дае нам прыклад, як перамагаць цяжкасці ў жыцці. Адначасова Ён вучыць нас, што крыж, які прысутнічае і ў нашым жыцці, можна падняць і несці.
Крыжы ў нашым жыцці маюць розныя вымярэнні і розныя формы. Ёсць крыжы якія прымаюць вымярэнне цярпення, болю — гэта хваробы. Для іншых крыжам жыцця будзе адзінота — старасць у самоце. Некаторыя нясуць крыж сям’і, што распадаецца, для іншых крыжам можа быць другая асоба, якая прычыняе цярпенне, — і чым бліжэйшая, тым большым можа быць цяжар. Аднак, незалежна ад роду крыжа, яго нясенне з’яўляецца заўсёды выпрабаваннем нашай любові і вытрымкі ў ёй. Прыняцце крыжа не можа быць выключна вонкавым знакам згоды на цярпенне, на працу, але павінна стаць адказным паслушэнствам у любові, а яго нясенне — не толькі выкананнем слоўнай прысягі, дадзенай Хрысту, не страхам і не бояззю. Толькі ў любові мы здольныя асэнсаваць нашы выпрабаванні, зразумець, што ў нашым жыцці з’яўляецца крыжам.
Без матывацыі, якой з’яўляецца любоў, чалавек не будзе мець ахвоты прыкладаць руку да крыжа, не будзе мець сілы да таго каб падняцца, калі цяжар крыжа, які ён нясе, схіліць яго да зямлі. Любоў да чалавека дазволіла Хрысту занесці крыж на Галгофу, давесці ўсё да канца. Любоў вырвала некаторых людзей з натоўпу і паставіла на Крыжовым шляху поруч з Хрыстом і на Галгофе. Праверкай сапраўднай любові з’яўляецца экстрэмальная сітуацыя, якой і з’яўляецца крыж. Так будзе з любоўю сужэнцаў у сям’і, такому іспыту будзе падвергнута любоў дзіцяці да бацькоў і адваротна. Няма сапраўднай любові без крыжа, ахвяры, устрымання. Любоў без ахвяры — толькі ілюзія і нічога не вартая гульня, толькі нейкае плыткае пачуццё, якое хутка прамінае разам са зменаю настрою. Любоў без ахвяры нетрывалая і таму не сапраўдная. Хрыстус паказвае сапраўдную любоў і яе пацвярджэнні: «Хто хоча пайсці за Мною, а не бярэ свайго крыжа, той Мяне не варты». Ён дасканала ведае, што дарога без крыжа — гэта дарога напрасткі, але дарога ў нікуды, дарога, на якой чалавек не знойдзе любові і ёй не навучыцца.
Таму ружа, якая з’яўляецца сімвалам любові, мае і прыгожую кветку, і вострыя калючкі. А ружы без калючак былі выгадаваны чалавекам, яны несапраўдныя. Так і з любоўю — сапраўдная будзе звязана з крыжам, іншая ж не з’яўляецца сапраўднай, яна выгадавана ў штучных умовах чалавекам і не паходзіць ад Бога.
Удзел у Крыжовым шляху няхай дапаможа нам распазнаць сапраўдную любоў, такую, якой вучыць нас Хрыстус. Няхай дапаможа навучыцца браць крыж на плечы, разумець яго як спосаб доказу любові. Калі табе хтосьці будзе прапаноўваць любоў, якая абмяжоўваецца толькі словамі, — не вер яму, бо гэта несапраўдная любоў.
Сучасны чалавек хоча жыць без канфліктаў. Часта паўтараецца: «ОК, ты не маеш рацыі, я не маю рацыі, але ўсё ў парадку». Аб чым можна гаварыць у свеце, дзе ўсё ОК? З сітуацыяй хаосу мы маем дачыненне перш за ўсе ў найглыбейшых плоскасцях чалавечага жыцця. У нашай цывілізацыі ўсё часцей адмаўляюцца абсалютныя вартасці. Валадарыць прагматызм. Ён заснаваны на тым, што штосьці становіцца вартасцю тады, калі служыць дасягненню індывідуальна акрэсленых мэтаў. Тое, што для аднаго чалавека з’яўляецца карысным, становіцца вартасцю. Такім чынам выбар, які мае характар нетрывалы, творыць абсалютную вартасць. Усё іншае становіцца зменлівымі вартасцямі. Ніхто не мае права паўплываць на свабоду майго выбару. І ў канчатковым выніку робіцца выснова, што адносіны з іншымі людзьмі павінны будавацца на ўзаемных абавязках, на сцверджанні: жыві і дазволь жыць іншым так, як хочуць. Іншымі словамі, выбар, зроблены асобным чалавекам, становіцца для яго абсалютнай вартасцю. Аднак такая філасофія жыцця, якая спрабуе пазбягаць канфліктаў, стварае хаос менавіта ў вобласці асноўных каштоўнасцяў. Аказваецца, што ў грамадстве, у якім кожны сам вырашае, што з’яўляецца каштоўнасцю, а выбар асобных людзей лічыцца аднолькава правільным, немагчыма гаварыць аб фундаментальных каштоўнасцях, якія б маглі аб’ядноўваць грамадства.
Іншае аблічча хаосу — гэта культ навізны і зменаў, якія вельмі модныя ў сучасным грамадстве. Калі нічога не адбываецца, становіцца нудна, — часта паўтарае моладзь. Нуднасць лічыцца грахом горшым, чым хлусня. Сучаснага чалавека не цікавіць тое, што праўдзівае, найважнейшым з’яўляецца тое, што новае, свежае. Чаму гэта нельга спрабаваць? Сёння існуе перакананне, што трэба пазбягаць застою. Пры гэтым не істотны змест здарэнняў. Калі нічога новага не адбываецца, рэальнасць становіцца нязноснай. Трэба пастаянна спрабаваць штосьці новае. Такая пастава таксама ўносіць у жыццё хаос. У такой сітуацыі не існуе вартасцяў пастаянных, правераных і перададзенных нам папярэднімі пакаленнямі. Сам працэс пошуку навізны становіцца каштоўнасцю.
Дарагая моладзь! Сакрамэнт канфірмацыі ўскладае на вас абавязак пазнаваць Езуса, быць здольным на ахвяру для Яго. А іншым людзям, якія аб Ім яшчэ не ведаюць, — сваім прыкладам цнатлівага жыцця паказваць шлях да Хрыста ў Касцёле. Няхай дары Духа Святога, якія сёння вы прымаеце праз маю паслугу, — дары Мудрасці і Розуму, Рады і Мужнасці, Умеласці, Пабожнасці і Дар Боязі Божай — дапамогуць вам узорна выканаць хрысціянскае заданне.
|
|
Усяго 1 матэрыялаў адзначана цэтлікам Канфірмацыя.
<< Start < Previous 1 Next > End >>
Page 1 Of 1
Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.
|
|