Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Цэтлік [Некралогі]


Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас пахавальнай святой Імшы за памерлага кардынала Казіміра Свёнтка ў пінскай катэдры
2011-07-24 20:12:35
25 ліпеня 2011 г.

“Хто давярае Табе, не будзе расчараваны” (пар. Пс 25(24), 3).

Глыбокапаважаныя браты і сёстры, ўдзельнікі сённяшніх жалобных урачыстасцяў!

1. Гэтыя словы псальма вельмі добра характарызуюць асобу памерлага кардынала Казіміра Свёнтка. Менавіта ён быў тым чалавекам, які да канца даверыўся Богу.

Так было ў час, калі ён пачуў голас паклікання да святарства; калі з надзеяй распачаў святарскае служэнне; калі знаходзіўся ў камеры смерці ў брэсцкай вязніцы і смерць заглядала ў вочы; калі вайна несла разруху і знішчэнні, і адбірала надзею; калі знаходзіўся ў лагерах; калі трэба было нанава распачынаць служэнне ў пінскай катэдры, якая доўгі час заставалася без святара, і аднаўляць яе; калі трэба было духоўна адраджаць высахлыя ў часы атэізацыі чалавечыя душы, падобна як высахлыя пінскія балоты пасля неабдуманых працэсаў меліярацыі; калі напрыканцы 80-х – пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя прыйшла новая надзея; калі трэба было распачаць біскупскае служэнне ва ўзросце 77 гадоў; калі благаслаўлёны Ян Павел II за вернасць, сведчанне і ахвярнае служэнне прызначыў яго першым у сучаснай гісторыі Каталіцкага Касцёла ў Беларусі кардыналам; калі трэба было адбудоўваць касцёльныя структуры, мінскую катэдру, семінарыю ў Пінску; калі трэба было правесці Сінод Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, Віцебскай і Пінскай дыяцэзій, калі ўжо падчас свабоды веравызнання прыйшлі новыя выклікі секулярызму  і г. д.

2. Абсалютны давер Богу быў пуцяводнай зоркай памерлага кардынала, якога Бог паклікаў да святарскага і біскупскага служэння як адпаведнага чалавека і ў адпаведны час.

Добра памятаю, як падчас візіту Яго Эмінэнцыі Прымаса Польшчы кардынала Юзафа Глемпа ў пінскую катэдру 7 верасня 1988 г. ксёндз Казімір Свёнтэк уручыў яму ад рукі напісаны малітоўнік, з просьбай перадаць яго папу Яну Паўлу II як сведчанне нязломнай веры нашых людзей і надзеі, што вера ператрывае ганенні. Гэты жэст зрабіў вельмі вялікае ўражанне на кардынала і ўсіх прысутных. Гэтым жэстам тады яшчэ святар Казімір Свёнтэк хацеў сказаць, што, нягледзячы на тое, што нас прыціскаюць і не даюць нармальна дзейнічаць, мы трываем, бо давяраем Богу.   

На наступны год, падчас святкавання 50-годдзя святарства Свёнтка, прыбылы на гэтыя ўрачыстасці Апостальскі Адміністратар Пінскай дыяцэзіі ў Драгічыне біскуп Уладзіслаў Ендрушук ад усяго сэрца дзякаваў яму за яго мужнасць, вытрываласць і ахвярную пастырскую працу ў вельмі складаных умовах.

Усім вядома, як высока цаніў мужнасць кардынала Свёнтка благаслаўлёны Ян Павел II, Калі заходзіла гаворка пра яго, то ў Папы свяціліся вочы.

Нездарма Святы Айцец Бэнэдыкт XVI у спачувальнай тэлеграме ў сувязі са смерцю кардынала ўзгадаў пра яго адважнае сведчанне, якое ён даў Хрысту і свайму Касцёлу ў асабліва цяжкія часы, а таксама пра энтузіязм, з якім працаваў дзеля духоўнага адраджэння сваёй краіны. А ватыканскае выданне «L’Osservatore Romano» за 22 ліпеня 2011 г. назвала беларускага іерарха непахісным дрэвам ў хвіліну шторму, сведкам веры, іконай постсавецкага каталіцызму, сімвалам адраджэння Касцёла ў Беларусі і яго надзеі.

3. Сёння мы стаім над труною памерлага кардынала Казіміра Свёнтка і ўспамінаем яго як неардынарнага чалавека, жывога мучаніка і сведка веры, таленавітага пастыра, здольнага арганізатара, знакавую фігуру нашага часу. У Пінску – горадзе, які ён вельмі любіў, дзе атрымаў святарскае пасвячэнне і біскупскую сакру і дзе правёў большую частку свайго жыцця, завяршаецца яго зямны шлях. Для яго ўжо завяршыўся час, гадзіннік яго жыцця стаў, але засталася вечнасць. Застаўся дом нябеснага Айца, да якога ішоў усё сваё доўгае, багатае і адначасова вельмі трагічнае жыццё і да якога на працягу свайго 72-гадовага святарскага служэння вёў людзей.

Гэтую праўду аб жыцці і смерці хрысціяніна нагадвае нам сённяшняя жалобная ўрачыстасць. Мы жывём на зямлі, але жывём для Бога і неба. Ходзім рознымі жыццёвымі шляхамі, але ўсе яны сыходзяцца ў адным, які вядзе да дому нябеснага Айца. Нашы гады мінаюць як трава, але Ты, Божа, трываеш на векі. Гэтыя словы жалобнай літургіі падыходзяць нават і такому доўгажыхару, якім быў памерлы кардынал Казімір Свёнтэк.

Хоць засмучае нас смерць кардынала, аднак мы павінны глядзець на яе праз прызму праўды аб Уваскрасенні Хрыста. Менавіта гэтая праўда нагадвае пра тое, што са смерцю чалавека не завяршаецца яго жыццё. І вузенькая сцяжынка, якая вядзе да магілы – гэта не апошні шлях, але пачатак новага жыцця. Гэтай праўдзе ўсё сваё жыццё навучаў кардынал Казімір Свёнтэк і сёння сам яе дасведчыў.

4. Апошнія дні ў Касцёле ў Беларусі і ў паўсюдным Касцёле трывае малітва за святой памяці кардынала Казіміра Свёнтка. Гэта найперш малітва ўдзячнасці за яго святарскую вернасць, служэнне і сведчанне, і адначасова малітва аб Божай міласэрнасці.

Яго багатае і адначасова трагічнае жыццё, цяжкая хвароба і смерць, а таксама наша малітва маюць сваю сімволіку. Мы верым, што нішто ў нашым жыцці не з’яўляецца выпадковым, што Бог кіруе жыццём кожнага з нас. Таму складанае жыццё кардынала Свёнтка, але адначасова жыццё верай, надзеяй, нават насуперак надзеі, і любоўю да кожнага чалавека, нават таго, хто пераследаваў яго, цяжкія цярпенні, якімі ён паводле слоў святога апостала Паўла дапоўніў цярпенні Хрыста, і яго смерць хочуць нам сказаць нешта вельмі важнае. А менавіта тое, што ён да канца заставаўся верным як хрысціянскаму, так і святарскаму пакліканню. Быў пастырам па прыкладу Езуса Хрыста – Добрага Пастыра; пастыра, які не пакінуў свайго статку ў гадзіну цяжкага досведу; пастыра, заданнем якога з’яўляецца вучыць, асвячаць і праз служэнне ў любові кіраваць народам Божым. Гэтыя абавязкі ён верна выконваў да канца свайго жыцця і дзякуючы гэтаму заслужыў вялікі аўтарытэт як у Касцёле, так і ў грамадстве.

5. Хрыстус кажа, што Ён ёсць праўда, дарога і жыццё і ніхто не прыходзіць да нябеснага Айца, як толькі праз Яго. Кардынал Свёнтэк добра ведаў гэтую ісціну і вучыў ёй іншых. Менавіта таму, што ёсць адна нязменная праўда – гэта Хрыстус і Яго Евангелле. Ёсць адна дарога, якая вядзе да сапраўднага жыцця, – гэта Хрыстус. Ёсць адно сапраўднае жыццё – гэта таксама Хрыстус. Ён вучыў будаваць жыццё на Хрысце і Яго Евангеллі, каб яно было шчаслівым тут, на зямлі, і прывяло ў дом нябеснага Айца.

Служачы гэтай ісціне, па прыкладу Добрага Пастыра ён не шкадаваў сябе. Стаўшы біскупам ва ўзросце 77 гадоў, ён прыняў на сябе новы крыж, які трэба было насіць не на грудзях, але на плячах. На ім спраўдзіліся словы Езуса, якія Ён сказаў апосталу Пятру: калі ты быў малады, падпярэзваўся сам і хадзіў, куды хацеў; а калі састарышся, то выцягнеш рукі твае, і іншы падпярэжа цябе і павядзе, куды не хочаш. Свёнтэк дазволіў, каб Хрыстус яго падперазаў і павёў. Калі падчас біскупскай кансэкрацыі ён сказаў “так”, то ўсё іншае, акрамя служэння па прыкладу Добрага Пастыра, ўжо не існавала. І так было на самой справе, аж да апошняй хвіліны жыцця. Яшчэ калі быў свядомы перад апошняй аперацыяй, то выказваў сваю вялікую заклапочанасць праблемамі і жыццём Касцёла.

6. Сёння, у дзень пахавання кардынала Казіміра Свёнтка, мы ўсё больш і больш усведамляем яго веліч як сведка веры і добрага пастыра. Адыйшоў да Бога чалавек, верны Богу і Касцёлу, чалавек, адкрыты на сучасны свет і яго праблемы, чалавек, які добра ведаў, што сучасны свет патрабуе новага выканання місіі Хрыста - ісці і навучаць, навучаць, нават калі б і здавалася, што сучасны свет не прымае гэтага навучання. Адным словам, у сваім вельмі шаноўным узросце ён імкнуўся да новай евангелізацыі, да якой так моцна заклікаў благаслаўлёны Ян Павел II і якую рэалізуе Бэнэдыкт XVI.

У гэтым была яго веліч і адначасова скарб для Касцёла. Такім быў памерлы кардынал Казімір Свёнтэк – сведка веры, яе абаронца і прамоўтар, працавіты і ахвярны пастыр, выдатны арганізатар і адначасова просты ў зносінах з іншымі людзьмі чалавек.

За ўсё гэта, і не толькі, мы сёння схіляем свае галовы перад табою, дзякуем табе і перапрашаем за магчымыя непаразуменні. Дзякуем Богу, што даў Касцёлу ў Беларусі і паўсюднаму Касцёлу такога правідэнцыяльнага пастыра. Даручаем цябе Божай міласэрнасці. Няхай Маці Божая Вастрабрамская, выяву якой ты змясціў у сваім біскупскім гербе і якой даверыў сваё біскупскае служэнне, прывядзе цябе перад аблічча міласэрнага Бога, каб жыў у Ім навекі. Амэн.

 

Усяго 1 матэрыялаў адзначана цэтлікам Некралогі.

<< Start < Previous 1 Next > End >>
Page 1 Of 1
Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.