Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Цэтлік [Палатыны]
Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі, прысвечаная Таварыству Каталіцкага Апостальства (палатынам)
2010-01-25 13:51:41

24 студзеня 2010 г.

Мінск, касцёл Узвышэння Святога Крыжа на Кальварыі

На працягу пэўнага часу у кальварыйскім касцёле моляцца святары з супольнасці палатынаў. Духоўным заснавальнікам супольнасці з’яўляецца святы Вінцэнт Палоцці, святар з Рыма, які працаваў там у першай палове ХІХ стагоддзя. У гісторыі хрысціянства гэты час пасля Французскай рэвалюцыі быў няпростым для Касцёла. Пашыраўся лібералізм, і ў Рыме часта адбываліся дыспуты аб сэнсе існавання Касцёла. Святы Вінцэнт, як малады святар, быў заклапочаны місіяй Касцёла, дзеля якой яго заснаваў наш Збаўца Езус Хрыстус. Малады душпастыр разважаў: «Не хапае дастатковай колькасці працаўнікоў на ніве Евангелля, неабходных да захавання рэлігіі там, дзе яна была прынята; яшчэ больш не хапае людзей з апостальскім духам, якія б ажыўлялі рэлігію там, дзе яна згасае, і неслі яе туды, дзе аб ёй не ведаюць». Святы бачыў, што існуючыя касцёльныя арганізацыі патрабуюць дапамогі, каб вярнуцца да ранейшага ўзроўню.

Многія разважанні заснавальніка, выказаныя больш за 150 гадоў таму, у далёкім адсюль Вечным горадзе, таксама актуальныя і для нас, жыхароў Мінска, у сітуацыі мінулых дзесяцігоддзяў і абставінах, якія існуюць у сучасным грамадстве. Таму прыбыццё айцоў палатынаў у наш горад і іх праца з Божым народам сапраўды своечасовая, чаканая многімі вернікамі і людзьмі добрай волі. Спадзяёмся, што іх праца прынясе добры плён, і просім аб гэтым Бога.    

Зразумелым і годным для наследавання вернікамі з’яўляецца фундамент, на якім заснавана духоўнасць палатынаў — падпарадкаванасць дзеянням Духа Святога, адчуванне бясконцай Божай любові і міласэрнасці, глыбокае разуменне таямніцы Езуса Хрыста як Апостала Спрадвечнага Айца, яснае пазнанне ў святле Духа Святога, які ёсць і які павінен быць Касцёл, прыняцце апекі Беззаганнай Марыі, Каралевы Апосталаў, імкненне ў апостальскай працы захоўваць дух любові і руплівасці, актыўнасць у духу наследавання Хрыста ў апостальстве Касцёла і дзеля яго ўзрастання і абсалютная падпарадкаванасць Касцёлу.

Паразважаем аб некаторых элементах палатынскай духоўнасці. Блізкім для кожнага верніка з’яўляецца разуменне Бога як Любові і Міласэрнасці. Такі стан дапамагае кожнаму верніку лепш здзяйсняць апостальскае служэнне. Яшчэ адзін важны элемент — наследаванне Езуса Хрыста так, як аб гэтым пісаў заснавальнік супольнасці: «Наш Пан Езус Хрыстус ёсць Апосталам Бога Спрадвечнага, таму што ад Яго прыняў наказ, каб вярнуць хвалу зняважанай Велічы Ягонай і адкупіць чалавечы род, які праз грэх Адама ператварыў сябе ў масу на страты». Таксама заснавальнік супольнасці вучыў, што місія Езуса Апостала вызначаецца жыццём дзеля хвалы Бога Айца, перамогай над грахом і адкупленнем чалавечага роду.

Паводле заснавальніка палатынскай супольнасці, асноўным з’яўляецца наследаванне Хрыста, у якім за фундамент паслядоўнікі прымаюць Яго жыццё аж да ахвяры на крыжы і маюць надзею, што, паўстаўшы з мёртвых, разам з Ім дасягнуць найвышэйшай дасканаласці.

Мы штодзённа сустракаем святароў з палатынскай супольнасці ў гэтым касцёле, а таксама ў іншых месцах горада, дзе яны нясуць служэнне. Няхай духоўнасць гэтай супольнасці дапаможа нам на асабістым шляху да святасці і ў апостальскім імкненні да пашырэння Божага Валадарства ў сэрцах нашых блізкіх, родных і ўсіх вернікаў.

 

Усяго 1 матэрыялаў адзначана цэтлікам Палатыны.

<< Start < Previous 1 Next > End >>
Page 1 Of 1
Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.