Я — добры пастыр і ведаю сваіх, а Мае ведаюць Мяне (Ян 10, 14).
Паважаныя святары, сёстры законныя!
Умілаваныя ў Хрысце браты і сёстры!
Трываючы ў атмасферы змёртвыхпаўстання Хрыста, у чацвёртую велікодную нядзелю Касцёл ставіць перад нашымі вачыма постаць Хрыста — добрага пастыра. Вобраз добрага пастыра, узяты з Евангелля паводле святога Яна (Ян 10, 7–18), з'яўляецца адным з найстарэйшых вобразаў Хрыста, прадстаўленых у мастацтве першых хрысціян у катакомбах Рыма. Езус паказаны як добры пастыр. Ён трымае ягня на сваіх плячах, а пры Ім збіраюцца і іншыя авечкі, якія побач са сваім Пастырам адчуваць сябе ў бяспецы. Пра гэтую бяспеку ў сённяшнім Евангеллі Езус сказаў: «Авечкі Мае слухаюць голас Мой, і Я ведаю іх. Яны ідуць за Мной, і ніхто не вырве іх з рук Маіх» (пар. Ян 10, 27–28).