Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Цэтлік [Шчучын]
Гамілія біскупа Дзям’янкі з нагоды канферэнцыі, прысвечанай 250-годдзю нараджэння а. Станіслава Юндзіллы SP
2011-05-10 13:34:04
«На пачатку стварыў Бог неба і зямлю» (Быц 1, 1). Насяліў зямлю раслінным і жывёльным светам. Вянцом стварэння стаў чалавек — Адам і Ева. Бог даручыў чалавеку распараджацца ўсім стварэннем і сказаў: «напаўняйце зямлю і валодайце ёю» (пар. Быц 1, 28). І наказаў не зрываць забаронены плод. У садзе Эдэмскім людзям было добра, пакуль не ўчынілі грэх. Д’ябал — вораг чалавека, непрыяцель Бога — спакусіў Еву, якая ўвяла ў грэх Адама.

Бог сказаў: «Праклятая будзе зямля… Церні і асот будзе радзіць» (пар. Быц 3, 18). Прагнаў чалавека з Раю. Але ў сваёй велікадушнасці не адабраў у яго надзею на вечнае жыццё з Богам. Паабяцаў прыслаць Збаўцу, які адкупіць чалавека ад граху, смерці, д’ябла.

Узгадваем этапы гісторыі чалавецтва ў сувязі са знамянальнай датай 250-годдзя з дня нараджэння айца Станіслава Баніфацыя Юндзіллы, ураджэнца Лідчыны, святара, педагога, выхавацеля ў школе айцоў-піяраў у Шчучыне, заснавальніка батанічнага саду пры касцёле, вучонага, даследчыка расліннага і жывёльнага свету, прафесара Віленскага ўніверсітэта, заснавальніка Батанічнага саду ў Вільні (Літва) і Вене (Аўстрыя). Ён сваёй руплівай працай паспрыяў таксама паглыбленню хрысціянскай культуры ў гэтай частцы Еўропы ў галіне экалогіі.

Кажучы пра хрысціянскую культуру ў розных галінах дзейнасці чалавека, мы маем на ўвазе літаратуру, напісаную па матывах Бібліі, сакральныя будовы — святыні ў стылі готыкі, барока, рэнесанса, класіцызму, раманскім стылі. Гэта творчасць мастакоў па біблійных сюжэтах. Але гэта таксама адносіны да прыроды з хрысціянскага пункту гледжання. Яны заключаюцца ў такім падыходзе, каб не пашкодзіць прыродзе, а перадаць нашчадкам хараство палёў, лясоў, вадаёмаў, рэк. Беражлівасць — вось рыса хрысціянскай культуры ў галіне флоры і фаўны. Гэтаму трэба вучыцца. Не так даўно мы нават бачылі пры дарозе плакаты з такім зместам: «Нам нечего ждать милости от природы. Взять от нее — наша задача». І бралі, але, на жаль, часта неразважліва. Празмерная эксплуатацыя земляў, знішчэнне лясоў (ёсць меркаванні, што пры сучаснай высокапрадукцыйнай тэхніцы нават Усурыйская тайга можа знікнуць за некалькі гадоў), неразумнае асушэнне балот з наступствам эрозіі глебы, арашэнне палёў марской вадой, што прывяло да засалення і іх непрыдатнасці для земляробства на дзясяткі гадоў. Нават былі планы павярнуць назад сібірскія рэкі. Наступствам неразумнай эксплуатацыі зямлі і багаццяў прыроды сталі прыродныя катаклізмы ў выглядзе пясчаных бураў, цунамі, землятрусаў, ураганаў, глабальнае пацяпленне і інш. Аб гэтым гаварылася яшчэ амаль 40 год таму падчас канферэнцыі ў Стакгольме (Швецыя).

Айцец Станіслаў як педагог і даследчык вучыў беражлівасці ў адносінах да прыроды. Ён разам з валанцёрамі заснаваў батанічны сад у Шчучыне. Збіраў травы, расліны з навакольных палёў, лугоў, лясоў, балот, вывучаў іх лекавыя ўласцівасці і перадаваў вынікі даследаванняў іншым. З мудрасцю і адказнасцю перад Богам вучыў выкарыстоўваць дары прыроды. Батанічны сад быў каля касцёла. Так спалучаліся малітва і праца. Святыня нагадвае аб Стварыцелю, аб дарах Бога для чалавека і аб адказнасці за іх правільнае  выкарыстанне.

Прыклад дзейнасці гэтага святара і вучонага і сёння мае важнае значэнне для жыхароў Еўропы. Сучаснаму чалавеку ўласцівы такія рысы, як празмернае спажывальніцтва, геданізм, нарцысізм, эгаізм. Прага да таго, каб толькі спазнаць як мага больш. А пасля мяне — хоць трава не расці. Чалавек забавы, адчування як мага большых прыемнасцяў — такая пастава, на жаль, не адзінкавая ў сучасным свеце. Прыклад а. Станіслава можа дапамагчы скаардынаваць дзеянні сучаснага чалавека адносна дароў прыроды — дароў Пана Бога. Праз штодзённую грунтоўную працу выхавацеля, вучонага, даследчыка ён вучыў умела выкарыстоўваць дары прыроды, а не наносіць ёй раны.

Адзначаем вялікую гадавіну народзін святара-вучонага ў радасны Велікодны перыяд. Езус перамог смерць. Даў надзею кожнаму насельніку зямлі на вечнае шчасце ў Эдэме. Але чалавек павінен прайсці выпрабаванне на зямлі. Кожны павінен выкарыстаць таленты, дары, якія атрымаў ад Бога. Бо Ён у сваёй мудрасці нічога не стварыў без сэнсу і без мэты. Толькі выдатна выканаўшы заданне, дадзенае Богам чалавеку на зямлі, кожны можа спадзявацца на ўзнагароду ў вечнасці.

Дапамагае нам у гэтым Касцёл праз малітву аб беражлівым карыстанні дарамі прыроды. Вось чаму згодна з хрысціянскімі звычаямі на палях ставяцца каплічкі і крыжы. Веснавыя палявыя працы таксама распачынаюцца малітвай. А позняй восенню адбываецца малітва падзякі за ўраджай. Наш знакаміты зямляк даў нам прыклад гарманічнага суіснавання з прыродай таксама праз гэтую святыню, вакол якой заснаваў адзін з першых батанічных садоў у Вялікім Княстве Літоўскім.  

 

Усяго 1 матэрыялаў адзначана цэтлікам Шчучын.

<< Start < Previous 1 Next > End >>
Page 1 Of 1
Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.