Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Эўхарыстычны рух моладзі

Эўхарыстычны рух моладзі — гэта касцёльны рух, што аб’ядноўвае дзяцей і моладзь, якія разам перажываюць Евангелле і разам з Езусам хочуць будаваць новы свет. У наш час Эўхарыстычны рух моладзі з’яўляецца міжнародным. У яго ўваходзяць каля трох мільёнаў маладых людзей ва ўсім свеце.

Рух нарадзіўся з Эўхарыстычнай круцыяты. На міжнародным кангрэсе ў Люрдзе, які праходзіў у 1914 г., была вызначана неабходнасць стварыць для дзяцей арганізацыю эўхарыстычнага кірунку. Пасля звароту Папы Бэнэдыкта XV, які заклікаў дзяцей усяго свету да малітвы за мір, французскі езуіт айцец Бэсье заснаваў у 1916 г. Эўхарыстычную круцыяту. Яна стала дзіцячай арганізацыяй у рамках Апостальства малітвы, якое праводзілі айцы езуіты. Першыя структуры Круцыяты ўзніклі ў Францыі, пасля чаго яна вельмі хутка распаўсюдзілася ў многіх краінах. У 1921 г. Бэнэдыкт XV афіцыйна зацвердзіў Круцыяту. Наступны Папа Пій ХІ на самым пачатку пантыфікату ў 1922 г. удзяліў сваё благаслаўленне «рыцарам Эўхарыстыі».З 1960 г. Эўхарыстычная круцыята пачынае дзейнічаць па-новаму і становіцца новым рухам. Па прапанове Папы Яна ХХІІІ яна прымае назву Эўхарыстычны рух моладзі. Гэты рух узнік як адказ на патрэбу дастасаваць Круцыяту і яе метады да сённяшняга часу. Можна сказаць, што Эўхарыстычны рух у пэўным сэнсе з’яўляецца вынікам аджорнамэнта (аднаўлення) Другога Ватыканскага Сабору ў галіне эўхарыстычнага выхавання.


Вялікай распаўсюджвальніцай эўхарыстычнай пабожнасці сярод моладзі была святая Уршуля Ледухоўская, заснавальніца супольнасці сясцёр уршулянак Сэрца Езуса Канаючага. «Сустрэўшыся» з Круцыятай у Францыі, яна пажадала ахапіць яе дзейнасцю таксама дзяцей у сваёй краіне. Дамовіўшыся з айцом Бэсье і атрымаўшы дазвол займацца гэтым, 1 студзеня 1926 г. маці Уршуля засноўвае першую групу Круцыяты ў Польшчы.

Мэта Круцыяты — паказаць Езуса Эўхарыстычнага як Сябру дзіцяці. Езус любіць дзяцей, Ён заўсёды з імі. Непасрэдны персанальны кантакт з Езусам-Сябрам, усведамленне Яго няспыннай прысутнасці а таксама магчымасць размаўляць з Ім могуць быць для дзіцяці тым апірышчам, якое дае пачуццё бяспекі і напаўняе яго сэрца радасцю нават перад абліччам няшчасцяў, што прыходзяць звонку. Рух павінен абудзіць

у дзіцяці малітоўнае жыццё і навучыць яго розным формам малітвы, асабліва малітве сваімі словамі. Ужо з наймалодшага ўзросту належыць вучыць дзяцей чыннаму ўдзелу ў святой Імшы, а таксама ў іншых формах Эўхарыстычнага культу.

«Цэнтр, вакол якога павінна вярцецца ўсё нашае жыццё, — гэта святая Камунія. У ёй мы найбольш цесна яднаемся з Панам Езусам, які хоча быць спажыткам для беднай, слабой душы, каб умацаваць яе для змагання за неба», — піша святая Уршуля Ледухоўская. Сапраўднае хрысціянскае жыццё — тое штодзённае змаганне за неба, тое духоўнае выхаванне, тая любоў да Езуса ў Гостыі — павінна расці разам з чалавекам. Эўхарыстычны рух моладзі дапамагае дзецям у сістэматычнай працы над сабою, звязвае іх з Касцёлам і рыхтуе да апостальства. Прынцыпы руху такія: маліся, часта прымай святую Камунію, будзь ахвярным, будзь апосталам.

Кожны, хто ўваходзіць у Эўхарыстычны рух моладзі, з’яўляецца рыцарам Езуса Хрыста, а значыць, мае свае абавязкі, якія для яго — прычына гонару. Ён павінен не толькі шчыра маліцца, часта ўдзельнічаць у святой Імшы, прымаючы Камунію, і адараваць Езуса ў Эўхарыстыі, але таксама несці радасць, супакой і згоду ў сваё акружэнне і да таго ж не піць алкагольных напояў, не паліць і не спрабаваць наркотыкаў.

Дэвіз Эўхарыстычнага руху моладзі — «Валадар над намі, Хрыстэ, заўсёды і ўсюды!». Марыя, Маці Хрыста Валадара — Валадарка руху. Зыходзячы з упэўненасці, што Марыя заўсёды вядзе да Езуса, эўхарыстычнае выхаванне ў Круцыяце мае выразны марыйны акцэнт. Маецца на ўвазе ўстанаўленне сардэчнай сувязі з Маці Божай праз пазнаванне Яе і праз удзел у розных набажэнствах і рэлігійных практыках на ўшанаванне Багародзіцы. Наследуючы Марыю і Яе цноты, удзельнікі руху імкнуцца да святасці па прыкладу святасці Марыі, стараюцца яе дасягнуць і моляцца аб гэтым. Яны жадаюць рэалізаваць сваё жыццё такім чынам, каб выканаць волю Айца Нябеснага, як вучыць гэтаму Марыя — пакорная слуга Пана, — і тады, калі гэтая воля ясная і прыемная, і тады, калі нясе з сабою крыж і цярпенне. Кожнае праяўленне Божай волі Марыя прымала са словамі «Вось Я, слуга Пана, няхай Мне станецца паводле Твайго слова». Сказаўшы гэтыя словы аднойчы, Яна ўсё жыццё ў сваім сэрцам і ўчынках іх паўтарала.

Слуга Божы Ян Павел ІІ, абвяшчаючы Сусветны дзень моладзі ў Кёльне на жнівень 2005 г., у сваім апостальскім лісце Mane nobiscum Domine сказаў: «Я жадаю, каб моладзь збіралася вакол Эўхарыстыі, якая з’яўляецца асяродкам жыцця, для ажыўлення сваёй веры і энтузіязму». Верныя пакліканню Вялікага Папы, прысвяцім жа крыху часу знаёмству з Эўхарыстычным рухам моладзі, молячы Маці Хрыста Валадара словамі святой Уршулі Ледухоўскай: «Няхай Найсвяцейшая Маці прывядзе нас да стала Пана, няхай з намі любіць Езуса ў Эўхарыстыі і разам з намі моліцца».

Паводле кнігі «Рухі і супольнасці»
© «Pro Christo» 2006.

Адноўлена 09.07.2008 14:09
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.