Сярод мноства евангелізацыйных рухаў у Каталіцкім Касцёле ўжо некалькі дзесяткаў гадоў існуе маладзёжны рух пад назваю «Салезіянская пілігрымка евангелізацыі». Ідэя стварэння евангелізацыйнага руху ўзнікла ў дні пілігрымкі моладзі ў 1991 годзе на Ясну Гуру, дзе адбывалася VІ сустрэча маладых людзей з усяго свету з Янам Паўлам ІІ. Святы Айцец аб’явіў дэвізам сустрэчы на 1992 год: «Ідзіце па ўсім свеце і абвяшчайце Евангелле». Гэтыя словы з Евангелля святога Марка сталі закваскай для стварэння супольнасцяў «Салезіянскай пілігрымкі евангелізацыі». Гэтыя супольнасці ўтварыліся, дзякуючы натхненню Духа Святога, які абуджае ў чалавеку жаданне евангелізаваць сябе і іншых, каб потым праз супольную фармацыю больш дзейсна і плённа выходзіць з Добраю Навінаю пра Езуса ў школы, на вуліцы, шпіталі, турмы і інш. Супольнасці «Салезіянскай пілігрымкі евангелізацыі» існуюць і працуюць пры розных парафіях і манаскіх дамах, яны адчыненыя для ўсіх маладых людзей і хочуць служыць усім, каму да спадобы справа евангелізацыі.
Апекунамі руху з’яўляюцца Найсвяцейшая Панна Марыя, заснавальнік закону салезіянаў святы Ян Боско і заснавальніца Кангрэгацыі Дачок Марыі Успамогі Хрысціянаў святая Марыя Дамініка Мадзарэло. Супольнасць «Салезіянскай пілігрымкі евангелізацыі» будуе і ажыўляе выхаваўчы вопыт святога Яна Боско — духоўнага кіраўніка ўсяго руху. Яго прапанова ўзрастаць у накірунку паўнаты жыцця і дасканалення ў любові з’яўляецца заклікам для моладзі. У духу радасці, адкрытасці, сяброўства і супакою, які спадарожнічаў святому, удзельнікі руху жадаюць фармаваць сваё маладое жыццё і праз гэта яны хочуць быць апосталамі новай евангелізацыі, да якой заклікаў моладзь Слуга Божы Ян Павел ІІ. У гэтым духу яны хочуць перажываць новае жыццё ў Хрысце як дар і абавязацельства. Таму члены руху павіны прыняць уласнае жыццё і адкрыцца на Бога — наблізіцца да Хрыста і прыняць Пана жыцця, быць у супольнасці з Ім, а таксама адчуць заклік да святасці і служэння іншым, гэта і будзе канкрэтнай евангелізацыйнай дзейнасцю. Святы Ян Боско пакінуў сваім духоўным дзецям сур’ёзнае абавязацельства, каб яны сталі вестунамі новага жыцця ў Хрысце, пасланнікамі дабрыні і супакою ў служэнні іншым маладым людзям.
Стыль духоўнага жыцця супольнасцяў «Салезіянскай пілігрымкі евангелізацыі» характарызуе прастата ў жыцці і давер. Дух святога Яна Боско надае гэтым супольнасцям атмасферу радасці, аптымізму і надзеі. Ян Боско — гэта «святы радасці», для яго святасць заключаецца ў тым, каб быць радасным. У натуру чалавека ўпісана пілігрымаванне. Кожны з нас знаходзіцца ў дарозе. У Хрысце мы сталі Божымі дзецьмі і праз Яго — нашу дарогу, праўду і жыццё — пілігрымамі да дому Айца. Пілігрымка — гэта цяжар вандроўкі, які вынікае з духа веры як сведчанне пілігрымуючага Касцёла. Углядаючыся ў Марыю, Слугу Пана, якая ў пілігрымцы веры перажывала асаблівую сустрэчу з Богам, і ў святога Яна Боско, які вандраваў з моладдзю ў святыя мясціны, маладыя пілігрымы прагнуць падчас цяжару вандроўкі аднавіць сваю сувязь з Богам, усвядоміць жывую прыналежнасць да супольнасці Касцёла, а праз малітву і сакрамэнты здабыць супакой і Божую любоў у сабе, каб потым абвяшчаць гэта бліжнім. Час вандроўкі праз сведчанне і слова з’яўляецца абвяшчэннем Езуса Хрыста. Гэта простая і дзейсная форма евангелізацыі.
Евангелізаваць — гэта значыць, перш за ўсё, звычайна і проста сведчыць пра Бога, аб’яўленага Езусам Хрыстом. Евангелізацыя дае пачатак нашаму асабістаму навяртанню. Толькі той будзе цалкам евангелізаваным, хто сам евангелізуе. Падчас пілігрымавання — гэтых своеасаблівых «рэкалекцый у дарозе» — пілігрымы шчыра жадаюць, каб пасялілася ў іх сэрцах ласка ўнутранай перамены і ласка евангелізацыі, гэта значыць паклікання да абвяшчэння Добрай Навіны. Сам Хрыстус Пан адорвае ўдзельнікаў руху гэтым жаданнем, і тады евангелізацыя ў «Салезіянскай пілігрымцы евангелізацыі» становіцца «перацяканнем любові», а евангелізацыйны запал вынікае з сапраўднай святасці жыцця.
Першачарговаю мэтаю існавання супольнасці з’яўляецца жаданне рэалізаваць паліканне кожнага хрысціяніна да святасці праз паглыбленне жывой веры ў Езуса Хрыста і прыняцце Яго як асабістага Пана і Збаўцу. Сярод мэтаў руху называюць адказнасць у вызнаванні каталіцкай веры, што праяўляецца ў перадачы праўды пра Хрыста (евангелізацыя, абвяшчэнне Добрай Навіны), а таксама ўдзел у моладзевых супольнасцях і прысутнасць у асяроддзі маладых, служэнне на карысць выхавання маладога чалавека як добрасумленнага грамадзяніна і добрага хрысціяніна.
У супольнасці «Салезіянская пілігрымка евангелізацыі» рэалізуецца выхаванне да евангелізацыі праз малітву, сакрамэнты і разважанне Божага слова, фармаванне глыбокага ўсведамлення каранёў веры і гатоўнасці абараняць хрысціянскія каштоўнасці, праз развіццё ў моладзі свядомасці таго, што неабходна сведчыць на кожным месцы і ў любой сітуацыі, праводзіць евангелізацыю на тэрыторыі парафіі, у школах, шпіталях, у дзіцячых дамах, турмах, а таксама на вуліцах.
Дар руху «Салезіянская пілігрымка евангелізацыі» заключаецца ў тым, што ўдзельнікі маюць магчымасць на ўласным вопыце спазнаць, што евангелізацыя сапраўды ёсць Добраю Навінаю, што Бог ўваходзіць у жыццё маладога чалавека і прыносіць з сабою сапраўдную радасць, што Хрыстус вельмі любіць маладых людзей. З гэтага вопыту асабістай сустрэчы з Хрыстом — Панам жыцця — нараджаецца заданне: несці гэтую Добрую Навіну іншым. Падчас евангелізацыі праз малітву, абвяшчэнне Божага слова, спевы, пантаміму, тэатральныя пастаноўкі, праявы радасці, праз размовы маладыя пілігрымы нясуць Хрыста свету, які памірае ў безнадзейнасці, у роспачы і страху, нясуць свету, згаладаламу па любові, тую любоў, якую спазнаюць самі.
Найбольшаю таямніцаю евангелізацыйных рухаў з’яўляецца тое, што Бог сам выбірае слабых і грэшных людзей, людзей нягодных і малых і, здзяйсняючы навяртанне ў іх сэрцах, пасылае іх абвяшчаць добрую навіну аб збаўленні ў Хрысце.
Паводле кнігі «Рухі і супольнасці»
© «Pro Christo» 2006.