У 1964 годзе Франсіско (Кіко) Аргуэлло — мастак, які нарадзіўся ў Іспаніі, і Кармэн Эрнандэс — выпускніца хімічнага факультэта, выхаванка інстытута Місіянераў Езуса Хрыста, сустракаюцца сярод жыхароў трушчобаў на ўскраінах Мадрыда. Праз тры гады ў гэтым асяроддзі, якое складаецца перадусім з бедных людзей, фармуецца своеасаблівы сінтэз евангелізацыі і катэхізацыі, які абапіраецца на слова Божае, літургію і вопыт супольнасці, і гэта ў святле перамен пасля Другога Ватыканскага Сабору стане падставай для таго, што Неакатэхуменальны шлях распаўсюдзіцца па ўсім свеце.
З баракаў гэты вопыт хутка пераходзіць у некаторыя парафіі. Праз некалькі гадоў група экспертаў Кангрэгацыі Божага Культу, якія на працягу некалькіх гадоў распрацоўвалі дакумент на тэму катэхуменату для дарослых, былі пад вялікім уражаннем, убачыўшы, як тое, што неўзабаве павінна было быць абвешчана як «Абрады хрысціянскага пасвячэння дарослых», Дух Святы, пачынаючы ад убогіх, ужо ператвараў у жыццё. Кангрэгацыя ўзгадніла назву «Неакатэхуменат», або даведнік па хрысціянскай фармацыі пасля хросту. Неакатэхуменальны шлях з моманту свайго ўзнікнення быў прапанаваны як шлях пасвячэння ў веру. Гэта не нейкая спецыяльная духоўнасць, але шлях ўзрастання, своеасаблівы «даведнік па каталіцкай фармацыі, вельмі важнай для грамадства і цяперашніх часоў» (Ян Павел ІІ, Ліст Ogni Qualvolta, 30.08.1990.).
Гэта працэс сталення ў веры, якая адбудоўвае хрысціянскую супольнасць, і тая становіцца знакам для свету і супраціўляецца працэсу секулярызацыі. На гэтым шляху веры ў накірунку радыкалізму ўласнага хросту цэнтральным становіцца хрысціянская супольнасць, а яе асноўным ядром — сям’я. Менавіта ва ўлонні канкрэтнай хрысціянскай супольнасці асабіста ажыццяўляецца жывы і непасрэдны вопыт хрысціянскага жыцця. Тут мы вучымся слухаць слова Божае, адносячы яго да свайго жыцця, вучымся маліцца і плённа ўдзельнічаць у святой Імшы і іншых сакрамэнтах.
Біскупы з розных рэгіёнаў, заклапочаныя сітуацыяй секулярызацыі, якая мела месца ў столькіх парафіях, і бачачы, што там, дзе з’яўляецца Неакатэхуменальны шлях, узнікаюць малыя жывыя супольнасці, поўныя людзей, да гэтага часу аддаленых ад Касцёла, прыкладалі ўсе намаганні, каб распачаць такі самы працэс хрысціянскага пасвячэння, просячы аб катэхетах з іншых гарадоў або краінаў. У выніку з’явіліся так званыя «вандроўныя катэхеты». Падчас сустрэчаў катэхетаў прадстаўляюцца гэтыя просьбы біскупаў і на іх дабравольна адклікаюцца тыя, хто адчувае сябе пакліканым адправіцца абвяшчаць Евангелле і аддаць сябе ў распараджэнне гэтай місіі на падставе паўнамоцтваў, якія дае ім уласны хрост. Такім чынам з’яўляецца нанава мадэль першапачатковага Касцёла, евангелізаванага апосталамі і вандроўнымі катэхетамі, якія не ствараюць нейкай спецыяльнай групы. Яны застаюцца ў складзе сваіх супольнасцяў і парафій, з якіх выпраўляюцца на місію і ў якія перыядычна вяртаюцца. На працягу крыху больш за трыццаць гадоў дзякуючы місійнай дзейнасці вандроўных катэхетаў Неакатэхуменальны шлях распаўсюдзіўся на пяці кантынентах.
Перад абліччам секулярызацыі, якая працягваецца ўжо многія гады, Касцёл у многіх месцах памяншаецца і апынаецца ў сітуацыі крайняй слабасці; перадусім знішчаецца сям’я. Чэрпаючы натхненне са словаў Вялікага Папы Яна Паўла ІІ, Кіко і Кармэн убачылі неабходнасць пасылаць сем’і на місіі як для заснавання Касцёла ў некаторых рэгіёнах, так і для падтрымкі і ўзмацнення існуючых супольнасцяў пры дапамозе сем’яў, якія паказвалі б аблічча хрысціянскай сям’і.
Бачачы евангелізацыйную сілу, якою валодае Шлях, біскупы прасілі высылаць сем’і на перыферыю, у раёны, якія часта ўяўлялі сабою велізарныя барачныя пасёлкі, каб ствараць там асяродкі евангелізацыі, здольныя стрымаць секты, фармуючы малыя супольнасці, пакуль не з’явіцца магчымасць прыслаць туды якога-небудзь прэзбітэра і стварыць новыя парафіі. У выніку, у 1988 годзе Слуга Божы Ян Павел ІІ выслаў у некалькі дыяцэзій першыя сто сем’яў, аб якіх папрасілі біскупы. На ўсіх кантынентах ужо ёсць каля 1000 сем’яў, якія ахвяравалі сваё жыццё дзеля місій і справы евангелізацыі. Дзякуючы прароцкаму бачанню ініцыятараў Неакатэхуменальнага шляху, адвазе Слугі Божага Яна Паўла ІІ і місійнаму запалу сем’яў на місіях гэтае сведчанне веры аказалася фундаментальным для новай евангелізацыі і стварэння новых парафій. Гэтыя сем’і застаюцца з’яднанымі са сваёй неакатэхуменальнай супольнасцю, уключанай у парафію. Такім чынам узнікае карыснае супрацоўніцтва паміж супольнасцю, парафіяй і місіяй.
Дзякуючы гэтай справе евангелізацыі, распачатай сем’ямі, у розных рэгіёнах хутка з’явілася неабходнасць у прэзбітэрах, якія б падтрымлівалі новыя, толькі што створаныя супольнасці, і пры ўдзеле якіх можна было б стварыць новыя парафіі. У сувязі з гэтым былі заснаваныя семінарыі «Redemptoris Mater». Гэта дыяцэзіяльныя семінарыі, яны заснаваныя біскупамі ў згодзе з Міжнароднай групай, адказнай за Шлях. Гэта місіянерскія семінарыі — прэзбітэры, выхаваныя ў іх, падрыхтаваныя для таго, каб быць пасланымі біскупам у кожны куток свету; яны міжнародныя — семінарысты паходзяць з розных краінаў і кантынентаў, што з’яўляецца канкрэтным знакам каталіцкасці, а таксама гатоўнасці быць пасланымі ў любое месца. Сёння функцыянуюць 53 семінарыі на ўсіх кантынентах.
Аднак найбольш значнай рысай гэтых семінарый з’яўляецца тое, што, з аднаго боку, гэта дар, які дапамагае дыяцэзіі адкрывацца на місійнасць, каб ісці на ўвесь свет, а з другога боку яны знаходзяць у Неакатэхуменальным шляху тую падтрымку, якая спадарожнічае семінарыстам падчас іх падрыхтоўкі, а пасля прыняцця прэзбітэрату надалей падтрымлівае іх у няспыннай фармацыі.
Ватыканская Кангрэгацыя па справах свецкіх зацвердзіла дэкрэтам ад 29 чэрвеня 2002 года Статуты Неакатэхуменальнага шляху. Місіяй гэтых супольнасцяў, якія застаюцца ў цяперашняй структуры Касцёла, з’яўляецца ўказанне новага спосабу перажывання Евангелля сёння, прымаючы пад увагу глыбокія патрэбнасці чалавека і гістарычны момант Касцёла. Супольнасці адчуваюць сябе абавязанымі нічога не знішчаць, усё ўшаноўваць, паказваючы плён Касцёла, які аднаўляецца і заклікае да навяртання.
Паводле кнігі «Рухі і супольнасці»
© «Pro Christo» 2006.