Кожнаму з нас неабходна ўсведамляць, што сям’я з’яўляецца маленькім Касцёлам, у якім заўсёды прысутнічае Хрыстус. Рух сямейнай духоўнасці «Equipes Notre — Dame» (супольнасць Маці Божай) існуе для паглыблення рэлігійных ведаў, а таксама каб вучыцца будаваць жыццё згодна з загадамі Езуса Хрыста, і тым самым станавіцца бліжэй да Яго.
«Ідзі за Мною» — гэтым заклікам Хрыстус звяртаецца да кожнага з нас, да кожнага сужэнства, запрашаючы адкрыць сэрцы для Яго любові, сведчыць пра Яго. «Бо, дзе двое ці трое сабраліся ў імя Маё, там Я сярод іх» (Мц 18, 20). Заснавальнік руху айцец Каффарэль пісаў: «Рух „Equipes Notre — Dame“ — гэта рух актыўных людзей. Ён існуе, каб дапамагаць сужэнствам узрастаць у любові да Бога і да свайго бліжняга».
Гісторыя руху END распачалася з сустрэчы ў 1937 г. кс. Каффарэля (нарадзіўся 30 ліпеня 1903 г. у Ліёне і памёр 18 верасня 1996 г.) і маладой замужняй жанчыны Розэн дэ Монт’ямонт, якая звярнулася да маладога святара з просьбай аб духоўным кіраўніцтве.
Паўнавартасна перажываць пакліканне да святасці ў сужэнскім жыцці пажадалі яшчэ чатыры пары. Так 25 лютага 1939 г. адбылася першая сустрэча (чатыры шлюбныя пары і святар) у доме сямейства Розэн і П’ера дэ Монт’ямонт. Мэта сустрэч заключалася ў разуменні Божага плану адносна іх сем’яў. Гэты перыяд затым назвалі прароцкай эпохай, бо менавіта падчас першых сустрэч былі акрэслены галоўныя кірункі духоўнасці сужонкаў.
У 1960 г. рух END атрымлівае першае афіцыйнае пацвярджэнне Касцёлам у выглядзе ліста кардынала Фэльтына, арцыбіскупа Парыжскага. У 1975 г. Папская рада па справах свецкіх прызнае END як прыватную арганізацыі вернікаў, якія выконваюць прадпісанні кананічнага права. Наступныя дэкрэты выйшлі ў 1992 г. і ў 2002 г.
Заснаванне руху END у Беларусі ў 2004 г. было звязана перш за ўсё з жаданнем паглыбляць і развіваць сужэнскую духоўнасць, заснаваную на сакрамэнце сужэнства. Інтэрнэт-сайт супольнасці ў Беларусі — http://end.of.by/
Духоўнасць «Equipes Notre — Dame»
1. Узаемадапамога
- Без жывой веры не можа быць хрысціянскага жыцця, а веры не можа быць без рэфлексіі (разважанняў). Звычайна большасць хрысціянскіх сужэнстваў не практыкуюць медытацыі, не паглыбляюць сваіх ведаў, бо недаацэньваюць іх вартасці, не маюць на гэта часу, духоўнага настаўніка, навыкаў. Таму іх вера застаецца беднаю і кволаю, Божая воля і вучэнне Касцёла вядома ім толькі ў агульных рысах, фрагментарна, а ўяўленне пра рэаліі сямейнага жыцця — сужэнства, любоў, бацькоўства, выхаванне — застаецца цьмяным. У выніку — малая актыўнасць ў рэлігійным жыцці, закрытасць на патрэбы іншага чалавека. Сужэнствы руху «Equipes Notre — Dame» імкнуцца пазбегнуць гэтага, стараючыся паглыбляць свае рэлігійныя веды, прымаючы вучэнне Хрыста, каб паводле Яго фармаваць усё сваё жыццё.
- Супольнасці «Equipes Notre — Dame» імкнуцца не толькі пазнаваць Бога і Яго вучэнне, але і сустрэцца з Ім, таму да навучання і разважання неабходна далучаць малітву. «Сапраўды таксама кажу вам, што, калі двое з вас на зямлі згодна прасілі б аб чым-небудзь, то станецца ім ад Айца Майго, які ў нябёсах. Бо, дзе двое ці трое сабраліся ў імя Маё, там Я ёсць сярод іх» (Мц 18, 19–20).
- Ці будзе дапамога сябрам у духоўным жыцці сапраўднаю, калі яна не дапамагае перажываць клопаты і цяжкасці? Менавіта таму сужэнствам супольнасці Маці Божай уласціва ўзаемная дапамога, як маральная, так і матэрыяльная. Менавіта так рэалізуецца парада св. Паўла: «Насіце цяжар адзін аднаго і так выканаеце закон Хрыстовы» (пар. Гал 6, 2). Сужэнствы імкнуцца выконваць патрабаванні братэрскай любові: даваць, прымаць (што значна цяжэй, чым даваць), прасіць (яшчэ цяжэй), умець адмаўляць (у просьбе можна адмовіць, асабліва тады, калі яе выкананне немагчымае).
2. Сведчанне
Першыя хрысціяне, пра якіх гаворыцца ў Дзеях Апосталаў: «Адзіныя сэрцам і душою, і ніхто не называў уласным нічога з маёмасці сваёй, якая належала яму, але ўсё ў іх было супольнае» (пар. Дз 4, 32) выклікалі здзіўленне ў язычнікаў: «Паглядзіце, як яны любяць адзін аднаго». А гэтае здзіўленне выклікала жаданне далучыцца да іх. Хіба ў ХХІ стагоддзі братэрская любоў страціла сваю моц выпраменьвання і захаплення, тую моц, якую мела ў першыя стагоддзі жыцця Касцёла? Сужэнствы супольнасці Маці Божай перакананыя, што сёння, як і ў той час, няверуючыя будуць здабытыя для Хрыста, калі ўбачаць сужэнствы, якія любяць і дапамагаюць адно адаму ў пошуках Бога і ў служэнні бліжнім.
3. Асноўныя правілы жыцця руху:
1. Удзел у руху вольны, без прымусу: у любы момант з яго можна выйсці 2. Першы год працы ў руху з’яўляецца пробным. Далей сужэнства вырашае заставацца ў руху ці не 3. Супольнасць служыць сваім сужэнствам і дае ім магчымасць:
- перажываць супольную малітву і дзяліцца досведам
- плённа дапамагаць адно аднаму на шляху да Бога і даваць сведчанні пра Яго.
4.Сустрэчы сем’яў (раз у месяц са святаром) праходзяць у наступным парадку: - сумесны пасілак, размова за кавай
- супольная малітва, чытанне Божага слова
- малітва
- дзяленне жыццёвымі клопатамі
- абмен думкамі, вывады
- Магніфікат (гімн Маці Божай).
5. Абавязкі кожнага сужэнства: - штодзённая супольная малітва разам з дзецьмі
- выкананне задання «Прысядзем разам» (добрая магчымасць падвесці вынікі споўненых абавязкаў)
- праца ў сям’і: работа над тэмай, устанаўленне правілаў жыцця і іх выкананне
- штодзённае чытанне Божага слова, Магніфікату
- штогадовы ўдзел у рэкалекцыях
- раз на год ахвяраванне заробку на развіццё руху
- Дапамога іншым сем’ям, калі гэта неабходна.
|