У Катэхізісе Каталіцкага Касцёла чытаем, што апошнімі рэчамі чалавека з’яўляюцца смерць, Божы суд, неба або пекла. Усімі магчымымі спосабамі людзі імкнуцца адцягнуць момант смерці, бо ў чалавеку ёсць прыроджанае жаданне жыць і страх перад неабходнасцю адысці з гэтага свету. Людзі, асабліва сучасныя, не хочуць нават думаць пра смерць.
Між тым, статыстыка падае, што па ўсім свеце павялічваецца колькасць выпадкаў раптоўнай смерці, смерць збірае ўсё большае жніво падчас няшчасных выпадкаў, прыродных катаклізмаў і палітычных канфліктаў. Усе гэтыя з’явы павінны схіліць чалавека да разважання аб мізэрнасці зямнога недаўгавечнага жыцця, аб марнасці справаў гэтага свету, якія так мала трываюць, аб канчатковай мэце чалавечай душы, а таксама аб тым, каб у кожную хвіліну быць падрыхтаваным да смерці.
Кожны крок у жыцці — гэта крок у накірунку смерці. Смерць, перадусім блізкіх нам людзей, абуджае ўнутранае супраціўленне і ставіць цяжкія пытанні аб сэнсе чалавечага жыцця, якое хутка прамінае. Таямніцу смерці можа раскрыць толькі вера. Для людзей веры праўда аб смерці не павінна быць трагічнай. Хрыстус паказаў, што смерць — не трагедыя, а пераход да іншага жыцця. «Я — уваскрасенне і жыццё. Хто верыць у Мяне, калі нават і памрэ, будзе жыць» (Ян 11, 25–26). Хоць мы любім жыццё, усё ж смерці не пазбегнем. Свет і зямное жыццё з’яўляюцца толькі памостам, па якому мы пераходзім у вечнасць. Святая Тэрэза ад Езуса кажа: «Памятай, што ў цябе толькі адна душа, і калі ты гэтую адзіную душу згубіш, у цябе не будзе іншай, якую ты мог бы збавіць».
У самыя цяжкія хвіліны мы шукаем паратунку ў Марыі, якая з’яўляецца для свету «Апякункай і Маці добрай смерці». З гэтай мэтай Касцёл устанавіў і зацвердзіў Таварыства Маці Божай Апякункі добрай смерці, якое называюць таксама Апостальствам добрай смерці і якое цесна звязана з культам Маці Божай Балеснай.
Культ Маці Божай Балеснай мае сваё глыбокае абгрунтаванне ў Евангеллі, асабліва ў Евангеллі ад святога Лукі (пар. Лк 2, 33–35) і Евангеллі ад святога Яна (пар. Ян 19, 25–27), а таксама ў вучэнні Айцоў Касцёла і святых. Да росквіту гэтага культу асаблівым чынам прычынілася Кангрэгацыя сэрвітаў, заснаваная ў XIII стагоддзі. Шматлікія брацтвы для ўшанавання Маці Божай Балеснай, якія ўзнікалі ў той час, падтрымліваліся аўтарытэтам Касцёла.
Таварыства Маці Божай Апякункі добрай смерці ў цяперашняй яго форме было зацверджана Папам Піем X у 1908 г. Гэты Папа надзяліў Таварыства шматлікімі прывілеямі і адпустамі, а таксама надаў яму універсальны характар, пашыраючы сферу яго дзейнасці на ўвесь Касцёл. Таварыства было аддана асаблівай апецы Маці Божай ад Сямі Болесцяў і святому Юзафу — двум вялікім апекунам добрай смерці.
Члены Таварыства сваімі малітвамі і ахвярамі жадаюць выпрасіць для верных католікаў трыванне ў асвячальнай ласцы, для рэлігійна абыякавых і грэшнікаў — ласку навяртання, для ўсіх — добрую і святую смерць. Рэалізуючы гэтую мэту, асобы з Таварыства часта скіроўваюць свае думкі да вечнасці і стараюцца пазбягаць граху, каб быць падрыхтаванымі да смерці ў любую хвіліну; практыкуюць асаблівае набажэнства да Маці Божай Балеснай і святога Юзафа; маюць удзел у заслугах, якія вынікаюць з супольных малітваў усіх членаў Таварыства; удзельнічаюць у прывілеях і ласках, якія з’яўляюцца плёнам святых Імшаў, што адпраўляюцца кожны дзень у іх інтэнцыях. У кожную суботу і апошнюю нядзелю месяца ў галоўнай рэзідэнцыі Таварыства ў Францыі адпраўляецца святая Імша ў інтэнцыях Апостальства добрай смерці.
Для таго, каб дапасавацца да ўсіх вернікаў, да кожнага стану жыцця, Таварыства дапускае тры ступені. Гэта дае магчымасць уступіць у яго кожнаму чалавеку, без выключэння. Першая ступень прадугледжвае выказванне асабістай згоды і запіс у Кнігу таварыства, што раўназначна адданню сябе ў апеку Маці Божай Апякункі добрай смерці. На другой ступені прадугледжаны запіс у Кнігу і прыняцце на сябе абавязацельства маліцца кожны дзень раніцай і вечарам тры «Вітай, Марыя» з дадатковай малітвай у канцы: «Маці Божая, Апякунка добрай смерці, маліся за нас! Святы Юзаф, маліся за нас». Асобы, якія належаць да трэцяй ступені, адгаворваюць малітву, вызначаную для другой ступені, а таксама робяць штодзённы рахунак сумлення, акрамя таго, раз у месяц (напрыклад, у першую пятніцу ці першую суботу месяца) прыступаюць да сакрамэнтаў паяднання і Эўхарыстыі. Для іх таксама прадпісана хаця б кароткая хвіліна цішыні для разважання над годнай падрыхтоўкай да добрай смерці.
Добра было б, каб у кожнай парафіі былі створаны Таварыствы Маці Божай Апякункі добрай смерці. Члены Таварыства могуць распаўсюджваць гэтую справу сярод сем’яў у парафіі, такім чынам яны будуць дапамагаць святарам, асабліва калі гаворка ідзе пра наведванне хворых і чуванне пры паміраючых.
Уступленне ў Таварыства Маці Божай Апякункі добрай смерці стане найлепшай гарантыяй добрай смерці, дзейсным заахвочваннем да добрага выкарыстання часу, які Міласэрны Бог яшчэ дае нам на гэтай зямлі. Частае разважанне пра таямніцу смерці з’яўляецца найлепшым спосабам максімальнага выкарыстання Божых ласкаў і натхненняў у нашым цяперашнім жыцці.
Сёння ў Беларусі існуе рэлігійная свабода, аднак святыні перапоўненыя толькі ў вялікія святы. Усё менш дзяцей прыходзяць на катэхезу пасля Першай святой Камуніі, вернікі занядбоўваюць рэлігійныя практыкі, клапоцяцца перадусім пра дабрабыт на гэтым свеце, паддаючыся прадузятасці, трапляючы ў палон розных прыхільнасцяў і заганаў. Таму кожны хрысціянін павінен нагадаць сабе, што «добра жыць — гэта шмат, добра памерці — гэта ўсё».
Найвялікшае сведчанне сапраўды хрысціянскага бачання смерці даў усім сваім жыццём і адыходам у дом Айца Нябеснага Слуга Божы Ян Павел ІІ. У сваім тэстамэнце ён напісаў: «(...) З магчымасцю смерці кожны заўсёды павінен лічыцца. І заўсёды павінен быць падрыхтаваны да таго, што стане перад Панам і Суддзёю — і адначасова перад Адкупіцелем і Айцом. Таму і я пастаянна памятаю пра гэта, давяраючы гэты рашучы момант Маці Хрыста і Касцёла — Маці маёй надзеі».
Паводле кнігі «Рухі і супольнасці»
© «Pro Christo» 2006.