Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Місія Маці Божай Фацімскай
«Урэшце Маё Беззаганнае Сэрца затрыумфуе»
З аб’яўленняў Маці Божай у Фаціме


Місія Маці Божай Фацімскай Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі была заснавана ў 1994 годзе. Мэты дзейнасці Місіі — распаўсюджванне Набажэнства першых суботаў месяца, сэнсу фацімскіх аб’яўленняў, малітвы Жывога Ружанца (у адзінай для ўсіх інтэнцыі — аб трыумфе Беззаганнага Сэрца Марыі), адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту, а таксама абарона жыцця, асабліва зачатых дзяцей, якім пагражае небяспека смерці, апека адзінокіх і шматдзетных маці, распаўсюджванне акцыі «Духоўнае ўсынаўленне».

Калі мы чуем аб аб’яўленнях у Люрдзе, Ля Салет ці ў Фаціме, то часцей за ўсё цікавімся аздараўленнямі, цудамі ці навяртаннямі. І, на жаль, мала звяртаем увагі на тое, якія пажаданні Маці Божая скіроўвае ў гэтых аб’яўленнях да нас, якія пасланні абвяшчае Яна людзям і ўсяму свету. Аднак, чытаючы пра выказванні Беззаганнай Панны Марыі падчас Яе аб’яўленняў, — незалежна ад таго, дзе яны адбываліся, мы можам змясціць іх у адной фразе, якую Багародзіца сказала ў Фацімскім аб’яўленні ў кастрычніку 1917 годзе:

«Я прыйшла нагадаць людзям, каб яны змянілі сваё жыццё і грахамі не засмучалі Пана Езуса». Аднак Маці Божая не толькі перасцерагае, напамінае нам, але і ўказвае папераджальныя сродкі, указвае шлях ацалення, якім з’яўляецца перапрашэнне Божай справядлівасці за ўчыненыя грахі.

Маці Божая ў другім аб’яўленні ў Фаціме сказала Лючыі: «Тым, хто прыме гэтае набажэнства [набажэнства першых суботаў], абяцаю паратунак». Яна таксама запэўніла: «Тваім ратункам і дарогаю, якая давядзе цябе да неба, да Бога, будзе Маё Беззаганнае Сэрца».

Гэтае абяцанне Багародзіцы не прамінае і не праміне ніколі. Гэта зварот, скіраваны да кожнага з нас, дзеля нашага ратунку. І сёння Маці Божая Ружанцовая з Фацімы так, як і ў 1917 годзе, заклікае нас усёю моцаю свайго Мацярынскага Сэрца: «Пакайцеся! Ратуйце сябе саміх і свет, молячыся Ружанец! Непарушна давярайцеся Майму Беззаганнаму Сэрцу, Сэрцу Маці Адкупіцеля свету!».

Ва ўспамінах сястры Лючыі чытаем: «10 снежня 1925 года з’явілася Найсвяцейшая Панна (...) і сказала: „... аб’яві ад Майго імя, што Я прыбуду ў гадзіну смерці з ласкамі, патрэбнымі для збаўлення, да ўсіх тых, хто на працягу пяці месяцаў у першыя суботы прыступіць да споведзі, прыме Святую Камунію, згаворыць адзін Ружанец і на працягу 15 хвілін разважання над ружанцовымі таямніцамі разам са Мной будзе маліцца, каб перапрасіць Пана Бога“».

Мэтаю набажэнства першых субот не павінна быць выпрошванне якіх-небудзь асабістых ласкаў. Усё ў ім павінна быць перапрашэннем Сэрца Марыі, учыненым любячым сэрцам. Вельмі важна тут «чыстая інтэнцыя», якая павінна спадарожнічаць фацімскай форме культу Беззаганнага Сэрца Марыі. Бог прагне, каб мы былі бескарыслівымі, каб навучыліся забываць пра сябе і ўсю сваю ўвагу сканцэнтравалі толькі на Езусе і Яго Маці. Таму пяць першых суботаў з’яўляюцца незвычайнаю школаю, у якой вучацца найважнейшай хрысціянскай цноце: любіць Бога больш за ўсё.

Згодна з просьбаю Маці Божай, набажэнства першых суботаў павінна ўключаць ў сябе:

1. Споведзь і святую Камунію.
2. Малітву адной часткі Ружанца.
3. Разважанне аб таямніцах Ружанца (на працягу 15 хвілін).
4. Інтэнцыю перапрашэння Беззаганнага Сэрца Марыі.

Чаму ўстаноўлена менавіта пяць перапрашальных суботаў? «Дачка Мая, — сказаў Езус сястры Лючыі. — Прычына простая. Гэта датычыць пяці відаў знявагаў і блюзнерстваў, якімі зневажаецца Беззаганнае Сэрца Марыі». Затым Збавіцель указаў на гэтыя знявагі:

1. Абраза Беззаганнага Пачацця.
2. Абраза Яе Дзявіцтва.
3. Абраза Яе Божага Мацярынства, калі прызнаюць Яе толькі як Маці чалавека.
4. Усе тыя знявагі, якімі імкнуцца адкрыта пасеяць у сэрцах дзяцей абыякавасць, пагарду, і нават нянавісць да Беззаганнай Маці.
5. Блюзнерствы, якімі зневажаюць Маці Божую ў Яе святых абразах.

Набажэнства першых суботаў павінна абудзіць у нас прагу пастаяннага перапрашэння Бога і Беззаганнага Сэрца Марыі за грахі, блюзнерствы і абыякавасць людзей. Тыя, хто практыкуе гэтае набажэнства, павінны вучыцца жыць у духу штодзённага перапрашэння, прыклад якога нам даюць фацімскія дзеці.

Сястра Лючыя пісала да сваёй хроснай маці 1 лістапада 1927 года: « (...) Гэта шчасце — мець магчымасць даць нашай Найдаражэйшай нябеснай Маці гэты доказ любові, якога Яна ад нас чакае. Што датычыць мяне, то я павінна прызнацца, што ніколі не адчувала сябе такою шчасліваю, як тады, калі наступае першая субота. Ці ж не самае вялікае шчасце для нас — цалкам аддаць сябе Езусу і Марыі і любіць Іх, выключна Іх, без ніякіх умоваў? Добра бачым гэта ў жыцці святых... Яны былі шчаслівыя, бо любілі, і мы (...) павінны старацца любіць, як яны, не толькі для таго, каб радавацца прысутнасці Хрыста, што найменш важна (калі і не радуемся Яго прысутнасці тут, то будзем радавацца там), але для таго, каб даваць Езусу і Марыі ўцеху і радасць быць любімымі. Калі нам удасца зрабіць так, што яны ўбачаць сябе любімымі, не ведаючы, хто так любіць Іх, і праз гэтую любоў шмат душаў будзе ўратавана, то, думаю, гэта ўжо мае сэнс».

Набажэнства першых суботаў павінна стаць знакам чыстай, бескарыслівай любові. Езус і Марыя запрашаюць нас да такой любові Бога. Ці ж можна не адказаць на іх запрашэнне? Ці ж можна адмовіцца ад самага вялікага шчасця? Таму не змарнуйма фацімскіх абяцанняў.

Паводле кнігі «Рухі і супольнасці»
© «Pro Christo» 2006.

Адноўлена 09.07.2008 14:14
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.