Вялікая любоў Бога да свайго стварэння, бясконцая міласэрнасць, аказаная людзям у Езусе Хрысце, з’яўляюцца для нас заклікам любіць адзін аднаго, служыць бліжнім, аддаваць ім свае таленты, свой час, свае сілы. Святы Ян Багаслоў у сваім пасланні піша: «(...) той, хто не любіць брата свайго, якога бачыць, не можа любіць Бога, якога не бачыць» (1 Ян 4, 19-20).
Сапраўдная любоў да Бога азначае любоў да Яго ў людзях, створаных на Яго вобраз і падабенства. Абавязак рабіць учынкі міласэрнасці добра разумелі яшчэ першыя хрысціяне, якія дзяліліся сваімі дабротамі з беднымі, удовамі і сіротамі. У старажытных апостальскіх супольнасцях узніклі першыя формы арганізаванай дабрачыннай дапамогі. У сваіх пасланнях святы Павел пералічвае супрацоўнікаў-дыяканаў, якія дапамагалі яму ў выкананні розных служэнняў — як місіянерскіх, так і дабрачынных. У значнай меры дзякуючы братняй любові і разуменню патрэбаў бліжніх Касцёл на працягу стагоддзяў паспяхова развіваўся і ажыццяўляў сваё місіянерскае пасланніцтва.
У сваёй першай энцыкліцы «Бог ёсць любоў» Святы Айцец Бэнэдыкт XVI піша: «Любоў да бліжняга, укаранёная ў любові да Бога, з’яўляецца, перш за ўсё, абавязкам кожнага асобнага верніка і таксама заданнем усёй касцёльнай супольнасці (...). Касцёл як супольнасць павінен ажыццяўляць любоў праз учынкі. Адсюль вынікае, што любоў патрабуе таксама арганізацыі, каб яна магла служыць супольнасці ўпарадкавана» (Deus caritas est, 20.).
У наш час цяжка нават пералічыць усе тыя разнастайныя дабрачынныя ініцыятывы, якія ажыццяўляюцца ў Касцёле. Вялікая частка гэтых ініцыятываў рэалізуецца найбольш вядомай дабрачыннай арганізацыяй у Касцёле, якая называецца «Карытас».
Слова caritas — лацінскае, яно азначае «любоў» у кантэксце братняй дапамогі і апекі. Гэтым тэрмінам з канца XIX стагоддзя акрэсліваюцца таксама розныя кірункі дзейнасці Каталіцкага Касцёла ў галіне дабрачыннасці. Выкарыстанне агульнага тэрміну для касцёльнай дабрачыннай дзейнасці было звязана з імкненнем яе каардынацыі і аб’яднання. Касцёл працаваў у сферы дабрачыннасці на працягу ўсёй сваёй гісторыі (цэнтрамі дабрачыннай працы былі пераважна кляштары і сядзібы біскупаў), але толькі на працягу апошніх ста гадоў былі створаны спецыялізаваныя структуры, заданне якіх — каардынацыя дабрачыннай дзейнасці Касцёла.
На беларускіх землях Касцёл таксама ніколі не забываўся пра свой абавязак несці дапамогу тым, каму яна найбольш патрэбная. Дабрачыннай дзейнасцю ў нашай краіне займаліся перш за ўсё манаскія супольнасці, большасць з якіх адным са сваіх заданняў лічылі апеку над беднымі, хворымі, калекамі, сіротамі. Больш за 20 ордэнаў, як маглі, дапамагалі гаротнікам. Напрыклад, шпіталі айцоў баніфратраў, дзейнасць якіх была скіраваная на аказанне лекарскай дапамогі і апекі, існавалі ў Гродне, Мінску, Навагрудку і іншых месцах. Першыя спробы надаць касцёльнай дабрачыннай дзейнасці інтэграваны характар мелі месца на пераломе ХІХ–ХХ стагоддзяў у Львове, Познані і Вільні, дзе паўсталі адпаведныя аб’яднанні і таварыствы.
Пасля рэвалюцыі ў Расіі і наступных гістарычных падзеяў Касцёл на ўсходзе Беларусі апынуўся ва ўмовах жорсткага пераследу і таму не мог ажыццяўляць ніякай дабрачыннай дзейнасці. Але ў парафіях Заходняй Беларусі, якія належалі да Віленскай архідыяцэзіі, Пінскай і Ломжынскай дыяцэзій, у міжваенны перыяд ствараліся і квітнелі арганізацыі «Карытас».
Акрамя таго, дабрачынную дзейнасць на тэрыторыі Беларусі праводзілі шматлікія манаскія супольнасці (пераважна жаночыя), сярод якіх сёстры назарэтанкі, сёстры Беззаганнага Зачацця Марыі, сёстры францішканкі Святой Сям’і, місіянеркі Святой Сям’і і шмат іншых. Сёстры мелі ў сваёй апецы дзіцячыя прытулкі, дамы састарэлых, сталоўкі для бедных, начлежкі, інтэрнаты для моладзі. У аддаленых парафіях, дзе моладзь была пазбаўлена ўсялякай магчымасці вучыцца, яны праводзілі курсы ткацтва, кравецтва, вышывання, а таксама працавалі ў шпіталях і амбулаторыях, арганізоўвалі летні адпачынак для дзяцей і моладзі.
Атэістычная палітыка савецкай дзяржавы ў пасляваенныя гады прывяла да ліквідацыі манаскага жыцця і дэзарганізацыі структуры Касцёла на ўсёй тэрыторыі Беларусі. У выніку сацыяльная дзейнасць каталікоў была цалкам спынена. Яе адраджэнне пачалося толькі напрыканцы 80-х гадоў мінулага стагоддзя.
Сёння «Карытас» на Беларусі з’яўляецца арганізацыяй, якая ажыццяўляе і накіроўвае дабрачынную дзейнасць у мясцовым Каталіцкім Касцёле. «Карытас» дзейнічае на падставе ўласнага статуту як Дабрачыннае каталіцкае таварыства. Вышэйшым кіраўніком кожнай дыяцэзіяльнай структуры з’яўляецца біскуп-ардынарый дыяцэзіі. Уся дабрачынная дзейнасць Касцёла падпарадкоўваецца Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі. Ва ўсіх дыяцэзіях існуюць свае дыяцэзіяльныя арганізацыі «Карытас». Кожная з іх мае цэнтральнае бюро і філіялы, створаныя ў некаторых парафіях, якія аказваюць дапамогу церпячым непасрэдна на ўзроўні парафіі. Іх заданнем з’яўляецца вывучэнне патрэбаў і магчымасцяў дапамогі людзям у парафіяльнай супольнасці, аказанне дапамогі гэтым церпячым і выхаванне парафіянаў у духу дабрачыннасці і любові да бліжняга. Кожны католік мае маральны абавязак удзельнічаць у дабрачыннай дзейнасці Касцёла сваёю пасільнаю дапамогаю, малітоўнаю і матэрыяльнаю падтрымкаю. Гэта і будзе дзейсным выкананнем Хрыстовай запаведзі любові да бліжняга.
|