У сваёй збаўчай задуме Бог пажадаў, каб збаўленне ў Хрысце, за справаю Духа Святога, адбылося праз пасрэдніцтва Марыі. Езус у тэстамэнце з крыжа на Галгоце вызначыў Марыі заданне — быць Маці для ўсіх людзей, пачынаючы ад Апостала Яна, які «ўзяў Яе да сябе» (Ян 19, 27). Тым самым Збаўца ўказаў усяму чалавецтву Марыю як надзейную дапамогу і найкарацейшы шлях да збаўлення.
Легіён Марыі — гэта супольнасць католікаў, якія са згоды Касцёла і пад апекаю Беззаганнай Марыі, Пасрэдніцы ласкаў, арганізаваныя на ўзор арміі, каб дапамагаць Касцёлу ў барацьбе супраць сілаў зла. Члены гэтай супольнасці выбралі менавіта Марыю як найкарацейшы шлях да святасці і збаўлення.
Гэты апостальскі рух узнік у Ірландыі, у Дубліне, 7 верасня 1921 года, у вігілію свята Нараджэння Беззаганнай Марыі. Першы прэзідыум, які быў створаны пад кіраўніцтвам Фрэнка Дафа ў прысутнасці святара, налічваў каля 15 чалавек, сабраных вакол фігуркі Беззаганнай Марыі. Фрэнк Даф (1899–1980 гг.), работнік Міністэрства фінансаў, пад уплывам «Трактата аб сапраўдным набажэнстве да Найсвяцейшай Панны Марыі» святога Людвіка Марыі Грыньён дэ Манфора стаў галоўным кіраўніком Легіёна Марыі, а таксама аўтарам «Падручніка Легіёна Марыі», якім і сёння кіруецца кожны легіянер.
Духоўнасць гэтага руху, які ў гэтым годе будзе адзначаць 85-гадавіну свайго існавання, перш за ўсё скіравана да Духа Святога. Пра гэта сведчыць штандар Легіёна з эмблемаю голуба — сімвала сыходжання Духа Святога на Беззаганную Дзеву, прадстаўленую на штандары і на цудоўным медаліку, які легіянеры Марыі раздаюць з мэтаю здабывання душаў для Хрыста. Дух Святы — гэта Асоба, перад якой легіянер Марыі прыносіць прысягу, прайшоўшы трохмесячнае выпрабаванне. Пастаяннае з’яднанне з Марыяй як нашай Маці становіцца для легіянера Марыі надзейным сродкам дасягнення пакорнасці натхнення Духа Святога. Марыя, як Абранніца Духа Святога, можа выпрасіць усё тое, што патрэбна легіянеру, калі ён будзе выракацца самога сябе. Гэтая практычная апостальская дзейнасць легіянера Марыі вынікае з саборнай Дагматычнай Канстытуцыі аб Касцёле, у якой гаворыцца: «У сваёй апостальскай дзейнасці Касцёл слушна звяртае свой позірк на Тую, якая нарадзіла Хрыста, які быў зачаты ад Духа Святога і народжаны з Дзевы дзеля таго, каб праз Касцёл таксама нараджацца і расці ў сэрцах вернікаў. Гэтая Дзева ў сваім жыцці стала прыкладам таго мацярынскага пачуцця, якое павінна ажыўляць усіх тых, хто супрацоўнічае ў справе адраджэння людзей у апостальскім пасланніцтве Касцёла» (LG, 65.).
Мэта Легіёна Марыі — праслаўленне Бога і асвячэнне членаў Легіёну праз штотыднёвыя малітоўныя сустрэчы і практычнае выкананне апостальскай працы. Легіянер Марыі штодзённа чытае абавязковую малітву (tessera). У яго духоўным жыцці важную ролю адыгрывае ружанцовая малітва. Палаючы апостальскім духам здабывання душаў для Хрыста, легіянер імкнецца скарыстаць з удзелу ў святой Імшы і ў буднія дні, з Літургіі гадзінаў, з чытання Святога Пісання, з духоўных чытанняў; а на працягу года прымае ўдзел у закрытых рэкалекцыях, пілігрымках, злётах, днях духоўных сустрэч або іншых супольных набажэнствах. Знаходзячыся пад апекаю духоўнага кіраўніка і маючы яго святарскае благаславенне, легіянер Марыі не адступае ні перад адным апостальскім заданнем. Углядаючыся ў крыж Хрыста, які збавіў свет, легіянер ведае, які кошт збаўлення кожнай душы. Трымаючыся Беззаганнай Маці і наследуючы Яе пакору, ён ідзе з Ёю на заданне, каб прывесці кожную душу да Хрыста. Ідзе да хворых, каб падрыхтаваць шлях святару, які прынясе Віятык, разам з іншымі легіянерамі наведвае духоўна занядбаных парафіянаў.
Легіянеры Марыі наведваюць шпіталі, дамы састарэлых і турмы. Праз заступніцтва Яна Хрысціцеля (аднаго з апекуноў Легіёна Марыі) яны прастуюць сцежкі для Пана. Іх можна сустрэць на плошчах, на вакзалах або на вуліцах вялікага горада, дзе яны займаюцца распаўсюджваннем рэлігійнай літаратуры, дэвацыяналіяў і іншага. Тут даволі часта выпрабоўваецца іх апостальская адвага, за якую часам можна паплаціцца жыццём. Вядомы факт ліквідацыі прастытуцыі ў адным з раёнаў Дубліна, аднак жа Фрэнк Даф, які непасрэдна прымаў удзел у гэтай справе, рызыкаваў жыццём. Любоў да несмяротных душаў была мацнейшая за пагрозу смерці.
Няма такога чалавека, які б меў духоўную патрэбу і якім не зацікавіўся б легіянер Марыі, не зважаючы на веравызнанне, шануючы кожнага чалавека добрай волі і да канца ведучы барацьбу за кожную душу.
Таму Апостальская Сталіца амаль з самага пачатку існавання Легіёна выказвала сваю радасць у сувязі з тым, што існуе гэтая справа, а яе заснавальнік Фрэнк Даф быў запрошаны ў Рым падчас Другога Ватыканскага Сабору і прадстаўлены там усім біскупам і Айцам Сабору.
30 кастрычніка 1982 года Папа Ян Павел ІІ сказаў пра гэты рух наступныя словы: «[Легіён Марыі] на працягу шасцідзесяці гадоў хутка распаўсюдзіўся па свеце і сёння (...) пасля смерці свайго заснавальніка Фрэнка Дафа, існуе ў многіх дыяцэзіях паўсюднага Касцёла. Вы з’яўляецеся рухам свецкіх людзей, якія імкнуцца зрабіць веру лейтматывам свайго жыцця, аж да дасягнення асабістай святасці. Вашае пакліканне (...) быць закваскаю сярод Божага народу. Яно адначасова з’яўляецца хрысціянскім натхненнем да дзейнасці ў сучасным свеце, а таксама пакліканнем да таго, каб набліжаць святара да людзей, і з адказнасцю адносіцца да асноўных заданняў Касцёла. Ваша актыўная дзейнасць легіянераў становіцца яшчэ больш пільнаю справаю, калі параўнаем, з аднаго боку, патрэбы грамадства (...) і патрэбы народаў (...), а з другога — светлыя прыклады тых, хто перад вамі прайшоў праз ваш Рух. (...) Ваша духоўнасць — гэта цалкам марыйная духоўнасць (...), іншымі словамі, вы імкняцеся служыць у духу і з клопатам Марыі кожнай чалавечай асобе, якая з’яўляецца вобразам Хрыста».
Паводле кнігі «Рухі і супольнасці»
© «Pro Christo» 2006.