Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Францішканскі закон свецкіх (Трэці закон святога Францішка)

Старадаўнія францішканскія напаўлегендарныя пераказы апісваюць, як адбывалася пахаванне святога Францішка. У пахавальнай працэсіі прымалі ўдзел браты, перапоўненыя смуткам і болем. Выдзяляецца адзін голас, мацнейшы за іншыя, які кліча: «Францішку, мы не забудзем цябе... мы заўсёды будзем памятаць пра цябе».

Сапраўды, нягледзячы на тое, што мінула столькі стагоддзяў, свет не забыў яго. Святы Францішак прысутнічае праз сваё слова і свой дух, а перадусім — праз сваю самую вялікую справу, сваё тварэнне — францішканскі закон.

Паўсюдна вядома, што пасля смерці Францішка Асізскага ў Касцёле застаўся закон, які скарочана называецца францішканскім, або законам Меншых Братоў. Цяпер існуюць чатыры самастойныя сям’і гэтага закону: Меншыя Браты, якія называюцца ў нас бэрнардынамі, Меншыя Браты канвентуальныя, Меншыя Браты Капуцыны і Трэці рэгулярны закон.

Існуюць таксама кангрэгацыі і законныя супольнасці, а таксама таварыствы або пабожныя каталіцкія саюзы — Францішканскі закон свецкіх (Трэці закон), англіканскія і евангелісцкія супольнасці з францішканскаю духоўнасцю.

Закон быў заснаваны ў ХІІІ стагоддзі Францішкам Асізскім, які з групаю свецкіх паплечнікаў у сваім родным горадзе і бліжэйшай ваколіцы вучыў пакаянню. Францішак даў сваёй супольнасці статут, складзены з евангельскіх строфаў, — яго называюць прастатутам, — у якім быў заклік да радыкальнага ўбоства і асабістага вырачэння. Спачатку гэтая супольнасць атрымала ад Папы вуснае зацвярджэнне прынцыпаў супольнага жыцця, Літургіі гадзінаў, а таксама абвяшчэнне пакаянных казанняў Францішкам і некаторымі братамі. У гэтай супольнасці перадусім рабіўся акцэнт на неабходнасці наследаваць Хрыста, жыць паводле Евангелля, любіць усё стварэнне, а асабліва — найбольш церпячых, напрыклад, пракажоных, якіх было шмат у тыя часы. Акрамя таго, прадпісваліся прастата, шчырасць, унутраная пастава прыніжэння, абсалютнае ўбоства, індывідуальнае і супольнае, жыццё з уласнай працы. Закон пачаў хутка развівацца. Праз некаторы час прынцыпы францішканскага жыцця прынялі жанчыны. Святы Францішак і яго паплечніца святая Клара засноўваюць закон францішканак, вядомых як убогія кларыскі. Францішак таксама склаў для іх статут манаскага жыцця.

У 1221 годзе быў заснаваны Трэці закон, які ахопліваў свецкіх людзей, што прагнулі жыць паводле прынцыпаў, абвешчаных бедняком з Асізі. Францішак з кардыналам Хагалінам — пазнейшым Папам Грыгорыем ІХ — напісалі для гэтай супольнасці першы статут.

Цяперашні статут Францішканскага закону свецкіх, зацверджаны ў 1978 годзе Папам Паўлам VI, ставіць перад свецкімі францішканамі, апрача асабістага абавязку імкнення да дасканаласці ў духу Другога Ватыканскага Сабору, таксама новыя заданні: уключацца ў дзейнасць мясцовага Касцёла (парафіі), а калі ўмовы дазваляюць, то і — у больш шырокім дыяпазоне — браць на сябе адказнасць за яго прысутнасць у свеце.

Дзейнасць свецкіх францішканаў у жыцці парафіі праяўляецца ў клопаце аб чысціні святыні. У парафіі свецкія францішкане — гэта група, якая моліцца ў буднія дні падчас святой Імшы, а таксама падчас маёвых, ружанцовых або прынагодных набажэнстваў, такіх як эўхарыстычныя набажэнствы, штомесячныя адарацыі, малітоўныя чуванні; яны ўтвараюць найбольш стабільную і надзейную супольнасць парафіі.

Старэючае грамадства і эканамічныя цяжкасці мабілізуюць свецкіх францішканаў да аказання дапамогі хворым, непаўнавартасным, старым. Яны атуляюць клопатам перадусім членаў уласнай супольнасці, але па меры магчымасцяў ахопліваюць таксама іншых церпячых. Найменш заўважным і адначасова неймаверна важным з’яўляецца ўздзеянне свецкіх францішканаў прыкладам і жыццём на сваё асяроддзе.

Аб місіі свецкіх францішканаў у сучасным свеце нагадваў Вялікі Папа Ян Павел ІІ, гаворачы: «Любіце, вучыцеся, жывіце вашым Статутам, бо заключаныя ў ім каштоўнасці — выключна евангельскія. Жывіце гэтымі каштоўнасцямі ў братэрскай супольнасці і ў свеце, у які — на моцы вашага свецкага паклікання — вы ўключаныя і ўкаранёныя. Жывіце гэтымі евангельскімі каштоўнасцямі ў вашых сем’ях, перадаючы веру з малітваю, уласным прыкладам і праз выхаванне, а таксама па-евангельску перажывайце патрабаванне ўзаемнай любові, вернасці і пашаны да жыцця» (Insegnamenti, V/3, 1982, s. 613.).

Гаворачы пра вечныя каштоўнасці паклікання свецкіх паслядоўнікаў святога Францішка, Слуга Божы Ян Павел ІІ, прамаўляючы да Міжнароднай рады Францішканскага закону свецкіх, сказаў: «Асноўным элементам вашага харызмату з’яўляецца захаванне Евангелля Хрыста. Гэта звязана з пастаянным і руплівым разважаннем над асобаю, справаю і місіяй Езуса, які ёсць цэнтрам нашай веры. У гэтых адносінах святы Францішак з’яўляецца адным з найбольш захапляльных праваднікоў у гісторыі хрысціянскай духоўнасці. Ён хацеў пазнаць Евангелле і жыць ім sine glossa («без каментарыя»), гэта значыць літаральна, рэалізуючы яго найбольш радыкальныя патрабаванні. Пастаўлены ў прывілеяванае становішча Хрыстом Укрыжаваным праз містычную з’яву стыгматаў, Францішак Асізскі быў для натоўпаў вернікаў на пачатку ХІІІ стагоддзя як сапраўдны „другі Хрыстус“» (Прамова Святога Айца Яна Паўла ІІ, скіраваная да Міжнароднай рады Францішканскага закону свецкіх, абвешчаная 19 чэрвеня 1985 г.: Studia Franciszkaсskie. T. 3. Poznaс, 1988 r. s. 29.).

У іншым месцы Папа гаворыць: «Францішак даручае сваім духоўным сынам і дочкам, якія жывуць у свеце, вучыцца заўсёды шукаць асобу Хрыста, які жыве і дзейнічае ў братах, у Святым Пісанні, у Касцёле і літургічных чынах (Статут, 5); рабіць з малітвы і кантэмпляцыі сутнасць уласнага быцця і дзейнасці, наследуючы Езуса, які быў сапраўдным шанавальнікам Айца (Статут, 8); жыць у поўнай еднасці з Папам, біскупамі і святарамі» (Статут, 6) (Тамсама прамова Святога Айца Яна Паўла ІІ).

Паводле кнігі «Рухі і супольнасці»
© «Pro Christo» 2006.

 

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.