Брацтва кармэліцкага шкаплера — гэта аб’яднанне вернікаў, якія імкнуцца да дасканалай любові ў свеце згодна з духам закону кармэлітаў, удзельнічаюць у жыцці гэтага закону і маюць удзел у яго духоўных ласках праз унутранае з’яднанне з Марыяй у думках, жаданнях і ўчынках.
Гісторыя шкаплера паходзіць з ХІІІ стагоддзя. На гары Кармэль ў Палестыне існаваў закон, члены якога, духоўныя сыны прарока Іллі, называлі сябе братамі Найсвяцейшай Панны Марыі. Іх габіт, зроблены з нефарбаванай шэрсці, складаўся з тунікі, падперазанай на бёдрах скураным пасам, накінутага на туніку шкаплера і каптура. Кармэліты вялі жыццё, адданае малітве, працы і пакаянню, захоўваючы цноты чыстасці, убоства і паслухмянасці. У канцы ХІІІ стагоддзя, у сувязі з пераследваннямі з боку мусульманаў, рэлігійнымі войнамі з туркамі і заняпадам Касцёла ў Святой Зямлі, законнікі былі вымушаныя выехаць у Еўропу. Тут, у новым асяроддзі, перад малавядомым законам узнікла пагроза роспуску. У такім цяжкім становішчы пабожны генерал закону Сымон Сток просіць Марыю, каб Яна захавала прысвечаны Ёй закон. У адказ на шчырую малітву Марыя аб’явілася святому Сымону ўноч з 15 на 16 ліпеня 1251 года ў атачэнні анёлаў і, указваючы на яго шкаплер, учыніла яго знакам сваёй Матчынай апекі, сказаўшы: «Гэта будзе прывілей для цябе і для ўсіх кармэлітаў — хто ў ім памрэ, не зведае агню пякельнага». Пасля таго аб’яўлення зніклі ўсе перашкоды і закон пачаў паступова развівацца ва ўсёй Еўропе. Праз 70 гадоў Маці Божая аб’явілася Святому Айцу Яну ХХІІ і, пацвярджаючы папярэднія прывілеі — асаблівую апеку ў зямным жыцці і выбаўленне ад агню пякельнага, — абяцала, што кожны, хто ў момант смерці будзе мець на сабе Яе шкаплер, у першую суботу пасля смерці будзе выведзены з чыстца ў неба.
З таго часу пачынаецца развівацца шкаплернае набажэнства ва ўсім Касцёле. Шкаплер ужо не з’яўляецца прывілеем толькі для кармэлітаў, ён становіцца знакам апекі Марыі для кожнага, хто прагне яго прыняць. У традыцыі Кармэля шкаплер сведчыць аб прысвячэнні сябе Марыі, даверу да Яе матчынай любові і жаданні так, як Яна, прысвяціць сябе служэнню бліжнім.
Шкаплер з’яўляецца знакам імкнення да свядомай і сяброўскай любові да Найсвяцейшай Панны. Езус дазваляе нам прымаць удзел у сваіх сыноўніх пачуццях да Маці, Ён выказаў гэта падчас агоніі на крыжы, просячы, каб мы прынялі Яе ў дом нашых сэрцаў. Тады распачынаецца зусім новы этап унутранага жыцця. Па-першае, таму што мы рашаемся «ўзяць Яе да сябе» (Мц 1, 20), чаго вельмі моцна жадаў Езус, у чым праяўляецца Яго надзвычай пяшчотная любоў да кожнага з нас. Па-другое, Марыя — гэта Маці святасці, Яна заўсёды з Езусам і прычыняецца да ўзнікнення і ўзрастання духоўнага жыцця чалавека.
Шкаплернае набажэнства, як і ўся марыйная пабожнасць Касцёла, вядзе да больш глыбокай еднасці з Хрыстом. Нельга думаць пра еднасць з Марыяй, не наследуючы Яе, як нельга таксама думаць пра наследаванне Марыі без яднанная з Ёю. Шкаплернае набажэнства, як справа наследавання Марыі, дазваляе ўзнавіць у душы прыклад і вучэнне Езуса, а значыць яно вядзе да хрысціянскай сталасці. У знаку шкаплера Марыя вучыць нас адкрытасці на Бога і на Яго волю, якую мы можам адкрыць у падзеях штодзённага жыцця; вучыць слухаць Божае слова, скіраванае да нас у Святым Пісанні; вучыць практыкаванню веры і нястомнай малітве.
Шкаплер з’яўляецца знакам нашага клопату пра дабро для ўсіх людзей. Ён сведчыць аб наследаванні клопату Марыі пра Яе сваячку Альжбету (Лк 1, 38-40) і пра маладажонаў з Каны Галілейскай (Ян 2, 3-5). Той, хто апрануты ў шкаплер, становіцца як бы вачыма, рукамі і нагамі Марыі, дзякуючы ім Яна можа дайсці да ўсіх церпячых. Дапамога Марыі не абмяжоўваецца выключна матчыным пачуццём любові да нас, яна заўсёды канкрэтная і дзейсная.
Шкаплер, урэшце, з’яўляецца знакам удзелу ў духоўным дабры Кармэля. Ужо ў часы Сярэднявечча праз утварэнне брацтваў кармэліты перадавалі вернікам некаторыя элементы свайго харызмату, такія, як вера ў мацярынскі клопат Марыі, літургічная і прыватная малітва, справы міласэрнасці, услухоўванне ў Божае слова і ўнутранае навяртанне.
Галоўная ўрачыстасць брацтва — успамін Найсвяцейшай Панны Марыі з гары Кармэль, які адзначаецца 16 ліпеня. Цяпер да шкаплернай сям’і належаць кармэліткі і кармэліты, Свецкі Кармэліцкі Закон (калісьці яго называлі Трэцім законам), аб’яднаныя ў шкаплерныя брацтвы людзі, якія прынялі шкаплер і жывуць яго духоўнасцю.
Слуга Божы Ян Павел ІІ прыняў шкаплер у кляштары босых кармэлітаў у сваіх родных Вадавіцах і насіў яго на працягу ўсяго жыцця. У лісце з нагоды 750-годдзя шкаплерных аб’яўленняў ён напісаў: «У знаку шкаплера заключаецца пераканаўчы сінтэз марыйнай духоўнасці, якая ажыўляе пабожнасць веруючых людзей, абуджаючы іх успрымальнасць да поўнай любові прысутнасці Панны Марыі як Маці ў іх жыцці. Шкаплер, па сутнасці, — гэта «габіт». Той, хто яго прымае, далучаецца да кармэлітаў, больш або менш цесна яднаецца з Законам Кармэлю, прысвечаным служэнню Найсвяцейшай Маці для дабра ўсяго Касцёла. (...) Такім чынам, знак шкаплера паказвае дзве праўды: адна з іх гаворыць пра пастаянную апеку Найсвяцейшай Панны Марыі, і не толькі на жыццёвым шляху, але таксама ў хвіліны пераходу да паўнаты хвалы вечнай; другая праўда — гэта ўсведамленне таго, што набажэнства да Найсвяцейшай Панны Марыі не можа абмяжоўвацца толькі малітвамі і ўшанаваннем Яе з розных нагодаў, але павінна ўяўляць сабою своеасаблівы „габіт“, яно павінна надаваць пастаянны накірунак дзейнасці хрысціяніна, якая абапіраецца на малітву і ўнутранае жыццё праз частае прыняцце сакрамэнтаў і канкрэтныя ўчынкі міласэрнасці для цела і душы. Так шкаплер становіцца знакам „запавету“ і ўзаемнай камуніі паміж Марыяй і вернікамі, таму што ў ім канкрэтным чынам праяўляецца дар, які Езус на крыжы ўчыніў для Яна, а праз яго — і для ўсіх нас, — дар сваёй Маці, а таксама нагадвае нам пра тое, што Езус даручыў свайго ўмілаванага апостала і нас Той, якую ўстанавіў нашаю духоўнаю Маці».
Паводле кнігі «Рухі і супольнасці»
© «Pro Christo» 2006.