Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Жывы Ружанец

Сярод многіх груп і рухаў, якія існуюць у Касцёле, найбольш вядомым у нашым рэгіёне, напэўна, з’яўляецца Жывы Ружанец. Жывы Ружанец — гэта супольнасць людзей, у склад якой уваходзіць не менш за 20 чалавек, якія штодзённа на працягу месяца моляцца Ружанец: кожная асоба чытае адну таямніцу. Гэтыя супольнасці часта называюць «Ружамі». Хто ж не бачыў у нашых парафіях людзей, якія аб’яднаны ў Жывы Ружанец і якія моляцца ружанцовай малітвай з вялікай адданасцю і шчырасцю?

Таварыства Жывога Ружанца было заснаванае Палінай Жарыко ў Францыі ў 1826 годзе. «Самая складаная і самая цяжкая справа — зрабіць Ружанец малітваю ўсіх, — пісала яна тады, — аднак кожны чалавек можа знайсці на працягу дня некалькі хвілін, каб прачытаць дзесятку Ружанца, гэта значыць адну таямніцу».

Паліна Жарыко пачала арганізоўваць групы па пятнаццаць чалавек, якія пазней былі названыя «Жывымі Ружамі». Кожны з членаў групы павінен быў адмаўляць адну таямніцу, такім чынам, усе разам штодзённа маліліся ўвесь Ружанец. Непрачытаная таямніца — гэта не грэх, а страта заслугі. Мэта Таварыства Жывога Ружанца, паводле заснавальніцы, — падтрымка праз малітву, духоўную і матэрыяльную ахвяру місійнай дзейнасці Касцёла. Справу Паліны Жарыко падтрымалі многія біскупы, а генерал закону дамініканаў далучыў Таварыства Жывога Ружанца да вялікай Дамініканскай ружанцовай сям’і, у якую ўваходзілі Ружанцовае брацтва і Вечны Ружанец. Папа Грыгорый ХVІ адобрыў Таварыства Жывога Ружанца, якое ў хуткім часе распаўсюдзілася ва ўсёй Францыі, а потым ва ўсім свеце. Праз пяць гадоў Паліна Жарыко пісала: «Колькасць людзей, якія моляцца дзесятку Ружанца, расце з неверагоднай хуткасцю ў Італіі, Швейцарыі, Бельгіі, Англіі і многіх рэгіёнах Амерыкі... Усюды, дзе ствараюцца Таварыствы Жывога Ружанца, можна заўважыць незафіксаванае раней умацаванне дабра. Паступова мы становімся з’яднанымі ў малітве з усімі людзьмі свету».

Распачынаючы 25-ы год свайго пантыфікату, Слуга Божы Ян Павел ІІ у апостальскім лісце «Ружанец Панны Марыі» абвясціў Год Ружанца. Вялікі Папа, верны прыхільнік ружанцовай малітвы, увёў новую частку Ружанца — таямніцы святла, — якая ахоплівае гады публічнай дзейнасці Езуса, «каб Ружанец больш абгрунтавана можна было назваць пераказам Евангелля».

З таго часу Ружанец налічвае 20 таямніцаў, таму «Жывыя Ружы» складаюцца цяпер з дваццаці чалавек.

«Ружанцовая малітва — гэта малітва чалавека за чалавека; гэта малітва людской салідарнасці, супольная малітва адкупленых, у якой адлюстраваны дух і інтэнцыя Той, якая займае першае месца сярод адкупленых — Марыі, Маці і Вобразу Касцёла; гэта малітва за ўсіх людзей свету, усіх гістарычных часоў, жывых і памерлых, якія пакліканыя ствараць разам з намі Цела Хрыста і станавіцца разам з Ім спадкаемцамі хвалы Айца», — пісаў Ян Павел ІІ.

Ружанец — гэта евангельская малітва, бо ён складаецца не толькі з Малітвы Панскай і Анёльскага прывітання, але пабудаваны на разважаннях над евангельскімі таямніцамі нашага адкуплення. Па гэтай прычыне Ружанец называецца пераказам найважнейшых праўдаў Евангелля. «У пабожнасці, таксама як і ў любові, не надакучыць часты паўтор адных і тых жа слоў, бо агонь любові, які нас распальвае, чыніць так, што яны заўсёды ўтрымліваюць штосьці новае», — пісаў Папа Пій ХІ. Сяброўства з Богам нельга дасягнуць адразу, але разважанне над таямніцамі жыцця Марыі і Езуса дапамагае перажыць блізкасць Бога. Ружанцовая малітва патрабуе ведання асноўных праўдаў веры і адначасова «ўтрымлівае» нашу памяць, нашу ўвагу на найважнейшых падзеях, якія паўплывалі на наш лёс тут на зямлі і ў вечнасці, на збаўчых падзеях з жыцця Езуса і Найсвяцейшай Маці. Ружанец, які мы молімся, пераходзячы ад таямніцы да таямніцы, паглыбляе нашу веру і вучыць нас, што і мы павінны перажываць падзеі нашага жыцця такім жа чынам, каб гэта хоць крыху было падобна да таямніцаў нашага збаўлення, над якімі мы разважаем.

Жывы Ружанец «дыхае праўдамі веры», яго члены стараюцца не толькі маліцца за іншых ва ўсіх інтэнцыях Касцёла і асабістых інтэнцыях, але вучацца перажываць сваё жыццё, захоўваючы вернасць Богу. Яны таксама далучаюцца да апостальскай дзейнасці мясцовага Касцёла. У многіх парафіях Таварыства Жывога Ружанца ўяўляе сабой групу людзей, заўсёды гатовых прыйсці на дапамогу, людзей, якія маюць духоўны вопыт, якія могуць прысвячаць свой час, сваё здароўе і свае сілы для дабра супольнасці веруючых, не чакаючы за гэта ніякай грашовай узнагароды. Супольнасці Жывога Ружанца з’яўляюцца не толькі супольнасцямі малітвы, але і супольнасцямі ўчынкаў, часта вельмі ахвярных. У марыйнай ружанцовай школе мы вучымся ў Маці Божай ні ў чым не адмаўляць Пану Богу і радасна несці свой штодзённы крыж працы, стомленасці, розных праблемаў разам з Хрыстом аж да хвалебных таямніцаў святога Ружанца.

Кожная апостальская група ў Касцёле, каб захаваць свой дынамізм і духоўна развівацца, патрабуе таго, хто б яе ажыўляў, патрабуе кіраўніцтва. Жывым Ружанцам звычайна апякуецца святар, часцей за ўсё пробашч, з дапамогаю адказных асобаў. Супольнасць Жывога Ружанца сустракаецца раз на месяц на супольнай малітве, на змене ружанцовых таямніцаў, і звычайна падчас гэтай сустрэчы выслухоўвае хаця б кароценькія духоўныя і апостальскія настаўленні душпастыра. Такая рытмічнасць сустрэчаў гарантуе і забяспечвае добры стан духоўнага жыцця ўсяго Таварыства Жывога Ружанца.

Жывы Ружанец — гэта вялікі скарб у жыцці Касцёла. Мы дзякуем Богу за тое, што супольнасць Жывога Ружанца прысутнічае ў супольнасці Касцёла і молімся аб яе пастаянным развіцці і трыванні. Гэтыя просьбы мы стараемся як найчасцей узносіць такім дарагім і знаёмым нам заклікам: Каралева святога Ружанца, маліся за нас!

Паводле кнігі «Рухі і супольнасці»
© «Pro Christo» 2006.

 

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.