Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Кардынал Тэадор Маккарык з Вашынгтона працягвае знаёмства з беларускімі святынямі і вернікамі
Беларусь
20.08.2012 13:11

У нядзелю 19 жніўня кардынал Тэадор Маккарык, арцыбіскуп Вашынгтонскі на пенсіі, цэлебраваў Імшу ў мястэчку Іказнь, што на Віцебшчыне, з нагоды сотага юбілею святыні. А ўвечары іерарх завітаў у мінскую архікатэдру і прамовіў некалькі слоў да мясцовых вернікаў.

«Я прыбыў сюды, каб убачыць вашую веру і любоў да Бога і адно да аднаго», — адзначыў кардынал. У Беларусь іерарх прыбыў на ўрачыстасці Маці Божай Браслаўскай.

У Іказні кардынала чакалі каля 700 вернікаў, хаця тут пражывае ўсяго 300 жыхароў. Некаторым з іх іерарх удзяліў сакрамэнт канфірмацыі.

«Вашыя бацькі, хросныя, бабулі і дзядулі прайшлі праз вельмі цяжкі час. Але яны не страцілі веру. Быць каталіком у любы час патрабуе мудрасці і вялікай смеласці», — прыводзіць словы кардынала Тэадора Маккарыка партал Westki.info.

«Вы ведаеце, што быць з Езусам Хрыстом нялёгка. Гэта незаўсёды папулярна. Але Хрыстус заклікае быць з Ім і шукаць Яго. Вы не будзеце шчаслівымі, пакуль не будзеце з Богам. Не шукайце шчасця ў свеце, не дазваляйце галасам гэтага свету кіраваць вамі, бо Пан вучыць вас праўдзе і яго закон нясе шчасце для ўсіх людзей», — адзначыў кардынал.

«Бог сёння дае вам новае жыццё з Хрыстом. Не толькі на маладых сыдзе Дух Святы, а на ўсіх, хто тут прысутнічае. Мы пачуем голас Бога, які заклікае вас быць добрымі, святымі людзьмі. Вы ўбачыце, што Святы Дух сыдзе на вас і Бог будзе благаслаўляць вас не толькі сёння, але і штодня», — працягваў іерарх.

У Мінску кардынал узгадаў 90-я гады, часы адраджэння Касцёла ў Беларусі. У той час іерарх ведаў стан катэдры і дапамагаў вярнуць памяшканні пад курыю.

«90-я гады — гэта часы, калі Касцёл знаходзіў сябе. Але каб Касцёл пастаянна ўзрастаў і станавіўся моцным, неабходна супрацоўніцтва біскупаў, святароў і вернікаў», — падкрэсліў іерарх.

 


 

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.