Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Выдавецтва Гродзенскай дыяцэзіі выдала кнігу «Жыць любоўю» — думкі св. Тэрэзы ад Дзіцятка Езус
Беларусь
22.05.2013 17:24

«Жыць любоўю» або выбраныя думкі св. Тэрэзы ад Дзіцятка Езус — яшчэ адна новая кніга, выдадзеная напярэдадні распачацця ў Беларусі перегрынацыі рэліквій святой.

Кніга, перакладзеная на беларускую мову, мае 125 старонак і была надрукавана дзякуючы намаганням кармэлітаў босых і дыяцэзіяльнага выдавецтва Гродзенскай дыяцэзіі. Гэта ўжо пятае друкаванае выданне, мэта якога — наблізіць духоўную спадчыну святой Тэрэзы ад Дзіцятка Езус, вельмі блізкай і знаёмай для многіх.

Дадзеная кніга — збор найбольш выбітных думак святой. Выданне шмат каго можа заахвоціць да паглыблення сваіх стасункаў з Хрыстом. Але не толькі. Калі кніга патрапіць у рукі тым, хто мае не так шмат агульнага з верай, то гэта можа быць вялікім шансам, каб змяніць сваё жыццё.

З аднаго боку, гэтыя думкі вельмі простыя, і над імі непатрэбна філасофстваваць, каб зразумець іх глыбіню. З іншага боку, яны настолькі мудрыя, што Св. Айцец Ян Павел ІІ па просьбе дзясяткаў епіскапатаў з усяго свету, не вагаючыся, аб’явіў Тэрэзу доктарам паўсюднага Касцёла. Такім чынам, ён паказаў, што любоў з’яўляецца шляхам да Хрыста. Дастаткова будзе, каб мы жылі любоўю, а яна ў сваю чаргу прывядзе нас да найвышэйшай любові, якой з’яўляецца Бог.

А калі святасць, да якой заахвочвае Касцёл, з’яўляецца для цябе цяжкай, то сядзь у ліфт, які завязе цябе акурат у неба. Ясная рэч, кажа Тэрэза, што ліфтом з’яўляюцца абдымкі Езуса. Калі ўпадзеш па дарозе да святасці, не адчайвайся, але ўстань і прыйдзі ў абдымкі Езуса, і адчеш сябе ў самым бяспечным месцы на свеце. Гэтаму ж вучыць нас св. Тэрэза ад Дзіцятка Езус.

Чакаеце яе? Я чакаю. Ужо ў хуткім часе яна падзеліцца са мной, з намі яшчэ іншымі думкамі, тымі, якія нідзе яшчэ не запісаныя. Калі дакрануцца да яе рэліквіярыя, то пачуеш яшчэ шмат добрага.

Запрашаем усіх да прачытання кнігі «Жыць любоўю», якую можна будзе набыць з 1 чэрвеня, але таксама да таго жывога чытання, да той сустрэчы, якая яшчэ не была запісаная. Магчыма, сведчанне каго-небудзь з нас стане прычынай, па якой іншыя скіруюць свае крокі на шлях любові.

а. Пётр Фраштэнга OCD
 
(JLS)


 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.